Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 61 из 64

*

Думаў нядаўна пра тое, што варта, можа, неяк спалучаць некаторыя запісы з іх своеасаблівым, значным працягам. Скажам, да запісу пра знаёмства з Нэндзай Кубінцам [60] і чытанне яго вершаў у Закапаным дадаць пісьмо яго дачкі або расказ пра тое пісьмо і пра цяжкі канец самога Нэндзы... Ёсць і другое падобнае, што варта было б такім ці іншым чынам прадоўжыць.

*

Не магло ж яно так быць, каб чалавек пражыў так доўга і ў яго не было ўспамінаў. За што ні зачэпішся — да ўсяго падыходзіць нейкі ўспамін.

Чытаў кніжыцу пра лясныя травы, а ў ёй пра «затяжную январскую оттепель» 1925 года, калі і на поўначы ад Пскова зацвілі былі пралескі, што зацвітаюць пры шасці-сямі градусах плюс. І ўспомніў, як наш сусед, мой ніжнебайдунскі Захара Качко, на калядную куццю, значыцца, 6 студзеня спецыяльна запрог у плуг кабылу і прайшоў па загуменні дзве баразны, туды і назад. «Каб помніць, перакувырку яго!» І не думаў, вясёлы бывалец, што гэта будзе помніцца так доўга...

*

Сказаць пра страшнае?

У сорак першым жанчына выратавала палоннага чырвонаармейца, выбраўшы ў лагеры самага нядошлага, спакутаванага. Адратавала яго, як маці або сястра старэйшая, што называецца з апошняга, адрываючы дзецям ад рота. І ён пасля стаў... самым крывавым, самым агідным паліцаем. Заслужаным, старшым над імі.

Пра гэта пачуў я па Віцебшчыне, улетку семдзесят другога года. Ды вось успомнілася з новай сілай. І напісаць бы пра гэта, каб не так яны ўжо агідлі — здраднікі, свае...

*

У жнівеньскім «Полымі» прачытаў добрыя, з добрым веданнем справы, артыкулы — Зуёнка пра Барадуліна і Казько пра Жука. І ўспомніў прачытаныя днямі ў «Литературной России» словы Тургенева, якія хочацца запісаць.

«Для начинающего писателя сочувствие молодого поколения, его сверстников, конечно, драгоценно: оно служит ему сильным поощрением; не для писателя стареющего, уже готовящегося покинуть свое поприще, это сочувствие так выраженное, есть, скажу прямо, величайшая, единственная награда, после которой ужо ничего не остается желать. Оно доказывает ему, что жизнь его не прошла даром, труды не пропали, брошенное им семя дало плод».

Хочацца слова праўды пра зробленае табой, а яго не заўсёды пачуеш, як быццам яно ўжо табе, немаладому, і не патрэбна. Імкнешся да тое славы, тое вядомасці, а тады будзеш жадзён хоць якому праўдзіваму слову... Чакай, хвалюйся, ный, бо сорамна ж пытацца: «Ці прачыталі вы (ці ты) маю апошнюю рэч?..»

*

Па дарозе ў вёску, думаючы пра сваё новае, то задаволенасць, то сумненні вакол яго нязначнасці, успомніў (з часопіснай каляровай вокладкі) «Дзяўчынку з персікамі» Сярова. Ну, і што там за значнасць, за змест? Дзяўчынка і на стале перад ёю тры персікі. Аднак...

Абы было аднак!

*

Часта цытую тое, што ўразіла на чужых старонках. Часамі, можа, і зашчодра выпісваю. Гэта — калі, запісанае перш за ўсё для сябе, друкаваць. Навошта? Каб падзяліцца тым, што мне блізка, патрэбна, каб ён спатрэбіўся і іншаму камусьці, мой «чытацкі дзённік».

*

Сабраныя ў кніжку, яны прагучалі для мяне інакш — вершы таленавітага ва ўсім Стральцова [61].

Толькі што прыйшоў з вёскі. Які харошы верасень, вечар, пачатак ночы,— ажно не ведаеш, што яшчэ, як яшчэ пра яго сказаць. Вецер дзьме ўздоўж ракі, і вада ў ёй як быццам яшчэ больш спяшаецца, быстры Нёман стаў яшчэ быстрэйшым, ажно я збочыў і пастаяў.

Кніжка Стральцова настроіла на светлы, працавіты лад. І гэта не «кніжнасць», а жыццё ад жыцця ў нас абодвух. Думалася ў дарозе, што не трэба чакаць яшчэ лепшага часу, яшчэ лепшых умоў для працы, бо яны ў мяне цяпер найлепшыя.





А ў свеце што робіцца!.. «Ці маўчаць, ці мычаць, ці рогі крутыя ў кроў мачаць?..» [62] Ці проста спакойна рабіць сваю справу без панікі і адчаю?..

*

«Міжнародныя правілы руху».

Чытаючы балгарына Хайтава («Дерево без корня»), успомніў паляка Ружэвіча («На Дыпламатычным пасту») і многа іншых падобных апавяданняў, таксама менш і больш таленавітых, якія ў маёй памяці страцілі сваё размежаванне назвамі ды аўтарамі, зліліся ў нейкую аднатэмную ці тэмападобную масу. «Дрэва, перасаджанае ў старасці» — бацька ці маці, прывезеныя дзецьмі з вёскі ў горад, дзе яны аніяк не могуць прыжыцца.

І гэта, як славутае апусценне вёсак, стала нашай, можна сказаць, міжнароднай тэмай, і адкрываць тут штосьці не прыходзіцца.

І сапраўды — патрэбны міжнародныя правілы руху ў літаратуры: начытанасць, ці што, каб не быць меншым ці большым міжнародным правінцыялам.

*

Зноў да таго, што замнога цытую.

Я раблю гэта з думкай пра нашу чалавечую агульнасць, пра тое, што мы як быццам саромеемся называць братэрствам людзей і народаў, да якога яшчэ так далёка, а ўсё ж дзеля чаго толькі і варта жыць.

Тут, можна зноў жa прывесці цытату, адно з выказванняў Чэхава, словы далікатнага, душэўнага Антона Паўлавіча, што, сустрэтыя ў газеце, уразілі сваёй мудрай, здаровай суровасцю:

«Кто искренне думает, что высшие и единственные цели человеку нужны так же мало, как корове, что в этих целях «вся наша беда», тому остается кушать, пить, спать, или, когда это надоест, разбежаться и хватить лбом об угол сундука».

...А цытую, выпісваю я — перш за ўсё — таму, што гэта ўразіла мяне, што гэта мне блізка, патрэбна.

*

Сябрую з чалавекам, можна сказаць, даўно. Хоць і жывем далёка адзін ад аднаго, і сустракаемся рэдка, перш за ўсё ў Маскве, і перапісваемся вельмі мала. А чытаў я ў яго, здаецца, толькі адну дзіцячую аповесць. Ненармальна. Вось прачытаў у прысланай ім кнізе два раманы ў новым перавыданні. Якраз і напісаць бы таварышу пра добрае ўражанне ад іх, але... Але сорамна прызнацца, што дагэтуль іх не чытаў. Лепш ужо пры выпадку даць яму знаць нейкім чынам, што я ведаю гэтыя рэчы, цаню іх.

Такое — не з гэтым адным...

*

Зімой саракавога — сорак першага года ў верхнепфальцкіх лясістых гарах было многа снегу. Мы, палонныя, капалі ў ім глыбокія дарогі. Нейкі цывільны немец, пажылы і рабочага выгляду, што стаяў над намі разам з вахманам, але без карабіна, выбраў момант, калі мы з ім засталіся воддаль ад усіх іншых, і спытаўся, ці праўда гэта, што я — «комупістышэ шрыфтштэлер»? Я ведаў слова «дыхтэр», паэт, а незнаёмае «шрыфтштэлер», пісьменнік, здалося нечым накшталт наборшчыка ці друкара, чалавека, які стаўляе шрыфт. Немцу я, вядома, сказаў, што «ніксфарштэйн», а ён, здалося, не паверыў, Сёння хочацца думаць, што нават пакрыўдзіўся. Сёння трэба таксама сказаць, што гэта хтосьці з легкадумнейшых сяброў не вытрываў — сказаў, што я пісаў, друкаваўся дома, і гэта са шталага прыпаўзло за мною ў далёкую арбайтскаманду.

*

Тры мінус. Сонца толькі што ўзышло. Верасень развітваецца холадна, але светла. Жытняя рунь на нядаўнім ячнішчы, нягледзячы ні на што, ідзе дружна, роўна. Новую сцежку мы пратапталі добра. Спыніўся на ёй, пасярод зялёненькай прасторы, і азірнуўся навокал. Лес, лугі са стагамі, рака ў дрэвах, наш лясны бераг — спакойна вечнае.

Учора ўвечары і сёння, пакуль выйсці, чытаў якуцкія апавяданні Івана Ласкова. Учарашні ясна-халодны вечар і такая ж раніца цяпер — нібы дарэчы «якуцкія». Здаецца, хлопец сур'ёзны. Пасля маіх юнацкіх Серашэўскага і Караленкі — наш пра Якуцію. І добра. Напішу яму: і таму, што варта, і што яго «Чароўны камень» дайшоў сюды праз та-ку-ю краінішчу.