Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 53 из 64

«Самым сильным и неодолимым соблазном для него был (и, к счастью, остался) труд — каждодневный и изнурительный... Трудолюбие и выдержка, основательность и немногословность».

Штосьці падобна было (у «Истории литовской литературы») сказана і пра І. Авіжуса.

Чаго не хапае мне.

*

Кніга, якую я хачу зрабіць, гэта па сутнасці адзін з варыянтаў таго, што я хацеў зрабіць у шасцідзесятых («Я іду»), і таго, што зрабіў (пяты том, «Сцежкі, дарогі, прастор»). Яшчэ адзін варыянт кнігі майго жыцця, майго бачання роднага.

*

Для Карэнинай у сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя кінуцца пад цягнік было вельмі «сучасна». Скажам, як цяпер пад які-небудзь... ледзь не касмічны карабель.

А вечнае пры гэтым застаецца вечным — і ўчора, і сёння, і заўтра.

*

На вечары Галубка, любуючыся ігрой цымбалістак і імі самімі, раптам успомніў адну Мішыну карціну. Аднекуль ён капіраваў (ці не Паленава?), сам даючы колеры, як Хрыстос ідзе з вучнямі палявой дарогай, зрываючы і расціраючы каласы. (Дарэчы, і Мішына прывычка.) Карціна гэтая сваё ўжо аджыла, гадоў сорак павісеўшы ў сваяцкай хаце, пад канец свайго існавання выглядаючы даволі марна. А вось жа выбліснула ў намяці золатам жыта, блакітам неба, нашым юнацтвам... Я тады яму пазіраваў — рукамі, калі прадзьмухваецца расцёрты колас.

*

Добра гэта — народнае, свежае, скрамнаватае слова — і ў жыцці, і ў літаратуры.

Аднак вось ужо некалькі дзён з памяці не выходзіць п'яная, дзікая лаянка мужчын на вуліцы сучаснага сяла, якую ніяк не назавеш інакш, як толькі хамствам, цемрай...

*

Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым

І з песнямі калгаснікі прыйшлі...

Далей тут просіцца рыфма «сырам». За даўнасцю гадоў і думалася, што сярод тых пачастункаў, якія госці прынеслі, быў і сыр, на які — у маім успаміне-ўяўленні — і націскаў неяк амаль урачыста Валя Таўлай.

Праверыў па кнізе. Сыру няма. Ён у іншым месцы («Як у госці сын прыехаў»):

Частавала белым сырам,

Хлебам сітным, мёдам пчолім...

Значыцца, з сырам памяць мяне не падвяла — ён быў, і ён нам добра бачыўся ў тыя галодныя пасляваенныя дні.

*

З самага ранку прычапілася мелодыя песні «Пайшоў Ясь наш на лужок» у выкананні аркестра пад кіраўніцтвам Жыновіча.

І яшчэ раз — каторы ўжо раз! — падумалася, якія людзі пайшлі з нашай культуры... І Жыновіч, і Шырма, і купалаўцы, і ад нас, літаратараў, колькі, дый якіх!.. А пакуль яны жылі — здавалася, што так і будзе заўсёды, нават яшчэ лепш...

*

Жах, адчуты на аўтобусным вакзале:

Увесь наш свет некуды ўсё едзе. З самага ранку да позняй ночы.

А хто ж працуе? Што будзе далей?..

*

Перагортваючы чарговую кніжную старонку, на якой будзе таксама надзейна добры, прыгожы і разумны змест, падумалася: як жа гэта прыемна!.. Такіх старонак было ўжо вельмі многа. Думаецца, што і будзе іх шмат.

*

У першай, якая трапіла ў яго рукі, лацінскай хрэстаматыі вялікі Пірагоў быў уражаны такім простым выслоўем: «Вселенная делится на две части — небо и землю».

Чытаю гэта і ўспомнілася, як у вясковай пачатковай школцы пажылы настаўнік тлумачыў нам, што такое вецер,— рух паветра.

Паўвека помніцца. Чаму?





«Парус» Лермантава. Што значыць адпаведная музыка! Убачыўшы першыя радкі верша, я не чытаю яго, а спяваю ў душы, захоплена ўздымаючы іх цудоўнай, сонечнай мелодыяй.

*

Паўло Тычына:

Товариство, яке мені діло,

Чи я перши поэт чи останні?..

І швейцарац Макс Фрыш:

«Неверно даже то, будто я всегда описываю только самого себя. Самого себя я никогда не описывал. Я себя только предавал».

*

Фрыш пераказвае Гейнэ:

«Он кажется себе двуличным — чувство, которое пристало бы столь многим поэтам. Гейне честен и постольку ценен. не следующий шаг, пожалуй,— стать еще честнее: не сочинять то, что предки в соответствии со своим сознанием принесли в поэзию, а действительно творить, воссоздавать наш мир».

А далей ён цытуе Брэхта:

«Что же это за времена, когда разговор о деревьях кажется преступлением, ибо в нем заключено молчание о зверствах!»

Фрыш пераказвае, цытуе, а я, чытач, удзячны яму, бо і я багацею.

І яшчэ адно,— калісьці я напісаў пра сваё нахабства: сам друкую свае запісы, не пакідаючы іх на вырашэнне нашчадкаў. Я там пытаўся: няўжо я першы так раблю? Аказваецца — не. І гэта таксама прыемна.

...І яшчэ адзін «дзённікавец» — Э. Калдуэл:

«Я собираюсь издать многочисленные автобиографические заметки в виде дневника, где, наряду с моими личными переживаниями, должны отразиться и настроения людей, живущих рядом со мной».

*

Патрык Д. Сміт:

«Если мои незатейливые романы могут тронуть всего лишь одно человеческое сердце в каком-нибудь отдаленном уголке мира и вызовут в читателе чувство братства, дружбы н понимания, тогда все разочарования, муки, которые испытываешь, работая над дорогой для тебя книгой, в конце концов не напрасны».

Ні ў літаратурнай, ні ў польскай энцыклапедыі гэтага Сміта няма, а думае чалавек як след. І хай бы ж ён ведаў, што слова яго «трогает сердце», як блізкае, і яшчэ аднаму!..

*

Кнігу апавяданняў не пішуць — яе складаюць з апавяданняў напісаных, з думкай пра кожнае з іх паасобку. Бачыць добры том апавяданняў,— як у Альгірдаса Поцюса, як у Зігфрыда Ленца,— гэта прыемна. І мне разоў колькі хацелася сабраць такі том, выдаць адразу вялікую кнігу апавяданняў, але пакуль што не змог.

*

Два месяцы прайшло, і ён сяды-тады вылушчваецца ў памяці жывым, усмешлівым, сур'ёзным хлопцам, паэтам, работнікам,— Грыша [42]. І боль паўтараецца...

*

Чамусьці захацелася перачытаць «Яна і я». І чытаў яе — як не адзін: з прысутнасцю Валі Таўлая і нашага Грышы. Упершыню здалася мне іхняя падобнасць — усмешлівай ціхасцю.

Яшчэ раз (пасля «Жалейкі» ў шэсцьдзесят шостым годзе) ясна стала, як нялёгка было Купалу, з яго талентам, прабівацца ў такой «нявырабленай» (як поле нявырабленае) мове. Адчувалася нават краса, прывабнасць ледзь не дзіцячай словатворчасці.

І прыгадалася даўно пачутае ад кагосьці, што Чорны хацеў перапісаць «Новую зямлю» прозай. Купалу прозай не перапішаш.

*

Л. Талстой («На каждый день», 24 лістапада):

«Радоваться! Радоваться! Назначение жизни — радость. Радуйся на небо, на солнце, на звезды, на траву, деревья, животных, людей. Нарушается эта радость, значит, ты ошибся где-нибудь, ищи эту ошибку и исправляй».

*

Аднойчы на нейкім большым пасяджэнні я выйшаў на трыбуну, пачаў гаварыць пра нашу паэзію, закрануў паэзію Панчанкі, і тады толькі заўважыў яго ў зале. Я сядзеў даволі далёка за ім, не бачыў яго, а праходзячы да трыбуны, не заўважыў. А ўбачыўшы зверху — не вытрываў, сказаў: «Здароў, Пімен!» У зале засмяяліся, ён — стрымана — таксама.