Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 51 из 64

З бойкай, амаль мужчынскай суровасцю, нейкім нават пракураным баском яна пра кагосьці сказала: «Он свои мысли выковыривает из зада». Сталічная пісьменніца, у Доме творчасці, «ничтоже сумняшася», што гаворыць такое дзвюм іншым жанчынам, а чуюць не адны яны. Можа, гэта і справядліва было сказана, аднак я — вось ужо больш за дзесяць гадоў,— сустрэўшы ў друку імя гэтай пісьменніцы, успамінаю перш за ўсё той басок і... чытаць яе не хочацца.

А тут яна, у новай газетнай публікацыі, дала яшчэ і партрэт. Зусім пад жаночую кволасць, пяшчотнасць, з вялікімі завушніцамі, у пераможны профіль колішняй маладосці. Не бярэ.

*

Наша Зямля ў сусвеце, і канвеер мноста знаёмых і блізкіх, якіх нядаўна, даўно і яшчэ даўней не стала, і тых, што прыйдуць — пры мне, пасля мяне... Самыя блізкія, адзіныя. На нешта ж некаму яно патрэбна?! Калі казаць пра гэта найпрасцей. Пытанні, над якімі біліся вялікія, з якіх найбліжэйшы Леў Мікалаевіч. Пытанні, якія і мяне пачалі хваляваць, як цяпер, здалёк паглядзіш, вельмі рана.

*

Перад маім акном на шостым паверсе, у кронах соснаў і шматфарбных клёнаў — цагляная вежа старога, запушчанага касцёла. Спічасты дах і крыж — трохі вышэй за маё акно. А ноччу, пад раніцу, калі яшчэ цёмна, там, дзе касцёл, блішчыць толькі зыркі, бяссонны агеньчык, вартуючы нейкі архіў.

*

Удзень па тэлевізары — пісьмы з многіх краін супраць нейтроннага шаленства.

З пісьма французскай маці:

«Загінуць нашы дзеці, а застануцца іхнія цацкі!..»

*

Выйшаў у 8.15, пазней, чым заўсёды, бо нарэшце добра паспаў.

Імгла. Пад дрэвамі здаецца, што дождж пачынаецца або канчаецца, а гэта з лісця на лісце ападаюць цёплыя кроплі дажджу.

Над шырокай і ў абодва бакі бясконцай паласой пустога пляжа і над ціхім морам нізкі туман. У мора, модна кажучы, поўны рэлакс,— толькі размеранае, як подыхі, прыхлёбванне. І зусім нечаканае — медузы на самым краёчку вады. Невялікія, ружаватыя, падобныя да сыраежак.

*

Крытык Ігар Дзядкоў у пасляслоўі да аднатомніка Віталія Сёміна цытуе аўтара:

«Он умел думать против себя. Правильным для него было совсем не то, что приятнее и легче».

Грунтоўнасць, глыбіня, сумленнасць — гэта ў Сёміна адчуваецца. Трэба яго прачытаць усяго, з тым томам выдавецкіх рэцэнзій, які, здаецца, павінен выйсці, а мо ўжо і выйшаў.

І як шкада, што наша з ім дружба, якая выпадкова і хораша пачалася ў маі семдзесят шостага, так хутка і нечакана абарвалася.

*

Гартаючы адзін з тамоў «60 лет советской поэзии», мінаю многае, як нецікавае, прыблізнае, сухое ды глухое чаргаванне таго, што з многіх моў нацменшасцей не даносіць, а толькі рэгіструе так званы пераклад з падрадкоўніка.

Потым — Рыльскі. Пасля Тычыны спыніўся на ім.

Колькі ж было Максіму Тадэевічу ў пяцьдзесят восьмым, калі ён гасцяваў у нас на Свіцязі? Толькі шэсцьдзесят тры! А ў маі пяцьдзесят трэцяга, калі ён сустракаў пашу дэлегацыю ў кіеўскім аэрапорце і ўзяў нас я Вялюгіным у сваю машыну, упершыню наблізіўшыся ўважліва ды прыязна? Яшчэ па пяць год менш. Як дзіўна і як прыемна глядзецца ў такое люстра, прымервацца ўзростам да ўзросту. Чамусьці без суму, з адчуваннем абавязку, думаючы, а ці так ты наводзіш сябе — і наогул, і ў адносінах з маладзейшымі.

...І нікуды не дзенешся ад таго, што — па Талстому — «стихи тогда лишь хороши, когда они очень хороши». Запісваю пасля добрага верша Барыса Алейніка «Память о матери».

...З усіх бакоў аднагодкі дый маладзейшыя нагадваюць, што ты ўжо стары.

Падумаў гэта, чытаючы верш Гафура Гуляма «К нам приезжайте погостить, друзья». Я пазнаёміўся з Гафурам у канцы сорак сёмага года, вяртаючыся з Таджыкістана. Тады яму было толькі... сорак чатыры. У Ташкенце ён прыйшоў у наш вагон і «в приливе нежных чувств» памяняўся з Ніліным галаўнымі ўборамі: даў госцю сваю цюбецейку, а забраў яго парыжскі капялюш. Павел Піліпавіч доўга стагнаў пасля ад такога абмену, а развітваючыся з Гафурам, запрашаў: «Будешь в Москве — милости прошу. Жена зарежет стакан чая»...

Добра гэта ў Гафура, па-ўсходняму:





Я растопил в чернильнице звезду,

чтоб написать лучистые стихи.

...Зульфія.

Госці таджыкскага з'езда пісьменнікаў, тады ж, у снежні сорак сёмага, пасля заключнага прыёму, у падораных нам халатах і цюбецейках, на досвітку, яшчэ не нагаварыўшыся, мы, некалькі мужчын, гулялі на садзе дачнага пасёлка, дзе жылі, і падышлі да акна таго доміка, дзе ўжо напэўна ж адпачывала яна, Зульфія. Нілін, Лукніцкі, Вялюгін, Кірэенка, я — мы затаіліся над дрэвам, а Барадзін пачаў, усходнім стылем, прасіцца:

— О Зульфия, о лучезарная звезда великолепного Ташкента! Яви свой светлый лик твоим рабам, открой!..

І далей, і больш. А яна на ўсё гэта спакойна адказвала з ашклёнай цемры:

— Сергей Петрович, идите, пожалуйста, спать.

А ёй было тады трыццаць два, і было гэта праз тры гады пасля трагічнай смерці яе мужа, Хаміда Алімджана, якому яна, аўдавеўшы, пісала гэтыя — сёння чытаю — словы:

Горжусь, что ты писал при мне.

Пусть каждая строка твоя

Давно завещана стране,

не первой слушала их я.

*

Учора ўвечары, у аўтобусе з Карэліч.

Салідны, відаць, талковы дзядзька з-пад Шчорсаў:

— Ну, няхай ужо мужчыны п'юць. А то ж і жэнскі персанал шатнуўся. Ды яшчэ як! Прыйшоў чалавек дахаты, а баба на печы нежывая. Адна бутэлька ляжыць каля яе пустая, а другая стаіць недапітая. Сем бабаў ужо адправілі ад алкаголю лячыцца. Адной зашылі ампулу.

Бог мой — якая культурнасць: і ў вёсцы ўжо ампулы, у жанчын!..

Вясёлая, дабрадушная Т., загадчыца сельмага, расказвае:

— ...Чувашку з арміі прывёз. Красівая, але неакуратная. І вельмі ж п'е. Іду я з работы, а яна сядзіць на лаўцы і галава ўжо целяпаецца. «Галя, хадзем дадому»,— кажу ёй, а яна як пачала мяне церабіць... Ой, і мужчына не кожны такое скажа! Бабы ёй: «Галя, ты на каго гэта?» — «На яе». І зноў мяне чысціць! А потым, як працверазілася, дык сустрэцца саромеецца, на чужы двор з вуліцы, калі я іду...

Маладзенькія хлопцы, студэнты. Ужо ў Карэлічах відно было, што п'яныя, а яшчэ і ў Міры, і ў Стоўбцах, і ў Дзяржынску выходзілі на прыпынках і прыносілі, што пападалася. Накрыўку тую зубамі здзярэ, набулькае шклянку, а то і з бутэлькі, вып'юць новую рату і ляжаць на задніх месцах моўчкі.

Успомніўся — каторы ўжо раз? — год сорак сёмы ці сорак восьмы, магазін у драўлянай развалюсе на камароўскай развілцы, якое ўжо даўно няма, гастраном ці, хутчэй, карчма. Праезджыя шафёры (тады гэта не так каралася), спыніўшыся калонай грузавікоў, п'юць гарэлку піўнымі кухлямі. Хлапчук, можа, і не шафёр яшчэ, а стажор, якому так хочацца і так нялёгка тут выглядаць дарослым. Паўкухля яшчэ педапіта, а ногі ўжо не стаяць, а вочы так расчулена, захоплена атарапелыя, толькі ўсміхаецца, слухаючы гром старэйшых.

Учарашнія хлапчукі — ужо з поўнай кваліфікацыяй...

Якое гэта шчасце — у каго цвярозы сын.

*

Калі ён заціхаў побач са мной, соладка пераходзячы на соннае дыханне, я ўпершыню пазваў яго Светлячком.

І ўспомніўся Сяржант [35], высакародны Рафаіл Іванавіч — у такім жа становішчы дзеда-нянькі. Жыва ўявілася, як ён сказаў бы, смеючыся, пра сябе: што дзед заснуў раней за ўнука.