Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 20 из 64

— На спеў нашай паважанай госці слухач рэагуе кожнай клетачкай сваёй істоты...

Раней сказалі б «усёй душой» ці «ўсім сэрцам», а сёння — энтээраўская падкаванасць.

А ў самое клетачак тых — ледзь у джынсы ўлезла.

*

Два лядашчыя сабакі, большы і меншы, рыжы і чорны, брахач і падбрэхіч, выскачылі з хутарскога двара і з ёкатам кінуліся да мяне. Знаёмыя, нястрашныя, і я сказаў ім:

— І не брыдка, хлопцы, удвух на аднаго? А ты ж, рыжы, яшчэ і з вусамі.

І тут сталася нечаканае: яны адбегліся, паселі мордамі да Нёмана, што ўнізе, пад абрывам, а за ім лугі і лес на даляглядзе, зноў браханулі, але ўжо неяк інакш, і тут жа брэх гэты — з унутранай патрэбы ў жаласці, у нараканні — перайшоў у выццё з падвываннем, таўсцей і танчэй. Так і павылі дуэтам, невядома, чаго і навошта.

Пакуль я пастаяў, смеючыся, што вось шкада — няма з кім парагатаць.

*

Бранеўскі любіў выступаць са сваімі вершамі. Перад рабочымі, перад моладдзю. Аднойчы яго запрасілі ў школу. Прыйшоў, а там — малеча з пачатковых класаў.

«Што ж я ім буду чытаць? Няма ў мяне нічога для такіх...»

Аднак выхад знайшоўся.

— Дзеці, хто з вас умее хадзіць на руках?

Аказалася — ніхто. Тады ён, славуты паэт-рэвалюцыянер, пажылы чалавек з вельмі нялёгкім лёсам, палажыў свой партфель на стале і — прайшоўся на руках па класе перад партамі. На радасць аўдыторыі, на страх настаўніцы. А тады папрасіў яе адзначыць яму пуцёўку.

Гэта малым запомніцца назаўсёды. Многія, можа, праз гэта і вершы яго пачалі чытаць.

І мне прыемна, весела было пачуць пра такое. На жаль, калі ўжо Уладзіслава не было.

*

Цюцька такі далікатна-маленькі, што калі ён захацеў задраць ножку на кусцік з выключным размахам ды шыкам — перакуліўся.

Прыклад пра фанабэрыстых, але маленькіх.

*

Пачынаў ён, працуючы шафёрам грузавой машыны, а сёння, праз дваццаць гадоў, ужо вядомы пісьменнік, які шчасліва прымасціўся ў сталіцы, каля самога размеркавальніка выгод і прывілеяў.

У групе літаратараў з розных рэспублік плыве па Амуры, па праву сваёй «вядомасці» ўжо з даволі важкай «супругай». У Мікалаеўску музейная работніца, сціплая, гарушчая жанчына, пасля агляду расказвае, на пытанне гасцей, што ў іх тут цяпер часова тугавата з мясам. Кілаграм на душу.

Супруга:

— На тыдзень?

— Не, на месяц.

Тады ўжо смех «вядомага»:

— Га, га, га! У нас сабака больш з'ядае на дзень!..

Раманы ў яго таўсцейшыя, чым у Талстога.

*

Мастак. Вітаючыся па вуліцы, ніколі не забываецца спачатку выняць рукі з кішэняў плашча ці паліта. Сазваніўся з вядомым пісьменнікам і прыйшоў замалёўваць яго твар для партрэта, «усё іншае» зрабіўшы дома. Працуе, гутараць. Старэйшы таварыш пытае, як жывецца, творыцца, як жоначка, ці ёсць у іх дзеці. Ані зважаючы, што ў пакоі яны не адны, стаяць, глядзяць і дочкі гаспадара, падлеткі-школьніцы, мастак, з усёй свабодай сваёй культурнасці адказвае: «Яшчэ няма, але як іх рабіць мы ўжо ведаем...» Партрэт атрымаўся такі, што пры сустрэчы з мастаком пісьменнік, тым часам ужо і стары, успамінае тыя фотаздымкі, дзе і конь, і шабля ў задзёртай руцэ — усё чужое, агульнае, толькі што дзірка пад шапкай, а ў дзірцы твой твар. Мастак, вітаючыся, па-ранейшаму папярэдне вымае рукі з кішэняў, часамі нават усміхаецца. А пісьменнік зноў папракае сябе ў душы за мяккацеласць, што не дазволіла яму тады, калі пазіраваў і пачуў ультрамодны адказ, проста вытурыць партрэціста за дзверы.

*

У крытыка можна было б спытацца:





— Чаму такая неадпаведнасць? У вашай кнізе пра Ікса аж пяцьдзесят старонак, а пра Ігрэка толькі семнаццаць?..

Ён мог бы адказаць:

— У першым выпадку трэба значна даўжэй даводзіць, што мой аб’ект даследавання — добры пісьменнік.

*

Няўжо гэта абавязкова — усаджваючы ў літаратурнае карыта і свой лыч, спачатку кашкануць ім суседа справа ці злева, а то і таго і другога? Хаця карыта гэтае аж надта доўгае, шырокае... Падумалася так, калі чытаў яшчэ адно маладжавае інтэрв’ю з уступна-недарэчнымі і проста хамскімі «заўвагамі» пра тых, хто піша інакш, чым ён, ці не тое, што ён, прыгрэты першым, больш уяўным поспехам.

*

Новае моднае слова ў некаторых крытыкаў: «духоўнасць». Адзін з іх, ці не найменш духоўны, у выступленні сваім з трыбуны столькі разоў прадалдоніў пра гэта, што хоць ты яму духоўную семінарыю адкрывай. З большым акладам.

Дубаваты, самаўпэўнены, ён робіць гадавы агляд літаратуры, часта паўтараючы: «Гэтага я не прымаю.

Гэта я прымаю...» Так часта паўтарае, што аж спытаць хочацца: «Слухай, хлопец, а хто ж ты такі? І што, калі іменна ты не прымаеш?..»

*

Наша любімае «ў цэлым». Можна і так: у цэлым накрыўся дзіравым плашчом.

*

Выпускніца вясковай вячэрняй школы вучыцца на філфаку,— там, куды знатнаму сваяку лягчэй было яе ўладзіць. Дзеўка бойкая, што ўжо і чарку ведае, і кавалераў. На першым курсе экзамен па рускай літаратуры.

Выцягнула білет: «Поэма М. Ю. Лермонтова «Демон». Ціхі жах... Ды тут ёй раптам пашанцавала: адной студэнтцы стала дрэнна, і гэтая, з білетам, кінулася ёй па ваду. На калідоры гарачым шэптам спыталася:

— Які гэта, дзевачкі, дэман? Той, што Мазепа?

— Ды не! Гэта той, што лятаў!

Няўжо і яны ўваходзяць у тыя мільёны з вышэйшай асветай, якімі мы даволі часта казыраем?

*

Спявала ў хоры, лічыла сябе красуняй, ужо не спявае, але прыгожай лічыць сябе і цяпер, ужо растаўсцелая безнадзейна. На юбілеі мужа вырашыла ўсіх гасцей-мужчын узнагародзіць сваім пацалункам. Увесь стол абышла. Хочаш не хочаш, але ж госць — трымайся...

*

Пажылы народны артыст не захацеў больш выступаць па радыё пасля таго, калі ў адной перадачы, дзе яны выступалі разам з маладзейшым, толькі заслужаным, яму, народнаму, заплацілі «за гаварэнне» тыя самыя дзесяць рублёў, што заслужанаму за імітацыю сабачага брэху.

*

Сціпласць некаторых паэтэс: «А потым пра гэта напісаўся верш». Узяў ды сам напісаўся, нейкая сіла вышэйшая цераз яе.

*

Апоўдні, папрацаваўшы, лёг пачытаць. Устаў ён сёння вельмі рана, і сон марыў, марыў яго, пакуль не змарыў. Чалавек то чытаў, то драмаў, то зноў чытаў, чапляючыся за тыя самыя абзацы, перачытваючы ўжо чытанае і не зусім разумеючы яго. Калі ж, нарэшце, падрамаў і прачнуўся, дачытаў той артыкул, вярнуўшыся амаль да пачатку яго, і стала смешна, бо жыва ўявілася, што гэта ён лез, караскаўся на высокі, шчыльны плот і ўсё абсоўваўся па штакецінах, а ўсё лез...

*

«Я вось цябе так хвалю, а галава не закружыцца?»

«Яна ўжо кружыцца ў мяне патроху ў іншы бок — назад...»

*

Пакінутая мужам, відаць, каб і гэтым заспакоіць неяк сваю крыўду, жанчына весела расказвае пра дробязную акуратнасць «гэтага чалавека»:

— Няма таго, каб узяць ды проста гузік прышыць, калі гэта трэба, або ўжо мне сказаць. Дык не, ён спачатку ў сваім блакноціку акуратна запіша: «Прышыць гузік!..»