Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 23

Сярод усіх тых прыштукаў, за якія ніхто, каб надта, не злаваў (цётка Параска, вядома ж, уранні крычала на вуліцы), асаблівае месца займала вага. Яна была адна, не на нечым двары, а на вуліцы, гуртавая, а на дадатак — на ўзгорачку, і кожны раз яе каранавалі чым-небудзь іншым. На задзёртай дзюбе то барану павесяць старую, шаноўную, з яшчэ драўлянымі, вялізнымі зубамі, узяўшы яе ў некага з-пад страхі, то веснічкі вялікія туды ўсцягнуць, то лясныя сані без аглобляў… Для малога, ад саменькага нізу гледзячы, — проста цуд! Гэта ж табе не вянок карове на рог начапіць!..

А потым шэрая, высозная вага зноў па-будзённаму доўга, самотна тырчэла над зрубам, над вуліцай, нават над стрэхамі, над тымі дрэвамі, што ў садах.

Але не тая гэта была самотнасць, як у вагі, што так далёка ад нашай вёскі стаіць на зялёнай пустэчы…

Пазней, калі я ўжо кнігі не толькі гартаў, але мог і чытаць, тая не наша вага спалучылася для мяне з двума датуль не чутымі, загадкава незвычайнымі словамі: венгерская пушта… Вельмі проста цяпер разгарнуць энцыклапедычны том і ўбачыць: «Пушта, пуста (венг. рuszta, славянск. паходжання) — назва стэпаў у Венгрыі». Тады ж я тыя два словы праслібізаваў пад малюнкам у расейскім растрэсеным падручніку геаграфіі. Слова «венгерская» даволі доўга, а «пушта» яшчэ даўжэй чаравалі мяне сваёй таямнічасцю, абуджаючы ў прагным на новае ўяўленні цьмянае адчуванне, якое можна назваць падсвядомай патрэбай экзотыкі, да якое мы цягнемся з самага малку, як да вуголля, замурзана жуючы яго без найменшага паняцця пра неабходны дзіцячаму арганізму кальцый.

Адтуль жа, ад падсвядомай тугі па экзотыцы пазней прыйшла мая цікавасць і любоў да геаграфічнай карты з яе карычневымі, зялёнымі і блакітнымі адценнямі гор, раўнінаў і мораў ды акіянаў з іх рознай глыбінёй. Добра было разглядаць тыя карты, яшчэ больш прыемна — самому іх расфарбоўваць алоўкамі ці акварэллю. І ва ўсім гэтым быў свой глыбокі падтэкст, свая свядомая і несвядомая мара, надзея: ах, каб жа гэта і мне!.. А можа, яно і будзе?..

На ілюстрацыі ў старым падручніку была вага над калодзежам, доўгае карыта, раўніна і самотнасць — адчуванне ўжо знаёмае, што вось і набыло двайное, загадкава прыгожае імя: «венгерская пушта». Самотнасці зусім не перашкаджала тое, што пад вагою каля калодзежа былі чалавек і коні, якія пілі з карыта: я разумеў, што і вага, убачаная на чужой, далёкай яроўскай пашы, стаіць не так сабе, а каб у спёку пастухі паілі з карыта кароў. Аднак такое, праца яе, бывала рэдка, больш яна проста стаяла — адна ў чыстаполіцы…

Дома ў нас, за гасцінцам, які спачатку быў паўднёвай граніцай майго дзіцячага свету, віднеўся голы, самотны хутар, за ім прастора падсохлага куп'істага балота, тады святлейшае поле, а на полі, на ўзгорачку — яшчэ больш самотнае, здалёк маленькае дрэва. Яно таксама клікала кудысьці ўдаль, і да яго я за ўсё маё пражыванне ў родных Аўсяніках так і не выбраўся дайсці. Спачатку, па малалецтву, не змог, а потым, калі падрос і свет мой пачаў з кожным годам рабіцца ўсё большым, дрэва тое — з яго сумам ды заклікам — спакваля адыходзіла ў перажытае, ва ўспаміны.

А да вагі на яроўскай пашы я не вытрымаў-такі, нарэшце, падышоў. Хоць і не хутка, а ўжо як быў юнаком. Да цёткі мы ездзілі не часта, але рознымі порамі года. Упершыню ўбачаную ўлетку, вагу пасля бачыў я і ў асенняй імглістай аголенасці палёў, і ў белай сцюдзёнасці адзіноты зімовай. Зімою я і наблізіўся да яе, не падышоў, а пад'ехаў, вяртаючыся з Яроў. Снегу было яшчэ няшмат, самы пачатак зімы, і кабыла весела бегла па белі, з адным чалавекам ў лёгкіх санках. І ў чалавека было лёгка на душы, бо ў тых Ярах, якія ён, здавалася, добра ўжо ведаў, яго спаткала рэдкая ўдача. Дзякуючы Людзе, што з шапялявай ды смяшлівай шчабятушкі вырасла на талковую і прыгожую дзеўку, я даведаўся, што ў аднаго яроўскага пажылога бывальца ды кнігалюба ёсць Рубакін, «Апавяданні пра вялікія падзеі разных часоў і народаў», кніга з багатай, прынаднай назвай, яшчэ адна кніга, пра якую дагэтуль я толькі чуў. І вось яна ўжо ў мяне пад кажухом, над поясам! Дзядзька, сябар нябожчыка Міхаіла, ахвотна паверыў, пазычыў на цэлых два тыдні, «ну, а не зможаш, дык хай сабе і трохі надаўжэй». Радасць далёка не бібліятэчная, дзе безліч шчыльна застаўленых паліц і загадкава перапоўненых кнігасховішчаў; радасць — на малады апетыт самотнага, прагнага самавука, для якога ад кнігі да кнігі няпэўныя месяцы надзеі на ўдачу і часта многія кіламетры ад вёскі да вёскі. Ад новай рэдкай удачы мне і падумалася тады: «Ну, дакуль жа я буду ўсё міма ды міма свае венгерскае пушты? Паўкіламетра збочыць, ды яшчэ на зімовай дарожнай свабодзе». І збочыў.

Тады я ўжо ведаў, нават даволі даўно, што гэтая вага на працягу двух з нечым ваенных гадоў стаяла на нейтральнай паласе, паміж акопамі расейцаў і немцаў. Ні разу за той час не зарыпела, не апусціла ў застаялую ваду выпетранага ад многіх спёкаў ды сцюжаў драўлянага вядра, не асвяжыла першым попаўзам плыні доўгае, патрэсканае, ужо нібы па-музейнаму старадаўняе карыта-дзяўбунец…

Як выбухалі тут, навокал гэтага мёртвага вадапою, снарады, гулі-сіпелі асколкі і цёўкалі кулі?.. Чаму не збіла вагі — калі не снарадам, дык асколкамі?.. Няўжо і тут было чутна хрыпатае, дзікае штыкавое «ўра»?.. А потым, можа, і тут снавалі вялыя санітары і, набрыўшы на яшчэ адзін труп, утыкалі яго вінтоўку штыком у зямлю, прыкладам высока ўгару, значачы такім чынам яшчэ адну сваю нялёгкую знаходку?..

А можа, і тут, на гэтай пашы, якая за два пустыя леты ператварылася ў шчодра зарослы, чатыры разы не скошаны луг, па густой і намёрзлай траве якога, мякка топчучы разбітымі ботамі і шалпочучы поламі збуцвелых шынялёў, ішлі насустрач адны адным людзі, нарэшце, без зброі, — з усходніх акопаў салдаты ўжо не царскія, а з заходніх яшчэ ўсё кайзераўскія, — каб тут, у першым братанні, напіцца з аднаго вядра?..

Так я думаў тады, першы і адзіны раз у жыцці пастаяўшы каля свае даўняе загадкі. Ужо не дзіця, а без двух год салдат другой вайны, яшчэ шырэй, яшчэ глыбей, страшней сусветнай, ужо без братання…

Гэтай другой вайны, якая зноў жа здаецца людзям апошняй, калодзеж на пашы не перажыў, хоць і дайшоў, казалі, ад старасці. Едучы да цёткі Аксені пад восень 1944 года, пасля даўжэйшай разлукі, я ўжо не ўбачыў самотнай шэрай вагі. Аднак яшчэ праз трыццаць год, у службовай камандзіроўцы, яна мне прыгадалася ў новым, страшным падабенстве.





Далёка ад нашага Наднямоння, у трохі інакш маляўнічым магілеўскім Прыдняпроўі, на месцы колішняй, назаўсёды ўжо невядомай вёскі, спаленай гітлераўцамі разам з людзьмі, у лугавой, па-летняму раскошнай чыстаполіцы стаяў самотным помнікам шэры калодзежны журавель. Ужо не над вадой, заваленай у спарахнелым зрубе, з неяк ненатуральна строма задзёртай вагой і дубовай, тупой ды тоўстай рагацінай сахі, каля якіх бездапаможна звісаў і ад ветру пагойдваўся смык без вядра — як рука з адарванай далонню.

5

Хлопчык з вялікімі карымі вачыма, з даўно не стрыжанымі залатымі кудзеркамі, — як анёлачак з каляровай паштоўкі. І яшчэ прыгажэйшы, бо сапраўдны, жывы і мілы, няшчасны — хоць ты заплач. Тым больш што з вачэй яго коцяцца буйныя слёзы, а ён не можа іх стрымаць, як ні намагаецца.

Медсястра, пажылая жанчына ў белым халаце, разбінтоўвае яго адарваную вышэй калена ножку і строга супакойвае:

— Не плач, стралок. Палез, куды не трэба, вось і маеш…

Рукі яе працуюць разумна і хутка, робяць тое, што трэба, як найспраўней, і ў гэтым іх матчына дабрата. А хлопчык, цераз сваю неймаверную мужнасць, ціха і зрэдку, з тымі міжвольнымі, буйнымі слязьмі ў вялікіх перапоўненых вачах, на бледных шчоках, на дрыготкім падбародачку, паўтарае:

— Ой-ёй-ёй!.. Ой-ёй-ёй!..

Паўза цярплівасці, і тое самае зноў, — усё-такі дзіцячае.

Гэта я памятаю з лета 1945 года, з перавязачнага пакоя ў менскай клініцы.

А за гэтым балюча згадваецца яшчэ на дваццаць год ранейшае, з майго пасляваеннага маленства.

Сяброўка нашых гульняў і працы — на вуліцы, на пашы, у школе — Маня Варона, пра якую бацька яе, прастадушны дзядзька Цыбук, гаварыў неяк нашай маме: