Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 23

— Сядзі ты, міленькі, хаты глядзі, а я сама пайду хлеба шукаць. З сыночкам пойдзем, тату ам-ам прынясем.

Я і сам бачыў яе, бо і да нас яна заходзіла. Гэта яна — з галапупцам ды з чайнікам. Адна, без цыганак. І хлопчык ужо не чарнявы, а беленькі.

Усё цыганкі, цыганкі… Пра цыгана аднаго гаварылі, што ён забіў табурэткай мілтачоўскага злодзея Саўку — такога дужага, што паднімаў за аглоблі, навыцяжку, перадок воза. Ды гэта было недзе вельмі далёка, у таямнічай для нас, падшыванцаў, страшнай турме. А ў нашых Аўсяніках, і ў Руце, і ў Мілтачах, нават у цётчыных Ярах не бачыў я ні цыганоў-мужчын, ні цыганскага табара. У кнізе Канапніцкай, вельмі цікавай казцы, якую Камар чытаў нам некалькі дзён, цыган хадзіў па кірмашах адзін, пакуль не злавіў сабе двух «красналюдкаў», маленечкіх чалавечкаў. А ў нашай кнізе Пушкіна быў цэлы табар, і, чытаючы пра яго, калі адзін, дык і ўголас самому сабе, я ажно ўздрыгваў — так гэта хораша:

…И песни жен, и крик детей,

И звон походной наковальни…

Ці там, дзе стары гаворыць Алеку:

…Железо куй — иль песни пой

И села обходи с медведем.

Ды гэта ж у казках, у кнігах усё, а цяпер…

Адкуль, куды яны ішлі — сем цыганоў і сем мядзведзяў — ніхто не ведаў і не даведаўся. А нас, малых, гэта і не цікавіла. Ішлі — як з казкі, і мы побач з імі ішлі, як у казцы.

Натоўп усё меншаў патроху, старэйшыя адставалі, вярталіся. А мілтачоўскія дзеці дайшлі аж да нашай вёскі. Убачыўшы, што цыганы, якія і ў Мілтачах не спыняліся, цяпер не збочылі ў Аўсянікі, пайшлі і далей правым бокам гасцінца, дзеці спыніліся, пастаялі і вырашылі вяртацца. Далей ісці не падахвоціла іх і тое, што з нашай вёскі — ад гумнаў, полем — беглі ўжо на гасцінец дзеці і дарослыя…

Вярнуўся і Зяма. Я толькі трохі падышоў з ім, а потым мы пагаварылі, што ў Мілтачы мне сёння позна ўжо, бо вунь і сонца хутка сядзе.

Першы наш дзень, такі цікавы, закончыўся проста. Нават за руку мы не развіталіся.

Потым я яшчэ цэлы год хадзіў дома ў трэці, і з Зямам мы бачыліся вельмі рэдка. Тады быў год у чацвёртым, ужо ў Мілтачах, калі мы з ім нават за адной партай сядзелі. А па канікулах, калі ўжо мы сустрэліся ў пятым, яно і здарылася ўпершыню ў маім жыцці — пацалаваўся з хлопцам. Ад радасці. Хоць ён і не сваяк які, а проста дружны, вясёлы таварыш.

11

Тады з вайны вярталіся па-рознаму. Хто зусім цэлы, здаровы, хто трохі паранены, хто газу глытнуў і яшчэ ўсё бухукае. Адзін быў бязногі. Другі на каня крычаў «донарвэтар»: гэта — з палону, дзе ён, у той Германіі, і «страляць» навучыўся ў хаце, добра, што хоць не за сталом, як тыя яго «баўэры».

А некаторыя і не вярнуліся…

У Тоні бацька быў. Няхай сабе ён для нас, малых, «нейкі латыш», у нейкім горадзе Лібава, — але быў, і яна не сірата, хоць бацьку таго ніколі не бачыла.

Мой тата памёр у Казлове, на Тамбоўшчыне, у тым горадзе, які таксама, як Лібава, стаў загранічным, недасягальным. У канцы нашай вёскі, на полі пры гасцінцы пахаваны быў нейкі бежанец. Дзябёлы крыж і пахіліўся ўжо — не наперад, над парослай бур'янам магілай, а назад, як быццам падаючы наўзнак, нават і рукі ў шэрых рукавах расставіў у ціхім, навечным адчаі. І кожны раз, калі б мы з мамай ні ішлі ці ні ехалі міма тае магілы, мама тройчы хрысцілася і ў душы — гэта я зразумеў пазней — горка згадвала татаву магілу, для некага недзе таксама чужую.





Я свайго бацьку вельмі мала памятаў. Можна сказаць, што больш уяўляў па маміных ды Раманавых успамінах.

Зямаў бацька, што і ў арміі быў кавалём, загінуў пад самы ўжо канец «мікалаеўскай» вайны і пахаваны невядома дзе, хутчэй за ўсё ў той вялікай салдацкай яме, што называецца брацкай магілай. Пра гэта мне расказвала Зямава мама, калі я, ужо як вучыўся ў Мілтачах, заходзіў да іх.

Зяма бацькі таксама не ведаў. Шура мог бы свайго пабачыць аж двойчы — калі тата ішоў на захад і калі вяртаўся, першы раз на коратка, а другі яшчэ на карацей заглянуўшы дахаты. Аднак тады яго бедны Аляксандр Сяргеевіч якраз ляжаў, больш за два месяцы, непрытомны, аглушаны выбухам той бліскучай, спакуслівай цацкі, і ні жывога, ні мёртвага бацькі ён не пабачыў.

Апроч гарадской фатаграфіі на сцяне, дзе яго тата з мамай, таксама невядомай Шуру, зняты яшчэ да яго нараджэння, мелася ў іх і яшчэ адна памятка па Шуравым бацьку. Памятка патаемная, якую ні дзед Богуш, ні дзядзька Іван не паказалі б мне, а Шура паказаў.

Гэта была не проста якая-небудзь адна — шэптам кажучы — бальшавіцкая афішка, за якую катуюць у пастарунку і гоняць у турму — гэта было аж некалькі газет, на кожнай з якіх вялізнымі і нібы гнутымі літарамі стаяла ў загалоўку: «Правда»…

Праз многа гадоў і мноства падзей, я, савецкі пасляваенны студэнт, бачыў у бібліятэцы падшыўку «Правды» за той час, вясну і лета дваццатага года. Лісты вялікія, большыя за сённяшнія газеты, папера розных адценняў, благенькая, фарба слабая, цяжка чытаецца. Толькі зрэдку чатыры старонкі, а то ўсё дзве, адзін вялікі ліст. Буйныя загалоўкі: «Телеграммы», «Оборона Советской России», «За границей», «Борьба з польскими белогвардейцами»… І словы Леніна, з яго выступлення перад чырвонаармейцамі, што накіроўваліся на польскі фронт:

«…С польскими крестьянами и рабочими у нас нет ссор, мы польскую независимость и польскую народную республику признавали и признаем…»

Гартаючы тую падшыўку, успамінаў я Шуру (з якім мы, дарэчы, разам і партызанілі) і ў мнагалюднай бібліятэчнай цішыні з усмешкай бачыў, як мы, малыя змоўшчыкі, чыталі гэтыя лісты, замкнуўшыся ў Богушавай хаце. Загучнае слова — чыталі: проста гарталі, шапталіся, як заварожаныя тым вялікім словам — «Правда», яшчэ праўдзівейшым ад забароны гаварыць яго ўголас, на людзях…

Шураў тата таму і забавіўся быў у іхняй хаце, заскочыўшы ў яе другі раз, што Шура тады яшчэ ўсё нічога не гаварыў, не разумеў. А потым тату, калі ён, ранены куляй, зваліўся з каня, уланы дабівалі шаблямі…

Ці не згадаў Шура яго і тады, на аўтагонках, калі кабыла панесла ў поле няўдалага ездака-каменданта?..

Ці не пра Шуравага бацьку намякаў нам у злосці ды ў страху Камар, калі ставіў нас на калені, а сам крычаў: «Я вас ведаю! Ведаю!..»

Словам, і Аляксандр Сяргеевіч быў сірата ваенны.

Аднак ні ён, ні Зяма, нават ні Тоня не называліся — брыдкае, непрыемнае слова! — байструкамі.

Такімі былі ў нас два хлопцы — Валодзя Казак і Толя Немец.

Яшчэ студэнтам, на бульбе ў калгасе, пачуў я ад цёткі, у якой мы з сябрам кватаравалі, мянушку Пяціхвілінка. Пра малую дзяўчынку, суседчыну. «Чаму?» «А гэта ўжо як нашы немцаў гналі, дык яе адзін баец за пяць хвілін змайстраваў». Мы пасмяяліся разам з тою гаваркою цёткай. Можна, вядома, і пасмяяцца з трапнага слова, але тады гэта, калі не думаць пра тую дзяўчынку.

Неяк пры мне, у санаторыі, за абедзенным сталом, адзін паважаны таварыш у гутарцы з другім паважаным, да таго ж яшчэ і пісьменнікам, расказваў салідна, з пэўным, амаль непрыкрытым разлікам:

— Я быў у свае мамы выблядак. Нашай змене, падрастаючым пакаленням, вы самі гэта панімаеце, каб добра, шчацельна апісаць, было б очань палезна ведаць, як гэта з выблядка палучыўся такі чалавек, як я…

І ніхто з нас тады, ні я, ні нават пісьменнік, не сказалі таварышу: «Бедная ваша маці!..»

Народ і ў грубасці сваёй мудры, і прымаўку мае спрадвеку: «Байструк — з божых рук». У гэтым азначэнні ёсць і тая праўда, што такія дзеці найчасцей бываюць спраўныя ды здольныя, а ёсць і іншае: крыўдзіць такога грэх. Трэба думаць, што не толькі ў нас, беларусаў, ёсць такая разумная прыказка. Спецыяльна я гэтым не займаўся, але нядаўна, у «Первых воспоминаниях» іспанкі Аны Марыі Матутэ, з прыемнасцю сустрэў дзве цікавыя рэчы. Аказваецца, і ў Іспаніі ў гады майго малалецтва ў вёсках рабілі хадакі з аўтамабільных пакрышак, як і ў нас, у Заходняй Беларусі, дзе і прымаўка была: «што ні беларус, то і аўтабус» — след такі самы. І другое, — і там, у Іспаніі, байструкоў, «незаконных» дзяцей, народ называе божымі дзецьмі.