Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 25

А маланка ўсё хрысціцца. І сапраўды — як спалоханая маладзіца.

Мокры, халодны чэрвень.

Каля поўдня выглянула сонца, мацней запахла летняй гразёю i зялёнай вільгаццю. іду ў сваю вёску. За грэбляй — сухая «сценка», абапал якое яшчэ нярослае, але ўжо каласістае, сіва-зялёнае жыта. З яго ўгару, у нізкае хмарнае неба расце, як калоссе, бясконца, здаецца, шматлікая песня жаўранкаў.

Паехалі на рэчку. Гразь. Maтор гpyзавіка ідзе на суцэльным рыданні. Нёман, як i заўсёды, быстры, прыгожы, жывы, У лазняку на тым беразе б'юць салаўi...

Думаў, пакуль сядзелі над паплаўкамі:

«Так усё проста гэта, здаецца, і так глыбока, вечна, неразгадана. I добра!.. Хоць i журботна думаць пра смерць, неўміручасць. Колькі ix, гэтых салаўёў мінулася, a ўсё, здаецца, тыя самыя яны — пяюць, нясуць жыццё!.. Што ж, так i мы».

Знаёмая партызанская кузня. Колькі яна працавала тады на кавалёву сям'ю, а колькі на нас?.. Цяпер абкідана калгасным інвентаром. Гудзе горнам i звоніць кавадлам, як і заўсёды, неяк загадкава хвалюючы... I каваль, як заўсёды, замурзаны, з усмешкай:

— Няўжо ж гэта, хлопцы, ужо шэсць год прайшло пасля вайны?..

Вёска яшчэ не зусім акрыяла ад трох акупанцкіх пажараў. A ўжо відаць і рысы новага — будынкі брыгаднага двара, антэны радыёпрыёмнікаў...

Нёман. Гаючая, родная прыгажосць. Успамінаецца той час, калі яна, гэтая прыгажосць, адчувалася i паколатымі, патрэсканымі нагамі. Maленства з вечнай аскомай ад няспелых яблыкаў, з назіраннем жыцця ў дробязях, знізу, калі многае, чаго не заўважаеш сёння, заўважаў і многае адчуваў мацней, без наўмыснага падыходу, без прывычкі запісваць, хаця б толькі вачыма.

Дзікі дзень на рацэ. Ca спінінгамі — уніз па плыні, да краю пушчы. Печаная ў прыску, па-першабытнаму смачная шчупачына. То дожджык, то сонца, то вецер, што згортвае хвалі ў баранчыкі. Пясчаная сцежка ў мокрым лазняку. Крыўдна, недаравальна запусцелыя партызанскія могілкi... Халаднаваты, быстры брод.

Ад гэтага броду, ад пушчы хмары гналі нас у другую вёску. На ўсходзе весела ззяла вясёлка, як сімвал ціхага жыцця, што так па-свойму адчуваецца ў гэтых шматпакутных мясцінах...

Першыя мэндлі. Шпакі пачынаюць лётаць чародамі. На выгане — басаногія пастушкі i дамавіты пах торфу ад іхняга вогнішча. Заходзіць сонца. Бусел вяртаецца з купінай у дзюбе. Век жыві — век будуйся. З гнязда на загуменным вязе бусліха вітае яго гаспадарлівым клёкатам.

Бязмежныя, як неба, прасторы жыта. Дзе так нядаўна яшчэ стракацелі палоскі. Абозы сена. Навінка тут — трактары, грузавікі...

Ідылія вечнага i сучаснасці.

Адзін з нашай рыбацкай валачашчай тройкі, навічок у гэтых мясцінах, казаў, што на Свіцязі ён адчувае нейкую незвычайную лёгкасць, як ні на адной іншай вадзе, якіх ён, дарэчы, аплаваў ды абязрыбіў нямала. Пад яго кіраўніцтвам i Свіцязь раскрылася для мяне яшчэ адным сваім бокам. З лодкі, заякаранай каля легендарнага трысніку, мы вылавілі за раніцу мноства бойкіх акунёў. I паплаўкі, жывыя паплаўкі на невыказна лёгкай і светлей вадзе, пойдуць за мною дзіцячымі снамі.

...Узгоркі Наваградчыны, калі глядзець з гары, ледзь не ў шахматным парадку ўкрытыя пералескамі. Дубы i грабы. Жытнія мэндлі. Грэчка ў пахкай красе. Жніўная песня. Рупліва махае рукамі жняярка. На гасцінцы, уздоўж бруку, над расквечаным адхонам — добрая сцежка для нашага брата-веласіпедыста. І цянёк ад прысадаў, і голле трохі зачапаецца лістотай. У цяньку каля хутара, на траве, да чорнага хлеба вельмі добра падыходзіць свежае малако.

...Пасля ўзгоркаў ды пералескаў, ад Карэліч на Любчу пачынаецца лагодная роўнядзь, з часцейшымі мэндлямі, светла-зялёнымі прасторамі слаўнага лёну, усыпанай кветкамі канюшыннай атавы, густых, зярністых аўсоў. Вёскі цягнуцца амаль неразрыўным ланцугом, дружна чапляючыся адна за адну, злучаныя звонка ўкатанымі дарогамі, абапал якіх густа стаяць то нізкія каржакаватыя вербы, то велічныя красуні ліпы, з якіх яшчэ ўсё асыпаецца духмяны пыл. Рэшткі апетага Міцкевічам: «ціхія грушы» на межах... Хаця — межаў няма. Навокал стаіць густое, каласістае жыта, спакойна дыхаючы смачным, гаркаватым пахам. I на ўсім гэтым фоне — сведчаннем часу — працуе камбайн.

...У Любчы — ужо шырокі пасля нашых Ярэміч, падкормлены водамі некалькіх рэчак Нёман. З яго адвояў — мы бачылі — сетка вымае на сонца шыраказяпых, выпасеных шчупакоў. За ракой, на зялёнай прасторы, што канчаецца на даляглядзе цёмнай сцяною лесу, ходзіць калгасны статак. Ад саламянага будана над Нёманам, дзе збіраюцца нанач каровы i куды прыязджаюць з бітонамі даяркі, увечары чуваць дзявочыя жарты i смех, a бліжэй — дзюрчанне ў звонкія вёдры духмянага сырадою. Блізкасць пушчы адчуваецца не толькі над ракой, берагі якое завалены падрыхтаванай для сплаву драўнінай, але i ў самым гарадку. Новыя домікі стройнымі i шчыльнымі радамі закрылі ваенныя пажарышчы. З вялікіх асветленых акон грыміць радыё, праз белую павалоку фіранак відаць зеляніна вазонаў... Вузкакалейныя рэйкі заўсёды здаюцца яшчэ меншымі, чым яны ёсць у сапраўднасці,— хоць ты вазьмі ix з сабой, каб парадаваць дачок новай забаўкай. Фанабэрысты паравозік цягае свае тры вагончыкі ўздоўж платоў i варотаў, з блазенскім, задзёрыстым свістам, чапляючыся комінам за лісцё вішняку i двойчы на дзень акурваючы яго чорным дымам. Многа пяску, што асабліва адчуваецца ўвечары, калі з-за Немана вяртаюцца каровы.

...На ціхай вадзе рэк і рэчак, над як імі сям-там грукочуць бяссонныя млыны,— раскашуюцца сытыя, міла-стракатыя свойскія качкі, водзячы па люстранай паверхні вады, нібы накрэсленыя цыркулем, кругі.

...Ад Немана да Кромані — пяскі, па якіх вельмі цяжка каціць наўючаны веласіпед. Лясная глухмень i раптам — «модрае вока» ў сасновым кальцы!.. Асабліва хораша выглядае светла-зялёная падцянёўка сітняка — паміж цёмнай сцяною лесу i агромністай шыбай вады. Дно Кромані светла-карычневае. Пройдзеш — доўга відаць вялізныя сляды і падымаюцца наверх бурбалкі. Многа ракаў, якіх мы лавілі «сакаўкай», а пасля оптам пяклі ў прыску вогнішча. Безліч малявак, асабліва відных на захадзе сонца. Шчупакі і акуні палююць зусім нахабна, глытагачы плотак ледзь не ў паветры. А куні — гарбылі. Добра выглядае такі, узброены пілой калючак, прыгажун, наструнены на спінінгавай жылцы! Вельмі прыемна адчуць яго першы рывок i супраціўленне, як доказ, што ў сіняй бездані — не пуста. У завадзях, адгароджаных ад берагу сітняком, раскашуюцца — тут ужо дзікія — качкі, мноства качак i ўсе без горкага вопыту,— лодку яны падпускаюць бліжэй, чым на стрэл. Добра слухаць ix гоман i фуркатанне крылляў пры ўзлётах. I тут матылі залятаюць на самую сярэдзіну возера. А паверхня вады, замест свіцязянскага ліпавага цвету, пацярушана сівым пылком насення сітнякоў.

Пішу раненька, у буйным, росным садзе, на лаўцы каля пагрэбніка.

Адгэтуль, са старога саду з пакрыўленымі яблынямі i магутнымі грушамі, відаць спрадвечнае — спелае жыта на неабсяжнай слуцкай раўніне і новае — капры калійнага камбіната. Удзень адтуль сюды даходзіць гул матораў, ноччу—музыка. У сад прыйшоў i стаў высокі слуп з пявучымі драгамі — зноў новае ў старым. Шпак высвіствае сабе на гэтым слупе, «смажыць сала», як на шпакоўні ці проста на голлі.

Я ж не магу без хвалявання думаць пра тое, што i я быў, нарэшце, у цудоўнай падземнай казцы беларускай рэчаіснасці — хадзіў па бясконцых i зіхатліва прыгожых тунелях, сам перад сабой, як блазен, фанабэрыўся курткай, каскай i ліхтаром шахцёра, неяк вельмі ж свабодна i молада, па-марскому, з соллю на вуснах, дыхаў паветрам Салігорска,

Ціхая рэчка ў спякотнай данской станіцы.

Садзіцца сонца — недзе за высачэзным трысцём.

Лазім з волакам па прахалоднай, мутнай вадзе, ранячы ногі на патайных «чарапашках» i старчаках.

Рыбацкія «прыстані», сцежкі-праёмы ў трысці, дзе на дасвецці, падаслаўшыся ахапкам сена або старою курткай, сядзяць над паплаўкамі мясцовыя аматары ціхага і цярплівага хвалявання. На дзень праёмы пазакладаны калючым цёрнавым голлем. Доступ у гароды закрыты; гyci і качкі гамоняць на вадзе, не вельмі баючыся нас.