Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 7 из 136

І Марыля заплакала. Заплакала не вясельнымі слязьмі, для звычаю, а сапраўднымі, сірочымі. Гэтак ясна зрабілася ўсё, — што без долі сцерлася маладосць, што і цяпер на шчасце спадзявацца цяжка…

— Не плач, галубка, змірышся, — шаптала ёй цётка, маміна сястра, і, азірнуўшыся на Стэпку, Мікітаву бабу, зашаптала цішэй: — Не будзеш хоць хлебу ці добраму слову жадна, не тое, што ў гэтай брыдоты…

Ды Марыля не чула, не разумела нічога. Яна ўсё плакала, прыпаўшы галавой да цёткі.

…Грызня, пабоі, беспрасветная праца… Дома нават з куксай работніцай была, там жа таўкачом празвалі. Пераступі — кепска, недаступі — яшчэ горш! А пасля ж яшчэ старыя схамянуліся, што мала іх Ванечка пасагу ўзяў… Тады пайшло яшчэ горш.

І чаму ёй не ведаць было ў пору пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла?.. Лепш бы ўжо наймічкай век звекаваць.

Гэты дурань ніяк не мог ажаніцца. Куды не ткнецца — прымуць, — вядома, багаты, — але паглядзяць на самога, паслухаюць, што аб ім людзі гавораць, і аддадуць утратнае. Тады ўзяўся ажаніць яго той самы пан Чыжэўскі, купец з мястэчка, свінабой. От, сабакар і п'яніца, ды брахаць вельмі спрытны, — хоць каго закалыша. Як яна ненавідзела пасля, даведаўшыся аб усім, яго тлустую свіную морду!.. Сыходзіла з хаты, абы ён заехаў да іх.

…Апалі дзявочыя грудзі, уваліліся вочы, кукса была вечна абкручаная лапінкай, а левая рука карэлая, парэпаная. Спачатку хоць песні спяваліся. Абы толькі ўспомніла пра долю, — у кожным напеве сірочай тугі і жалю чулася нешта такое, што душыла за горла, займаючы дух, і па-дзіцячы хацелася плакаць: «Мамачка, галубка!..» А потым і гэта зрабілася надта балючым.

На другім годзе пачалася Марыля першым дзіцем. Але і гэта не ратавала яе ад здзеку. На восьмым месяцы сталася тая бяда, што звяла яе ў дамавіну.

Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Сам ён крыў гумно ў суседа, а Іван паехаў у млын. Марыля ўлезла ў яму, наскрэбла першы кошык гразі з бульбяной гніллю і кастрыцай і, падаючы яго наверх свякрові, — раптам войкнула, кінула кошык і села…

Як толькі і прайшла тая ночка!.. Пад раніцу як быццам адлягло. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. «Ну ж і свет пайшоў, — мармытала яна, — абы трохі, дык і на табе…» Стары правіў у хаце хамут. Марыля ляжала на палку, з каптаном пад галавой, і, не сціхаючы, стагнала. Раптам яна прарэзліва войкнула раз і другі… Пачалося. Стары яшчэ ніжэй згорбіўся над хамутом, а пасля такі не вытрымаў, — выйшаў і паклікаў старую. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Стары пастаяў ля плота, уталопіўшыся ў грады, пайшоў пад гумно, вярнуўся пад адрынку, зноў пастаяў пад плотам, тупа гледзячы па бацвінне, — і нідзе не мог знайсці прыпынку.

«Што ж гэта? — падумаў ён. — Спалохаўся, ці што?» — і пайшоў у хату.

— Мамачкі мае, а-а-ах, родненькія-я-а… — стагнала Марыля.

Не гледзячы туды, стары прайшоў і сеў над хамутом.

— А ты, таўкачына, чаго? — закрычала старая, убягаючы з кухні з чыгуном вады ў закасаных руках.

Стары вінавата згорбіўся і замітусіўся: за хамут ды ходу з хаты… Але і ў адрынцы ён не мог узяцца за работу. Слухаў. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. «Відаць, па ўсім?» — падумаў стары. І раптам чуе: дрэп, дрэп, дрэп ад сяней — ідзе яго Катрына.

— Ну, пакінь хамут, Сцяпан: трэба трунку зрабіць, — сказала яна, увайшоўшы ў адрыну. — Божа мой, Божа!.. І што ж гэта робіцца? — і раптам — а-ха-ха-а! — заплакала наўзрыд.

У нагах непрытомнай нявесткі ляжала нежывое дзіця. Стары зірнуў на яго і моўчкі пасунуўся і хаты. Узяў з каморкі сякеру, пілу, жменю цвікоў і пайшоў у адрыну. Рукі ў яго неяк дзіўна дрыжалі. Прысеў на калодцы і закурыў люльку. Супакоіўшыся трохі, узлез наверх і пачаў са стукам перакідаць дошкі, шукаючы патрэбнага кавалка. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, скінуў яе наніз, паскроб трохі гэблікам, парэзаў і збіў трунку.

На той час вярнуўся з млына Іван. Ён увайшоў у хату, нічога не ведаючы.

— Падла ты, абармот крывалапы! — сустрэла яго маці. — Ці раз ужо я казала табе!.. Дарвешся — як да скаціны, каб цябе на скулы збіла, каб цябе! Цяпер вось маеш! Шморгай носам, каб цябе пятля зашмаргнула!..

Гэтым разам Іван змаўчаў і панура пакльшаў з хаты.

Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю, адарвала лапіну, угарнула ў яе нямыты трупік дзіцяці і палажыла яго ў трунку. Няўмела стукаючы малатком і загінаючы старыя, павыпростваныя цвікі, сама забіла века і, паклікаўшы з сяней Івана, загадала яму несці за ёй трунку.





Марыля заварушылася, павярнула галаву і паглядзела.

— Ах, ма-мач-кі-і… Мама, сынок?..

— Нежывое, дзеткі, нежывое… Ніхто гэтаму не прычына. Вось панясём, пахаваем…

Марыля працягнула рукі, хацела абаперціся і ўстаць, але не здужала. Рыўком толькі падняла проставалосую галаву, апала назад на каптан і, заплюшчыўшы вочы, заплакала.

Старая ўзяла ў сенях рыдлёўку і патрухала на загуменне. Следам за ёй ішоў Іван, несучы пад пахай трунку.

…Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі: капаць другую, ужо большую магілу…

— Маўчы ты мне лепш са сваім «па-харошаму!». Ён яе са свету звёў, а ты… Удушыць яго мала за гэта! Я з яго скуру палосамі драў бы, а ты!.. — крычаў Марылін брат Мікіта.

Яго пухкія маладыя губы дрыжалі са злосці пад рыжаватымі, запушчанымі вусамі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына, а вочы блішчалі, як з падпечка. З рота нясло гарэлкай, і, гаворачы, ён пырскаў слінай на свайго швагра, Сымона, які сядзеў побач з ім. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сымона, вачыма, сядзела ў перадку. Яны вярталіся з хаўтураў па Марылі. Вярталіся без пары, бо п'яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Яны ехалі ўжо чацвёрты кіламетр ад Пагор'я, а Мікіта яшчэ ўсё трапятаўся. Толькі ўспомніць мёртвы Марылін твар і грукат жвіру па дошках труны — зноў хацелася біць насатую морду дурнога Івана, забойцы ягонай сястры…

— Эх, Мікіта, — гаварыў Сымон, — ты, бачыш, і на мяне ўжо злуеш. Тут, брат, ні бой, ні слёзы не памогуць. Ну што, наклеілі б нам, колькі б улезла, і ўсё… А трэба па-харошаму. Марылі не паднімеш, а пасаг трэба вярнуць. І поле, і карову. Дзяцей няма — чорту лысаму даруеш? Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. І ты не драмі ў шапку, а ў суд, па-харошаму, о! Тут яшчэ справа заблыталася, што поле змянілі, ды гэта таксама нічога.

— Гэта-то гэта, — згадзілася Стэпка, — а то запырскаецца, і ўсяго. Я і сама казала…

— Што ты казала? Я і сам ведаю, лепш за вас! Яна ў мяне не сястра, а сястрычка была, а ён!..

— Унь, машына, трымай! — перапыніла яго Стэпка. — Трымай хоць ты, Сымон!

З-за гары, бліснуўшы шклом на сонцы, якое ўжо заходзіла, з ровам выпаўз аўтобус.

— Я і сам сваю кабылу ўдзяржу! — крычаў Мікіта. — Ніякіх мне чарцей не трэба, сам гадаваў. Машка, глядзі!

А Машка ўжо заказырылася. Гэта была гнядая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць мужыцкую долю.

— Трымай, каб цябе за грудзі ўзяло, каб цябе! — крычала Стэпка, але Мікіту відаць былі толькі яе разяўлены рот і рукі, якія з адчаем учапіліся за цапкі драбінаў. Вясёлы шафёр пачаў трубіць.

— Каб табе хрыпела ў горле, каб табе! — зноў крычала Стэпка.

Машку вось-вось пасадзіў бы на хвост, ды левая ляйчына, — вядома ж, уся на вузлах, — лопнула, і Машка паляцела цераз равок направа, у жыта. Воз сцялежыўся. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Забыўшыся пра страх, Машка прагна хапала сівыя каласы красуючага жыта.

— П'яніца ты, абібок! Лейцаў людскіх няма! — барахталася з-пад воза Стэпка.

— Дай мне, дай здыхату! — схапіўся Мікіта да Машкі. Ён хвастаў яе кулакамі па храпе, а кабыла курчылася ў хамут і адварочвала галаву, зубамі і губамі трымаючы зашчэмленыя каласы з сіва-зялёнай маладой саломай.