Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 59 из 136

Сцёпа развітаўся са мной і пайшоў. Хацеў ісці і я, але Мікола прытрымаў маю руку.

— А ты не думай, — сказаў ён значна цішэй і неяк нібы нават вінавата ўсміхаючыся, — што я табе пра Свярдзёлка насмешку якую… Ён гэтых ваўкоў налузгаў столькі, што мы з табой і ў вочы не бачылі. Газета пісала: шэсцьдзесят тры. Гэта, браток, пра яго. А як ён падвывае, каб ты толькі чуў! І за прыбылога, і за пераярка, і за старога воўка, ліха матары, як зойдзецца — хоць ты на печ хавайся!.. І так ён, Сцяпан, харошы чалавек… Дык прыязджай ты, браток, не лянуйся!..

…Сяджу на цягучым пракураным сходзе… Успамінаю словы: «Няўжо ты і праўда так моцна заняты?», чую за імі пах жывіцы і аўчыны, сасновы шум і рыпенне снегу пад ботамі… Трэба паехаць!.. Нават адразу, — не дачакаўшыся канца чарговай гаворкі пра неабходнасць вывучаць жыццё!..

1957

ЁЙ МЫ НЕ СКАЖАМ

У ліпені сорак чацвёртага года мы выйшлі з нашай партызанскай пушчы i — каго не паслалі на фронт — сталі ў сваім раёне партыйнымі i савецкімі работнікамі.

Гледзячы сённяшнім, мірным вокам, нялёгкі гэта быў час. Сям-там яшчэ аказваліся банды, слядамі якіх хадзіў наш знішчальны атрад. Старшыню сельсавета Сашу Туркача, спадцішка вясёлага i неяк паэтычна гультаяватага хлопца, якога ў брыгаднай разведцы два гады абміналі кулі i асколкі, бандыты злавілі непадалёку ад райцэнтра. Уранні пастушкі знайшлі яго знявечаны труп у бродзе ціхай, абязрыбленай паліцэйскім толам рэчкі. Наступнай ноччу я дзяжурыў у райкоме партыі пры адкрытым акне, палажыўшы на стол узведзены аўтамат… Днём мы, моладзь, прывыкалі да мірнай працы, вучыліся наводзіць лад у раёне, абедалі ў нішчымнай сталоўцы i ніяк не маглі без таго, каб не сабрацца на плошчы, не «пабрахаць», не пасмяяцца. Час быў нялёгкі, але i вясёлы. Кожны вечар у даваенным, на шчасце ўцалелым, клубе мы ладзілі танцы. Рыжы Пытляк, загадчык радыёвузла, быў добрым акардыяністам…

Аднак з усіх Пытляковых танцаў мне запомнілася толькі простая i страсная мелодыя вальса, якой мы часта падпявалі:

Запомнілася, відаць, таму, што ночы ў той апошні ваенны жнівень былі надзіва пагодлівыя, а можа — i хутчэй за ўсё — таму, што падпявалі мы ўслед за Машай.

У меру вясёлая i сур'ёзная, лёгкая ў танцы, простая, мілая чарнушка ў скромнай стракаценькай сукенцы, — такой я сёння бачу Машу тых дзён. Яна прыехала ў наш малады заходнебеларускі калектыў з у сходу, з Разанскай ці з Тульскай вобласці, працавала, здаецца, у банку ці ў прамкамбінаце… Зрэшты, не важна ўсё гэта — адкуль ды дзе, — важней за ўсё для нас тады было тое, што ўсе мы хутка закахаліся ў Машу. I вольныя, як гаворыцца, i заблытаныя, — няхай не крыўдзяцца жонкі, якія былі ў той час нарачонымі.

А Маша дасталася аднаму.

Яго я ведаў яшчэ перад вайной. Ну, як там ведаў… Чуў, што Максім Трацяк працаваў пры панах у падполлі, сядзеў у турме. Пасля, у партызанах, ён быў камандзірам аднаго з атрадаў нашай брыгады. Не з першых таварыш i не з апошніх. На выгляд — трохі ганарлівы, нахмураны, а засмяецца — сімпатычна шыракароты, з моднымі рэдзенькімі зубамі. Пад густымі саламянымі бровамі — маленькія, калючыя i разам з тым вельмі светлыя вочы. Працаваў ён тз. ды намеснікам старшыні райсавета, хадзіў у сваім камандзірскім кіцелі, без рэменя, у ботах i ў шапцы ахоўнага колеру, з пяцікутнай плямай замест зорачкі.

Да зімы кампанія наша спакваля разбрылася па свеце: хто пайшоў на фронт, хто на вучобу, каго перавялі ў іншы раён. Я паехаў на працу ў Мінск.

I вось прайшло амаль трынаццаць год. Ix, Максіма i Машу, за гэты час я сустракаў не часта, нават вельмі мала. Добра запомніліся толькі дзве сустрэчы.

Неўзабаве пасля вайны, там, у райцэнтры, я бачыў ix на хаду, з кузава спадарожнай машыны. Быў пагодлівы летні адвячорак, выходны дзень, i яны, Трацякі, ішлі шырокім тратуарам, уздоўж зялёнай сцяны вішняку. Маша трымала на руках свой белы скарб — малое ў «канверце» — i ўсміхнулася мне, кіўнуўшы га лавою. Ён… Ды што там прыкідвацца, — я запомніў толькі яе, тую шчаслівую ўсмешку i вочы, поўныя гордай радасді мадярынства.





Пасля я пачаў заўважадь побач з ёй i Максіма. Гады праз два мы пазнаёміліся з ім бліжэй, у Мінску, на вечары ў нашага агульнага друга. Крыху залішне паўнаватая i неяк з пачуццём уласнай годнасці, шчасліва спакойная, Маша была прышжая той красою ўдачлівай маці, якая добра зрабіла сваю вялікую справу — падгадавала двое дзяцей, а сама засталася ўсё яшчэ маладой i цікавай. Hi раней, ні цяпер яна не была прыгажуняй; яна была проста вельмі мілая як чалавек, вельмі чыстая, прывабная як жанчына. З ёю было добра. Можна было амаль па-ранейшаму весела i легка вальсаваць, успамінаючы нашу ваенную маладосць, падняваючы пра тую месячную ноч, якая не была ніколі нашай… А на жаночую красу яе можна было глядзець вачамі таксама ўжо сталага чалавека, які нязгорш навучыўся ведаць меру ўсяму, паважаць граніцы свайго i чужога шчасця…

Маша i Максім здаваліся нам з жонкай шчасліваю парай. ł не толькі нам: так лічылі i тыя, хто ведаў ix бліжэй.

— Харошыя людзі. I ён, i яна…

Гэта гаворыдь мне сёння стары райвыканкомаўскі шафёр Намыста, гуцул Мікіта Самійлавіч, які пасля партызан асеў у нашым раёне. Я ведаю яго, можна сказаць, даўно, люблю паслухаць расказы старога пра даўнюю службу ў аўстра-венгерскай арміі, калі яшчэ, як ён кажа, царстваваў Франц Іосіф «эрштэр». Мы паважаем адзін аднаго i таму вось з прыемнасцю п'ём чарку ў раённай чайной, закусваем селядцом з гарачай бульбай i гаворым пра добрых людзей, якія пазаўчора селі ў вагон i паехалі ў госці, да Машыных бацькоў,— усёй сям'ёю.

— Харошыя людзі,— паўтарае стары Намыста і, размораны чаркай, змаўкае. Пасля даволі доўгай паўзы ён дастае сваю «цыбуліну» ў вялікім, падобным на грушу футляры, доўга глядзіць на стрэлкі.— Извините за мою некультурность… — кажа чамусьці па-руску. — Цяпер ужо дваццаць тры мінуты пасля чатырох… Пайду вось зараз на бакавую. Што рабіць у святую нядзелю? А ваш аўтобус падыдзе тым часам. Так i жывэмо…

Закончыўшы на роднай мове i з уздыхам, ён зноў маўчыць. У гэтым маўчанні я пачынаю падазраваць нешта незвычайнае. I праўда, — вось ён, Мікіта Самійлавіч, глядзіць на мяне трошкі іншымі, рашучымі вачыма i пачынае:

— Вам толькі i скажу… I ён чалавек харошы, а яна яшчэ лепшая. Як рідна донька, глядзіць мяне, даглядае стару, самотну людыну… — Ен выцірае вочы i зноў па-руску гаворыць: — Извините за мою некультурность… Я не скажу, што Максым Валадымэравыч нешчаслівы чалавек, але ж — не шчаслівы… Толькі вам скажу… Абы мы ехалі каля яго роднай вёскі ноччу, заўсёды спыніцца каля могілкаў i пойдзе туды. Я, вядома, сяджу ў машыне, чакаю. А раз пайшоў за ім следам. Бо доўга вельмі яны, Максым Валадымэравыч, не вярталіся. Прыйшоў, гляджу… А ён ляжыць грудзьмі на магіле i плача… як дытына, плача… Вы ведаеце, вядома…

Так, Мікіта Самійлавіч, я ведаю, я нібы толькі цяпер успомніў, што ў той магіле ляжыдь Максімава першая жонка i першы сынок, расстраляныя немцамі, калі ён пайшоў у партизаны. Я не ведаю нават імя той жанчыны, не бачыў ніколі i хлопчыка. Чуў толькi — наша звычайная вясковая маладзіца, якая ў панскую турму пасылала свайму Максіму кавалак хлеба, адняўшы яго ад уласнага рота, пісала, капаючы слязьмі на смешны, няўдалы след алоўка, што хлопчык усё пытае, а дзе тата?..

— Извините за мою некультурность… — Стары Намыста глядзіць на мяне i пытаецца, нібы просіць — Мы ёй ніколі не скажам пра гэта?.. Марыя Матвіеўна така добра… Не трэба…

…Адзін. З акна аўтобуса гляджу на жаўталістыя бярозкі i бурачковую пожню грэчкі каля гасцінца, гляджу на яркую, спакойную вячэрнюю зару i думаю, шапчу без слоў:

«Мілая Маша! I сапраўды, можа, вы лепш ніколі не ведайце пра гэтыя яго начныя слёзы!..»

1957

МАЦІ

Жнучы, яна стамлялася з кожным днём усё больш. Гарачую задуху цяжка было адмахнуць ад знямоглых грудзей нават самай вялікай, самай каласістай жменяй. А рабіць трэба было, хоць і свету не бачыш… І яна жала, нікому нічога не кажучы.