Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 32 из 136

— А што, глядзі!

Ваўкадаў вечна снаваў следам за Паўлюком, маркотна апусціўшы да зямлі вострую мызачку.

— Жалезная! — горда казаў Паўлюк пра гэтую мызу. — Як абцугамі бярэ! А ногі, браце, зірні!..

І праўда: абы толькі зайчык папаўся на вочы, Ваўкадаў, распасцёршыся ў пагон, заўсёды насцігаў яго, і на заячую спінку ці гарляк хапала таго, каб ён раз толькі цапнуў зубамі. Хуткасць доўгіх ног і моц «жалезнай» мызы Ваўкадаў найлепш паказаў Паўлюку, злавіўшы за адзін год два лісы, што было, дарэчы кажучы, сурова забаронена для такіх, як Паўлюк.

Аднак ні Цюлік, ні Ваўкадаў не прабылі ў яго лішне доўга. Паўлюк быў верны сваёй натуры: Цюліка ён змяняў, здаецца, на Ваўкадава, а Ваўкадава адступіў пану за іншага сабачку і за некалькі пнёў лесу на новую хату ў прыдачу.

З ліку «сабачак», якія перайшлі цераз Паўлюковы рукі, толькі гэтыя два ў нейкай меры замянілі яму адсутнасць правай рукі паляўнічага — стрэльбы. Праз доўгія дваццаць год панавання пілсудчыкаў Паўлюк мог толькі марыць пра яе.

Незабыўны верасень трыццаць дзевятага года зрабіў яго нарэшце сапраўдным паляўнічым.

Пачалася жоўтая восень.

Пад ботамі прыемна шуршала залатое лісцё маладога бярэзніку, сяды-тады патрэскваў сучок, а спакойны мядзведжы голас гудзеў:

— Сустрэў мяне Царучок (сапраўднае прозвішча ляснога хутараніна Царук, але ў Паўлюка ён «Царучок» — таксама, як ваўчок, сабачка, зайчык), — дай, кажа, браце, раду, — усю бульбу перарылі! Ну што ж, я ламаначку ўзяў і пайшоў. Засеў, чакаю. Нешта так і не доўга чакаў. Чую — чухаюць сцежкай адзін за адным. Прымергаваўся я, бачу — ідуць. Першы, браце, здаровы лабач, унурыўся, чэша, а ўслед за ім яшчэ з восем. Задні шляхціц дык зусім яшчэ кныручок. Важак, мусіць, пачуў мяне, ліха яму, бо — гоп! ды — гу-у!..

«Ламаначка» ў Паўлюка за плячыма. Ён раптам спыняецца, разгірачыўшы здаравенныя боты, а рукі настаўляе на падабенства вушэй вепрука.

— Я гэта, браце, яму калі ткнуў! Ён на дыбы ды ўголас! А заднія як чмыхануць! Гэты за імі з гарачкі здорава часаў. Я з сабачкамі ўслед. Каб ты выдах! — толькі досвіткам знайшлі мы яго ў гушчары, у ламаччы. Яшчэ цёпленькі. Кашкануў я яго нагой, дык ён: гу-у! як праз сон. Зарадзіў я ламаначку, яшчэ раз цюкнуў яму, так ён душой і загавеў. «Ну, а цяпер што?» — кажу я на Мурзу. Круціць, падла, хвастом. Думаў я, думаў, мергаваўся, мергаваўся — ніяк. Гляджу — пачаў вепручок пруцянець. Стой жа, — думаю я, — ты сам мне паможаш. Прыўзняў яго за хіб, паставіў і трымаю. Сабачка — аж канчаецца! — то за вуха яго, то за нагу! Пшоў вон! — пусціў я адну руку, замахнуўся. Гляджу — стаіць вепручок, сам стаіць! Пусціў я другую руку, а сам гэта тыц пад яго з галавой. А гэты, ліха яму, за сцягняк яго ззаду — як хваціць. Вепручок так і сеў мне на карак. Свету белага, браце, не бачу, — мызаю ў мох, — ну, думаю, дайшоў Паўлюк. Як узяла мяне злосць, як уляпіўся я за зямлю, як упяўся, — устаў! Цяпер як жа ламанку падняць? «Падай, — кажу, — сукін сын!» Махае, падла, хвастом, падвільвае. Прыгнуўся я, падняў ламаначку, павалок… Аж у вачах, браце, цёмна! Ледзь далез да Царучка. Зваліў, давай будзіць… Дванаццаць, браце, пудоў!..

Мне карціць памагчы Паўлюку кончыць лішне багатую казку вядомым спосабам: «Ну ж мы і рагаталі!», — але я маўчаў. Як не маўчаць! — гэта ж сёння, нарэшце, ён узяў мяне з сабой на вепручкоў. За плячыма ў мяне другая ламаначка, з якой я хутка пальну. Ламаначка таксама Паўлюкова.

І вось мы сядзім у засадзе. На лузе яшчэ дзень, а ў гушчары сутуняецца. Падкурчаныя ногі ныюць, ды я баюся правіць іх, каб не спудзіць дзічыну, якая вось-вось… Першы стрэл — Паўлюкоў, бо на яго, ён кажа, пойдзе вепручок. Калі Паўлюковага стрэлу не хопіць — я павінен «цюкнуць» яшчэ раз. Калі ж ён сядзе адразу — я павінен біць па другім. Разам з Паўлюком за пнём прытаіўся Мурза, вось-вось гатовы скочыць на любога вепручка.

Хвіліны цягнуцца, цягнуцца, ныюць… І раптам — ёсць! Зусім недалёка пачулася «чуханне», затым з-за альховай падсады, за некалькі крокаў ад мяне, паказалася страшэнная лабаціна. Першае, што я паспеў падумаць, было тое, што лабаціна і клыкі — на мяне! Тады я нацэліўся, зажмурыўся і пальнуў!..





Я спадзяваўся на візг і на Паўлюкоў стрэл, аднак… пачуў толькі адчайны брэх Мурзы, які пусціўся ўдагон за дзічынай, і… самы цвёрды, адборны мат…

— Пудоў пятнаццаць штука!.. Цьфу, смаркач!.. Цяпер дагані, пацалуйся!..

…Цямнее. У твар цярушыць стрэчны дожджык. Есці хочацца — падцягнула духі. А на сэрцы зусім такі нясмачна ад няўдачы.

— Таксама вось, як толькі Пілсудскі зайшоў, — гудзе побач Паўлюк, — адбываў я рэзерву ў Пружанах. Канаводам быў у паручніка. Паедзем тыя разы на дзікоў. Што ж, пасядуць паночкі за пнямі ды толькі пах-пах! пах-пах!.. І ўсё на вецер! «Каб вам, — кажу, — ручкі паадсыхалі!» А мне страляць не даюць. Карабіначка, браце, як цацка, французская. Не стрываў я аднойчы: як цяў, дык ён толькі: «Пі!» — і асеў. «Усё роўна, — кажу, — пане паручнік, ён на вас не пайшоў, а мне было вельмі ж з рукі». У пана, браце, рука гуляшчая, пшанічная, — калі зачэрпаў мне па вастрыі — толкі зоры ў вачах захадзілі… Заліўся я юхаю, плюнуў, карабінку аб зямлю! «Каб ты, — кажу, — разам з ім упруцянеў!..»

Я смяюся, ды неяк не зусім. Так і хіліць цікнуць на мядзведжую, жытнюю лапу майго настаўніка. А «вастрыё» ў мяне было тады яшчэ зусім-такі маладое, далікатнае…

Аднак гэта былі толькі словы, якія мусілі акрэсліць горыч ашуканага чакання. З гадзіну пасля гэтага тая самая лапа гасцінна налівала мне «Маскоўскай», падсоўвала хлеб і скавародку з гарачай смажанінай — паласатым, праслоеным салам з «дванаццаціпудовага» вепрука.

3

Наступны раз частаваў паляваннем я. Было гэта ажно тры гады пасля, увосень сорак трэцяга.

У той час мяне ўжо лічылі нядрэнным камандзірам падрыўной групы. І вось захацелася Паўлюку пайсці са мной на двухногіх ваўкоў.

Браць дзядзьку на адзін падрыў, на два-тры дні, камандзір атрада не дазволіў. Паўлюк быў добрым сувязным, работнікам больш патрэбным пакуль што на месцы, чым у атрадзе, і рызыкаваць яго непадазронасцю дзеля ягонай цікавасці толькі — справа зусім несур'ёзная. Аднак Паўлюк не адставаў.

Нарэшце, нібы выкарыстоўваючы апошні доказ, ён упікнуў мяне даўнейшым доўгам. І праўда, за мной быў ладны даўжок — скрынка патронаў, наган і сёе-тое больш.

Яшчэ ў першыя, змрочныя дні адступлення, калі мы, мясцовая моладзь, апушчалі ў сажалкі і рачныя віры старанна спавітыя кулямёты, вінтоўкі, наганы, — не драмаў і Паўлюк: ён зняў з пакінутай машыны «скрыначку» патронаў і закапаў яе на полі, пра запас.

Што больш — я не ведаў, бо толькі гэта зусім выпадкова прыкмеціў.

Дрэнна, не па-суседску зрабіў я, не пайшоўшы з атрада па гэтую «скрыначку» сам, а паслаўшы сяброў па групе. Быў у нас такі Міхась, што вельмі любіў адводзіць убок ды шаптаць на вуха. Адвёў ён мядзведзя за вугал і шэпча: «У вас, дзядзька, вось так ды гэтак, нам Мікола казаў…» Міколу, вядома, прыдумаў. «А ліха яму, — загудзеў Паўлюк, — такі не змаўчаў! То ж мы з ім разам закопвалі. Я, дурань, адну толькі вінтовачку і ўзяў, а ён жа, хлопцы, кулямётаў, патронаў, гранат!» — «Які Мікола, дзядзька, скажыце…» — натапырыўся Міхась. «Як які? То ж ты кажаш, што вы ад яго!» Што зробіш, прыйшлося хлопцам адказацца ад Міколы. Калі ж Паўлюк дастаў з-пад застрэшша новую «вінтовачку», — ім прыйшлося паверыць яму і падумаць, што я салгаў. Наступны раз паслалі самога мяне. Перш-наперш я, вядома, прызнаўся. «Вось з гэтага трэ было і пачаць, — гудзеў Паўлюк, — а то скалацілі мне, жэўжыкі, ноч. Ну, пайшлі!» Узялі «рыдлёвачку», пайшлі. «А ты, браце, таксама вуж, — гудзеў Паўлюк, ідучы, — і як ты прыкмеціў тады?» Адкапалі мы «скрыначку» — цяжкая. Прыйшлося запрэгчы Мышатку. Другім разам я пачаў адразу з ласкі і атрымаў зусім новы «наганчык», старанна ўквэцаны і спавіты бадай што цэлымі порткамі. Трэцім разам я атрымаў тры гранаты і «жменьку» наганных патронаў. Затым было яшчэ разоў са два «па жменьцы», пакуль Паўлюк не сказаў: «Закрываецца крамка, няма, браце, усё».