Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 136

«Першая гадзіна, — падумала старая, — паспее яшчэ, хаця б у тры выехаць з дому. А то яшчэ і сам акалее недзе пад кустом, чакаючы злодзея».

Задумалася зноў…

Усё тое самае круціцца: то начлежнік і сын, нябожчык Міхась, то прымакі і Лідачка… Сумна стала старой на сваю адзіноту. Падумаеш, багатая, а і спамянуць ніхто не спамяне па смерці…

«А можа, ён нядобра ідзе?» — раптам падумала яна. Паднялася, абмацала на камінку запалкі і злезла з печы. Запаліла лямпу на стале і падышла з ёй да гадзінніка. Падняла агонь, зажмурылася. Праз пыл на шыбе на Грыбіху глядзелі цыфры і стрэлкі старога, як яна сама, гадзінніка. Цік-так, цік-так, цік-так…

«Ах ты! — без нечага тры, вось-вось зазвоніць. А тут яшчэ і каня не карміў, і снеданне не гатова…»

— Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны!..

Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа, і, злазячы з печы, пачаў:

— Дурніца ты, забрында! Цяпер што? — дарма я Лейзару каня накарміў, каб ты наелася чэмеру! А там увесь лес пасякуць!..

Старая зноў успомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу.

— А я што, — заскрыпела яна, — камень? Мне мора трэба? Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся. Скулу! Ступаліся ногі за ўсім… З табою ж не ўбудзе ніхто. Ганну прагнаў…

Удар кулаком у сухія, уцягнутыя пад плечы грудзі перабіў ёй гаворку. Колькі там трэба было!.. Старая так і асунулася каля стала, аберуч схапіўшыся за сэрца. Стары збянтэжыўся, што і гэтага выйшла зашмат, аднаго кулака. Ён пастаяў, пасля дзьмухнуў на лямпу, апрануўся і выйшаў. А старая адвяла дух і заплакала.

Начлежнік на куфры прачнуўся яшчэ на першы крык, але толькі цяпер уцяміў, у чым справа. «У-ух ты, якое гняздо!» — падумаў ён учарашняю думкай.

— Цётка, што з вамі?

Старая прыціхла: схамянулася, што ён не спіць.

— Цётка, чаго вы?

Такім голасам гаварыў тады Міхась… Ды яшчэ: «Мама, старэнькая мая…»

А хлопцу ўспомнілася раптам далёкая, родная вёска. Там, за Баранавічамі, дзе пачынаецца Палессе. Тая вёска, куды ён вярнуўся з астрога, пасля таго як

Як шмат змяніўся ён за тры гады! А вёска і мама былі, здавалася, тыя самыя. Ен вярнуўся сталейшым, як выйшаў. Ужо не саромеўся свайго жалю і тваіх старэчых пяшчотаў, ён цалаваў твае сухія, спрацаваныя рукі і нечакана дрыжаў. А цёплыя слёзы каціліся… А ты — усё ж тая самая: замучаная працай, у лапцях, — ты цалавала яго, не могучы звясці губы ад плачу, туліла да сухіх грудзей яго худую астрыжаную галаву, мурзала гарачымі слязьмі і плакала: «Коля мой, мілы мой Колік… Дзіцятка маё, што яны з цябе вырабілі!.. Што яны зрабілі!..»

I цяпер вось гэтая другая маці плача. Толькі ж аб чым і чаму?.. Мікола ўстаў з куфра і, басанож па халоднай земляной падлозе, пачаў шарыць у цемры. Рог стала… запалкі… Запаліў адну, пасля лямпу. Разгледзеўся. Старая сядзела на зямлі, ля печы.

— Уставайце, цётка, я памагу.

— Я сама, сынок, я сама, — баранілася яна. I ўстала сама. У выступках патэпала да ўслона. Села. А Мікола лёг ізноў. Доўга маўчалі абое. Ён глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма, а пасля павярнуўся на спіну, уперыўся зрокам у столь…

— У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца, няхай яму бог даруе…

— Я ведаю, чуў.





Ды тут зашлёпалі валёнкі Петруся, пасля грукнулі дзверы, і, не дачакаўшыся яшчэ, пакуль ён увойдзе ў кануру, гутарка абарвалася. Пятрусь распрануўся, патушыў агонь, палез на печ. Там ён нагой аб нагу скінуў з валёнкаў галёшы, і, адзін за адным, яны мякка ляпнулі аб падлогу. Гэта былі апошнія гукі. Потым цемра злучылася з цішынёй.

Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў…

«Які ён дзікі, гэты стары! I як усё ж такі дзіўна складаецца часта жыццё: у такой сям'і, як колас на смецці, узрастае такая адзінка, як той іхні сын…»

Учора ўвечары солтыс, ведучы Міколу сюды на начлег, расказваў аб Грыбавым сыне чамусьці з хітранькай усмешкай…

«Той быў талстовец, але ўсё ж такі неяк імкнуўся да лепшага. Бачыш, не пайшоў за бацькамі, цягнуў за беднатой, загінуў у змаганні з хваробай… А маці яго?.. Усе яны крышку падобныя, нашыя маці… Шкада старой… А стары кулачына — агідны…»

2

Раніца ўстала марозная, ясная. Пакуль парастайвалі ў небе зоркі, збялеў асколак мссяца і зарумяніўся над лесам усход, — вёскі ўжо не спалі. Світанне ніколі не застае іх у сне, бо працоўны зімовы дзень у вёсках пачынаецца ноччу.

У Балотцы, той самай вёсачцы, каля якой быў лес Петруся Грыба, вядома, таксама не спалі. Над стрэхамі шэрых хатак, заваленых снегам, слупамі стаялі дымы. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны. I толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык.

У хаце гарбатага краўца Лапіпкі снедалі пры агні. Раней, як заўсёды, бо сёння тут начаваў па дарозе з горада і цяпер хацеў выехаць раней дзядзька Алесь Жывіца, Алёшачка, як называў яго гаспадар, сябар маленства, сусед з той самай занёманскай вёскі, адкуль быў і Лапінка, прымак у Балотцы.

Прымы яго — нясытыя: загончык поля і хата на курынай ножцы. Ды Лапінка жыў дома пры брату, ліхім чалавеку, у бядзе і паняверцы, і таму ён згадзіўся і перавёз сюды цераз Нёман сваю машыну. 3 таго часу ў старэнькай Марцінай хаце весела сакатаў нястомпы «зінгер», а над ім таксама безупынна малоў і спяваў, спяваў і малоў вясёлы, як шпак, калека-кравец. «Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў», — жартаваў ён з сябе і з Марты, але ўсё ж, як людзі кажуць, дзеткі былі, дый адно за адным.

Два старэйшыя хлопчыкі, Косцік і Шурка, снедалі цяпер разам з бацькам і госцем. Дзеля госця Марта нанякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму.

— Я ж кажу, брат, хлопцы ў цябе — малайцы. I дарма ты ўсё плачаш… — гаварыў госць. — Так і глядзі — год за год…

— Сэрца маё трапечацца, Алёшачка, як пачую… Сам, як той казаў, граша не варты, ды дзеці затое — слава богу, — гаварыў Лапінка. I выходзіла ў яго гэта неяк па-бабску: ня-ня-ня-ня… Маленькі каля дзядзь-кі Алеся, ледзь з-за стала відаць, і ногі не дастаюць падлогі. Ён быў гарбаты без гарба, не ад роду: малым быўшы, зваліўся, накольнік, з вішні і ўбіў, як кажуць, ногі ў с…, не вырас. Галава — без шыі, як у вожыка, і пастрыжаны «пад ярша». — Паглядзі вось, — казаў ён, — Косцік мой — гаспадар, дзякуй богу, навабранец, дванаццаты гадок ад восені. Памагае мне: намёткі выцягвае, грэе ўцюг, гузікі прышывае. Ужо і ў лесе два разы быў. Або Шурка. Дзевяты гадок, чытае — як рэпу грызе, і гусі пасе ўсё лета…

Косцік і Шурка ласа елі, раз за разам абсмоктвалі ацякаючыя салам пальцы і маўчалі, быццтам гутарка іх не датычыла.

— А Колік яшчэ спіць, — гаварыў Лапінка, — як пшаніцу прадаўшы, ні аб чым галава не баліць… Паглядзі!

Дзядзька Алесь чуў гэты перабор сыноў яшчэ ўчора вечарам. I цяпер яму зноў успомнілася тое самае: згніўшыя пенчукі прыдарожных вербаў, абсмаленыя пастухамі, дуплаватыя, а ўсё ж жывыя, бо з-пад карэння іх ідзе падсада маладых, кучаравых лазінак, жывых і вясёлых.

— Але, братка, узбіўся ты на корань. Здароў будзь, дзяцей — нібы ў Янкеля, нашага карчмара, — сказаў ён і засмяяўся. — Ды што ж ты гэтага яшчэ не ўспамянуў, што ў калысцы. Усё роўна ўжо: «Божа васпомні…»

— Гы-гы-гы, — зарагатала Марта. — Саромеецца, дальбог! Я казала — нашто яно нам чацвёртае? Хапіла б і трох. Ды ўсё ён вінаваты, дальбог.

Лапінка збянтэжана зачырванеўся.

— Ну, нічога, Кастусь, — смяяўся госць. — Даў бог дзеці — дасць і хлеб. Свет вялікі. А што ж ён у цябе ў лес? Наймаў хіба каня?

1

Палітычныя турмы ў буржуазнай Польшчы.