Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 48 из 112

Мараль: трэба разьлічваць на ўзнагароду паводле рынкавай цаны, а не паводле таго, колькі працы мы ўклалі ў канкрэтную рэч. Гэта было даведзена многімі вучонымі — у тым ліку Карлам Марксам, — ня кажучы ўжо аб штодзённым жыцьці. Наш прыяцель ці брат возьме, можа, пад увагу нашую добрую волю, стараньні, намаганьні і зычлівыя памкненьні, але ня прыяцель і ня брат прыдумаў справядлівасьць, якая зьяўляецца грамадзкім або боскім творам, і ў любым выпадку ёсьць законам, які зважае на плён нашых дзеяньняў, а не на нашы інтэнцыі. Трымаючыся гэтага прынцыпу, мы можам даставіць сабе нямала шчасьця: кожны нечаканы грош звыш рынкавай цаны мы будзем уважаць за надзвычайную спагаду лёсу; але дакуль мы будзем наперад зважаць на тое, што атрымліваем яго насуперак справядлівасьці, мы будзем жыць у несупынным засмучэньні, будзем жывіць крыўду да ўсяго сьвету і ўрэшце можам уласнага брата забіць ад злосьці.

4. Ной, або Спакусы салідарнасьці

Калі Бог урэшце вельмі запозьнена пашкадаваў, што стварыў чалавечы род, і пад уражаньнем насьледкаў уласнай легкадумнасьці наважыўся патапіць свае няўдалыя падабенствы, ён палічыў, як вядома, Ноя за адзіную фігуру, якой варта было ацалець. Пры гэтым ён зрабіў адну безразважнасьць і адну несправядлівасьць. Безразважнасьць — бо ён мог ужо нагэтулькі ведаць людзей, каб прадбачыць, што калі хоць адна чалавечая пара застанецца на зямлі, усё пачнецца зноў і за колькі гадоў вернуцца ўсе клопаты. Несправядлівасьць — бо раззлавалі яго толькі чалавечыя злачынствы, дык жа нашто было выгубляць усю жывёлу, якая ўсё ж не была вінаватая.

Але мы ня будзем удавацца ў гэтыя падрабязнасьці. Нас цікавіць нешта іншае. Нас цікавіць Ной.

Ной быў лісьліўцам бязь меры. Калі настаўнік, аб якім з пэўных крыніц вядома, што ён надзвычай гняўлівы, зайздросьлівы, помсьлівы і схільны да злосьці, кідае перуны на ўсю клясу і толькі аднаго вучня абсыпае пахваламі, можна бязь цяжкасьці здагадацца, якіх памераў сягала прыслужніцкая лісьлівасьць такога прывілеяванага гадунца. Але і Ной меў іскру сумленьня ў сэрцы. Дакуль таргі з Госпадам канчаліся толькі крыкам і пагрозамі, ён убіваўся ў яго ласку, дагаджаў яму і лісьлівіў. Але ўрэшце ён убачыў, што справа набывае небясьпечны абарот — гаворка ішла ўжо аб жыцьці чалавецтва. Ной доўга разважаў над сваёй сытуацыяй: з аднаго боку, элемэнтарная чалавечая салідарнасьць не дазваляла яму адрывацца ад сваіх братоў і сясьцёр, якім пагражала выгубленьне, і карыстацца апекай якраз таго тырана, які нішчыць усю радзіну і сяброў. «Сумленны чалавек, — гаварыў ён сабе, — у гэтай сытуацыі павінен пайсьці разам з засуджанымі на сьмерць і падзяліць іх лёс, замест таго каб прымаць ласку ў таго, хто іх перасьлядуе. Калі нават яны былі вінаватыя, было б непрыстойна кідаць іх усіх у няшчасьці і ратаваць сваю шкуру. Нягледзячы на ўсё, — думаў ён, — я больш чалавек, чымся Бог, і мяне абавязвае чалавечая салідарнасьць. Але з другога боку — я цяпер адзіны шанец адраджэньня чалавецтва». Бог выразна паказаў яму, што не плянуе пакінуць пасьля пагрому нікога, апрача яго і ягонай найбліжэйшай радзіны (за выключэньнем братоў і сясьцёр). «Калі я наважуся, — казаў сабе Ной, — на добраахвотную сьмерць у імя чалавечага братэрства, тым самым зьнішчыцца адзіная магчымасьць адраджэньня сьвету; а зь іншага боку, калі гэта не найлепей уладкаваны сьвет, то ці варта, каб ён існаваў». Вось дылема Ноя — учыніць зраду або выклікаць канец сьвету. Ніхто яшчэ не ставіўся перад такім жудасным выбарам; ніводны чалавек не трапляў у такую сытуацыю, калі лёс чалавецтва сапраўды залежыць ад яго рашэньня, пры тым, што ацаліць чалавецтва ён можа толькі сваім маральным зьнеслаўленьнем. «Праўда, — меркаваў Ной, — калі я наважуся ўрэшце на сьмерць для захаваньня перад самім сабой свайго гонару — ніхто празь мяне ня будзе больш пакутаваць, бо было б бессэнсоўна казаць, што я прынясу крыўду сваім неіснуючым нашчадкам таму, што яны так і ня зьявяцца, і ў 1749 годзе ад стварэньня сьвету (такая дакладная дата патопу) ці, інакш, у 2011 годзе да нараджэньня Хрыста было б наіўна меркаваць, што я раблю нешта кепскае толькі таму, што ў 1957 годзе пасьля нараджэньня Хрыста, гэта значыць праз 3968 год, ня будзе нікога, хто б мог апавесьці аб маім геройстве. Таму, відаць, найлепей будзе паводзіць сябе прыстойна і адначасна пакончыць раз і назаўсёды з гэтай блага прадуманай авантурай. Але з другога боку — я не магу пазбыцца думкі, што існаваньне сьвету зьяўляецца нечым вартым, мэтай, якая сама зь сябе вартая намаганьняў; я ня ў стане гэтага абгрунтаваць, і ніякія рацыянальныя аргумэнты не прыходзяць мне да галавы, аднак гэтае перакананьне нагэтулькі ўкарэненае ўва мне, што я ня ведаю, як адмовіцца ад яго».

Пасьля доўгіх ваганьняў Ной вырашыў, што возьме на сябе ганьбу татальнай зрады чалавецтву, калі толькі гэтым можна захаваць чалавецтва. У гэты час, пасьля доўгіх рэфлексіяў, ён быў ужо зусім іншым чалавекам. Ён пачаў саромецца былой лісьлівасьці і добра разумеў памылкі і пралікі таго жыцьця. Цяпер ён пачаў думаць шырэй: «Наколькі больш ахвотна я пагадзіўся б на ганьбу дзеля захаваньня сьвету, каб жа ня тое, што я захоўваю сьвет у сваёй уласнай асобе і атрымліваю карысьць ад свайго ўчынку. Бо ніхто ня дасьць мне веры, што я дзею зь іншых матываў, а не дзеля ратаваньня самога сябе — тым больш выходзячы з такой высокай грамадзкай думкі, якую я прышчапіў да сябе». Пазыцыя Ноя сапраўды была гераічнай — ён згадзіўся паглыбіць сваю ганьбу сьвядома. Калі ён паведаміў братом і знаёмым аб сваім рашэньні, усе адвярнуліся ад яго з пагардай і падумалі, што Ной папросту застаўся такім, якім яго ведалі, — непапраўным лісьліўцам. Нікому не прыйшло да галавы, наколькі драматычным было яго рашэньне. Ной з пакорай вытрымаў гэта. Але вырашыў, што за гэта адпомсьціць Тырану — узгадуе сваіх дзяцей такім чынам, што ўжо пасьля некалькіх пакаленьняў усе бунты і закалоты папярэдняй эпохі зблякнуць у аччу дэспата перад новымі падзеямі, нашчадкі Ноя будуць бандай свавольных і непапраўных бунтаўнікоў, заўзятых блюзьнераў і стануць вечнай дакукай Валадару. Так і здарылася, хаця Ной ужо гэтага ня бачыў.

Такім чынам, ён сеў у струг, зрадзіў сяброў, бацькаўшчыны і братоў. Мараль: варта часам па-прыслужніцку саступаць валадаром і зраджваць сваіх сяброў — але толькі тады, калі пэўна і ясна ведаем, што гэта адзіны спосаб захаваць усё чалавецтва. Дагэтуль Ной застаецца адзіным, хто ставаў перад такой дылемай.

<...>

8. Бог, або Адноснасьць міласэрнасьці



Гэтая гісторыя вельмі кароткая і нескладаная: яна зьмяшчае толькі аснову, пытаньне і мараль.

АСНОВА: Псалміст кажа пра Бога (Пс. 136,10.15), які паразіў Эгіпэт з усімі першароднымі: — бо на вякі міласэрнасьць яго.

І скінуў Фараона з войскам у Чырвонае Мора; — бо на вякі міласэрнасьць яго.

ПЫТАНЬНЕ: Што думаюць Эгіпэт і Фараон аб міласэрнасьці Бога?

МАРАЛЬ: Міласэрнасьць і дабрачыннасьць ня могуць быць для ўсіх. Ужываючы гэтыя словы, дадаем заўсёды: для каго? І калі мы робім дабрачыннасьць народам, запытаемся ў іх таксама, што яны думаюць на гэты конт. Напрыклад, народ Эгіпту?

Тэкст перакладзены паводле: Leszek Kołakowski. Bajki różne. Opowieści biblijne. Rozmowy z diabłem. Warszawa, Iskry, 1990.

23 кастрычніка 1927 г. — дзень народзінаў Лешака Калакоўскага, чальца Міжнароднага Інстытуту філязофіі Брытанскай Акадэміі, ганаровага чальца Амэрыканскай акадэміі Мастацтваў і Навук, сябры Баварскай акадэміі Мастацтваў. Сын Ежага Калакоўскага, публіцыста, дзеяча асьветы і каапэрацыі (загінуў у 1943 г.) і Люцыяны Петрусевіч, настаўніцы. Нарадзіўся ён у Радамі, дзе і правёў амаль усе свае школьныя гады. Але ў сувязі зь пераездам бацькоў школу давялося канчаць у Лодзі. Якраз з гэтага гораду ён і быў выселены разам з усёй сям’ёй нямецкімі акупацыйнымі ўладамі.

1945 г. — Лешак Калакоўскі вяртаецца ў Лодзь пасьля вызваленьня Польшчы ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і экстэрнам здае экзамэны на атэстат сталасьці. У гэтым жа годзе ён пачынае навучаньне філязофіі ўва ўнівэрсытэце Лодзі.