Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 36 из 112

Апазыцыйная група, якая прызнае плюралізм, не імкнецца да манаполіі. Палеміка зь іншымі групамі, безумоўна, дапушчальная і нават пажаданая, абсалютна дарэчнай зьяўляецца таксама палітычная барацьба за ўплывы. Імкненьне ж да поўнага зьнішчэньня праціўніка супярэчыць прынцыпам плюралізму, бо папросту яго ліквідуе. Таму недапушчальна пазбаўляць іншыя апазыцыйныя групы сродкаў інфармацыі, што ўва ўмовах апазыцыйнай дзейнасьці ёсьць справай істотнага значэньня, а таксама дыскрэдытаваць іх у вачах грамадзтва шляхам паклёпу і пісаць на іх даносы варожай ім уладзе.

Эміграцыя магла б вельмі памагчы аўтэнтычнай апазыцыі на Бацькаўшчыне, калі б падтрымлівала яе плюралістычную структуру, даўшы магчымасьць усім апазыцыйным групам выказацца на старонках эміграцыйных выданьняў[52].

а) Новы этап

У сярэдзіне 1976 году наступіў пералом у гісторыі польскай незалежніцкай апазыцыі. Ён палягаў у дзьвюх прынцыповых зьменах у спосабе яе дзейнасьці.

Па-першае, быў ліквідаваны падзел паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Пасьля рабочага бунту ў чэрвені 1976 г. рабочыя не засталіся самотнымі і безабароннымі перад брутальнай рэакцыяй уладаў і адчулі падтрымку і дапамогу з боку арганізаваных групаў інтэлігенцыі.

Па-другое, апазыцыйныя асяродкі зьмянілі характар. Дагэтуль яны ўзьнікалі спантанна, калі нарастала хваля апазыцыі, але распадаліся і чэзьлі, калі гэтая хваля ападала. Цяпер яны арганізаваліся як доўгатрывалыя асяродкі. Яны прынялі прынцып публічнасьці і дзейнасьці, якая не парушае канстытуцыі і дзеючага заканадаўства, і тым самым кінулі выклік беззаконьню, якое паўсюдна чыніцца ўладамі. Яны паставілі сабе дзьве непасрэдныя задачы: абарона правоў чалавека і грамадзяніна і разьвіцьцё палітычнай сьвядомасьці грамадзтва. Гэтай мэце служаць шматлікія непадцэнзурныя выданьні і лекцыі «Лётаючага ўнівэрсытэту» (Таварыства навуковых курсаў).

Ідэалягічнае аблічча гэтых апазыцыйных асяродкаў сфармавалася яшчэ не зусім. Падаецца, аднак, што ў ім зьмяшчаюцца наступныя элемэнты, супольныя ўсім асяродкам: імкненьне да незалежнасьці і дэмакратыі і, такім чынам, супрацьстаўленьне савецкай дамінацыі і саветызму як ладу, які пануе ў Польшчы, нэгатыўнае стаўленьне да партыі і такіх яе падразьдзяленьняў, як прафсаюзы і падкантрольныя моладзевыя арганізацыі, нявера ў зьмены і рэформы, ажыцьцяўляныя ў межах ладу, разьлік на палітычныя зьмены, якія будуць паступова падрываць і аслабляць лад, стрыманасьць да раптоўных дэманстрацый і выступаў, зразуменьне таго, што яшчэ не прыйшла адпаведная для гэтага часіна, а таксама стаўка на абуджэньне палітычнай сьвядомасьці ў самых шырокіх колах інтэлігентаў і рабочых. Таму не падлягае сумневу, што ў Польшчы нарэшце ўзьнік апазыцыйны рух, які імкнецца да дэмакратыі і незалежнасьці.

Гэта велізарная зьмена да лепшага для ўнутранай сытуацыі ў краіне. Яна адбылася зь зьдзіўляльнай хуткасьцю[53]. Яе ўмагчыміў перадусім прагрэс у палітычнай сьвядомасьці грамадзтва, гэта значыць, усё больш шырокае разуменьне таго, што адзіным шляхам здабыцьця чаго-небудзь ад уладаў ёсьць нязломнае сьцьвярджэньне сваіх правоў, пазыцыя салідарнасьці перад варожай людзям уладай і пераадоленьне страху. Такім чынам, дагэтуль маўклівая апазыцыя пачала набываць актыўную пазыцыю. У дадзены момант, аднак, яшчэ адносна малая частка звычайных людзей прыняла гэтую пазыцыю. Але маса дагэтуль маўклівых апазыцыянэраў агромністая. Таму актыўная апазыцыя мае вельмі шырокую базу ў грамадзтве.

Таксама і палітыка ўладаў цяпер іншая, чымся ў мінулым. У дачыненьні да ўдзельнікаў чэрвеньскіх падзеяў былі, праўда, ужытыя постфактум брутальныя рэпрэсіі, але рэакцыю ўладаў на самыя падзеі і іх палітыку да ўзьнікаючай апазыцыі можна назваць хутчэй стрыманымі. Прычынай гэтага ёсьць слабасьць і няпэўнасьць улады, якія паходзяць ад страху перад магчымасьцю сапраўды масавага руху. Гаворка ідзе аб палітычнай слабасьці ўлады, бо тэхнічных сродкаў у яе досыць.

Гэта, аднак, зусім не азначае, што ўлада адмовілася ад барацьбы з апазыцыяй. Варта хутчэй меркаваць, што побач з дагэтуль ужыванымі паліцэйскімі рэпрэсіямі яна намерана ўжываць сродкі палітычнай барацьбы.

б) Тры перашкоды на шляху незалежніцкай апазыцыі

Незалежніцкая апазыцыя, якая так стыхійна разьвілася ў 1976/1977 гг., павінна лічыцца зь перашкодамі, якія яна абавязкова напаткае на сваім шляху. Ад іх пераадоленьня залежыць яе будучыня.

Першай зь іх ёсьць пасіўнасьць грамадзтва і яго ляяльнасьць да ўлады. Вышэй я абмаляваў (разьдзел 4) падзел грамадзтва паводле палітычнай пазыцыі, які ў Польшчы сфармаваў сталінізм. Сярод гэтых групаў «апаратчыкі» і «актывісты» існуюць і надалей у амаль нязьменным выглядзе і колькасьці. Тым ня менш, зьмены адбыліся ў групе «добранадзейных» і «маўклівай» апазыцыі. А менавіта, павялічылася колькасьць «добранадзейных», г.зн. тых, хто дазваньня падпарадкоўваецца рэжыму і не праяўляе схільнасьці да якой-колечы апазыцыі. Гэта не зьяўляецца вынікам павелічэньня націску ўлады. У параўнаньні з пэрыядам сталінізму націск істотна зьменшыўся. Гэта хутчэй натуральны вынік некалькіх дзесяцігодзьдзяў, якія не прынесьлі прынцыповых зьменаў у пануючай у Польшчы сыстэме і шматкроць пакладалі канец усім надзеям. Пакаленьне, якое брала ўдзел у барацьбе за незалежнасьць, састарылася, і частка яго ўжо не жыве. Польская інтэлігенцыя, якая была носьбітам нацыянальнай традыцыі, ужо ня тая, якой была[54]. У выніку многія з тых, каго напрыканцы сталінізму можна было залічыць да маўклівай апазыцыі, зьмянілі сваю пазыцыю. Уладкаваліся неяк у рамках існуючага ладу, дбалі толькі пра свае інтарэсы і цяпер для польскай справы страчаны. Цяжка сказаць, які цяпер абсяг гэтага працэсу разлажэньня, але ён безумоўна адбываецца. Ён абумоўлены ўмовамі, у якіх змушаны жыць палякі, а не рэалізацыяй нейкай палітычнай канцэпцыі. Ён, аднак, знаходзіць апірышча ў дактрыне, якая ўважае абарону «субстанцыі» або фізычнага існаваньня нацыі за найважнейшую справу[55]. Абарона «субстанцыі», на жаль, прыводзіць простай дарогай да замірэньня з пануючым у Польшчы рэжымам. Таму яна супадае з інтарэсамі партыі і падрывае шанцы разьвіцьця любой апазыцыі. Апазыцыйныя дзеячы павінны ўсьведамляць гэтую небясьпеку і энэргічна ёй супрацьдзейнічаць.

Але працэс ператварэньня групы «маўклівай апазыцыі» набыў таксама і іншую якасьць. Калі з аднаго боку яна разлажылася і павялічыла колькасьць «добранадзейных», то з другога яна ўзмацнілася і кансалідавалася, ператвараючыся ў яўную і актыўную апазыцыю. Можна спадзявацца, што якраз гэты працэс будзе набываць размах.



* * *

Другая перашкода, якая можа напаткаць аўтэнтычную апазыцыю ў будучыні, ёсьць зьмена палітычнага клімату і надыход палітычных замаразкаў, вяртаньне да палітычных рэпрэсій да апазыцыі. На жаль, трэба лічыцца з тым, што такая фаза савецкай палітыкі раней ці пазьней можа наступіць. Шэрагі апазыцыі тады парадзеюць, а яе цэнтры будуць змушаныя прыстасавацца да іншых умоваў. Можна, аднак, меркаваць, што гэтым разам нават жорсткія рэпрэсіі ня здолеюць цалкам зьнішчыць апазыцыю, а, як гэта ўжо бывала ў нашай гісторыі, выклічуць тым самым большую рашучасьць і пастанову ажыцьцяўляць цалкам кансьпірацыйную дзейнасьць. Да гэтага апазыцыя мусіць быць падрыхтавана.

* * *

І, урэшце, трэцяй перашкодай, якая можа дэзарыентаваць незалежніцкую апазыцыю, ёсьць яе падначаленьне фракцыйнай апазыцыі і пазбаўленьне яе антысавецкага і незалежніцкага зьместу.

Кожны выбух аўтэнтычнай апазыцыі дагэтуль якраз такім парадкам прыўлашчваўся і запыняўся нейкай партыйнай фракцыяй. Гэтым разам зрабіць такое будзе цяжэй, таму што апазыцыя больш скансалідаваная і мае, як ніколі раней, шырокую падтрымку ў грамадзтве. Не падлягае, аднак, сумневу, што падпарадкаваньне аўтэнтычнай апазыцыі зьяўляецца для партыі прынцыповай справай. Баючыся ў дадзены момант выкарыстоўваць брутальныя рэпрэсіі і беручы пад увагу міжнародную сытуацыю, у якой Савецкі Саюз без энтузіязму паставіўся б да авантуры ў Польшчы, партыя намагаецца падначаліць і разлажыць незалежніцкую апазыцыю знутры.

52

Такую пазыцыю вельмі рашуча сфармулявала рэдакцыя «Kultury» («O pomoc dla opozycji w Kraju», Kultura, № 11 (362), listopad 1977, str.55–56). Цяпер мы чакаем, каб іншыя выданьні пайшлі за гэтым часопісам.

53

Пра тое, што існуюць умовы для ўзьнікненьня апазыцыі, я пісаў у нарысе «Адзіны шлях» (Kultura, № 3 (294), marzec 1972, перадрук у O myśl polityczną, Londyn, 1976). Я таксама сьцьвярджаў, што трэба чакаць хуткага разьвіцьця апазыцыі ў Польшчы.

54

Пар. уступ да зборніку маіх артыкулаў «O myśl polityczną», Londyn, 1976.

55

Дактрына гэтая, маючы сваю крыніцу ў антыпаўстанскай ідэалёгіі нацыянальных дэмакратаў, здабыла цяпер досыць шмат прыхільнікаў у розных галінах грамадзкай думкі.