Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 34 из 112

Поўная гарантыя ад савецкай інтэрвэнцыі магчыма толькі ў сытуацыі, якая была б для Польшчы найгоршай, а менавіта, калі б польскі народ адмовіўся ад сваіх незалежніцкіх памкненьняў, калі б у ім вычарпалася палітычная думка і згніла маральнасьць. Адным словам, калі б палякі замірыліся зь няволяй. Тады пэўна ўзброеная інтэрвэнцыя нам ня будзе пагражаць. Таму трэба прызнаць, што стан пагрозы ў выглядзе савецкай інтэрвэнцыі ёсьць нармальным станам, у якім у цяперашніх варунках дадзена жыць палякам. Якраз гэтая пагроза сьведчыць, што мы яшчэ жывем.

Але адкуль бярэцца гэтая заўзятасьць з боку ПАРП бараніць нас ад савецкай інтэрвэнцыі? На гэтае пытаньне лёгка знайсьці адказ. Саветам не патрабуецца інтэрвэнцыя тады, калі іх стаўленікі ў Польшчы належна выконваюць свае заданьні, г.зн. калі патрапляюць трымаць палякаў у стане ляяльнасьці. Найлепш гэтыя заданьні выконвалі Берут, Бэрман і Мінц, эфэктыўна тэрарызуючы палякаў у пэрыяд сталінізму. Тады інтэрвэнцыя пэўна не была патрэбная. Не была таксама патрэбная інтэрвэнцыя ў кастрычніку 1956 г., калі Гамулка прысягнуў саветам, што бязь іх дапамогі верне спакой у Польшчы. Крывавыя рэпрэсіі на ўзьбярэжжы ў 1970 годзе таксама паказалі саветам, што інтэрвэнцыі не патрабуецца.

Саветы наважацца на інтэрвэнцыю тады, калі іх стаўленікі ў Польшчы ня змогуць даць сабе рады з палякамі. Таму інтэрвэнцыя — гэта перадусім дыскваліфікацыя кіраўнічай эліты ў Польшчы і нясе для яе прысуд палітычнай сьмерці. Калі прадстаўнікі рэжыму гавораць (зазвычай шэптам) аб пагрозе савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчы, то насамрэч маюць наўвеце пагрозу для сваіх уласных пасадаў.

Гэты страх перад савецкай інтэрвэнцыяй можна выкарыстоўваць на карысьць грамадзтва і незалежніцкай апазыцыі. І фактычна гэта нядаўна зрабілі ўжо рабочыя «Урсусу».

Можна прыняць за пэўную рэч, што саветы вельмі ня любяць, калі ім разьбіраюць рэйкі, асабліва ў кірунку да Лабы. Таму акцыя рабочых «Урсусу» была выразна антысавецкай. І якраз таму мела такі посьпех[48]. Ярашэвіч зразумеў, што калі ён ня вырашыць пытаньня, то цягам наступных 24 гадзін інтэрвэнцыя можа зьдзьмуць яго з прэм’ерскага крэсла і закончыць яго палітычную кар’еру. З гэтай самай прычыны кіраўніцтва партыі было таксама ў вялікім страху. Павышэньне цэнаў было адкладзена да наступнага дня.

Аказваецца, што пагроза савецкай інтэрвэнцыі можа схіляць уладу да саступак грамадзтву. Гэта вынікае з таго, што інтэрвэнцыя пагражае кіраўніцтву партыі значна больш, чымся звычайным людзям. Партыя зацікаўлена як найхутчэй вярнуць спакой. Прычына, дзеля якой партыя ў 1976 годзе наважылася вярнуць спакой шляхам саступак замест таго, каб застрэліць некалькі сотняў рабочых, як гэта зрабіў Гамулка ў 1970 г., ёсьць вынікам зьмены ўнутранай сытуацыі ў Польшчы. А менавіта, што паміж 1970 і 1976 гг. палітычная сьвядомасьць зрабіла ў Польшчы вялікі поступ, а салідарнасьць рабочых вельмі ўзрасла. Дзеля гэта партыя мае апраўданыя перасьцярогі, што крывавыя рэпрэсіі могуць прывесьці да расшырэньня бунту, які ня ўдасца спыніць унутранымі сродкамі.

Можна, відаць, разьлічваць на тое, што сытуацыя будзе разьвівацца ў гэткім кірунку, гэта значыць, што ўлада будзе ўсё больш баяцца тарнаваць брутальныя рэпрэсіі. З часам і саветы могуць прыйсьці да думкі, што інтэрвэнцыя можа прынесьці ім больш шкоды, чымся карысьці. Надыходу такой сытуацыі трэба яшчэ чакаць. Узьнікнуць яна можа як вынік шматлікіх фактараў, зь якіх найважнейшым будзе, з аднаго боку, нязломная пазыцыя ўсяго грамадзтва, а, з другога, адносная слабасьць СССР з унутраных ці міжнародных прыклёпаў.

Такім чынам, існуе два зусім адрозныя паміж сабой спосабы ўнікнуць савецкай інтэрвэнцыі: або шляхам прыніжальнай ляяльнасьці да саветаў і іх польскіх стаўленікаў, або пры дамапозе такой пазыцыі ўсёй нацыі, якая прывядзе да таго, што саветы палічаць інтэрвэнцыю надта рызыкоўнай. Няма патрэбы дыскутаваць, які зь іх нам трэба выбраць.

б) Фінляндызацыя

Тэрмін «фінляндызацыя» час ад часу ўсплывае ў дыскусіях на тэму будучыні Польшчы. Часам нават гаворыцца, што добра было б, каб жа Польшча была фінляндызавана[49]. Канцэпцыі гэткага роду вынікаюць з абсалютна памылковага ўяўленьня, у чым гэтая фінляндызацыя палягае.

Фінляндызацыя ёсьць працэсам далейшага ўмацаваньня залежнасьці краінаў Заходняй Эўропы ад Савецкага Саюзу. Яна зьдзяйсьняецца такім чынам, што саветы аказваюць на гэтыя краіны эканамічны і палітычны ўціск, як дыпляматычным шляхам, так і ўскосна празь мясцовыя камуністычныя партыі і іншыя падкантрольныя камуністам асяродкі. Паступова прэса перастае пісаць усю праўду аб Савецкім Саюзе, радыё і тэлевізія выключаюць праграмы, якія могуць быць нямілымі саветам, палітычныя ўцекачы з-за «жалезнай заслоны» прымаюцца неахвотна, і ў любым выпадку ім усё цяжэй атрымаць голас, антысавецкія выказваньні ў парлямэнцкіх дэбатах становяцца ўсё больш рэдкімі і, што найважнейшае, палітыкі, вядомыя сваімі антысавецкімі выказваньнямі, страчваюць шанцы на атрыманьне ўплывовых пасадаў. Замежная палітыка дзяржавы становіцца надзвычай талерантнай да камуністычнай інфільтрацыі.

Адным словам, гэты працэс прыводзіць да палітычнай сытуацыі, у якой шэраг гадоў знаходзіцца Фінляндыя. Гэта сытуацыя незалежнай дзяржавы, але не зусім. Абмежаваньне яе незалежнасьці палягае на нібыта добраахвотнай, стала практыкаванай ляяльнасьці перад савецкімі націскамі.

Можна было б зьдзіўляцца, што такі працэс адмаўленьня ад сваёй незалежнасьці ўвогуле магчымы. На жаль, яго праявы мы бачым у шмат якіх краінах. Яму спрыяюць фальшывая інфармацыя аб Савецкім Саюзе, індыфэрэнтнасьць у палітычных і грамадзкіх справах, адсутнасьць укарэненасьці дэмакратычных установаў, часам таксама аргумэнтацыя вялікіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у гандлі з СССР, і заўсёды страх перад насьледкамі супрацьстаўленьня яго ціску. Праведзеная да канца фінляндызацыя азначала б распаўсюджаньне статусу паў-сатэлітаў на ўсе незалежныя дзяржавы Эўропы без патрэбы якой-колечы ваеннай інтэрвэнцыі з боку Савецкага Саюзу.



Хаця статус паў-сатэліта зьяўляецца прыніжальным для незалежнай дзяржавы, аднак пэрспэктыва зьмены статусу Польшчы са звычайнага сатэліту на фінскі статус, паў-сатэліцкі, можа падавацца прыцягальнай. На жаль, невядома, як гэтага дасягнуць. Працэс фінляндызацыі пасоўваецца толькі ў адзін бок: а менавіта, гэта працэс абмежаваньня незалежнасьці на карысьць залежнасьці ад саветаў. Ціск саветаў і схільнасьць да падпарадкаваньня гэтаму ціску — вось сілы, якія пасоўваюць гэты працэс наперад. Гэтыя сілы, ужытыя да Польшчы, не прывялі б да фінляндызацыі, але толькі да яшчэ большай залежнасьці Польшчы ад саветаў. Фінляндызацыя як мэта польскай палітыкі ёсьць звычайнай ілюзіяй.

Мы, безумоўна, спадзяемся, што Савецкі Саюз некалі аслабне да такой ступені, што ня будзе здольны ўтрымліваць сваіх сатэлітаў у паслушэнстве. Але тады мы будзем дамагацца незалежнасьці, а не фінляндзкага статусу.

в) Эўракамунізм

Часам даводзіцца чуць, што канцэпцыі эўракамунізму могуць мець нейкае значэньне для сёньняшняй палітыкі ў польскай справе[50]. Але дыскусія на гэтую тэму, як правіла, пакідае шмат няяснасьцяў.

Эўракамунізм — гэта тактыка камуністычных партый на Захадзе Эўропы здабыцьця ўлады легальным шляхам у рамках парлямэнтарных сыстэмаў. Гэтая тактыка патрабуе адмовіцца ад канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту і пераканаць грамадзкую думку, што камуністычная партыя ня ёсьць агентурай Савецкага Саюзу. Без спаўненьня гэтых дзьвюх умоваў камуністычныя партыі ня маюць шанцаў прыйсьці да ўлады легальным шляхам. Гэтым тлумачацца памкненьні камуністаў здабыць новае аблічча ў грамадзкай думцы на Захадзе. Як эўракамуністы будуць паводзіць сябе пасьля прыходу да ўлады ў якой-небудзь краіне Заходняй Эўропы, гэтага мы дакладна ня ведаем, але прагнозы, што яны акажуцца дасканалымі дэмакратамі, здаюцца троху наіўнымі. Гэта, зрэшты, не адносіцца да нашай тэмы, бо мы не займаемся тут Заходняй Эўропай.

48

Рабочыя «Урсусу» выявілі надзвычайную інтуіцыю ў выбары сродкаў для дасягненьня сваіх мэтаў. І калі ў іх быў дарадчык, то быў ім чалавек, які дасканала разумее мэханізм дзеяньня ўлады ў Польшчы і СССР.

49

Прапановы фінляндызацыі Польшчы былі высунутыя Я. Куранем у інтэрвію для газэты «Le Monde» 29.1.1977, с. 2 (перадрук у «Dissent in Poland», London, 1977, P. 174–175), а таксама на прэс-канфэрэнцыі ад 9.12.1976 В.Бруса, Л.Калакоўскага і А.Міхніка (справаздача з канфэрэнцыі ў «Tygodniu Polskim» ад 18.12.1976, с.12).

50

Гл. G. Herling-Grudziński i A. Michnik: «Dwugłos o Eurokomunizmie», Kultura, № 4 (355), kwiecieс 1977, дзе прадстаўлены розныя пункты гледжаньня на гэтую тэму. Таксама інтэрвію А. Міхніка для L’Espresso, прыведзенае ў Orzeł Biały — Na Antenie, № 149, styczeс 1977, str. 26, а таксама «Eurokomunizm i Europa Wschodnia» (зацемка аб артыкуле Г. Гэрлінга-Грудзіньскага ў Il Giornale 25.2.1978), Kultura, № 4 (367), kwiecień 1978, str. 70–73.