Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 33 из 112

Тым ня менш, акцыя ў справе канстытуцыі была важнай і патрэбнай. Яна была пэўным выклікам рэжыму, сьцьвярджэньнем, маўляў грамадзтва ўсьведамляе, што кіруецца насуперак сваёй волі партыяй і што Польшча паддадзена савецкай дамінацыі, аб чым рэжым хоча нават унесьці запіс у канстытуцыю. У гэтым выкрывальніцкім сэнсе акцыя была вялікім посьпехам. Таксама характэрна, што ўлада ня ўжыла сур’ёзных рэпрэсій да арганізатараў акцыі.

з) Актыўная апазыцыя ў 1956–1976 гадох

Актыўная апазыцыя, абуджаная ў 1956 г., так ужо і не замірала цалкам. Яна разьвівалася трыма на першы погляд незалежнымі адзін ад аднаго шляхамі.

Першы — гэта спантанныя акцыі, актыўныя выступы супраць палітыкі рэжыму. Такія выступы ўлада душыла, ужываючы сілу, коштам крывавых ахвяраў.

Другі — гэта стварэньне групаў з апазыцыйным сьветапоглядам. У выпадку іх выкрыцьця над іхнымі ўдзельнікамі праводзіліся працэсы, на якіх іх прысуджалі да турмы.

Трэці — гэта пратэсты і пэтыцыі. Улада рэагавала на іх пераважна цкаваньнем іх удзельнікаў.

Слабасьцю ўсіх трох апазыцыйных практык была іхная кароткатрываласьць. Некаторыя выступы доўжыліся ўсяго некалькі дзён. Нават апазыцыйныя групы, здаецца, не існавалі больш, як некалькі месяцаў. Пратэсты і пэтыцыі па сваёй прыродзе былі аднаразовымі акцыямі.

Другой слабасьцю была адсутнасьць узаемадзеяньня паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Падставы выступаў рабочых і інтэлігенцыі былі рознымі, яны адбываліся ў розны час і не карысталіся ўзаемнай падтрымкай.

Пераадоленьне гэтых дзьвюх слабасьцяў адбылося толькі на наступным этапе апазыцыйнага руху, які распачаўся ў другой палове 1976 году.

а) Царква як апірышча маральных традыцый і вартасьцяў

Разглядаючы пытаньне аўтэнтычнай апазыцыі, не выпадае абмінаць ролі Царквы, якая займае ў Польшчы надзвычай адмысловую пазыцыю. Дарма што Царква не праводзіць палітычнай дзейнасьці, самім сваім існаваньнем яна стала заслонам для варожай Польшчы дзейнасьці партыі і саветаў. У пэрыяд сталінізму, пасьля зьнішчэньня ўсіх традыцыйных польскіх інстытутаў, пасьля абясшкоджаньня людзей, якія былі носьбітамі нацыянальнай культуры, Царква заставалася адзіным інстытутам, непарыўна зьвязаным з гісторыяй нацыі, які ацалеў у нязьменнай форме. Нягледзячы на тэрор і ўціск, Царква не падпарадкавалася ўладзе і тым самым стала сымбалем незьнішчальнасьці нацыянальнай традыцыі і ўвасабленьнем надзеі на лепшую будучыню.

Калі сталінізм мінуўся і прымас Польшчы вярнуўся з «ізаляцыі», пазыцыя Царквы яшчэ больш узмацнілася. Перасьлед, зьвязаны зь сьвяткаваньнем тысячагодзьдзя і цкаваньне па справе ліста Польскага Епіскапату нямецкім біскупам ізноў павысіла аўтарытэт Царквы і прымаса ў грамадзтве, бо яны паказалі, што ў Польшчы ёсьць сіла, якая ня слухаецца загадаў партыі[44]. Гэта, безумоўна, мае палітычнае значэньне, але не азначае, што Царква можа замяніць палітычную апазыцыю. Царква зьяўляецца абаронцай сыстэмы маральных вартасьяў, якія блізкія ідэалёгіі дэмакратычнай і незалежніцкай апазыцыі. Яна ёсьць апірышчам маральнасьці і ўзорам вернасьці прынцыпам. Яна, аднак, не праводзіць і ня можа праводзіць палітычнай дзейнасьці, бо ў яе сутнасьці не закладзена імкненьне да здабыцьця і ажыцьцяўленьня ўлады. І таму Царква не зьяўляецца апазыцыяй, але, зь іншага боку, нельга сьцьвярджаць, што яна супрацоўнічае з рэжымам або што «падтрымлівае Герэка»[45]. Царква дзейнічае ў Польшчы, і таму ў шматлікіх пытаньнях, безумоўна, яна залежная ад уладаў (пабудова цэркваў і г.д.). Такім чынам, яна мусіць мець з уладамі дачыненьні. Яна ў большай ці меншай ступені цкуецца ўладамі, у залежнасьці ад розных фазаў, празь якія праходзіць палітыка партыі, і ў залежнасьці ад акалічнасьцяў чыніць гэтаму цкаваньню большы ці меншы супраціў. Безумоўна, ня можа быць і гаворкі аб супадзеньні сыстэмы вартасьцяў паміж Царквой і партыяй. Ува ўсіх важных справах яны цалкам супрацьлежныя[46] і не пакідаюць поля для кампрамісу. Пад кіраўніцтвам кардынала Вышыньскага Царква не пайшла на ніводны капмпраміс у прынцыповых пытаньнях.

б) Роля каталіцкіх дзеячаў

Палітыку сьвецкіх каталіцкіх дзеячаў трэба разглядаць асобна ад палітыкі Царквы. Каталіцкая прэса, і перадусім «Tygodnik Powszechny» мае, бясспрэчна, вялікія заслугі ў тым, што на працягу многіх гадоў абвяшчала пагляды, незалежныя ад партыі. Цяжка, аднак, выказаць словы прызнаньня да розных каталіцкіх груповак, што бяруць удзел у палітычным жыцьці ПНР. Усё пачалося ад Pax’у*, які яўна супрацоўнічаў з партыяй у барацьбе з уплывамі Царквы. Гісторыя іншых групаў таксама вартая жалю. Яна прывяла да сэрыі расколаў, якія кожныя некалькі гадоў выносяць на паверхню новыя групы, усё больш згодніцкія ў дачыненьні да партыі. Усе дасягненьні каталіцкіх групаў у Сойме за пэрыяд у дваццаць гадоў — гэта пара някепскіх прамоваў, перадусім у 1968 годзе, некалькі рэзалюцый па добрых справах, але вельмі асьцярожных, і адзін голас, які ўстрымаўся, у галасаваньні над папраўкамі да Канстытуцыі.

Гэта можна тлумачыць ня толькі падатлівасьцю каталіцкіх дзеячаў на ўплывы асяродкаў улады, але і абмыльнай палітычнай канцэпцыяй. Як здаецца, яны разьлічваюць на тое, што паслухмянасьцю і гатовасьцю да кампрамісу здолеюць нечага дасягнуць. Але такая палітыка прыводзіць да страты аўтарытэту ў грамадзтве, а на партыю ня робіць ніякага ўражаньня. Гэтыя дзеячы атрыманьне некалькіх мандатаў у Сойме ўважаюць за посьпех, але адразу пасьля іх атрыманьня высільваюцца ў саступлівасьці, каб гэтых мандатаў ня страціць. Менш «гнуткія», безумоўна, не вытрымліваюць гэтага спаборніцтва і выключаюцца з Сойму. Гэта прывяло да таго, што цяпер у Сойме няма ніводнай каталіцкай групы, якая б была хоць вонкава незалежнай.



У выніку дзейнасьць каталіцкіх групаў, якія ў рознай ступені калябарацуюць з рэжымам, служыць толькі маскаваньню таталітарнай сутнасьці ўлады ў Польшчы і стварэньню бачнасьці яе ўяўнага лібэралізму і талеранцыі спэцыяльна для наіўных чужаземцаў. Яе ніяк нельга залічаць да аўтэнтычнай апазыцыі. Нават тады, калі калябарацыя не датычыць нейкай партыйнай фракцыі, якая стаіць пры ўладзе[47].

Найважнейшая рэч у тым, што манэўры каталіцкіх дзеячаў ня йдуць на карысьць Царкве. Нават калі яны не скіраваны непасрэдна супраць касьцёлу, як дзейнасьць Pax’у, яны шкодзяць яму ўскосна, ужываючы назву «каталіцызм» для прыхоўваньня дзейнасьці, што выклікае сур’ёзныя засьцярогі. На шчасьце, здаецца, што людзі ў Польшчы добра ўжо навучыліся адрозьніваць Царкву і прымасу ад розных каталіцкіх палітыкаў.

Існуе некалькі пытаньняў, зьвязаных зь дзейнасьцю апазыцыі, і адносна якіх дагэтуль яшчэ існуе шмат непаразуменьняў. Іх варта тут коратка абмеркаваць і растлумачыць.

а) Савецкая інтэрвэнцыя

У розных дыскусіях, што датычаць сытуацыі ў Польшчы, часта чуюцца асьцярогі перад узброенай савецкай інтэрвэнцыяй. Гэтая інтэрвэнцыя ўяўляецца нечым найгоршым, што можа нас спаткаць. І адначасна розныя партыйныя фракцыі даюць нам зразумець, што толькі яны змогуць зьберагчы нас ад гэткай інтэрвэнцыі. У гэтых аргумэнтах шмат міталёгіі, а часта і жаданьня зацямніць сытуацыю.

Перадусім трэба сьцьвердзіць, што савецкая інтэрвэнцыя ў польскія справы адбылася ў 1944–45 гады і яе насьледкі ва ўсёй паўнаце адчувальныя і дагэтуль. Ніводная новая інтэрвэнцыя нічога ня зьменіць у гэтай прыкрай сытуацыі. Доказам на карысьць гэтага будзе параўнаньне сытуацыі краін, у якіх паўторная ўзброеная інтэрвэнцыя адбылася (ГДР, Вугоршчына і Чэхаславаччына), і тых, дзе гэткай інтэрвэнцыі не было (Польшча, Румынія, Баўгарыя). Паміж палажэньнем у гэтых дзьвюх групах не відаць выразнай розьніцы.

44

Цікава, як часта роля Царквы і прымаса Польшчы разумеецца кепска нават яе прыхільнікамі. Падаю ніжэй тыповы прыклад гэткага канфузу. Маючы на ўвазе кастрычнік 1956 г., сп. Марыя Віноўска піша: «....Найвышэйшыя партыйныя дзеячы заклікалі прымаса Польшчы, каб ён выратаваў Польшчу ад лёсу Вугоршчыны (Kultura, № 5 (356), 1977, str. 15–16). Пры гэтым агульнавядома, што саветы ня ўжылі сілы таму, што Гамулка запэўніў Хрушчова, што зможа ўтрымаць палякаў у ляяльнасьці без савецкай інтэрвэнцыі. Хрушчоў Гамулку паверыў, а Гамулка гэтае абавязаньне выканаў. Пры гэтым міжпартыйным паразуменьні, якое мела на мэце ўзмацненьне савецкай дамінацыі ў Польшчы, дапамога кардынала не была Гамулку патрэбная. І, безумоўна, кардынал ніколі б не прыклаў рукі да такой ганебнай зьдзелкі. Гамулка вызваліў кардынала з-пад арышту, таму што лічыў, што гэткі захад распружыць антыпартыйныя настроі ў краіне. Таму сваім вызваленьнем кардынал быў абавязаны прызнаньню, якім ён карыстаўся ў грамадзтве, а не гатоўнасьці выконваць заданьні партыі. Ён ніколі не прыслухоўваўся да «закліку найвышэйшых партыйных уладаў» і, безумоўна, ня будзе гэтага рабіць і надалей. Бо кожны ведае, што гэтыя ўлады гавораць голасам нашых савецкіх акупантаў. Наколькі я ведаю, ляяльнасьць сп.Віноўскай да кардынала не падлягае найменшаму сумневу, але якраз таму гэты прыклад выдатна паказвае, да чаго вядуць памылкі ў палітычным мысьленьні.

45

Такія фармулёўкі апошнім часам досыць часта можна пачуць на эміграцыі: напрыклад, Е.Хілецкі: «Wyszyński, Gierek i co dalej?», Tydzień Polski, № 48 z dn. 3.12.1977, str. 1, i Каталік з ПНР: «Gierek, Prymas, Papież», Tydzień Polski, № 50 z 17.12.1977, str. 5.

46

Безумоўна, у разьлік не бяруцца маргінальныя справы, такія, напрыклад, што Царква і дзяржава асуджаюць бандытызм. Але і гэта не азначае, што Царква будзе супрацоўнічаць зь дзяржавай у полі барацьбы з бандытызмам.

47

Любая форма саступкі ў сьветапоглядных пытаньнях можа толькі прынесьці шкоду каталіцкім групам. Ідэалёгія марксізму-ленінізму збанкрутавала цалкам, і няма нічога дзіўнага, што яе ранейшыя прыхільнікі гатовыя шукаць ратунку ў любым кампрамісе. Каталікі, аднак, ня маюць падставы для саступак, паколькі маральная пазыцыя Царквы ніколі не была ў Польшчы мацнейшай. Апрача гэтага, гэтымі саступкамі яны нічога не атрымаюць. Заігрываньні з камуністамі толькі кампрамэтуюць іх у вачах грамадзтва.