Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 32 из 112

в) Сакавік 1968

Новыя пэрыяд адкрываюць сакавіцкія падзеі 1968 г. Аб іх напісана вельмі шмат[36], і таму няма патрэбы яшчэ раз спыняцца на гэтым. Усё пачалося з акцыі супраць палітыкі партыі ў справе цэнзуры, але сапраўдным праціўнікам была фракцыя партызанаў, якая ў гэты час цалкам падначаліла сабе службу бясьпекі і ўплыў якой у партыі шпарка рос.

Падзеі, якія распачаліся, выйшлі з-пад кантролю іхных ініцыятараў. Рух студэнцкіх пратэстаў і страйкаў пашырыўся на ўсю Польшчу і набыў характар аўтэнтычнай апазыцыі, скіраванай супраць партыі і ладу. Нягледзячы на запярэчаньні і спробы зьмякчыць яго лёзунгі ў страху перад рэпрэсіямі, гэткі характар руху не падлягае сумлеву. Такі факт мае вялікае значэньне, бо пачынаючы з гэтага моманту дынаміка аўтэнтычнай апазыцыі ўжо заўсёды будзе выходзіць за вузкапартыйныя мэты фракцыйных ініцыятараў і пераймаць кіраўніцтва распачатай імі акцыі. Гэта вартая самай пільнай увагі заканамернасьць польскага палітычнага жыцьця. На жаль, гэта не азначае, што аўтэнтычная апазыцыя дасягнула ў сакавіцкіх падзеях 1968 г. нейкіх сапраўдных посьпехаў. Яе найбольшым дасягненьнем было тое, што рух пратэсту ахапіў усю Польшчу і патрапіў сфармуляваць пэўныя супольныя антыпартыйныя прынцыпы («няма хлеба без свабоды», «прэса маніць» і г.д.). Ён выступіў пэўным этапам на шляху фармаваньня палітычных падставаў у Польшчы. Не было, аднак, перадумоваў, каб гэтыя спантанныя парываньні ператварыліся ў пасьлядоўную і доўгатрывалую апазыцыю да рэжыму. Не было ні палітычных канцэпцый, ні кіраўнікоў, якія б маглі прывесьці да гэтага. Студэнцкі рух заняпаў, і разгарэлася студэнцкая барацьба.

На гэты раз нетыповым чынам ініцыятыву ўзяла ў свае рукі фракцыя, што была пры ўладзе. Адбіўшы атаку, яна рашуча выступіла супраць апазыцыйнай фракцыі. Здавалася, што яна раз і назаўсёды пастанавіла зьнішчыць праціўніка. У партыі пачаліся чысткі ў такім маштабе, якога ПАРП раней ня ведала. Брутальныя рэпрэсіі, якія ў мінулым ужываліся толькі да звычайных людзей, першы раз былі з такой сілай ужытыя ўва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Тыя, хто практыкаваў гэтыя подлыя мэтады зьнішчэньня праціўнікаў пры сталінізьме, пераканаліся, што маюць цямлівых вучняў. Маладое пакаленьне выпускнікоў партыйных школаў ужыла гэтыя мэтады да сваіх настаўнікаў.

Вельмі хутка выявіўся і ганебны бок усёй гэтай апэрацыі. Аказалася, што лёзунгам гэтай барацьбы ўнутры партыі стаў т.зв. антысіянізм, які зьяўляецца ня чым іншым, як звычайным антысэмітызмам, што па сутнасьці партыя была заклапочана не ачышчэньнем ад сталіністаў, а пазбаўленьнем пасадаў людзей жыдоўскага паходжаньня.

Антысэміцкая палітыка партыі выклікала выбух сымпатый да перасьледаваных і асуджэньне ўжытых мэтадаў. Грамадзтва заўсёды пазірала на партыю з дамешкай страху і пагарды. Цяпер стала відавочна, наколькі была апраўданая гэтая пагарда. Вобраз партыі, якая называе сябе марксісцкай і прапагандуе ды ажыцьцяўляе антысэмітызм, глыбока кампрамэтуючы. Чаго ж вартыя ўсе партыйныя вучобы і ўся афіцыйная ідэалёгія! Аказалася, што антысэміцкі курс здабыў падтрымку ўсяго апарату. Не было пратэстаў, не было фронды, апрача пратэстаў самых зацікаўленых. Партыя яшчэ раз заслужыла асуджэньне ўсімі прыстойнымі людзьмі. Яна таксама прынесла Польшчы агромністую шкоду ў пляне сусьветнай грамадзкай думкі, якая не заўсёды можа адрозьніць палітыку партыі ад сапраўдных настрояў грамадзтва. З такімі меркаваньнямі партыя, аднак, ня мае завядзёнкі лічыцца. Насоўваецца пытаньне, што яна перасьледавала гэткай ганебнай палітыкай. Атрыманыя карысьці прыдаліся па сутнасьці ня партыі, а членам кіруючай фракцыі: адхіліўшы праціўнікаў, яны папросту адкрылі сабе шлях да хутчэйшага кар’ернага прасоўваньня ў партыйным і дзяржаўным апараце. Гэта насамрэч мелася на ўвазе. Можна таксама здагадвацца аб узбочных мэтах. Разьлічвалі на тое, што антысэміцкія лёзунгі дадуць партыі своеасаблівы розгалас у грамадзтве. Наагул вынік быў адваротны. Але, на жаль, трэба прызнаць, што, як здаецца, партыя знайшла пэўную колькасьць людзей, якія ўхвалілі яе антысэміцкую палітыку. Пошук сабе прыхільнікаў гэткага роду і пры дапамозе гэткіх мэтадаў сьведчыць толькі аб тым, як нізка партыя ўпала.

г) Сьнежань 1970

Элемэнт фракцыйнай барацьбы адыграў, бясспрэчна, пэўную ролю ў падзеях на ўзьбярэжжы ў 1970 г. Вельмі цяжка даведацца, якім быў ланцуг правакацый і контраправакацый у ранейшай фазе забурэньняў. Можна, аднак, з усёй упэўненасьцю сьцьвердзіць, што амаль адразу арганізатары страцілі ўплыў на падзеі, якія пачалі разгортвацца некіроўным і непрадбачаным чынам. Іх маторам быў дух апазыцыі, які праяўляўся ў нянавісьці да партыі. Потым паступова кіраўніцтва падзеямі пачалі пераймаць страйкавыя камітэты, якія можна прызнаць органамі аўтэнтычнай апазыцыі. Яны ўпершыню дасягнулі пэўных посьпехаў. Найперш Шчэцін змусіў Герэка прыехаць на размову з адкрытай апазыцыяй. Гэты факт мае гістарычнае значэньне. Гэта быў па сутнасьці маральны посьпех, бо ў сапраўднасьці рабочыя нічога не дасягнулі. Але сур’ёзнага палітычнага посьпеху дасягнулі лодзкія тэкстыльшчыцы ў лютым 1971 г., калі змусілі партыю вярнуць цэны назад.

д) Чэрвень 1976

Чэрвеньскія падзеі 1976 г. адбыліся паводле ўсталяванай ужо традыцыі рабочых бунтаў, з той толькі розьніцай, што аказіяй да іх не была «адліга», якая суправаджае зазвычай фракцыйныя міжусобіцы. Гэта не азначае, што фракцыйныя разборкі не адыгралі ў іх ніякай ролі. Аднак роля гэтая дагэтуль ня высьветленая. Здавалася, што падзеі засьпелі кіраўніцтва партыі зьнянацку. Характэрнай была таксама хуткая саступка ўладаў перад патрабаваньнямі рабочых.

е) Апазыцыйныя сьветапоглядныя групы

Апрача апісаных вышэй кароткатрывалых апазыцыйных акцый у гэты пэрыяд зьявілася таксама іншая плынь актыўнай апазыцыі ў выглядзе невялікіх групаў, якія імкнуліся да сфармаваньня апазыцыйнай сьвядомасьці. Дзейнічалі яны тайна і, безумоўна, ніхто дакладна ня ведае, колькі іх было і які быў дыяпазон іх уплываў.

Аб дзейнасьці гэтых групаў грамадзтва даведвалася ў выпадку яўных рэпрэсій да іх чальцоў. У 1970 годзе адбыўся працэс «Татэрнікаў». У 1971 — працэс «Руху», на якім Анджэй Чума ўпершыню адкрыта сфармуляваў крэда аўтэнтычнага апазыцыянэра[37]. У 1972 годзе браты Кавальчыкі атрымалі драконаўскі прысуд за незвычайную ў польскіх умовах дэманстрацыю[38].

ж) Пэтыцыі і пратэсты

Іншай зноў жа апазыцыйнай плыньню было выступленьне супраць палітыкі ўладаў шляхам пэтыцый і пратэстаў.

Першай і таму часта згадванай спробай быў «Ліст 34» у справе паперы ад 13 сакавіка 1964 г. Модна мець сумневы, ці выпадае залічыць гэты выступ да праяваў аўтэнтычнай апазыцыі. Ён робіць уражаньне, што падпісанты зусім ня мелі такіх інтэнцый, бо гэты ліст сфармуляваны з найбольшай пашанай да ўладаў, а зьмешчаная ў ім просьба вельмі сьціплая[39]. Розгалас і характар апазыцыйнага акту яму надалі самі ўлады сваёй рэакцыяй, несумернай са значэньнем самога выступу.

Былі пасьля і іншыя пэтыцыі: у справе палякаў у Савецкім Саюзе[40], у абарону асуджаных на працэсе Руху[41] і ў абарону братоў Кавальчыкаў[42].

Найбольшы, аднак, розгалас і значэньне мела акцыя пратэсту адносна паправак да канстытуцыі, якая разгарнулася на пачатку 1976 г.[43] Трэба заўважыць, што ў самой аснове гэтай акцыі можна было б знайсьці прынамсі два парадоксы. Па-першае, магло б здавацца, што выступ накіраваны на абарону берутаўскай канстытуцыі 1952 году, зь якой зьвязаны найгоршы досьвед сталінізму, а па-другое, што патрабуецца скасаваньне паправак, якія ня ўводзілі нічога новага, а толькі санкцыявалі здаўна існуючы стан рэчаў. А ў дадатак агульнавядома, што тыя ці іншыя фармулёўкі ня маюць ніякага значэньня, бо пры існуючай сыстэме літара канстытуцыі ніколі не выконвалася і ня будзе выконвацца. Таму ўва ўсёй гэтай акцыі быў элемэнт фікцыі, бо ўсе як бы дамовіліся, быццам вераць, што тэкст канстытуцыі мае хоць якое значэньне.



36

Wydarzenia marcowe 1968 i Polskie przedwiośnie, Instytut Literacki, Paryż, 1969. Krótkie spięcie, Instytut Literacki, Paryż,1977.

37

Гл.: Sąd orzekł, Instytut Literacki, Paryż, 1972, str. 192–195.

38

Кавальчыкі дагэтуль сядзяць у турме. Аб іх забыліся ў такой ступені, што нядаўна можна было прачытаць у эміграцыйным часопісе, што «...у Польшчы няма палітычных вязьняў» (Tydzień Polski, № 42 z dn. 22.10.1977, str. 5, szpalta 6).

39

Трэба таксама памятаць, што з 34 падпісантаў 16 адклікалі свае подпісы пад ціскам уладаў. Гэта яшчэ зьмяншае вагу гэтага выступу. Гл.: G.de Cerezay, «Polska Gomułki i list 34», Kultura, № 10 (204), 1964, str. 3–26.

40

Т. зв. «Ліст пятнаццаці» зь лістапада 1966 г.

41

Складзены міністру юстыцыі 17 падпісантамі напрыканцы 1971 г. (Nа Antenie, № 108, marzec 1972, str. 32).

42

Гл.: Na Antenie, № 120, marzec 1973, str.31.

43

Гэтую акцыю распачаў мэмарыял 59, складзены старшыню Сойму 5 сьнежня 1976 году (Kultura, № 1 (340) — 2 (341), 1976, str. 235–236).