Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 31 из 112

Існуе, аднак, і другі варыянт сытуацыі, які стварае пагрозу для аўтэнтычнага апазыцыйнага руху. А менавіта, можа аказацца (параўнай апісаны вышэй сцэнар фракцыйных міжусобіц), што дзеяньні, распачатыя звычайнымі людзьмі, маюць характар аўтэнтычнай апазыцыі, але кіруюць імі фракцыйныя апазыцыянэры, якія рэпрэзэнтуюць інтарэсы сваёй фракцыі ў барацьбе за ўладу ўнутры партыі. Расклад такі вельмі небясьпечны, бо можа прывесьці або да заняпаду апазыцыйнага ладу ў той момант, калі кіраўнікі яўна пярэйдуць на партыйныя пазыцыі, або, што яшчэ горш, да пазбаўленьня яго незалежніцкага характару і падпарадкаваньня яго партыйным мэтам. Гэта здаралася шмат разоў у мінулым (1956, 1968, 1970).

Таму трэба выяўляць партыйных апазыцыянэраў, каб у пару прадухіліць гэтую небясьпеку. Безумоўна, існуюць пэўныя вонкавыя адзнакі, якія робяць гэта магчымым. Іх дае сама партыя ў выніку лёгказаўважальнай розьніцы ў трактоўцы фракцыйных і аўтэнтычных апазыцыянэраў.

Дзеячы, зьвязаныя з партыяй, нават апазыцыянэры, заўсёды маюць большыя свабоды ў параўнаньні з звычайнымі людзьмі. Ім даруецца шмат рэчаў, якія б звычайным людзям не прайшлі беспакарана, і нават калі да іх ужываюцца нейкія санкцыі, то значна больш мяккія. І калі часам яны трапляюць у вязьніцу, то і там зь імі абыходзяцца зусім інакш[28]. Гэта здараецца перадусім таму, што фракцыйны апазыцыянэр зазвычай мае нейкае апірышча ў партыі, зь якім апарат прымусу мусіць лічыцца. Нават будучы часова ў апазыцыі, ён можа мець асабістыя знаёмствы ў высокапастаўленых партыйных сфэрах і ніколі не вядома, ці ня вернецца ён да ляяльнасьці. Гэта ставіць заслон брутальнай бязьлітаснасьці, зь якой трактуюцца звычайныя людзі. Таму выступы фракцыйных апазыцыянэраў бываюць значна больш сьмелымі і рашучымі і часта маюць большы розгалас, чымся выступы аўтэнтычных апазыцыянэраў. Праз гэта можа нават паўстаць памылковае ўражаньне, што якраз фракцыяністы — гэта сапраўдныя апазыцыянэры, тым часам калі яны часта пры гэтым выконваюць асобныя інструкцыі, выдадзеныя кіраўніцтвам фракцыі, якая заплянавала іх «адважны» выступ як элемэнт сваёй стратэгіі. Адважна выступаючы, яны рызыкуюць значна менш, чымся аўтэнтычныя апазыцыянэры.

Людзі ў Польшчы, аднак, лёгка адрозьніваюць аўтэнтычных апазыцыянэраў, якія сапраўды выступаюць супраць рэжыму і партыі, ад фракцыйных апазыцыянэраў, якія вядуць сваю гульню ў рамках партыі. І таму яны дакладна адрозьніваюць незалежніцкую апазыцыю ад партыйнай фракцыі. Ня так лёгка гэта ўдаецца эміграцыі.

г) Дзейнасьць, якая не зьяўляецца апазыцыяй

Часам здараецца, што за апазыцыю ўважаюць дзейнасьць, якая насамрэч ніякай апазыцыяй не зьяўляецца.

Найчасьцей гаворка тут вядзецца пра дзейнасьць, якая мае на мэце ўдасканальваньне функцыяваньня ладу. Без пастаноўкі пад сумнеў яго падставаў (улады партыі і дамінацыі саветаў) прапануюцца розныя рэформы, якія маюць на мэце лепшую арганізацыю апарату ўлады, павышэньне эфэктыўнасьці эканомікі або павелічэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Часам такія рэформы ці іх спробы ёсьць элемэнтам фракцыйнага змаганьня, але бываюць выпадкі, калі яны пачынаюцца таксама без жаданьня паслужыць інтарэсам партыі, у найлепшай інтэнцыі прынесьці карысьць эканоміцы або ўсяму народу. Такая дзейнасьць часам можа прыносіць дадатныя вынікі ў канкрэтных справах. Але трэба памятаць, што яе вынікі заўсёды абмежаваныя, бо сапраўднага паляпшэньня сытуацыі нельга дасягнуць без падрыву асноваў ладу[29]. Таму апрача прызнаньня, якога часта заслугоўваюць яе ініцыятары, палітычныя вынікі такой акцыі трэба лічыць прынамсі сумнеўнымі: яны ствараюць бачнасьць вырашэньня праблем, якія ў рамках ладу вырашыць нельга.

Яшчэ адным родам дзейнасьці, які неапраўдана лічыцца апазыцыйным, ёсьць дапамога людзям, якія ніяк не правініліся перад рэжымам, але нягледзячы на гэта сталі ахвярамі нясправядлівасьці і злоўжываньняў. Гэта нешта накшталт дабрачыннай дзейнасьці — прынясеньне дапамогі ў індывідуальных выпадках[30]. Яна, бясспрэчна, прыносіць карысьць людзям, але яе палітычны сэнс хутчэй нэгатыўны, бо яна стварае ўражаньне (ілжывае), што такім чынам можна ўдасканаліць лад[31].

а) Кастрычнік 1956

Першая вялікая бітва паміж фракцыямі разыгралася ў 1956 г., а яе кульмінацыйным момантам быў т. зв. Польскі кастрычнік. Няма патрэбы паўтараць тут яго хаду. Літаратура аб ім досыць багатая[32]. Калі гаворка заходзіць аб інтэрпрэтацыі гэтых падзеяў, то надзвычай удала зьдзейсьніў яе Ядліцкі. Варта толькі прыгадаць, што ацэнка Ядліцкага знайшла пасьля поўнае пацьверджаньне ў мэмуарах Хрушчова[33]. У вельмі вялікім скарачэньні хаду Кастрычніка можна прадставіць наступным парадкам.

У выніку зьменаў, адбытых у Маскве пасьля Сталіна, кіруючыя ў Польшчы вярхі ПАРП, якія пасьля будуць названыя «пулаўскай фракцыяй», адчулі пагрозу ад ніжэйшых узроўняў апарату, дзе ўзьнікла фракцыя пад назвай «натолінская». Пулавяне прадпрынялі манэўр, які быў пакліканы ўтрымаць іх пры ўладзе. Шляхам пашырэньня ў партыі прамовы Хрушчова на ХХ-тым зьезьдзе партыі, аслабленьня цэнзуры і сьцішэньня дзейнасьці спэцслужбаў яны выклікалі настрой «адлігі». Затым яны адхілілі найбольш скампрамэтаваных кіраўнікоў і зьвярнуліся па дапамогу да пазбаўленых пасадаў і арыштаваных дзеячаў — да Гамулкі і яго найбліжэйшых таварышаў. Такім чынам партыя атрымала пэўную папулярнасьць, што дазволіла Гамулку, які стаяў ужо на чале пулавян, запэўніць Хрушчова, што ён зможа схіліць палякаў да ляяльнасьці, не зьвяртаючыся па дапамогу да савецкіх танкаў. Як вядома, гэтае абавязаньне ён сумленна выканаў. Менш скрупулёзна ён паводзіў сябе адносна сваіх партнэраў у Польшчы. Абавязаньняў што да польскага грамадзтва ён ня спраўдзіў, за выняткам пэўнага зьмяншэньня ліхадзействаў спэцслужбаў і спыненьня прымусовай калектывізацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён падвёў нават пулавянаў, якія паставілі яго на вяршыню ўлады, бо дазволіў рост уплываў натолінцаў. Падтрымліваючых яго маладых партыйных актывістаў разагнаў, а іх часопіс «Рo prostu» зачыніў.

Сапраўднае значэньне Кастрычніка ня зводзіцца, аднак, толькі да партыйных міжусобіц, у якіх грамадзтва было толькі гледачом. Кастрычнік абудзіў надзеі і даў імпульс аўтэнтычнай апазыцыі. Яна зьявілася неспадзявана і раптоўна.

Першым яе выступам былі познаньскія падзеі, другім — паводзіны насельніцтва Варшавы ў кастрычніку 1956 г. Трэцім — акцыя сялян супраць каапэрацыйных таварыстваў. Чацьвертым — тое, што пісаў часопіс «Рo prostu». Нягледзячы на тое, што гэты часопіс рабіўся людзьмі з партыі ці ZMR*, ён у шматлікіх артыкулах выкрываў тэрор спэцслужбаў і эксплюатацыю рабочых і заняў супрацьлежную партыі пазыцыю[34]. Ён быў неўзабаве зачынены.

Аўтэнтычная апазыцыя была хутка задушана, але Кастрычнік застаўся ў памяці людзей як спадзеўны ўспамін, што ўладу партыі можна пахіснуць. У гэтым палягае яго найвялікшае значэньне.

б) 1957–1967

Пасьля Кастрычніка ўсе ўжо ведалі, што ў партыі існуюць варожыя фракцыі, якія калі-небудзь могуць прывесьці яе да крызысу і ўжо цяпер аслабляюць яе згуртаванасьць. Нягледзячы на тое, што на працягу доўгага пэрыяду кіраваньня Гамулкі захоўвалася пэўная раўнавага паміж фракцыямі, якія Гамулка нацкоўваў адна супраць адной, і таму да адкрытых канфліктаў не даходзіла. Агулам беручы, траціла, аднак, глебу пулаўская фракцыя і набывала значэньне натолінская. Не выпадае апісваць тут усе церці і ўнутраныя разборкі ў ПАРП. Значнымі этапамі ліквідацыі асяродкаў партыйнай апазыцыі было закрыцьцё часопісу «Рo prostu» ў 1957, закрыцьцё Клюбу Крывога Кола ў 1962 г., адмаўленьне ад праектаў эканамічных рэформаў, падрыхтаваных Эканамічнай Радай, і роспуск Рады ў 1962 г. Канфлікт у партыі абвастрыўся і выявіўся падчас сьмерці і паховінаў Голянда ў сьнежні 1962 г. Новую плынь партыйнай апазыцыі запачаткаваў «Адкрыты ліст да партыі» Кураня і Мадзялеўскага ў 1965 г.[35] Гэты выступ, спачатку нібыта адасоблены, аказаў, аднак, уплыў на далейшыя падзеі.

28



Дастаткова параўнаць, як абыходзіліся ў вязьніцы з Пузякам і Фельдорфам, а як з Гамулкам і Спыхальскім, на якую пэнсію быў адпраўлены Эўгеніюш Квяткоўскі, а на якую Гіляры Мінц. Тым часам калі звычайныя людзі натыкаюцца на зьдзек і цкаваньне за любую праяву неляяльнасьці да рэжыму, мы бачым апазыцыянэраў, якія адзначаны ордэнамі і дзяржаўнымі ўзнагародамі, якія жывуць у прызначаных для эліты дамах, якіх абслугоўвае ўрадавая лякарня, якія карыстаюцца дамамі адпачынку для намэнклятуры, якія езьдзяць за мяжу бязь цяжкасьцяў, нібыта адумысьля для напісаньня апазыцыйных дэклярацый, і якія нават адкрыта супрацоўнічаюць з эміграцыйнымі асяродкамі, найменшы кантакт зь якімі пагражае суровымі насьледкамі звычайнаму чалавеку.

29

Я пісаў аб гэтым у «Socjalizm w Polsce», Kultura, № 9 (276), 1970 і ў «Różne reformy i różni reformatorzy», Kultura, № 9 (288), 1971, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

30

Нядаўна ў эміграцыйнай прэсе (Tydzień Polski, № 18 z 6.5.1978) быў згаданы «Ётэм» — Юзаф Мушкат, журналіст, які дзейнічаў у Польшчы ў пяцьдзясятыя гады. Ён спэцыялізаваўся на т.зв. прэсавых інтэрвэнцыях і зрабіў многім людзям (некалькім сотням?) вельмі шмат добрага. Безумоўна, у яго былі «падвязкі» недзе высока ў ЦК, і ён не баяўся беспардонна кляйміць злоўжываньні партыйных начальнічкаў. Ён стаў нечым накшталт бюро апекі. Скончылася тым, чым мусіла скончыцца пры ўладзе ПАРП. Тыя начальнічкі, якім ён дапякаў, зьвярнуліся ў ЦК, і яго прымусілі маўчаць. Неўзабаве ён выехаў за мяжу. Яго дзейнасьць уяўляе сабой прыклад актыўнасьці, якая дае дадатныя вынікі для паасобных людзей, але безвыніковая ў грамадзкім маштабе.

31

Таму такая актыўнасьць прынцыпова розьніцца ад актыўнасьці, праводжанай, напрыклад, KOR’ам, які бароніць рабочых, перасьледаваных за калектыўныя палітычныя выступы і дамагаецца павагі да грамадзянскіх правоў, а таму несумненна ажыцьцяўляе палітычную апазыцыю да рэжыму.

32

W. Jedlicki, Klub Krzywego Koła, Instytut Literacki, Paryż, 1963 i Październik 1956, Instytut Badania Zagadnień Krajowych, Londyn, 1963. E. Wacowska, Poznań 1956 — Grudzień 1970, Instytut Literacki, Paryż, 1971.

33

Khrushchev, Remembers, A. Deutsch, London, 1974. Разьдзел «Polish October», cc. 196–207.

34

Тое, што пісаў тады часопіс «Рo prostu» дае праўдзівую карціну ўмоваў, пры якіх жылі палякі ў пэрыяд сталінізму. Вельмі карысным было б выданьне збору зьмешчаных там матэрыялаў.

35

J. Kuroń i K. Modzielewski, List odwarty do partii, Instytut Literacki, Paryż, 1966.