Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 112

Такім чынам, паміж незалежніцкай апазыцыяй і партыяй ці якой-колечы яе фракцыяй існуе поўная супрацьлежнасьць мэтаў. Партыя хоча ўтрымаць саветызм і савецкую дамінацыю, а незалежніцкая апазыцыя імкнецца да вяртаньня дэмакратыі і незалежнасьці. Партыя хоча ўзмацніць лад, а апазыцыя хоча яго аслабіць.

Для грамадзтва па сутнасьці ўсё роўна, якая з існуючых фракцый ПАРП прыйдзе да ўлады, бо кожная будзе праводзіць палітыку, дыктаваную саветамі. Тым ня менш, сам працэс барацьбы за ўладу паміж фракцыямі дае грамадзтву пэўныя магчымасьці, якія трэба ўсьвядоміць і якія належыць выкарыстаць.

б) Сцэнар фракцыйнага змаганьня

З досьведу мы ведаем, што фракцыйныя міжусобіцы заўсёды адбываюцца паводле пэўнай схемы (сцэнару). Актыўную ролю ў іх адыгрывае тая фракцыя, якая імкнецца да ўлады, гэта, значыць апазыцыйная фракцыя.

Першым яе тактычным крокам ёсьць стварэньне ўражаньня, што фракцыя, якая цяпер знаходзіцца ўва ўладзе, не выконвае належна сваіх заданьняў, г.зн. заданьняў, у выкананьні якіх зацікаўлены саветы. Найбольш пераконлівым довадам няздатнасьці кіруючай каманды ёсьць няздольнасьць утрымаць палякаў у спакоі і ляяльнасьці. Апазыцыйная фракцыя мае тады аказію сказаць саветам: «Глядзіце, як яны сябе кампрамэтуюць, прывялі да такой сытуацыі, а цяпер ня могуць даць сабе рады. Дайце нам уладу, і мы пакажам, які будзе спакой і парадак». Каб стварыць такую сытуацыю, фракцыя гатова нават ініцыяваць крытыку кіруючай групы і выклікаць розныя выступы. Якраз у гэтым крыніца правакацыі, аб якой заўсёды чуваць на пачатку розных непакояў і забурэньняў. Можна нават сказаць, што да апошняга часу ніводная больш-менш сьмелая акцыя не магла распачацца без правакацыі, таму што калі нават існавалі вельмі сур’ёзныя прычыны для незадавальненьня, звычайныя людзі нічога не прадпрымалі, бо ім гэта падавалася безнадзейным. Але зусім іншая сытуацыя, калі незадаволеныя даведваюцца, што выражэньне незадавальненьня будзе на руку нейкай партыйнай фракцыі. Гэта стварае пэўную страхоўку незадаволеным і падахвочвае высоўваць свае пастуляты.

Дзеля гэтага ў часе вядзеньня такой фракцыйнай барацьбы грамадзтва перажывае пэрыяд «адлігі», падчас якога можна дыхаць свабадней. У гэтым часе ўзьнікаюць магчымасьці манэўру паміж варожымі фракцыямі. Фракцыя, што імкнецца да ўлады, стараецца здабыць пэўную папулярнасьць у грамадзтве. З гэтай мэтай яна дэкляруе адыход ад саветызму, сьцьвярджаючы ці то лібэральныя, ці то «нацыянальныя» лёзунгі. Адбываюцца зьмены атмасфэры і абуджаюцца надзеі. Людзі пачынаюць дамагацца сваіх правоў, супраціўляцца ціску, атмасфэра не спрыяе рэпрэсіям, і ў выніку грамадзтва, карыстаючы з аслабленьня апарату ўлады, здабывае для сябе свабоды, якія ўяўляюць сабой поступ у параўнаньні з ранейшым пэрыядам. Таму ў пэрыяд узмацненьня фракцыйных рознагалосьсяў можа часова ўзьнікаць т.зв. аб’ектыўнае супадзеньне інтарэсаў паміж фракцыяй, якая імкнецца да ўлады, і грамадзтвам, дарма што па сутнасьці кожны з бакоў імкнецца да нечага іншага: фракцыя — захапіць уладу, а грамадзтва — аслабіць уціск. Аднак паколькі абодва бакі зацікаўлены ў аслабленьні групы, якая ў дадзены момант ажыцьцяўляе ўладу, у гэтым пункце іх інтарэсы супадаюць. Гэтае аб’ектыўнае супадзеньне інтарэсаў доўжыцца толькі датуль, дакуль фракцыя ня прыйдзе да ўлады.

Захапіўшы ўладу, новая каманда робіць некалькі саступак, якія лёгка пасьля скасаваць, арганізуе сабе ўдзячнасьць народу за вяртаньне парадку, заклікае да спакою і «павелічэньня намаганьняў». Надыходзіць спакой, пасьля чаго новая ўлада паступова адмаўляецца ад саступак, і ўсё вяртаецца ў папярэдні стан.

Таму грамадзтву ніяк не выпадае адорваць апазыцыйную фракцыю або яе прадстаўнікоў сапраўдным і доўгатрывалым даверам. Гэта было б адыходам ад незалежніцкай пазыцыі, бо фракцыя, якая прыходзіць да ўлады, дзеля ўжо самога гэтага факту, становіцца агентурай саветаў, і таму галоўным ворагам польскага грамадзтва.

в) Адрозьненьне фракцыйнай апазыцыі ад аўтэнтычнай апазыцыі

Згаданая вышэй схільнасьць партыйнай апазыцыі ствараць бачнасьць падтрымкі з боку грамадзтва можа часам прыводзіць да цяжкасьцяў пры адрозьненьні фракцыйнай апазыцыі ад аўтэнтычнай апазыцыі. Разьвязаць гэткі сумлеў можна пры ўсьведамленьні сапраўднага палітычнага значэньня праводжанай дзейнасьці і таго, хто фактычна праводзіць гэтую дзейнасьць. Адносна меншае значэньне маюць абвешчаныя праграмныя дэклярацыі апазыцыйных групаў.

Апора на апублікаваныя выказваньні можа нават прыводзіць часам да памылковых высноваў. Бо, з аднаго боку, пекныя дэклярацыі могуць хаваць дзейнасьць, якая выклікае шмат пытаньняў, а з другога — сапраўдная незалежніцкая апазыцыя можа быць вельмі стрыманай у пляне яўнага вызнаваньня сваіх мэтаў, каб не правакаваць рэпрэсіі, якія б абцяжылі ці нават зрабілі немагчымай яе дзейнасьць[27]. Таму калі гаворка йдзе пра выказваньні аўтэнтычных апазыцыйных групаў, можа, найбольш істотна тое, чаго нельга ў іх знайсьці, напрыклад, запэўніваньняў аб супадзеньні інтарэсаў народу і партыі, заклікаў да дыялёгу і супрацоўніцтва з партыяй і да вяртаньня да яе даверу. Бо такія лёзунгі цалкам супярэчаць пазыцыі незалежніцкай апазыцыі. Адшукаць жа іх можна ў выказваньнях апазыцыі, што пакладае свае надзеі на партыю.



У сваёй практычнай дзейнасьці незалежніцкая апазыцыя паказвае праўду аб таталітарнай сутнасьці пануючага ў Польшчы ладу і аб падпарадкаваньні Польшчы СССР, фармуе пазыцыю супраціву гэтай сытуацыі, вымушае ўлады да саступак і імкнецца прывесьці ў дзеяньне прынцыпы дэмакратыі. Антыпартыйнае вастрыё ейнай дзейнасьці для незалежніцкай апазыцыі найбольш характэрна. У сваю чаргу, дзейнасьць фракцыйнай апазыцыі ніколі не намагаецца дыскрэдытаваць усю партыю і падарваць яе ролю ў краіне.

Аўтэнтычную апазыцыю найпрасьцей пазнаць па людзях, якія яе праводзяць. Рух, на чале якога стаяць дзеячы, вядомыя сваёй антыпартыйнай і антысавецкай пазыцыяй у мінуласьці, дае найлепшую гарантыю незалежніцкай апазыцыі сёньня.

Не заўсёды, аднак, справа бывае такой простай. Часта здараецца, што ў апазыцыйным руху бяруць удзел і нават займаюць у ім кіраўнічыя пазыцыі людзі, якія мелі партыйную мінуўшчыну. Яны трапляюць туды таму, што ўдзел партыйных зьяўляецца пэўнага роду страхоўкай для аўтэнтычных апазыцыянэраў. (Я тлумачыў гэта вышэй, пішучы аб сцэнары фракцыйных міжусобіц.)

Удзел людзей з партыйным мінулым у аўтэнтычным апазыцыйным руху ў прынцыпе будзіць непакой, але гэта не азначае, што такі рух з гэтай прычыны мусіць абавязкова страціць незалежніцкі характар. У сувязі з гэтым могуць узьнікаць два апрычоныя варыянты разьвіцьця сытуацыі.

Першы варыянт палягае ў тым, што некалі зьвязаныя з партыяй людзі незваротна зьмянілі свае пагляды і шчыра хочуць далучыцца да антыпартыйнай апазыцыі.Тады аўтэнтычнай апазыцыі яны ў прынцыпе не пагражаюць.

Само сабой зразумела, што такія новыя апазыцыянэры мусяць вельмі рашуча парваць з сваёй партыйнай мінуўшчынай і сувязямі з партыйнымі структурамі, каб не пакінуць найменшых сумневаў, што ў партыю яны ня вернуцца і ёй не падпарадкуюцца. Пры выкананьні гэтай умовы можна задумацца над добрымі і благімі бакамі ўдзелу ранейшых партыйных у апазыцыйным руху.

Калі гаварыць пра пазытыўны бок, то трэба сьцьвердзіць, што яны часта больш дынамічныя, адважныя і рашучыя, чымся апазыцыянэры, якія паходзяць з звычайных людзей. Гэта выклікана тым, што апаратчыкі заўсёды былі побач з цэнтрамі ўлады. Усё ж ім Польшча належыць трыццаць гадоў, і яны здолелі набыць самаўпэўненасьць, тым часам калі звычайныя людзі нясуць у сабе досьвед страху, паняверкі і галечы; яны прызвычаіліся да таго, што ім усё забаронена і што за супраціў уладзе на іх абрынуцца жорсткія санкцыі. Пры гэтых умовах нічога дзіўнага, што ў першай фазе апазыцыйнага руху партыйныя адыгрываюць часта больш актыўную ролю і часам нават становяцца на чале.

Зь іншага боку, яны абцяжваюць апазыцыйны рух. Бо кожны рух ацэньваецца паводле таго, хто ў ім бярэ ўдзел. Прысутнасьць у ім былых партыйных, і, у прыватнасьці, былых апаратчыкаў мусіць абуджаць неспакой. Нават калі ў індывідуальных выпадках гэты недавер будзе неапраўданы, то цяжка яму дзівіцца: паводзіны партыйных далі для гэтага ажно зашмат прыклёпаў. Таму можна чакаць, што ў меру таго як апазыцыйны рух будзе ўзмацняцца і думка бальшыні будзе атрымліваць у ім голас, былыя партыйныя будуць у ім адыгрываць усё меншую ролю.

27

Але гэткая стрыманасьць надзвычай не пасуе для выказваньняў, якія публікуюцца на эміграцыі. Як і аўтары з Польшчы (што пішуць, безумоўна, пад псэўданімамі), так і эміграцыйныя аўтары павінны займаць вельмі рашучую незалежніцкую пазыцыю. Краіна чакае ад эміграцыі, што незалежніцкая дзейнасьць, якая вядзецца ў Польшчы, знойдзе сваё выражэньне і ў незалежным слове, якое прагучыць на эміграцыі. Палавінныя і тым больш згодніцкія выказваньні ў эміграцыйнай прэсе могуць абуджаць у краіне толькі недавер, паняверку і зьнеахвочанасьць.