Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 29 из 112

Гэткая пазыцыя простых людзей стварыла ў Польшчы вялізную, маўклівую, але рашучую і ўпартую апазыцыю супраць пануючага ў Польшчы ладу[20]. Гэта факт агромністага значэньня для зразуменьня сытуацыі, да якой у Польшчы прывёў саветызм.

Сярод удзельнікаў гэтай маўклівай апазыцыі трэба вылучыць тых, чыя саступлівасьць да ўлады была найменшай. Гэтыя «ўпартыя, маўклівыя апазыцыянэры» не ўяўлялі сабой выразна акрэсьленай групы, таму што зьменлівыя ўмовы ўплывалі на тое, хто да яе належаў, а хто адпадаў. Не падлягае, аднак, сумневу, што ўлада магла іх заўсёды выдатна распазнаць і тарнавала да іх дыскрымінацыю і забароны.

Упартых маўклівых апазыцыянэраў можна было знайсьці ўва ўсіх грамадзкіх групах. Сяляне ўва ўсёй сваёй масе былі нэгатыўна настроеныя да ўлады, як, зрэшты, рабочыя і інтэлігенцыя. Але ціск на сялянаў меў мэтанакіраваны характар, што прыводзіла да яшчэ большай салідарнасьці супраць рэжыму. Канцэпцыя т.зв. расслаеньня сялян паводле савецкага ўзору на «беднякоў», «сераднякоў» і «кулакоў» так і не дала вынікаў. Таму маўклівая апазыцыя сярод сялянаў была паўсюднай, а ў выглядзе супраціву калектывізацыі нават зьмянялася ў яўную і адкрытую апазыцыю.

Рабочыя былі ў цяжэйшай сытуацыі, бо інфільтрацыя «актывістаў» у фабрыках была больш дзейснай, чымся на вёсцы. У найцяжэйшай, аднак, сытуацыі апынуліся інтэлігенты і інтэлектуалы, бо іх апрацоўвалі індывідуальна.

І таму трэба прызнаць, што бальшыня «апаратчыкаў» і «актывістаў», а таксама і шмат «добранадзейных» паходзіла з інтэлігенцыі. Гэта сьведчыла аб аслабленьні палітычнай пазыцыі інтэлігенцыі, найбольш выбітныя прадстаўнікі якой або загінулі, або адсутнічалі ў краіне. Аднак, гэта зусім ня значыць, што бальшыня інтэлігенцыі падтрымала рэжым[21].

Бальшыня была супраць, але была змушана маўчаць, тым часам калі крыклівая меншыня «апаратчыкаў» і «актывістаў» мела ў распараджэньні ўсе сродкі і абвяшчала марксізм-ленінізм, першынство саветаў і хвалу партыі[22]. Да бальшыні інтэлігентаў, і ўпаасобку інтэлектуалаў, улада ставілася зь недаверам; яны мелі наглядчыкаў у асобе «апаратчыкаў» і падпадалі пад прыніжальныя націскі і зьдзекі.

Маўклівая апазыцыя не прыносіла нікому ні славы, ні хвалы. Нават найбольш нонканфармісцкая пазыцыя заставалася нікому не вядомай, паколькі выяўленьне яе прынесла б яшчэ больш шкоды таму, хто яе займаў. Апрача таго, у пануючай атмасфэры фрустрацыі і безнадзейнасьці яна часта не знаходзіла прызнаньня нават у падобна думаючых, паколькі лічылася данкіхоцтвам, якое ні да чога не вядзе. Аб ступені пашырэньня маўклівай апазыцыі сьведчыла адно цкаваньне апазыцыянэраў: забароны публікацый, забароны выкладаньня, «зьняцьцё» з пасадаў, забароны выяжджаць за мяжу і, канечне, абмінаньне пры прэміях, узнагародах і адзначэньнях.

Пры гэткіх умовах не было гаворкі, каб маўклівыя апазыцыянэры маглі што-небудзь зьдзейсьніць або некаму дапамагчы. Пазбаўленыя магчымасьці самастойнага дзеяньня, яны жылі пачуцьцём бясьсільнасьці і безнадзейнасьці. Адзіным іх апірышчам магло быць прызнаньне вузкага кола найбліжэйшых людзей.

Ступень адпорнасьці апазыцыянэраў на ўціскі была, відавочна, вельмі рознай. Але рознай таксама была сіла ўціскаў, розныя акалічнасьці і ўмовы ў кожным выпадку, таму цяжка меркаваць аб пазыцыі асобных індывідаў. Трэба памятаць, што паслухмянае выкананьне некаторых загадаў уладаў яшчэ зусім ня сьведчыла аб пазытыўным стаўленьні да рэжыму[23].

Разьвіцьцё якой-небудзь дзейнасьці патрабавала выйсьці з пазыцыі маўклівасьці і згоды з пэўнымі саступкамі адносна ўлады. Няшмат людзей з шчыра апазыцыйным настроем наважваліся пайсьці гэткім шляхам, мяркуючы, што робячы адносна дробныя саступкі, яны дасягаюць пазытыўных вынікаў ці, прынамсі, прадухіляюць сур’ёзную шкоду. Шлях такой апазыцыі, схаваны за заслонай актыўнасьці, быў цяжкім і сьлізкім. Саступкі маглі аказацца шкоднымі, а карысьць невялікай. Цяжка таксама было вызначыць мяжу дапушчальных кампрамісаў, якая падзяляла такія паводзіны ад паводзінаў «добранадзейных». Выпадкаў такой сукрытай «апазыцыі» было няшмат і яшчэ менш такіх, якія б сапраўды прыносілі нейкія выразныя дадатныя вынікі. Але трэба ўшанаваць прызнаньнем тых, хто сумленна спрабаваў праводзіць такую апазыцыю.

* * *

Падзел польскага грамадзтва на «апаратчыкаў», «актывістаў», «добранадзейных» і «звычайных людзей»(маўклівая апазыцыя) варта заўсёды мець наўвеце, калі дыскутуецца сытуацыя ў краіне[24]. Гэты падзел аформіўся ў пэрыяд сталінізму, але працягваецца дагэтуль і існуе ў сьвядомасьці людзей. Трэба ўсьведамляць, што найглыбейшая лінія падзелу аддзяляе апаратчыкаў ПАРП ад астатняга грамадзтва. Гэта выклікана тым, што якраз апаратчыкі ажыцьцяўляюць уладу, прыціскаючы, эксплюатуючы і прыніжаючы ўсіх іншых. «Актывісты», «добранадзейныя» і «звычайныя людзі» зьяўляюцца таму аб’ектам адміністрацыі, якая знаходзіцца ў руках апаратчыкаў, і розьняцца паміж сабой тым, якую пазыцыю яны займаюць да ўладных вярхоў.

Найбольшае значэньне для будучыні мае група «маўклівай апазыцыі». Дзеля таго што ў пэрыяд сталінізму яна захавала жыцьцястойкасьць перад націскамі партыі, яна стала базай для пазьнейшых яўных апазыцыйных выступаў і для адроджанай актыўнай апазыцыі.

а) Супрацьлежнасьць пазыцый і мэтаў

Надыход сталінізму паклаў канец актыўнай апазыцыі. Неабмежаваную ўладу атрымала партыя.

ПАРП уяўлялася з пачатку маналітам, прынамсі для тых, хто пазіраў на яе звонку. Але пасьля пэўнага часу ў ёй пачалі выяўляцца адрозьненьні, а пасьля і спрэчкі ды бойкі паміж яе рознымі фракцыямі. Фракцыйныя міжусобіцы неўзабаве сталі важным элемэнтам разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Польшчы і застаюцца ім дагэтуль. Апрача таго, яны аказваюць уплыў на ўмовы, у якіх можа дзейнічаць аўтэнтычная апазыцыя. Таму трэба асэнсаваць іх сутнасьць, а таксама высьветліць, чым фракцыйная апазыцыя адрозьніваецца ад аўтэнтычнай незалежніцкай апазыцыі.

Бойкі паміж фракцыямі ПАРП вядуцца за тое, якая з фракцый атрымае мандат ажыцьцяўленьня ўлады ў Польшчы з рук СССР. Такім чынам, можна гаварыць аб фракцыі, што знаходзіцца ўва ўладзе, і аб фракцыі, што імкнецца да ўлады (апазыцыйнай). Але ня трэба сабе ўяўляць, што палажэньне гэтых фракцый аналягічнае ўрадавай бальшыні і апазыцыйнай меншыні пры парлямэнтарным ладзе. У партыі зусім інакш: усе фракцыі адначасна зьяўляюцца часткамі партыйнага і ўрадавага апарату, гаворка йдзе толькі пра тое, якія пасады яны займаюць і якімі зьяўляюцца іх рэальныя ўплывы. А менавіта, хто займае пасаду чальца Палітбюро, сакратара ЦК, хто трымае ў руках бясьпеку, цэнзуру і г.д. Чыімі людзьмі ёсьць першыя сакратары ў найважнейшых ваяводзтвах (Варшава, Сылезія). Таму фракцыйная барацьба ёсьць барацьбой за ўладу для чальцоў фракцыі. Перамогу ў гэтай барацьбе вызначаюць у апошняй інстанцыі саветы. Таму перамагае той, хто давядзе, што будзе служыць саветам найбольш верна і найбольш дзейсна. Навідавоку, што ніводная з гэтых партый ня ставіць пад сумнеў кіраўнічай ролі партыі і прынцыпаў пануючага ў Польшчы ладу. Усе фракцыі ПАРП хочуць утрымаць гэты лад, бо яны ўзьніклі зь яго і толькі ў ім могуць існаваць. Яны могуць адрозьнівацца выбарам сродкаў, якімі хочуць палепшыць, удасканаліць і ўзмацніць лад[25]. Такім чынам, фракцыйная апазыцыя ўнутры ПАРП ёсьць нечым зусім адрозным ад аўтэнтычнай незалежніцкай апазыцыі.



Аўтэнтычная апазыцыя палягае ў прыняцьці палітычнай пазыцыі і ў правядзеньні дзейнасьці, скіраванай супраць таталітарнага ладу (саветызму), які пануе ў Польшчы, супраць ПАРП, якая ў гэтым ладзе ажыцьцяўляе ўладу і супраць савецкай дамінацыі, якая забясьпечвае гэты лад. Як канцавую мэту яна ставіць сабе ліквідацыю пануючага ў Польшчы ладу[26]. Яе бліжэйшыя мэты — яго аслабленьне і тым самым абарона грамадзтва ад бяспраўя, уціску і эксплюатацыі з боку ўлады, якая рэпрэзэнтуе лад.

20

Гэты факт сьведчыць пра тое, што саветызм ня здолеў, аднак, прывесьці да такога разлажэньня і дэмаралізацыі грамадзтва, якое мела месца ў саветах (як гэта падае, напрыклад, Надзежда Мандэльштам у сваіх мэмуарах). У СССР, здаецца, толькі выняткі не былі «добранадзейнымі». У нас «добранадзейныя» зьяўляліся нязначнай меншынёй.

21

Нічога дзіўнага, што такі абсалютна ілжывы погляд заўсёды абвяшчала афіцыйная прапаганда. Але горш, што зь ім можна сустрэцца таксама і ў публікацыях, выдадзеных на эміграцыі. Напрыклад A. Michnik, Kościół, Lewica, Dialog, Paryż, 1977, str. 22/23 i J. Gross, «W dwadzieścia lat później», Aneks Nr. 13/14, str. 169. Безумоўна, нельга пакладацца на публікацыі з гэтага пэрыяду, выдадзеныя ў ПНР. Тыя, хто быў супраць рэжыму, папросту ня мелі права голасу.

22

«Скутыя розумы» Мілаша былі якраз пісьменьнікамі, якія сталі «актывістамі». Лічу, што кніга зусім не адбівае сапраўдны стан рэчаў. У накіненым Польшчы крайне прымітыўным марксізьме насамрэч не было нічога, што магло б прывабіць інтэлектуала. Крыніцай усёй зьявы быў страх і апартунізм.

23

Такім паўсюль і без пратэсту выкананым загадам быў, напрыклад, удзел у выбарах. Амаль ніхто не ўхіляўся ад яго, мяркуючы, што гэтым абсалютна нічога не дасягне і пры гэтым выкліча на сябе жорсткія рэпрэсіі.

24

Цікава было б акрэсьліць колькасны склад гэтых паасобных групаў. Дакуль адпаведныя апытаньні ня будуць праведзены, мы можам ацэньваць яго толькі на вока. Такая ацэнка прапануе наступныя лічбы: «апаратчыкі» — 1%, «актывісты» — 1%, «добранадзейныя» — 6–8%, «звычайныя людзі» (маўклівая апазыцыя) — троху больш за 90%. Гэтыя лічбы датычаць канца сталінізму. Цікава, наколькі яны зьмяніліся з таго часу.

25

Тэмай дадзенага нарысу ёсьць стасункі паміж уладай і аўтэнтычнай апазыцыяй. Таму я буду гаварыць аб фракцыйных змаганьнях унутры партыі роўна настолькі, наколькі яны маюць значэньне для аўтэнтычнай апазыцыі. Але гісторыя розных фракцый у ПРП і ПАРП заслугоўвае падрабязнага разгляду. Мы павінны больш ведаць пра кляны з Пулаваў і Натоліна, пра партызанаў і паліцэйскую фракцыю, пра дагматыкаў, рэвізіяністаў, дысыдэнтаў і шматлікіх іншых. Іх разборкі вызначаюць слабасьць ПАРП і таму зьяўляюцца для грамадзтва спрыяльнай акалічнасьцю.

26

Гэтая мэта можа сёньня падавацца недасяжнай. Гэта, аднак, ня значыць, што не выпадае яе сабе стаўляць. Незалежнасьці і дэмакратыі мы зможам дасягнуць некалі ў будучыні толькі тады, калі так і не замірымся з накіненым нам саветызмам.