Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 27 из 112

Навуку і вышэйшую асьвету было таксама пастаноўлена пераўтварыць на савецкі капыл. Вядома, наколькі важная кантынуальнасьць унівэрсытэцкай традыцыі. Таму акцыя была скіравана на тое, каб перапыніць гэтую традыцыю. Унівэрсытэты Сьцяпана Батуры і Яна Казімера можна было б перанесьці ў новыя месцы, захаваўшы, аднак, іх назвы. Але было зроблена наадварот: абодва ўнівэрсытэты былі зьліквідаваны і пасьля ўтвораны новыя. Аднаму зь іх потым была нададзена назва, якую цяжка вымавіць без канфузу (імя Б.Берута).

Праца ўсіх ВНУ была дэзарганізавана, іх аўтаномія зьліквідавана, і ў масавым парадку ўведзена пасада «намесьнікаў прафэсара» і асыстэнтаў зь ліку палітычных вылучэнцаў, а ранейшых прафэсараў пазбавілі катадраў. Некаторыя дысцыпліны, напрыклад, сацыялёгія, былі зусім ліквідаваны. Іншыя, такія, як грамадзкія навукі[16], былі абсалютна саветызаваныя. Паўсюль уведзены абавязковыя лекцыі марксізму-ленінізму ў яго вульгарнай савецкай форме.

Навуковыя таварыствы зь вялікімі традыцыямі — Польская акадэмія мастацтваў, Варшаўскае навуковае таварыства і Каса Мяноўскага — былі ліквідаваныя, а на іх месцы створана Польская Акадэмія Навук, арганізаваная і названая на савецкі ўзор. Не пашкадавалі нават сярэдніх школаў: шмат якія найбольш традыцыйныя сярэднія школы так і не былі адноўлены, каб немагчымай стала кантынуальнасьць іх традыцыі.

Надзвычай катэгарычна было парвана з традыцыяй польскай штодзённай прэсы. Калі зірнуць на прэсу сацыялістычнай Польшчы, то можна падумаць, што газэты пачалі выходзіць у Польшчы адно ў 1945 годзе. Выданьні, якія мелі традыцыю ў некалькі дзесяцігодзьдзяў ці нават большую за стагодзьдзе, не былі адноўленыя, і памяць аб іх зьнікае. Гэта можа падацца ня вельмі важнай справай, але гэта быў істотны элемэнт у адрыве Польшчы ад яе мінуўшчыны.

Іншым сымбалем традыцыі, вельмі дарагой палякам, былі назвы палкоў у Войску Польскім. У часе другой рэспублікі назвы палкоў пераважна вынікалі зь іх удзелу ў барацьбе за незалежнасьць у 1914–1920 гг., а некаторыя былі зьвязаныя з ранейшай традыцыяй, улучна з напалеонаўскімі войнамі. Усё гэта было адкінута, як ня згадвалася і пра ўдзел польскіх фармаваньняў у бітвах другой сусьветнай вайны на Захадзе. Патрабавалася, каб польская вайсковая традыцыя не сягала далей, чымся да бітвы пад Леніна.

Гэтая самая палітыка прадугледжвала ліквідацыю традыцыі польскага спорту. Назвы спартовых клюбаў, многія зь якіх існавалі ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, былі скасаваныя, а клюбы пераведзены на балянс розных галіновых прафсаюзаў і «адораныя» новымі дзіўнымі назвамі. Можна заўважыць, што ад гэтай якраз атакі на традыцыю ўлады ПНР пазьней адмовіліся. Відаць, таму, што лічылі гэтую галіну менш важнай за іншыя і што экзэкуцыя спартовых клюбаў выклікала ў лепшым выпадку ўсьмешку. Але ў іншых галінах вынікі палітыкі ломкі традыцыі так і не былі выпраўленыя.

Яшчэ адна галіна — гэта ліквідацыя ці недапушчэньне адраджэньня арганізацыйных формаў польскай эканомікі. Яна, вядома, вельмі пацярпела ў часе вайны, і ў новых умовах не магло быць і гаворкі пра вяртаньне да старых формаў. Але, напрыклад, каапэрацыя хутка адрадзілася і пачала эфэктыўна дзейнічаць. Былі таксама падрыхтаваныя новыя, уласныя канцэпцыі кіраваньня эканомікай. Усё гэта ПРП зьнішчыла, імкнучыся падпарадкаваць польскае жыцьцё савецкім узорам. Польскай эканоміцы была накінутая нядзейсная ў прынцыпе савецкая мадэль эканомікі, правакуючы яе неэфэктыўнасьць, якая мае месца дагэтуль. Троху пазьней была зроблена яшчэ спроба ажыцьцявіць палітыку калектывізацыі на вёсцы, шляхі якой добра вядомыя.

Асобнай увагі заслугоўвае палітыка ў дачыненьні да Царквы. Першапачаткова вельмі стрыманая, у меру прагрэсу саветызацыі яна станавілася ўсё больш ваяўнічай, прывёўшы ўрэшце да арышту кардынала Вышыньскага.

в) Ломка людзей

Не перастаючы зьнішчаць традыцыйныя формы польскага жыцьця, палітыка ПРП і ПАРП так жа бязьлітасна скіравалася супраць людзей, хочучы іх надламіць і змусіць да пакорлівасьці.

Некаторыя з захадаў гэтай палітыкі былі скіраваны супраць усяго насельніцтва Польшчы ці супраць вельмі вялікіх яго групаў. Іншыя былі спраставаныя на паасобныя, маргінальныя асяродкі ці нават на асобных людзей.



Вельмі шырокі дыяпазон набыла палітыка, якая мела на ўвазе пазбавіць людзей эканамічнай незалежнасьці. Гаворка тут не ідзе пра вялікія рэформы (сельскагаспадарчая рэформа 6 верасьня 1944 г. і нацыяналізацыя прамысловасьці 3 студзеня 1946 г.). Пры новым ладзе яны былі непазьбежнымі і тычыліся адносна невялікай колькасьці людзей. Але істотнае значэньне мелі самавольныя экспрапрыяцыі, якія на прыктыцы выйшлі далёка за межы адпаведных законаў. Дзякуючы гэтай практыцы сьвядома падрываліся падставы любой уласнасьці. Канфіскоўвалі фабрыкі і заводы, дзе працавала ўжо не пяцьдзясят, як прадугледжваў закон, а нават толькі пару работнікаў. Праўда, канфіскавалі ня ўсе прадпрыемствы. Гэта залежала ад таго, хто быў уласьнікам і як ён прыстасаваўся да «новай рэальнасьці». Такім чынам прышчапляўся страх і пакорлівасьць усім, хто хоць нечым валодаў.

Падобна было і з жылымі дамамі. Не было ўвогуле закону аб экспрапрыяцыі дамоў ці прыватных ды каапэратыўных кватэр. Але шмат зь іх было канфіскавана без магчымасьці апэляцыі. Уласьнікі дамоў, дзе арэндаваліся кватэры, страцілі сваю ўласнасьць іншым чынам. Жыхарам такіх дамоў дазволі жыць фактычна задарма, а ўласьніка абавязалі выплочваць вялікія падаткі за ўтрыманьне дому. Гэта прывяло да масавага адмаўленьня ад дамоў на карысьць дзяржавы.

Тыя, хто нечым валодаў, уяўлялі сабой меншыню насельніцтва. І таму каб давесьці ўсіх да ўзроўню галечы, была праведзена грашовая рэформа, якая пазбавіла вартасьці любыя ашчадкі. Узамен за ранейшыя «млынаркі» кожны атрымаў на галаву 500 новых злотых: гэтай сумай абмяжоўвалася яго маёмасьць. Адначасна быў устаноўлены вельмі нізкі ўзровень заробкаў, якія не адпавядалі рэальным выдаткам на жыцьцё. У дадатак на пачатку для ўсіх не было працы. Трэба яшчэ памятаць, што дзеелася ўсё гэта ў краіне, панішчанай немцамі і ваеннымі дзеяньнямі. Сьпіхваньне насельніцтва на дно галечы павінна было змусіць яго прасіць новую ўладу аб падтрымцы. Зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва ў першыя месяцы «народнай улады» было адным з эфэктыўнейшых спосабаў прымусіць яго да пакорлівасьці.

Спосаб функцыяваньня дзяржаўных органаў, якія ажыцьцяўлялі варожую да людзей палітыку, зьяўляўся яшчэ адным рычагом заняволеньня. Ніжэйшыя органы адміністрацыі былі ўкамплектаваныя проста пасьледкамі грамадзтва, фактычна звычайнымі жулікамі, якія паходзілі з самых маргінальных грамадзкіх слаёў, якія толькі можна было знайсьці ў Польшчы. Іх кіраваньне было адным шэрагам рабункаў і злоўжываньняў. Гэты досьвед ужо цяпер адыходзіць у забыцьцё, але варта яго прыгадаць, бо ён быў адным са сродкаў маральнага прыгнёту грамадзтва, і так цяжка змучанага вайной. Пасьля пэўнага часу сытуцыя пачала паступова выпраўляцца, бо ўлада зразумела, што гэта б скончылася ня толькі абрабаваньнем насельніцтва, але і раскраданьнем усёй дзяржаўнай маёмасьці. Аднак цалкам выкараніць злоўжываньні адміністрацыйнага апарату да сёньняшняга дня так і не ўдалося.

* * *

Апрача гэтых агульных сродкаў уціску, ужытых да ўсяго грамадзтва, некаторыя групы ды асобы сталі аб’ектам адмысловай увагі партыйных органаў, што праводзілі палітыку саветызацыі. Таму ўзяліся перадусім за тых, хто выяўляў патрыятызм і актыўнасьць, — за акоўцаў і жаўнераў узброеных сілаў на Захадзе, якія былі сымбалем барацьбы за незалежнасьць. Затым за людзей, якія першымі прыняліся за адбудоўчую працу. Ня толькі за дзеячаў разгромленых ужо партый, але і за беспартыйных, калі яны выяўлялі энэргію і самастойнасьць. І нарэшце за тых, хто некалі адзначыўся палітычнай заангажаванасьцю. Такім чынам, гэтыя катэгорыі людзей падазраваліся ў тым, што яны могуць распачаць нейкую дзейнасьць, супярэчную дырэктывам партыі.

Сярод сродкаў уціску трэба вылучыць фізычны тэрор і маральныя ды эканамічныя рэпрэсіі.

16

Аб саветызацыі эканомікі я пісаў у нарысе «Proces Centralnego Urzędu Planowania. — Relacja o początku stalinizmu w Polsce», Zeszyty Historyczne, Zeszyt 28, Paryż, 1974, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.