Страница 24 из 112
Узброеная барацьба пацягнула б за сабой далейшыя страты на полі бітвы і, безумоўна, таксама арышты й дэпартацыі. Пасьля стратаў, панесеных падчас акупацыі, гэта пагражала проста фізычнай ліквідацыяй усіх актыўных сілаў нацыі.
Нельга таксама было разьлічваць на якую-колечы падтрымку дагэтулешніх хаўрусьнікаў. Узброены супраціў саветам ня толькі не атрымаў бы прызнаньня ў ангельцаў і амэрыканцаў, але й немінуча сутыкнуўся бы з супрацьдзеяньнем і рэпрэсіямі як скіраваны супраць патэнцыйнага саюзьніка ў вайне зь Японіяй.
На практыцы палітыку ўзброенага супраціву пэўны час рэалізоўвалі «лясныя аддзелы». Аднак яны ня мелі падтрымкі звонку, і іхная барацьба лічылася безнадзейнай бальшынёй грамадзтва ў Польшчы. Пры гэткіх умовах узброенаму супраціву давялося згаснуць.
Гэта ўсё выдатна ўсьведамлялі як у Польшчы, так і ў польскіх асяродках у Лёндане, і таму палітыка ўзброенага супраціву саветам нідзе ня мела спаважных прыхільнікаў. Тады гэта была разважная і рэалістычная пазыцыя, і такой яе трэба прызнаць.
Другая канцэпцыя палягала ў прызнаньні існай сытуацыі нетрывалай у разьліку на пачатак трэцяй сусьветнай вайны паміж Савецкім Саюзам і яго нядаўнымі хаўрусьнікамі.
Практычная дзейнасьць бальшыні польскіх асяродкаў на Захадзе рэалізоўвала якраз гэтую канцэпцыю. Якраз зь яе вынікала імкненьне да затрыманьня на Захадзе пэўнага корпусу ўзброеных сілаў і павелічэньня яго палякамі, выселенымі ў заходнюю частку Нямеччыны, і надзвычай вялікай колькасьцю ўцекачоў. Лічылася, што лепей не вяртацца ў Польшчу, каб не памяншаць сілы, якія меліся арганізавацца на Захадзе для вызваленьня Бацькаўшчыны. З увагі на меркаваную кароткатрываласьць гэтай сытуацыі прызнавалася непатрэбнай арганізацыя якой-колечы апазыцыі ў Польшчы і падстаўляньне насельніцтва Польшчы пад рэпрэсіі з боку савецкага акупанта. Задача адтварэньня незалежнасьці аказвалася ў поўнай кампэтэнцыі палітычных асяродкаў, што існавалі на Захадзе, і рэгулярнай польскай арміі, якая б выступіла на баку заходніх дзяржаваў.
Пасьля столькіх гадоў ужо няма ніякага сумлеву, што канцэпцыя трэцяй сусьветнай вайны была абсалютна ўтапічнай, што гэта быў тыповы прыклад wishful thinking. Але трэба нагадаць, што й тады не было ніякіх перадумоваў для яе прыняцьця. Досыць было чытаць прэсу й размаўляць зь людзьмі на Захадзе, каб пераканацца, што ніводная з заходніх дзяржаваў не імкнецца да трэцяй вайны і не рыхтуецца да яе.
Аднак гэтая канцэпцыя прадвызначыла затрыманьне на Захадзе бальшыні тых палякаў, што знаходзіліся вонках Польшчы ў момант заканчэньня вайны. Яна дала пачатак масавай Незалежніцкай Эміграцыі, расьцярушанай па ўсім сьвеце. Уяўленьне, што якраз Эміграцыя павінна адыграць галоўную ролю ў некалі маючым адбыцца вызваленьні Польшчы, мела, аднак, адзін вельмі непажаданы насьледак: яно выклікала зьмяншэньне зацікаўленьня мэтраполіяй. Гэта неўзабаве прывяло да таго, што Эміграцыя перастала арыентавацца ў тым, што ў Польшчы дзяялася й дзеецца.
Трэцяя палітычная канцэпцыя палягала ў тым, каб прыступіць да легальнай апазыцыі пануючаму ў Польшчы рэжыму. З увагі на прынцыповае адмаўленьне ад шляху ўзброенай барацьбы і адсутнасьці шанцаў на трэцюю сусьветную вайну гэта быў адзіны шлях палітыкі, які даваў магчымасьці дзейнічаць на тэрыторыі Польшчы. Да яго прыняцьця схілялі й нашыя заходнія хаўрусьнікі. Спрэчкі й рознагалосьсі на гэты конт агульнавядомыя, і няма патрэбы да іх вяртацца. Зразумелыя таксама палітычныя й пачуцьцёвыя засьцярогі, якія трэба было пераадолець перад прыняцьцём рашэньня ў гэтай справе. Не беспрычынна існавалі таксама сумлевы ў дзейснасьці гэткай палітыкі. Таксама варта нагадаць, што па сутнасьці гаворка йшла аб рашэньні ці спрабаваць стварыць легальную апазыцыю, ці застацца ў бязьдзейнасьці. Ці выкарыстаць існуючы шанец, хоць няпэўны, ці адкінуць яго нават бяз спробы. Спробу гэтую, як вядома, зрабіў Мікалайчык.
а) Пачатак апазыцыі й пачатак аднаўленьня
27 траўня 1945 году была выдадзеная адозва Ўпаўнаважанага Ўраду і Прадстаўніка Ўзброеных Сілаў у Польшчы, якая заклікала закончыць узброеную барацьбу і прыступіць да працы над аднаўленьнем краіны[6]. Аўтар адозвы адразу атрымаў спантанную і паўсюдную падтрымку ўсёй нацыі[7]. Ён ня толькі стаў кіраўніком партыі (PSL*), якая ўзначаліла легальную апазыцыю, але зрабіўся сымбалем супраціву саветам. Зь яго ўваходам ува ўрад грамадзтва зьвязвала надзеі на падтрымку заходніх хаўрусьнікаў і на магчымасьць утрыманьня незалежнасьці, нягледзячы на прыналежнасьць Польшчы да савецкай зоны ўплываў.
Падтрымка Мікалайчыка была натуральным вынікам таго, што польскае грамадзтва ў цэлым было настроена супраць новай улады, устаноўленай саветамі і Польскай рабочай партыяй. Гэта гістарычны факт вялікага значэньня, які пануючы рэжым у Польшчы заўсёды стараўся стаіць і сфальшаваць.
Надзеі, абуджаныя прыездам Мікалайчыка, сталі імпульсам, каб паўсюдна распачаць працу над адбудовай. Зьявілася вера, што нягледзячы на ўсё можна будзе арганізаваць у Польшчы нейкае нармальнае жыцьцё. І сапраўды, у шмат якіх галінах неўзабаве адбыліся сур’ёзныя пазытыўныя зьмены, выкліканыя тым, што да працы прыступілі кваліфікаваныя работнікі.
Ня трэба, аднак, думаць, што гэтая стваральная праца азначала перамену грамадзкай думкі ў кірунку падтрымкі рэжыму (дарма што афіцыйная прапаганда якраз так намагалася гэта прадставіць). Настрой грамадзтва можна было б выказаць наступным чынам: «Нягледзячы на савецкі рэжым у Польшчы, яе трэба адбудаваць. Толькі мы можам гэта зрабіць. Трэба старацца, каб нам у гэтым найменш перашкаджалі».
Гэтую стваральную працу ў рамках «існуючай рэчаіснасьці» ўлада палічыла, безумоўна, за карысную для сябе зьмену. Яна, бясспрэчна, азначала, што польскае грамадзтва адышло ад альтэрнатывы ўзброенага супраціву. Зь іншага боку, яна мела для ўлады і нэгатыўныя насьледкі. Шмат галін жыцьця (адміністрацыя, эканоміка, культура) фактычна былі апанаваныя людзьмі з традыцыйна польскай пазыцыяй, якія, праўда, адкрыта не супрацьстаўлялі сябе ўладзе, але мелі сваю ўласную думку аб шмат якіх справах і на практыцы дзейнічалі па сваім сумленьні. З прычыны слабасьці ўласнага апарату партыя мусіла пакуль зносіць такі стан рэчаў.
б) Шматпартыйнасьць: уявы і сапраўднасьць
Лад, уведзены ў Польшчы саветамі, прадугледжваў існаваньне некалькіх палітычных партый. Гэта была ўяўная і часовая саступка саветаў перад заходнімі хаўрусьнікамі — яшчэ адзін спосаб схаваць сапраўдную сутнасьць накінутага Польшчы ладу. Аднак у момант абуджэньня апазыцыі ў Польшчы існаваньне партый набыло асаблівае значэньне. Як іх роля, так і матывы, дзеля якіх людзі ўступалі ў іх, заслугоўваюць увагі[8].
Сярод існуючых тады шасьці палітычных партый[9] трэба вылучыць тры катэгорыі. Першая — гэта ПРП i SL*. У гэтых дзьвюх партыях сытуацыя была абсалютна ясная. ПРП была прадстаўніком саветаў у Польшчы, а НП — філіяй ПРП на абшары вёскі. Другая катэгорыя — гэта Польская сацыялістычная партыя, Дэмакратычная партыя і Партыя працы, усе тры ў прынцыпе супрацоўнічалі з ПРП. Трэцяя — гэта ПНП, яўна апазыцыйная партыя.
* * *
У ПНП уступалі тыя, хто наважваўся на яўную апазыцыйную дзейнасьць. Магло б здавацца, што ўдзел Мікалайчыка ўва ўрадзе азначаў, што яго партыя належыць да кіруючай бальшыні, а не да апазыцыі. Прынцыпы, абавязковыя для парлямэнтарнай сыстэмы, ня мелі, аднак, ніякага значэньня ў сытуацыі, якая існавала тады ў Польшчы. Мікалайчык сапраўды быў віцэ-прэм’ерам, але яго партыя стала асяродкам, вакол якога засяродзіліся ўсе сілы, скіраваныя супраць рэжыму, улучна нават з рэшткамі нелегальнага ўзброенага руху супраціву. З пачатку Мікалайчык паставіў сабе задачу стварыць і ачоліць палітычную апазыцыю. На рэфэрэндуме ў чэрвені 1946 году і выбарах у студзені 1947 г. ПНП заняла пазыцыю, адрозную ад Польскай рабочай партыі і іншых падпарадкаваных ёй партый. Мы ніколі не даведаемся пра сапраўдныя вынікі рэфэрэндуму і выбараў. Пануе, аднак, паўсюль перакананьне, што вынікі абодвух галасаваньняў былі сфальшаваныя і што па сутнасьці ПНП выйграла ў абодвух выпадках са значным адрывам.
6
Тэкст адозвы: S.Korboński, W Imieniu Rzeczypospolitej, Londyn, 1964, str. 410–411.
7
Трэба зразумець, што пачуцьцё ў Польшчы тады было такім: «Мы засталіся сам-насам зь лютым і хітрым захопнікам. Нам зусім не дапамаглі ні магутная Амэрыка, ні пераможная Англія, ні наша войска, ні ўрад і дыпляматы, што мелі доступ да ўсіх вялікіх гэтага сьвету. Яны пакінулі нас адных. Адзін Мікалайчык хоча разьдзяліць наш лёс і нам дапамагчы — можа нават атрымае для нас нейкую падтрымку Амэрыкі і Англіі». Нічога дзіўнага, што прыезд Мікалайчыка выклікаў выбух энтузіязму, што на ім засяродзіліся ўсе надзеі.
8
На гэтую тэму напісана вельмі мала. Я б вельмі хацеў, каб мая спроба палітычнай інтэрпрэтацыі гэтага істотнага пытаньня стала пачаткам дыскусій і зацікаўленьня гісторыкаў гэтым пэрыядам.
9
Не падаю тут генэзы гэтых партый, мяркуючы, што гэта ў прынцыпе вядомыя рэчы.