Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 112



Паслоўе перакладніка

Уплыў, які аказаў на філязофію і тэалёгію XX ст. гэты мысьліцель, цяжка пераацаніць. Гэтаму паспрыяла ў тым ліку і шырыня зацікаўленьняў філёзафа, у сфэры якіх апынуліся гісторыя, тэорыя і сучасны стан, асноўныя праблемы і тэндэнцыі разьвіцьця лёгікі (гэтай тэме прысьвечаны цэлы шэраг працаў, сярод якіх выразьнім наступныя: «La Logique de Theophaste» (1939), «Precis de la logique mathematique» (1948), «Ancient Formal Logic» (1951), «Formale Logik» (разам з А. Мэнэ, 1956), «The Logic of religion» (1956, польскі пераклад — «Logika religii» — быў апублікаваны ў 1990 г.), «Grundriss der Logistik» (1973), гісторыя і актуальныя пытаньні філязофіі («Europische Philosophie der Gegenwart» (1947), «Wege zum philosophischen Denken» (1959, польскі пераклад — «Ku filozoficznemy myśleniu» — зьявіўся ў 1986 г.), «Zarys historii filozofii» (1993), мэтадалёгія філязофіі і навукі («Die zeitgenцssene Denkmethoden» (1954), «Contributions оf Logic and Methodologic» (1965, у кнізе зьмешчана найпаўнейшая бібліяграфія твораў Бахеньскага).

Бахеньскі праводзіў дасьледаваньні антычнай і сярэднявечнай лёгікі, у якіх ужываў мэтады і фармальныя сродкі, распрацаваныя Янам Лукасевічам. Але ў якасьці найважнейшага заданьня філязаф разглядаў стварэньне «сынтэтычнага» мэтаду філязафаваньня, у працэсе чаго трэба зьвярнуцца да элемэнтаў дактрыны нэапазытывізму, фэнамэналёгіі і аналітычнай філязофіі.

Нельга, мабыць, адназначна сьцьвярджаць, што мысьліцель заўсёды адчуваў сваё філязафічнае пакліканьне. Так, у 1920–1926 гг. ён вывучае права і эканоміку ўва ўнівэрсытэтах Альбава і Познані. У 1927 г. Бахеньскі ўступае ў закон дамініканаў і толькі годам пазьней пачынае вывучаць філязофію ў Фрыбургу (Швайцарыя). У 1931 г. Бахеньскі атрымлівае ступень доктара ў галіне філязофіі і наступныя чатыры гады прысьвячае вывучэньню тэалёгіі ў Папскім унівэрсытэце «Collegium Angelicum», скончыўшы яго напісаньнем доктарскай дысэртацыі. У 1935–1940 гг. ён робіць прафэсарам лёгікі ў «Collegium Angelicum», а таксама часова выкладае ў Кракаўскім унівэрсытэце (1938). Падчас падзеяў другой сусьветнай вайны Бахеньскі — капэлян польскага войска на фронце. Пасьля ўстанаўленьня на бацькаўшчыне прарасійскага сталінскага рэжыму філёзаф быў прымушаны застацца на Захадзе: ён выконвае функцыі прафэсара ўва ўнівэрсытэце Фрыбургу, у 1950–1952 гг. — абавязкі дэкана аддзяленьня філязофіі, а ў 1964–1966 гг. — рэктара. У 1966 г. унівэрсытэт Notre Dame (Індыяна) надае вучонаму дактарат honoris causa правазнаўчых навук. Бахеньскі актыўна супрацоўнічае з унівэрсытэтамі Notre Dame, Каліфорніі, Канзаса, Эдмантана. У 1961–1962 гг. — дырэктар Усходняга коледжу ў Кёльне. Творы Бахеньскага перакладзены на бальшыню эўрапейскіх моваў.

І апошняе, на што немагчыма не зьвярнуць увагі. На працягу ўсяго свайго творчага шляху філёзаф рэзка выступаў супраць філязафічных падставаў марксізму, разгляданага ім як пазбаўленая навуковага ўгрунтаваньня вера. Бахеньскі выступіў укладальнікам сэрыі выданьняў, прысьвечаных гэтай праблематыцы («Bibliographie der sowjetischen Philosophie» (1959), «Studies in Soviet thought» (1958), а таксама аўтарам фундамэнтальных дасьледаваньняў («Die dogmatischen Grundlagen der sowjetischen Philosophie» (1959), «Diamat» (1961), «Marksismus-Leninismus» (1976).

У прапанаваным чытачовай увазе тэксьце Бахеньскі разглядае пытаньні, якія павінна ізноў паставіць сёньняшняя тэалёгія. Ён аналізуе дзьве так званыя «асноўныя ідэі», сярэднявечную і асьветніцкую, а таксама актуальныя сёньня сьветапоглядныя канцэпцыі, што існуюць у нашым культурным колe. Абедзьве яны, на думку аўтара, састарэлыя і не адпавядаюць рэальнасьці. Такім чынам, на парадку дня зьяўляюцца заданьні «прадуманьня нанова» нашага сьветапогляду, што і неабходна неадкладна зрабіць.

Зьбігнеў Бжазіньскі*

Агонія камунізму

Фэномэн камунізму мае рысы гістарычнай драмы. Народжаны зь нецярплівага ідэалізму, які адкідаў несправядлівасьць ранейшага ладу, камунізм жадаў лепшага, больш гуманнага грамадзтва — але спарадзіў масавы прыгнёт. Ён быў адлюстраваньнем аптымістычнай веры ў сілу розуму, здольную пабудаваць дасканалае грамадзтва. Ён мабілізаваў наймагутнейшыя пачуцьці — чалавекалюбства і нянавісьць да прыгнёту — у імя маральна абгрунтаванай грамадзкай мэханікі. Ён заваяваў некаторыя сусьветна ведамыя розумы і некаторыя найбольш ідэйныя сэрцы — і нягледзячы на гэта прывёў да некаторых найгоршых злачынстваў гэтага, роўна як і якога-колечы іншага стагодзьдзя.

Апрача гэтага, камунізм рэпрэзэнтаваў няўдалую спробу поўнай рацыяналізацыі грамадзкага жыцьця. Ён меркаваў, што пісьменнае, палітычна сьведамае грамадзтва можа пачаць кантраляваць грамадзкае разьвіцьцё, накіроўваючы соцыяэканамічныя ператварэньні да наперад закладзеных мэтаў. Гісторыя тады была б ужо не спантанным, у вялікай меры выпадковым працэсам, а снадзівам калектыўнага інтэлекту і маральных мэтаў чалавецтва. Такім чынам, камунізм жадаў шляхам арганізаваных захадаў гарманійна спалучыць палітычны рацыяналізм з грамадзкай маральнасьцю.



Аднак на практыцы празьмерная вера ў чалавечы розум, схільнасьць, свомая зацятым змаганьням за ўладу, ператвараць дыскусійныя гістарычныя ацэнкі ў дагматычныя аксыёмы, лёгчыня, зь якой маральная крыўда выраджаецца ў перакананую ў сваёй апраўданасьці палітычную нянавісьць, і, асабліва, ленінскае спалучэньне марксізму з адсталай аўтакратычнай традыцыяй Расіі — усё гэта адмяніла марксізм у снадзіва палітычнага прыгнёту, выяўна супярэчнага зь ягонымі собскімі маральнымі матывацыямі.

Камунізм знаходзіцца сёньня ў стане ўсеабсяжнага крызысу, як у сэнсе ідэалёгіі, так і сыстэмы. Памеры гэтага крызысу із значнай відавочнасьцю можна ўбачыць у сьвятле пяцёх важных працэсаў:

1. У вачох камуністых на ўсім сьвеце савецкі досьвед — ужо не прадмет культу — з гэтага моманту павінен не пераймацца, а адмаўляцца. Такім парадкам, камунізм цяпер ня мае практычнага ўзору, якому маглі б насьледаваць іншыя.

2. У Савецкім Саюзе невырашальная дылема камуністычнага ладу замыкаецца ў тым, што эканамічнае разьвіцьцё магчымае толькі за кошт палітычнай стабільнасьці, тымчасам як палітычную стабільнасьць можна ўтрымаць адно коштам эканамічнага заняпаду.

3. Ува Ўсходняй Эўропе згубнай заганай камунізму ёсьць партыйная манаполія на ўладу, прычыны якой замыкаюцца ў савецкім дамінаваньні. Сёньня, калі мінулася сорак гадоў пасьля навязваньня камунізму, элімінацыя як чужога, так і партыйнага дамінаваньня паўсюль разглядаецца як абавязковая папярэдняя ўмова грамадзкага адраджэньня.

4. У Кітаі ідэалягічная дыфузія камунізму будзе цаной эканамічных посьпехаў. Сучасны Кітай, мабыць, увойдзе ў дваццаць першае стагодзьдзе яшчэ пад уладай камунізму, але гэта будзе не камуністычны Кітай.

5. Эра маналітнага камуністычнага руху ў сьвеце, пабудаванага на супольным веравызнаньні, адышла ў невараць. У сярэдзіне восемдзясятых гадоў наступіў канец ідэі руху камуністычных партый, аб’яднаных дактрынай і дзейнасьцю.

Разам узятае, усё гэта ня толькі азначае паўсюдны крызыс камунізму, але й вястуе ягоны заняпад як уплывовай, палітычнай і ідэалягічнай сілы ў сучасным сьвеце. Гэты крызыс знаходзіць цяпер выяўленьне ўва ўзрастаючых грамадзкіх узрушэньнях, спрычыненых благім станам эканомікі ў камуністычных дзяржавах, а таксама ў страце даверу да самой дактрыны камуністычнымі ўладнымі элітамі. У камуністычных краінах пагляд, што сацыялізм рэпрэзэнтуе нейкі больш дасканалы грамадзкі лад, або стаў ужо зусім дыскрэдытаваным, або трактуецца з усё большым скептыцызмам. Апрача гэтага, сусьветны камунізм ня можа ўжо прапанаваць такой грамадзкай мадэлі, якая б паслужыла арыенцірам на будучыню.