Страница 7 из 15
Маёр загадаў мне выпiць вады i павёў у камеру, каб разам паглядзець, цi застрэлiў я вялiкага немца. Ён ляжаў пры самых дзвярах i, напэўна, ужо i не дыхаў, але маёр узяў мой пiсталет i стрэлiў немцу ў патылiцу. Мяне ўсяго закалацiла, пачало курчыць, скручваць, ванiтаваць... Прахапiўся я толькi ў шпiталi. Да мяне яшчэ, дзякуй Богу, жаўтуха прыляпiлася. Вось мяне i адпусцiлi.
Чэсь уставаў з-за стала, казаў, што паўгадзiнкi паляжыць на канапе, i спаў да ранiцы. А баба Ядзя хадзiла праз гароды да Чэсевай жонкi, каб сказаць, што ён спiць у нас. Чэсева Алена прасiла перадаць, каб ён ранiцай абавязкова забег дадому.
Перад працаю Чэсь заходзiў дамоў, каб пагалiцца ды выслухаць жончыны нараканнi.
Не ведаю дакладна, як называлася пасада, якую займаў Чэсь Александровiч, але ў Койданаве яго называлi галоўным гандляром. Пасля войска Чэсь атрымаў мiрную, як ён гаварыў, прафесiю эканамiста. Маючы здольнасцi ў такой даволi складанай навуцы, як местачковы гандаль, ён, у дадатак, не краў. А калi галоўны гандляр не крадзе, то i прадаўшчыцы з кладаўшчыкамi пабойваюцца многа выносiць. I таму на Чэсева пахаванне выйшла ўсё Койданава, каб правесцi паважанага чалавека ў апошнi шлях. Многiя плакалi, многiя шэптам успамiналi добрыя часы, калi ў крамах шмат чаго было, бо Александровiч не даваў красцi i перапрадаваць даражэй.
Перад смерцю Чэсь доўга хварэў. Ён памёр у мiнскай лякарнi, у палаце, дзе за тыдзень да яго адышоў на вечны спачын легендарны мiнскi разьбяр Кастусь Сарока. Чэсь памёр ад рака, якi спачатку ўбiўся ў страўнiк, а потым так засушыў дзядзьку, што я, прынёсшы перадачу, ледзь пазнаў яго. З гожага i дужага мужчыны Чэсь, не раўнуючы ваўкалак у паданнях, перакiнуўся ў сухенькага дзядка. Скура на ягоных руках так зжоўкла i патанчэла, што я, пацiскаючы iх, баяўся, каб прывiтанне не абярнулася болем.
— Не пазнаў адразу? — дзядзька Чэсь павёў даланёю па выцвiлай, шарай, як мышыная спiна, пiжаме.
Не паспеў я адказаць, бо ўглядаўся ў змораны твар i згадваў густыя кудзеры, замест якiх над высокiм iлбом адсвечвалi сiвiзною рэдкiя, нiбыта чужыя, валасы.
— Не пазнаў i не пазнаў. Нiчога страшнага. Мяне, калi з Германii вярнуўся, таксама не пазнавалi. Толькi тую вайну я выйграў, а гэтую прайграю.
— Тут шакалад i часопiсы новыя...
— Непрыемна тут, у бараку. Хворыя людзi. Пiжамы. Тапкi. Так што, iдзi на сонца. Сягоння сонца. Цёпла...
Мы развiталiся. Я вярнуўся дамоў i па памяцi намаляваў партрэт чалавека, хворага на рак. Тады згадалася i сякера пад райскай яблыняю, i Чэсеў аповед пра партызанаў.
— Цэлы тыдзень я толькi рабiў, што бульбу абiраў. Да мяне прыглядалiся. Зброi не давалi. А я не рваўся, як другiя, да зброi. Быў упэўнены, што дадуць. I далi, паклiкалi да камандзiра i паказалi дзве вялiзныя супрацьтанкавыя мiны. Загад быў просты, як гэтыя граблi, — Чэсь пастукаў старымi граблямi ў зямлю, — узарваць чыгунку пад Негарэлым. Я з Наркевiчам сеў на воз i паехаў, а конь трапiўся наравiсты: то ён пабяжыць, а то i стане. Чорт, не конь. Нават як яго зваць, нiхто не ведаў. Прыехалi мы пад Негарэлае, каня ў лесе пакiнулi, а самi папаўзлi да адхону. Я адно па баках пазiраў, а мiны ставiў Наркевiч, ён быў мастак на такiя спрыты. Прыпаўзлi мы назад у лес, там на воз i ўцякаць. Кiламетраў з пяць ад'ехалi i пачулi выбух. Тут Наркевiч як закрычыць на ўвесь лес: "Спрацавала! Спрацавала!" А мне i няўцям, адкуль столькi радасцi. Выехалi мы з лесу на поле, а за полем вёсачка невялiкая, двароў дзесяць. Едзем праз поле i бачым, як з канцавой хаты людзi выходзяць i да нас iдуць. Я адразу i не зразумеў, што гэта казакi, якiх немцы супраць партызанаў па вёсках пасялiлi. Тут яны пачалi страляць па нас. Наркевiч з падводы саскочыў i напрасткi праз жыта ў лес паляцеў. Па мне страляюць, а я каня разварочваю, думаю, нельга ж дзяржаўнага каня пакiдаць, ну i воз таксама. Тут конь спудзiўся. Лейцы напялiся. Стаю на возе, а конь ляцiць, як шалёны. У лес ускочылi. Колы скачуць па карэннях, як не разваляцца. Я каня спынiць не магу. Заб'юся, круцiцца ў галаве, далiбог, храснуся аб якое дрэва. Нёс ён мяне па дарозе, пакуль тая не павярнула. Дарога ўбок завярнула, а конь проста па лесе паляцеў. Ён памiж соснаў праскочыў, а воз захрас. Ну, а я праз галаву i ў папараць. Прахапiўся, агледзеўся — цiха. Абмацаў сябе — цэлы. Толькi вялiкi палец на правай назе балiць. Устаў. Распрог каня. Воз адкацiў. Паглядзеў, даедзе — думаю. Запрог чорта наравiстага i павёў, кульгаючы, на дарогу. А калi прыехаў i нарэшце зняў чаравiк, дык палец мой быў крывы, распухлы ды чорны. Да фельчара прычыкiльгаў, а ён глянуў i кажа, што трэба адрэзаць. А я рады, што вярнуўся дый казакi не застрэлiлi. "Рэж! — кажу. — Лiха яго бяры". Прывязалi мяне рамянямi да стала, далi самагону выпiць. Наркевiч трымаў, а фельчар рэзаў. А ты малюй сякеру, не сядзi склаўшы рукi, малюй.
Стась адсядзеў больш за дваццаць гадоў па розных турмах i вярнуўся ў Койданава. Адны казалi, што ён вырашыў завязаць са сваiм мiнулым жыццём; другiя пераконвалi, што Стасю забаранiлi жыць у Мiнску, таму ён вымушаны быў наведацца ў пахiлены дамок сваiх родных сясцёр. Хутчэй за ўсё, мелi рацыю апошнiя, бо здарэнне, якое скаланула Койданава праз некалькi дзён, давяло ўсiм, што завязваць Стась не збiраўся.
Юзэфа ды Канстанцыя сустрэлi брата насцярожана, але бутэльку на стол паставiлi i ложак паслалi.
Сёстры, пэўна, падумалi, што ўсё ад Бога i калi наканавана iм на старасцi гадоў жыць з неспакойным братам, значыць, так яно трэба Усявышняму. Яны працавалi ў царкве: прыбiралi, гандлявалi свечкамi i абразкамi, мялi двор. Апраналiся сёстры ва ўсё чорнае, i таму койданаўскiя дзецi пабойвалiся i не любiлi Юзэфу ды Канстанцыю. Хто iх ведае, гэтых згорбленых старых у жалобных хустках i доўгiх спаднiцах?!
Стась выпiў гарэлкi, павячэраў i, падзякаваўшы сёстрам, пайшоў пад клуб.
Была летняя субота, i пры клубе ладзiлi танцы. Цёплымi вечарамi койданаўская моладзь танцавала ў высокай, не пералезцi, сятчастай загарадцы. Дзецi ў загарадку не iшлi, грошай на бiлет не было, таму заставалася адно назiраць праз сетку. Старэйшыя людзi таксама паглядалi на танцораў праз сетку. Стась пайшоў пад загарадку i стаў, склаўшы рукi на грудзях. На пляцоўцы гучаў вальс.
— Гэй, стары, можа цыгарэты маеш? — з цемры да Стася падышлi п'яныя хлопцы. Iх было трое. Адзiн высокi, хударлявы, двое нiжэйшыя, вельмi падобныя, толькi апранутыя па-рознаму. На адным усё было цёмнае, а на другiм — белая кашуля ды васiльковыя, ажно свяцiлiся, нагавiцы-клёш.
— У мяне папяросы, — Стась выцягнуў з кiшэнi i паказаў пачак "Севера" з сiнiм, нiбыта вытатуiраваным на пачку сонцам.
Праз два днi пра гэты пачак "Севера" загаварыла ўсё Койданава. А высокi i хударлявы Юрка Зiнкевiч дрыжачым голасам апiсваў тое здарэнне так:
— Лёнiк пашыў сабе васiльковыя клёшы. Падзея. Вырашылi замачыць нагавiцы, каб доўга насiлiся. Узялi чарнiла i пайшлi пад клуб, на сквер. Селi на лаўку пад помнiкам Дзяржынскаму ды пацiху выпiлi ўтрох дзве семсотграмоўкi. Сядзiм, кайф ловiм. Нi з таго нi з сяго Лёнiку закарцела цывiльную цыгарэту закурыць. Пашыў сабе нагавiцы файныя, паўлiтра вiна выпiў, а яму яшчэ i цыгарэту з фiльтрам падавай. У мяне "Прыма", а ў Базыля — "Беламор". Пайшлi мы пад загарадку, каб у каго стрэсцi па цыгарэце. Бачым: стары дзядзька, незнаёмы, пасярод дзяцей стаiць рукi склаўшы. Каб жа хто з нас у тым старым Стася Ажгiровiча пазнаў, мы б яго за тры вулiцы абышлi. А так стаiць сабе стары i незнаёмы. Чаму ў яго не запытацца пра цыгарэты? Лёнiк i папрасiў у Ажгiровiча цыгарэту, i той пачак "Севера" паказаў. Лёнiк раззлаваўся так, нiбыта ў старога ўсе кiшэнi замежнымi цыгарэтамi набiтыя, а ён нам смярдзючыя папяроскi падае. "Ты мне, сiвы казёл, цыгарэту дай, а не папяросу. Цi, можа, ты не дачуў? Дык зараз вушы прачышчу i рогi паабломваю!" — Лёнiк вакол Ажгiровiча заскакаў, як той певень вакол курыцы. А Стась стаiць, i хоць бы хны. "За "казла" магу i зарэзаць, смаркач паганы!" — цiха так сказаў Стась, а ў мяне ажно мурашкi па спiне пад нейлонавай кашуляй пабеглi. А Лёнiк на яго як кiнецца, з ног збiў i давай-давай чаравiкамi мясiць. Тут i Базыль дапамог. А Стась адно галаву рукамi закрыў, скурчыўся, павалiўся i як нежывы стаў, далiбог. А гэтыя месяць i месяць.