Страница 8 из 32
Зьнесьцi маю рэч у падсобку магла й афiцыянтка — плюгкая кабета з пляскатым тварам, на якiм бялеў плястыравы крыжык. Цi то нехта ўдарыў пад вока, цi то ўскочыў якi струп, i яго схавалi пад плястыр? Такiх жанчын звычайна называюць не па iмю й не па прозьвiшчы, а па бацьку — Іванаўна, Пятроўна, Сiдараўнаѕ У яе славянскiм паходжаньнi сумневаў не было. Шырокi твар з носам-бульбiнаю, маруднасьць у рухах, адсутнасьць ветлiвасьцi й глыбока-глыбока схаваная душа бутлегера. У такiх цётак п’яныя мужчыны пытаюцца пра гарэлку ды вiно, i ў iх амаль заўсёды знаходзiцца апошняя пляшка за падвойны кошт. Калi для прафэсii бутлегера адшукаць самую адпаведную нацыянальнасьць, дык, напэўна ж, гэта будзе расеец. І мяне заўсёды дзiвiла, што ў амэрыканскiх фiльмах пра часы вялiкага эканамiчнага крызысу трыццатых гадоў усе бутлегеры былi падобныя да расейцаў ня вопраткаю й нават ня тварамi, а бясконцым жаданьнем выпiць самому ды напаiць усiх астатнiх. Калi кошт майго парасона з канвэртаванай валюты перавесьцi ў саракаградусную вадкасьць, атрымаецца лiтар, а то й паўтара. Так што афiцыянтка магла зрабiць рызыкоўны крок.
І калi я задаў сабе звычайнае ў такiх умовах пытаньне — хто ўкраў? — дык адразу й зразумеў, што кожны, хто сядзеў са мной за стойкай i пiў каву, мог бы гэта зрабiць. Так заўсёды, зробiць адзiн, а падазраеш многiх.
Мне дапамог часопiс «Alter ego»: калi я праглядаў таблiцы з рысамi латыскага характару, дык раз-пораз паглядаў на прысутных i спрабаваў разгледзець гэтыя рысы на iхных тварах.
Праваруч ад мяне, у слаба асьветленым кутку, сядзела пара латыскiх гiпi ў зношаных джынсовых марынарках, паабчапляных самымi неверагоднымi значкамi ад вялiкiх плястмасавых пацыфiкаў да рабiнавых партрэцiкаў Ленiна й алюмiневых зорачак. У прыхiльнiкаў вольнай любовi былi доўгiя й бляклыя твары, падобныя да кветак, што вырасьлi ў ценю саборнай вежы. Іх вочы былi шырока расплюшчаныя й мелi вельмi слабую рэакцыю на праявы навакольнага сьвету. Я мог бы паспрачацца, што не прайшло й гадзiны, як гэтая парачка выпалiла апошнюю папяросу з марыхуанай. Гiпi мелi вельмi iнтэрнацыянальны выгляд са сваiмi доўгiмi валасамi, перахопленымi на патылiцах скуранымi раменьчыкамi, замаўлялi каву яны па-латыску. Як сыйшлi гiпi, я ня бачыў, таму выключыць iх са сьпiсу падазроных ня мог.
Поруч з гiпi займалi стойку два старыя латышы. Яны пiлi толькi каньяк i, пэўна, успамiналi сваё марское мiнулае, бо адзiн зь iх меў вялiкiя бакенбарды, а ў другога на левай руцэ сiнеў вытатуяваны якар. Са станоўчых рыс, што падавалiся ў псыхалягiчным часопiсе, iм больш за ўсё адпавядала трываласьць. Але й iх можна было западозрыць. Адкуль у сучасных пэнсiянэраў грошы на каньяк, калi паўсюль толькi й гавораць, што ўсе старыя людзi пасьля павелiчэньня цэн апынулiся за рысаю беднасьцi?
Памiж мной i пэнсiянэрамi сядзела пяцiдзесяцiгадовая дробненькая жанчынка ў таннай паркалёвай сукенцы. Ёсьць такi тыпаж латыскiх жанчын, якiх я называю «Агаты». Вонкава яны нагадваюць эмансыпаваных прыхiльнiц ханжаскiх ангельскiх нораваў вiктарыянскай эпохi, вядомых сярод стваральнiкаў выдуманых прыватных дэтэктываў. Але зазвычай латыскiя Агаты працуюць у гатэлях прыбiральшчыцамi цi пакаёўкамi, зьбiраюць i здаюць парожнiя пляшкi, што застаюцца ў нумарах пасьля адпачыньнiкаў. А на заробленыя грошы дазваляюць сабе трыццаць грамаў каньяку, пiрожнае й падвойную каву бяз цукру. Такiя клянуць маральную дэградацыю моладзi й сэксуальную распуснасьць, а калi нiхто ня бачыць, яны засоўваюць ва ўласную валiзку забытую адпачыньнiкам кашулю. Мой чорны, у сваiм аскетызьме нечым ангельскi, парасон мог спадабацца такой Агаце.
Леваруч ад мяне маладая цяжарная жанчына кармiла марозiвам белатварага хлопчыка. Ён еў марудна, i жанчына, было чуваць з iнтанацыi, прысьпешвала дзiця. У старым мэдычным часопiсе я аднойчы прачытаў вялiкi артыкул пра клептаманiю, цэлы разьдзел там прысьвячаўся цяжарным жанчынам. Дасьледчык пераканаўча й са шматлiкiмi прыкладамi даводзiў, што многiя жанчыны падчас цяжарнасьцi дазваляюць сабе браць чужое. Цяжарныя жанчыны параўноўвалiся з птушкамi, якiя будуюць гняздо. Атрымлiвалася, што й безабаронная мацi з хлопчыкам, хай i несьвядома, але ж магла зьнесьцi з кавярнi парасон.
За цяжарнай жанчынаю смакавалi марозiва дзьве пастэльныя дзяўчыны. У асяродзьдзi латыскiх школьнiц старэйшых клясаў вельмi распаўсюджаны такi тыпаж. Яны апранаюцца ў шырокiя спаднiцы й сукенкi далiкатных пастэльных колераў: папярова-ружовы, сьветла-бэзавы, лёгка-салатны, пяшчотна-жоўты. Яны робяць ледзь заўважны макiяж, а завушнiцы й бранзалеты носяць пераважна лёгкiя й мацiцовыя. Такiя дзяўчыны да шаленства любяць усё мучное, салодкае, крэмавае, яечнае. І могуць зьядаць неверагодную колькасьць печыва, марозiва, чакалядак i цукерак. Яны ведаюць усе бары й кавярнi, усе кулiнарыi й гастраномы, усе назовы тартоў, булачак, ватрушак i пернiкаў. У такiх пастэльных дзяўчат шырокiя, як у замужнiх кабет, сьпiны й выразна азначана другое падбародзьдзе. Іх сьветлыя паўночныя вочкi затуманены гурманным кайфам, а цэнтар нэрвовай дзейнасьцi ў iх знаходзiцца крыху вышэй глыбокага пупка, у нетрах натамлёнага страўнiка. Мой парасон яўна не пасаваў бы да строяў такiх дзяўчынак, але нават на адну порцыю марозiва патрэбныя грошы.
Каля кававаркi задуменна глядзеў у столь малады чалавек у акулярах з тоўстымi шкельцамi. Задуменнасьць такога кшталту зьяўляецца на тварах студэнтаў, якiя пасьля выцягваньня экзамэнацыйнага бiлета зразумелi, што ня ведаюць адказаў нi на адно з трох пытаньняў. Гэтыя студэнты вучацца ў вышэйшых установах па восем-дзесяць гадоў, замест патрэбных пяцi. Яны любяць разважаць на модныя тэмы, ня ведаючы прадмету. Але яны маюць такi прыстойны, я б сказаў, самы iдэальны студэнцкi выгляд, што адмiнiстрацыя не наважваецца iх выключыць без правоў на аднаўленьне. І студэнт-другагоднiк ходзiць бясконца ў акадэмiчныя адпачынкi, пераздае па шэсьць разоў iспыты, пакуль канчаткова не абрыдне выкладчыкам i тыя не напiшуць у залiкоўцы «здавальняюча». А ў вольны ад вучобы час такi студэнт любiць наведаць курорт. Фiнансы ў студэнта абмежаваныя, i нiчога дзiўнага, што час ад часу яго бачаць за дробным крадзяжом.
Крадзёж парасона — безумоўна, дробная, але крымiнальная справа.
Вось я й абмаляваў дванаццаць падазроных асобаў, якiя сыйшлi з кавярнi й маглi забраць мой парасон. Прабачце, адна зь якiх магла забраць мой парасон.
Усе назiраньнi й высновы, падазрэньнi й меркаваньнi я перабраў вельмi хутка. Значна хутчэй, чым вы прачыталi, а тым больш — хутчэй, чымсьцi я цяпер запiсаў. Я не стэнограф i аддаю перавагу звычайнай чарнiльнай асадцы й лiнаванай паперы, але тады была iншая сытуацыя.
Заставацца ў кавярнi ня мела сэнсу. Калi бармэн або афiцыянтка i скралi парасон, дык вынесуць яго толькi пасьля працы. І я вырашыў: абавязкова падыйсьцi й падпiльнаваць, як яны выйдуць увечары са сваёй «Арабiкi». З гэтай думкаю i выйшаў на дождж. Шпаркай хадою я накiраваўся на чыгуначную станцыю «Дубулты». А раптам хто з наведнiкаў сеў чакаць электрычку й на хвiлiнку забыўся, што трымае ў руцэ крадзеную рэч? І я ўзрадаваўся, калi пабачыў сутулыя сьпiны латыскiх гiпi, што абняўшыся сядзелi на лаўцы пад станцыйным навесам. Крадком я абышоў станцыю й расчараваўся — парасона ў гiпi не было. Хлопец зь дзяўчынаю самааддана цалавалiся. На ўсялякi выпадак зайшоў у станцыйны будынак, дзе каля акенца касы адлiчвала грошы за квiткi цяжарная жанчына, яе хлопчык стаяў побач. Парасона не было. І чым больш я ўсьведамляў незваротнасьць страты, тым больш хацелася знайсьцi й вярнуць парасон. Дождж пачаў ацiхаць, i я накiраваўся да кнiгарнi. Я iшоў пад iмжычкаю й зайздросьцiў усiм, хто меў хоць нейкi парасон. Мой швэдар набрыняў, нагавiцы пацямнелi, валасы налiплi на лоб.
Зазiрнуў я i ў хлебную краму, дзе пабачыў тых самых пастэльных дзяўчынак, яны куплялi вялiкiя пернiкi ў выглядзе котак i сабачак. Дзяўчынкi ў сьветлых сукенках, самi таго ня ведаючы, пакiнулi кола падазроных.
Каля прамтаварнай яткi я ўбачыў сiвую латышку, якую завочна ахрысьцiў Агатаю. Яна пiльна разглядала вiтрыну з пральнымi сродкамi. Мыла было складзена ў акуратную пiрамiдку, на якой стаяла акуратная шыльдачка «Падчас пакупак, калi ласка, паказвайце вiзытоўку». Яшчэ абдумваўся малапрыемны факт, што безь вiзытоўкi не змагу набыць нават брусок мыла, каб мець чыстыя рукi за сталом, як убачыў свой парасон.