Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 32



А тады было цяжка з пляшкамi, але я ўсё роўна спытаў, што ў яго за пляшка, бо, зь ягонага выгляду, там мог быць i адэкалён.

— Для такiх, як ты, у мяне iтальянскi вэрмут. Лiтровая бутэлька. Такiя чарнiла ня п’юць. Чырвонец — i яна твая. Будзе што на стол паставiць. Госьцi прыйдуць, а ты на стол — прыгожа.

Узяў я вэрмут iтальянскi. Прынёс дадому, жонка ўзрадавалася й сказала:

— Госьцi прыйдуць, будзе што на стол паставiць.

І схавала бутэльку ў шафу.

Апошнi раз я бачыў Салаўя ў кавярнi «Пiнгвiн», што на вулiцы Ленiна. Бяру пачак «Радопi» з прылаўку й чую Валераў голас:

— Не пазнаеш?

Стаiць, усьмiхаецца, твар чырвоны — жывая кроў, вочы блiшчаць, як алеем памазаныя, у руцэ торба палатняная.

Узяў я сабе шклянку гарбаты, раз такая справа. Пасяджу, думаю, пагавару — як адчуваў, што апошнi раз. Пайшлi мы за стол.

— Дзёрнеш? — спытаў Салавей i паказаў пляшку вiна, што хавалася ў торбе.

— Не.

— А я дзёрну. Угаворваць ня буду, а сам шклянку вып’ю.

Што праўда, то праўда: нiколi нiкога Валера Салавей не прымушаў пiць. Прапаноўваць прапаноўваў, але не ўгаворваў i не прымушаў. Пайшоў ён тады, узяў з прылаўку шклянку, налiў i паставiў побач з маёй гарбатаю.

— Не пакаштуеш — не адрозьнiш, — сказаў i выпiў паўшклянкi. — А як пакаштуешѕ Што казаць? Я вось на працу ў магазiн прыходжу й адразу бутэльку чырвонага выпiваю. Усе бачаць, усе ведаюцьѕ Ну i што? Выпiваю. Кожны Божы дзень. І працую кожны дзень, мне выхадныя-прахадныя ня трэба. Я ўжо гады са тры i ў адпачынку ня быў. Апошнi разѕ Ты ж дырэктара з вучэльнi памятаеш? Дык вось. Пайшоў я ў адпачынак, на поўдзень зьезьдзiць хацеў, а разьбяр Сярожа, ён цяпер лесьнiком у Крыжоўцы працуе, угаварыў мяне напарнiка ягонага падмянiць, бо той, ёлуп, руку ў цыркулярку ўсунуў. Я пагадзiўся, кожны дзень прастаўка. Лес, ён усiм патрэбны. Хто будуецца, каму дровы, каму штоѕ Усiм лес патрэбны. Дрэва! Сядзiм мы зь Сярожкам каля вогнiшча, гарэлку п’ем, сала смажым. І тут дырэктар падыходзiць да нас з паперамi. Два кубы яму нехта «па блату» выпiсаў. А памятаеш, як ён мяне цiснуў? Вы, Валера, няправiльна жыцьцё паказваеце. Ну-ну. Гэта ён мне казаў, а я ж яму яшчэ рэстаранную прастытутку прыводзiў, i не абы-якую, а зь «Юбiлейкi». Цяпер усе мастакi крытыкаваць. Чорныя плямы, белыя плямыѕ А тады, хвасты падцiснуўшы, хадзiлi роўненька, як па шнурку. Ма-ра-лiс-тыѕ Ды чорт зь iмi, не за iх пьем.

Валера дапiў вiно й пачаў iзноў гаварыць:

— Крыўдна, такiя, як наш дырэктар, цяпер значкi пачаплялi: сьцягi бел-чырвона-белыя, пагонi i ўсё такое. Цяпер яны патрыёты, яны за Беларусь. А раней хлопцаў, што на мове гаварылi, ганяў: «Вы — нацыяналiсты». Ну-нуѕ Цьфу на такi патрыятызм. Калi Бог таленту ня даў, калi розуму з гулькiн хрэн, нiякi патрыятызм, нiякая сьвядомасьць не дапаможа мастаку. Ды што гэта я? Не за такiх п’ем, i нават не праз такiх.

Кажуць, Анiкейчык памёр. А я ведаў яго. Колькi разоў за адным рэстаранным сталом ся- дзелi. Шырокi мужык, шырокi, а помнiкi ягоныя так сабе. Вось Янка Купала ў сквэрыку, што насупраць цырку, хiба ж гэта помнiк? Пудзiла мэталёвае. І дзеўкi голыя — абы-што. Калi каго з разьбяроў i паважаў, дык толькi Косьцю Сароку. Ён — разьбяр, але ж i пiў, а потым рак — i па ўсiм. Зрэшты, i Анiкейчыка шкода. Малады мужыкѕ Колькi яму? Недзе пяцьдзясят. Мог бы жыцьѕ Толькi нашто каля Купалы дзевак садзiць?

Памятаеш, карцiна ў мяне была «Я — прастытутка»? Яна ў мяне й цяпер ёсьць, толькi фарба аблезла. Я яе ў ванным пакоi за шафу засунуў, яна там гадоў дзесяць прастаяла. А днямi выцягнуў, гляджу, а фарба з палатна аблупiлася. Ды Бог зь ёю. Ведаеш, як напiсаў? Купiў пляшку вiна й дадому рулю. Каля майго дому на лаўцы малалетка сядзiць. «Выпiць хочаш?» — пытаю. «Хачу», — кажа. Проста ўсё, без выкабеньваньня. Прыйшлi да мяне, выпiлi, трахаць яе ў мяне нiякай ахвоты. «Папазiруй мне», — кажу. «Як?» — пытаецца. «Проста, распранешся й пастаiш каля сьцяны». За паўгадзiны напiсаў. Не паверыш. За паўгадзiны. Сам потым зьдзiвiўся. Прыгожая малая была: ногi, грудзi, тварык — усё першы сорт. Ранiцай прачнуўся: малой няма, а на карцiне напiсана: «Я — прастытутка». Я надпiс пакiнуў, а што яна гадзiньнiк мой сьцёбнула, толькi праз тыдзень здагадаўся.

Валера налiў сабе й выпiў.

Я дапiў гарбату й сказаў:

— Ты чуў, Воўка Сьвiнароў загiнуў.



— Не, а як?

— Даты быў. Таксоўку ўзяў. Дадому ехаў. Таксоўка пад самазвал i зарулiла. Кiроўца жывы, а ад Сьвiнарова толькi галава цэлая засталася. Ушчэнт. Ледзь у труну склалi. А можа, i добра, што Воўка даты быў? Калi ты п’яны, дык ня так моцна балiць.

Салавей уздыхнуў:

— А ў мяне Косьця Сарока з галавы не iдзе. Якi разьбяр быў! «Партрэт хiрурга» памятаеш? Рот павязкаю закрыты. Зiрнеш на таго «хiрурга», а ён на цябе спадылба глядзiць. Павекi палову зрэнак закрываюць. І разумееш, што не закрыты ў чалавека рот, а закляпаны. А ў Косьцi рот не закляпаны быў. Ён i сказаць мог, i зра- бiць. Вунь, калi першы раз на выстаўку «хiрурга» прынёс, i яму сказалi, што ня возьмуць партрэт на выставу, дык ён тую гiпсавую галаву на вачах у начальнiкаў аб зямлю бразнуў, толькi аскепкi пырснулi. Потым усе ўгаворваць пачалi, Сарока «хiрурга» й аднавiў.

А яшчэ была хохма на паляне. Як скончыў Сарока iнстытут, дык прыгнаў пад ганак дзесяць таксовак, пасадзiў у iх выкладчыцкую хеўру з дэканамi, сказаў, што шашлыкi астываюць. Прыехалi ў лес. Косьця таксоўкi адпусьцiў, адну пакiнуў — на ўсялякi выпадак. Завёў сытых на паляну, дастаў з кiшэнi пляшку вэрмуту, адкаркаваў, выпiў палову з рыльца, паставiў недапiтае на пень i сказаў: «Дзяўбiце, груганы! Дзяўбiце!»

Сказаў i зьехаў. А хеўра ў лесе засталася, паўночы выбiралася.

Мала Косьця пражыў.

Салавей налiў сабе паўшклянкi й закрыў пляшку дастаным з кiшэнi коркам.

— А дырэктару мы два кубамэтры гнiлога дрэва далi. А што ён думаў? Паехаў цiха з гнiлымi тонкiмi бярвеньнямi. Зразумеў, але нiчога не сказаў. Вось. А я п’ю. Часам шкода дырэктара, мог бы нармальным мужыком стаць, i пра бярвеньнi гнiлыя сказаць, дык неѕ А мне многа ня трэба. Гадоў сорак пражывуѕ А нашто больш?

Зараз пайду ў рэстаран, у «Плянэту», там сягоньня габрэй-лабух прастаўляе. Ён у Аўстралiю, а мы тут. Пайду гарэлкi пап’ю. Праўда, я больш чырвонае люблю, але й вадзяру можна, калi «на халяву».

Салавей сыйшоў.

Днямi я сустрэў былога разьбяра Сярожу. Стаiць лясьнiк на праспэкце, каля крамы «Акадэмкнiга», некага чакае.

— Добры дзень, — кажу.

— Ня добры, — ад Сярожы гарэлкаю патыхнула.

— А што такое?

— Валеру Салаўя ў крэматорый завёз. Па попел сказалi праз тыдзень зайсьцi. Усё. А труну, гарнiтур, чаравiкi — сказалi — можна забраць. Я вось тут мужыка чакаю, наконт помнiка хачу дамовiцца, дошку думаю бронзавую зрабiць. Я ж — разьбяр. А на дошцы будзе сабакаѕ Па попел сказалi праз тыдзень зайсьцi.

Менск. Чэрвень 1989 году

Латвійскі дэтэктыў

У мяне скралi парасон. Не такая ўжо й вялiкая страта. Але са зьнiкненьнем парасона ўзьнiкла шмат непрыемнасьцяў. Яго зьнесьлi якраз тады, калi iшоў нудны дождж, а прыдбаць парасон у крамах было немагчыма, яго можна было толькi дастаць у перакупшчыкаў за суму, якая наблiжалася да майго месячнага заробку. У мяне зьнiк парасон, i першае, што прыйшло на розум, — я цэлыя чатыры тыднi параваў дарэмна. Толькi ня думайце, што я лайдак i не магу за месяц зарабiць на два парасоны. Магу. Парасон сёньня каштуе тысячу рублёў, маецца на ўвазе добры мужчынскi парасон, да якога й прырабiлi ногi. А ў пераводзе на даляры гэта будзе азначана меншай лiчбаю, прыблiзна трыццаць тры. Я знарок напiсаў трыццаць тры, гэта мой узрост, мне якраз столькi гадоў. Акрамя свайго парасона, я люблю свае кнiгi, свой Менск пад бел-чырвона-белым сьцягам, сваю котку i, самае галоўнае, — люблю сябе. І не зьбiраюся гэтага хаваць: хто ня любiць сябе, той наагул ня здольны нiкога палюбiць. А тут раптоўна па маiм самалюбстве нанесьлi нямоцны, але дакладны ўдар.