Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 32



Але вiр лёсу крутнуў мяне ў адваротны бок. Бацька Чэсь заўважыў зь берага, як зьнiк пад вадою яго тады яшчэ адзiны, а таму любiмы сын Валодзя. Бацька любiў курыць, гэта кепска, але ён любiў курыць стоячы. Ён курыў адну папяросу за другой, а таму i ўбачыў, як сын прапаў. Сычэньня й сьвiсту круга ён ня чуў. Ён зафiксаваў само iмклiвае зьнiкненьне й кiнуўся ў возера, знайшоў нежывога сына на мяккiм глеi, выцягнуў пад прыбярэжную вярбу, адкачаў.

Вазёрная вада выйшла зь лёгкiх, жыцьцё вярнулася. Я прахапiўся, заплакаў. Мяне захлiснуў страх за пашкоджаны круг, якi няма як аддаць п’яному Алiку. Бацька Чэсь паўсьмiхаўся зь недарэчных страхаў, i гаспадар выратавальнага круга — таксама. Толькi мацi не разьвесялiлася, яна ўсё распытвала бацьку Чэся, як ён заўважыў, што я тану. Бацька сам ня ведаў. У бацькi Чэся заўсёды было адчуваньне прысутнай сьмерцi. Ён чуў яе водар. Калi мой малодшы брат Мiраслаў у свае два гады, забаўляючыся з дробнымi грашыма, выпадкова глынуў дзесяць савецкiх капеек, манэта пайшла ў дыхальнае горла й закаркавала лёгкiя. Брат пачаў сiнець. Нi я, нi мацi не здагадалiся, з-за чаго. Мацi закрычала. З кабiнэта ў залю прыляцеў бацька. Схапiў свайго малодшага, а таму любiмага сына за ногi й вытрас манэтку з асьцюкаватым гербам СССР. Мiраслаў плакаў, i твар яго блiшчэў ад сьлёз i сьлiны. У мяне няма выратавальнага бацькавага iнстынкту, але спадзяюся — зьявiцца. Не адразу. Галоўнае, седзячы з вудаю на беразе рэчкi, не спадзявацца, што зловiш марскога вожыка. Толькi вiры жыцьця непрадказальныя. Таму стукаю па дрэве перад тым, як сказаць: пасьля Раўбiчаў я болей не тануў. Наадварот, я ўсiмi сiламi вучыўся добра плаваць.

У маю семдзесят трэцюю школу завiталi трэнэры з Палацу воднага спорту, якi збудаваўся ў Менску побач з батанiчным садам. Раней непадалёк стаяў адкрыты летнi басэйн, куды бацька Чэсь прыводзiў мяне палюбавацца на скачкi ў ваду. Мы ўздымалiся на трыбуну, сядалi на драўляную лаву й назiралi за нырцамi, якiя выпiсвалi разнастайныя фiгуры ў паветры й боўталiся ў сiняватую ваду.

У свае трыццаць тры я, пэўна ж, апошнi раз з уласнага жаданьня скокнуў з трохмэтровага трамплiну ў басэйн. Я плаваў, а дзецi скакалi з ганарыстай вышкi. Захацелася скокнуць. Узьлез па халоднай лесьвiцы, падыйшоў да краю й зрабiў крок у паветра. Я ўпаў васьмiдзесяцiкiляграмовым салдатам у басэйн Дому афiцэраў. Рукi трымаў па швох. Ногi былi разам. Да дна дайшоў спакойна. Згрупаваўся. Адштурхнуўся ад кафлi. Выплыў. Аддыхаўся i адчуў: скакаць болей нельга. Скачок прайшоў нармальна, калi не лiчыць ледзь заўважнага зруху, што адбыўся ў вэстыбулярным апараце. Вось сымэтрыi майго цела скранулася, мяне павяло, пацягнула, паклiкала да той цёмнай ракi, па якой плавае адзiн толькi човен сьмерцi. Перадаць той стан немагчыма, увесь час натыкаешся на таямнiчае слова «нешта». Гэта як адзiн раз кранеш языком настылую на марозе жалязяку — i болей гэтага ня робiш, так i тут: скокнуў, жывы — i больш ня хочаш. Хiба што скiнуць, як скiдаў маiх аднагодкаў-трэцяклясьнiкаў трэнэр Анатоль у Палацы воднага спорту.

Пасьля таго, як мяне залiчылi ў групу навучаньня плаваньню, i я адзаймаўся тры месяцы, адбылiся паказальныя выступы. Кожны з навучэнцаў мусiў праплыць пяцьдзясят мэтраў i скокнуць зь пяцiмэтровай вышынi. Праплылi ўсе, а вось скакаць некаторыя хлопцы пабойвалiся. Тады Анатоль узьлез на вышку й паскiдаў баязьлiўцаў. Самае неверагоднае ў той сытуацыi, калi зiрнуць сягоньняшнiм вокам, — гэта рэакцыя бацькоў. Яны спакойна глядзелi, як трэнэр скiдвае iхных сыноў. Растлумачыць такое можна тым, што ў СССР было спартанскае выхаваньне. Наагул папулярнасьць рымскага паўстанца Спартака й грэцкага гораду Спарты была наймагутнейшая, i таму ўсе прымалi на ўра зьнiштажэньне слабых i хворых дзяцей спартанскiмi воiнамi й кiданьне ўласных нашчадкаў зь пяцiмэтровай вышынi ў дзесяцiмэтровую глыбiню.

Анатоль зрабiў паказальную справаздачу. Вы заплацiлi грошы, а я навучыў вашых сыноў плаваць, скакаць з вышкi. Напрыканцы паказальных выступаў тром асаблiва здатным навучэнцам трэнэр уручыў бясплатныя пропускi ў Палац. З таго дня пачалося маё кароткае жыцьцё сапраўднага спартоўца. Я наведваў басэйн ажно чатыры разы на тыдзень, а на вакацыях — кожны дзень. Трэнэр выхоўваў зь мяне брасiста i, можа, выхаваў бы, але бацька Чэсь атрымаў ордэр на новую кватэру. Сям’я перабралася ў iншы раён, да Кальварыйскiх могiлак, за тым часам — край Менску. Езьдзiць у Палац стала нязручна: гадзiна туды — гадзiна назад. Бывала, я засынаў у тралейбусе, i кiроўца будзiў мяне на канцавым прыпынку. Брасiстам ня стаў, але ў сваё задавальненьне разы два на тыдзень праплываю кiлямэтар выключна па-жабiнаму — звычка.



Пад вадою мне падабаецца плыць брасам. Цiха рухацца каля самага дна. Толькi на глыбiню нават трох-чатырохмэтровую я не заплываю. Узрост i пол. Жанчыны ўтрая больш прыдатныя для плаваньня на глыбiнi, а мужчыны добра нырцуюць толькi ў маладосьцi. Я сваё адныраў напоўнiцу. У школе я быў дробны, стаяў у клясе трэцiм-чацьвертым з канца. І таму ня дзiўна, што, седзячы на хвалярэзе ў горадзе Сочы, змог падбiць дарослага мужчыну на небясьпечную спрэчку. Той мужчына быў цынiкам i садыстам. Ён прыйшоў на хвалярэз, дзе загаралi мае аднагодкi, i прапанаваў гульню. Ён кiдаў у ваду манэтку й лiчыў да кошту манэткi, а мы скакалi ў мора, пачуўшы апошнюю лiчбу. Такiм чынам ён давёў гульню да жалезнага рубля, якi, вядома ж, лёг на дно. Глыбiня была мэтраў дванаццаць. Я лёгка даплыў да ёдыста-зеленкаватых, парослых водарасьцямi камянёў, але рубля не знайшоў. Давялося ныраць разоў зь пяць, пакуль адшукалася манэта з добрым мечаносцам, якi трымаў на руках выратаваную нямецкую дзяўчынку.

Мужчына пашкадаваў грошы, але й адбiраць рубель на людным пляжы не наважваўся. Ён лёгка пагадзiўся на маю прапанову: ён дастае са дна камень, а я неадкладна вяртаю грошы. Садыст нырнуў i прапаў. Я не на жарт перапужаўся. А калi хлопцы былi гатовыя клiкаць на дапамогу, маўляў, чалавек патануў, ён вынырнуў на паверхню. Лепей бы патануў, падумалася мне, калi над вадою ўзьняўся белы, перакрыўлены пакутаю твар з чырвонымi рагамi крывi, якая цякла з вушэй i носа. Спрэчку я выйграў, нiякага каменя мужчына не падняў. Грошы засталiся ў мяне. Днi тры давялося пахадзiць на iншы пляж, але гэта неiстотна. Проста зерне парады, дадзенай трэнэрам пры выпадковай сустрэчы, — што ня варта пасьля дваццацi гадоў глыбока занырваць — упала не на камень. Варта згадаць акрываўлены твар кiдальнiка манэтак, i жаданьне быць падводнiкам зьнiкае. Хоць ныраецца мне лёгка й дагэтуль.

Здатнасьцямi нырца я аднойчы зьдзiвiў настаўнiцу фiзкультуры маёй чарговай дзявятай школы. Здавалiся нарматывы ГПА (гатовы да працы й абароны). Я з хлопцамi скокнуў у басэйн пэдагагiчнага iнстытуту, каб праплыць адвольным стылем стомэтроўку. У аднаклясьнiка Мiхася зьляцелi плаўкi. Пакуль той ачомаўся, плаўкi леглi на дно. Мiхась сядзеў у кутку басэйна й плакаў. Настаўнiца ня ведала, што рабiць. Бо Мiхасёвы плаўкi ляжалi пад дзесяцiмэтровай вышкаю на такой самай глыбiнi. Бязь лiшнiх тлумачэньняў я дастаў плаўкi. Настаўнiца Люцыянаўна (Рэвалюцыя Янаўна) узрадавалася больш за Мiхася й прапанавала выступiць за зборную школы. За гонар школы я гуляў у баскетбол, у валейбол, у настольны тэнiс, нават бегаў на доўгiя дыстанцыi, адзiнае, чаго не ўдалося — гэта праплыць на хоць бы якiх дробных спаборнiцтвах, каб замацаваць свой трэцi, а можа й другi юнацкi разрад у плаваньнi. Зрэшты, не бяда. Ну няма пасьведчаньня пра ўменьне трымацца на паверхнi, затое ёсьць шмат iншых.

Чалавека мераюць па-рознаму. Можна паглядзець у пашпарт, пагартаць дыплёмы й атэстаты, вывучыць працоўную кнiжку, даведацца пра рахункi ў банку й пра здатнасьць зарабляць, а тым самым памераць яго грашыма. Яшчэ можна замераць чалавечую здатнасьць страўляць ежу й выпiваць пэўную колькасьць алькагольных напояў. І ў дадатак паразважаць пра жывую й мёртвую ваду. Маўляў, алькагольны напой — жывы, пакiнь у адкаркаваным посудзе — ён вычхаецца й загiне, памрэ, стане мёртвы. А вось крынiчная вада доўга стаiць у срэбным келiху, бо нежывая. А можна ўсё перавярнуць i назваць крынiчную ваду жывою, а гарэлку — мёртвай. Асабiста мне даспадобы апошнi варыянт. Самая жывая вада стаiць у шклянцы на начным столiку, каля ложка. Прачынаешся, п’еш жывую ваду й засынаеш, ведаючы — сон жахаў не паўторыцца. Чалавека трэба мераць вадою й ягонымi здатнасьцямi плыць. Неiстотна, якiм стылем ён плыве, галоўнае — сам рух у магме жыватворнай субстанцыi. Раней, у дваццаць сем, я хацеў, каб пасьля маёй крэмацыi попел разьвеялi на радзiме, за мястэчкам Койданава, дзе-небудзь у лесе. А цяпер бачыцца iншае. Хай жменька праху будзе перасыпана ў драўляную талерку й паплыве па хвалях ручая, якi застаўся ад ушчэнт змэлiяраванай, абмялелай беларускай рэчкi Рудзiцы. Хай маё плаваньне працягнецца на два iмгненьнi пасьля сьмерцi. Зямля да зямлi, прах да праху, а мая душа iмкнецца да вады.