Страница 2 из 18
IV
Пеўні ўжо досвітак абвясцілі,
сонечны промень рэчкі крануўся,
а пацалункі яшчэ не астылі —
так і палаюць на вуснах.
Гоніць падпасак ад хаты да хаты
перад сабой пагалоску...
Ой, хлопцы, ой, дзяўчаты,—
прачнулася вёска!
УРОЦЛАЎСКАЯ ІМПРЭСІЯ, 1952
На вулцы маленькай Уроцлава
вецер на частаколе
стараславянскую песню
грае, нібыта арган.
Дзяўчаты за сонечны вобад
нясуць агністае кола,
на якое з каштанаў пырскае
дрыготкіх ценяў фантан.
Муляр — анёл бяскрылы —
з блакіту працягвае рукі
па новы ладупак цэглы,
даспелай у самы крэс.
Завулак — заступіць шчыглік —
захоплены — што за штукі! —
высіцца шматпавярховы
жалезабетонны лес.
Даходзіць водгук прадмесця,
борзды, шумлівы, іскрысты,—
галасоў маладых і зычных
праз хрыбетнік руін пералёт.
Новыя рытмы ў тых песнях,
узнёслых і дынамічных,—
маладзічок рабрысты
натуе акорды нот.
Заплюшчу вочы ад грому,
што доўга хрыпеў у горле
заіржавелых вулканаў,
аж нібы меч заблішчаў.
За спаленым касцёлам
вырастаў з папялішчаў,
адраджаўся з вуголля
Пястаў арол. I напеў.
МУЛЯРЫ
Метр за метрам вышай мецім рыску,
нас высокі ўзлёт запаланіў.
Мачты прымацуем на вятрыску —
дом уверх пад парусам паплыў.
Так без строп, без крылаў і без вёсел,
хоць прырос граніт да ног і рук,
уздымаем скрэплых фабрык водсвет
і на сёмым небе забрукуем брук.
Абжываем акіян прасторы.
Скрыгат кранаў. Пеніцца раствор.
Нагрувашчваем з цэменту горы.
Заганяем клін між хмар і зор.
З сотага паверха свет шырэе.
Бачым Одру, шапкі ніў і хат.
Даганяем сонца... Вечарэе.
Палавіну зрэзаў далягляд.
ФРАНКФУРЦКІ ЗВОН
Суседзі-немцы, к вам у госці
Ісці ў нас не было настрою.
Я ўпершышо па гэтым мосце
Іду з ахвотай і без зброі.
Вам дзіўна, ды і мне нязвычна:
Да вас з працягнутай рукою
Ідзе паляк праз пагранічны
Кардон над Одраю-ракою.
Ён бачыў на сваёй радзіме,
Як вашы вылюдкі без жалю
Яго братоў у Асвенціме
I ўсюды, дзе прайшлі, знішчалі...
Гісторыя шчэ паскладае
Пра звон у Франкфурце харалы.
Хто ў міры жыць з другім жадае,—
Перакуе мячы ў аралы.
Нібы з нябёсаў над вадою
Нага ўсявышняга спусціла
Не звон, а стрэмя залатое,
I гэта стрэмя зазвінела.
Над вашым і над нашым полем
Гучыць мелодыя другая:
Адтуль, з-за Одры, больш ніколі
Вайна на Ўсход не зашугае.
«У дружбе, міры жыць шчасліва
Суседзям добрым па-суседску»,—
Вяшчуе звон, і ўтораць нівы
Яму па-польску, па-нямецку.
Край свету звон чуцён з нязменнай
Танальнасцю салютаў мая.
I я душою, як антэнай,
У гэты верш яго прымаю.
КРЫЖ
Як вернешся, скажаш маёй матулі,
Няхай пра дамоўку распытвае тую
Над Одрай, дзе дуб наш, нібы ў каравуле,
Нязменна стаіць і спачын мой вартуе.
Як вернешся, скажаш дзяўчыне каханай:
Чакаю штодня, калі ўсход ружавее.
Яна мяне знойдзе пад крыжам драўляным,
Дзе каска, прабітая куляй, ржавее.
Як вернешся, скажаш сябрыне вясковай,