Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 35 из 36

1.09.1981. Завёз вершы П. Бітэля, А. Косік, М. Карыцкай, Л. Шчарбінскага і свае ў «Чырвонку». Якраз у сакратарыяце быў М. Федзюковіч. Ён сказаў, што будуць рыхтаваць старонку нашага літаб’яднання «Рунь».

15.11.1981. У Валожын прыехаў аб 11 гадзіне. Пасля сталоўкі пайшоў у раёнку. Прыехаў М. Курыла. Пасля з’явіліся П. Бітэль, Г. Равінскі, М. Карыц­кая, Я. Макарэвіч, А. Косік, Г. Шаблінская і Н. Штэйнер. Я чытаў новыя вершы. П. Бітэль сказаў: «Вершы ўсе пранізаныя адной тэмай, паспрабуй з іх зрабіць паэму». Сам П. Бітэль пачытаў пераклады.

9.05.1982. 5 мая па запрашэнні раёнкі паехаў у Валожын на сход. У гэты дзень мне ўручылі «Г анаровую грамату» і трохтомнік Д. Пісарава. Я выступіў перад прысутнымі. Пасля паехаў на 13.15 у Вішнева да Пятра Бітэля. Хату знайшоў без цяжкасці. Якраз былі дома Пятро Іванавіч і Ніна Пятроўна. Прынялі мяне добра. Я крыху ўскапаў агарод. Шмат пачытаў, шмат цікавага ўбачыў. Убачыў, на якой паперы (на паперы ад мяшкоў з-пад цэменту) пісаліся зялёнкай пераклады А. Міцкевіча. Пагаварыць было цікава. Я начаваў. На другі дзень аб 11 гадзіне выехаў у Валожын.

4.06.1982. 3 чэрвеня быў у Валожыне. На гэты раз на літаб’яднанні было 12 чалавек: П. Бітэль, Г. Равінскі, Л. Шчарбінскі, Г. Косік, I. Шакун, С. Садоўскі, Б. Бібік і інш. Паседжанне было юбілейным. Нашаму літаб’яднанню —

1 год.

24.06.1982. Вечарам быў у Рыгора Барадуліна. Ён добрым словам успомніў П. Бітэля...

23.08.1982. Бачыўся з Валерам Янушкевічам. Ён казаў, што Фелік малюе П. Бітэля.

10.02.1983. На гэты раз прыйшлі П. Бітэль, М. Карыцкая, Л. Скадорва, В. Бібаеў, I. Шакун і новы хлопец з Вішнева. Зноў давялося добра папрацаваць. Фотакор нас фатаграфаваў. Пятро Іванавіч расказаў пра пераклады, і я папрасіў, каб ён напісаў пра гэта артыкул. Калі мы раз’язджаліся, я праводзіў Пятра Іванавіча і хлопца з Вішнева. Бітэль быў, відаць, заклапочаны, каб як хутчэй заехаць дамоў, і, дайшоўшы да аўтобуса разам са мной, не развітаўшыся, пайшоў у салон. Я разгублена паглядзеў яму ўслед і пасунуўся ў буфет. Ем, забягае П. Бітэль: «Неяк атрымалася па-свінацкаму! Не развітаўся». Мы развіталіся, і мне стала весялей.

10.03.1983. На гэты раз было мала чалавек, бо не выслалі запрашэнняў. Першым прыехаў П. Бітэль. Потым Валодзя з Вішнева і В. Бібаеў. А. Хазянін крыху пакрытыкаваў, што апошнія літаб’яднанні сталі слабейшымі.

7.04.1983. Паехаў у Валожын у раёнку праводзіць літаб’яднанне. Зноў запрашэнняў не высылалі, не далі аб’явы. Падвялі мяне. А можа, не хочуць, каб мы больш збіраліся?

21.05.1983. А палове сёмай быў на вакзале. Прыйшла Таццяна Мушынская. Галіна Шаблінская не змагла, бо ў іх праверка з Масквы. Усю дарогу размаўлялі. Язэп Янушкевіч заседзеўся дома і не паспеў на наш аўтобус «Мінск—Ліда». Паехалі без яго ў Валожын. Ужо думалі, што Язэпа не будзе, як раптам ён з’явіўся — прыехаў услед. Паехалі на 9.50 у Вішнева. Прыйшлі да Пятра Бітэля. Нас даўно чакалі. Ніна Пятроўна рыхтавала пачастункі, а мы слухалі творы Пятра Іванавіча. Цалкам ён прачытаў «Баруны», «Папарацькветку» і апавяданняў некалькі. Быў яго сябар і калега Мікалай Раманавіч з Ваўкавыска. Уразіў сваім веданнем гісторыі. Язэп перапісаў даты царствавання дынастыі Раманавых. Хораша пасядзелі. Ехалі дамоў стомленыя, але задаволеныя паездкай. Цудоўна!

10.06.1983. На гэты раз быў толькі Лёня Шчарбінскі. Званіў П. Бітэлю. Пятро Іванавіч атрымаў адказ з «Мінскай праўды». Казаў, што дрэнны адказ. Здароўе не вельмі. Ды і ў выдавецтве ўсё робіцца няспешна. Ёсць, казаў, задума на вялікую рэч.

19.07.1983. Зайшоўся ў выдавецтва да Дранько-Майсюка. Лёня ўзрадаваўся майму прыходу і запытаўся: «Калі думаеш ехаць у Валожын?» — «21 ліпеня...» I Лёня папрасіў перадаць ліст Пятру Бітэлю. Зайшоўся Мікола Арочка. Спачатку ён не хацеў браць рукапіс Пятра Іванавіча, каб напісаць на яго рэцэнзію, але мы яго ўгаварылі, і ён узяў.





21.07.1983. На гэты раз у раёнку прыехаў П. Бітэль. Я яму перадаў ліст ад Дранько-Майсюка. А ён праз мяне адказ. Генадзь Равінскі чытаў свае апавяданні. Казаў, што на мяне пакрыўдзіўся !ван Асіпацкі, якога я пакрытыкаваў у адным артыкуле разам з яго вучаніцай.

11.08.1983. Доўга стаяў па білет. Зайшоўся ў Валожыне ў кнігарню, дзе купіў I. Драча «Подсолнух». Добрая кніжка. Пагаварыў з прадаўшчыцай Светай. Пасля сталоўкі забег у карэктарскую. Там нікога. Каля рэдакцыі пачытаў кніжку. Першым прыйшоў П. Бітэль. Падпісаў выдавецкую дамову на выданне яго кнігі (я прывёз) і даў фотаздымкі. Здароўе не вельмі ў яго і жонкі... Пятро Іванавіч прачытаў сваю паэму-казку «Нястача». Цікавая рэч...

12.04.1984. У Валожын прыехаў рана. Пазваніў Бітэлю. Пятро Іванавіч крыху прыхварэў, ды і зубы ставіць. На гэты раз прыехаў Валодзя Малашэнкаў, васьмікласнік з Вішнева...

14.06.1984. У Валожын прыехаў і адразу патрапіў пад дождж, які ўжо ідзе амаль месяц. А ў Расіі быў смерч, які разбурыў шмат дамоў, ёсць загінулыя.

Пабыў у карэктарскай. Прыехаў Лёня Шчарбінскі. Пасля — П. Бітэль і Г. Равінскі...

6.09.1984. На гэты раз прыехалі Л. Шчарбінскі, Г. Равінскі, Л. Скотнікава, Т. Гасціловіч, Л. Скадорва і інш. Пазваніў Бітэлю. Выбірае бульбу, баліць спіна, а так усё нармальна.

4.10.1984. У Валожын прыехаў а 9 гадзіне. Зазірнуўшы ў кнігарню, пайшоў у рэдакцыю. На гэты раз прыехалі Пятро Бітэль і Алена Жылінская. Малавата. З намі была Н. Штэйнер. П. Бітэль чытаў урыўкі з паэмы «Тупікі». Цікава. Я ўзяў вершы для агляду. Зноў не давалі абвесткі і не рассылалі запрашэнняў.

3.01.1985. З Пугачоў паехаў у Валожын. У аўтобусе сустрэў Феліка Янушкевіча. Ён ехаў здаваць аналізы — едзе ў Японію на 20 дзён. Усю дарогу гаварылі. У раёнку на гэты раз прыехалі П. Бітэль, Г. Равінскі і А. Жылінская. Пятро Іванавіч падпісаў мне сваю кнігу. Казаў, што ніхто ў Вішневе не чакаў ад яго такой кніжкі, усе думалі: будзе маленькая кніжачка. Мы ўсе павіншавалі Бітэля з кнігай. Літаб’яднанне прайшло хораша.

12.03.1985. Са «Звязды» пайшоў на секцыю паэзіі ў Саюз пісьменнікаў, дзе (я не ведаў) разглядалі творчасць Пятра Бітэля. Прыйшоў Я. Янушкевіч з жонкай, на якую ўсе глядзелі і пасля пыталіся ў мяне, хто такая. На секцыі былі Р. Барадулін, В. Зуёнак, Р. Тармола, Я. Янішчыц, Т. Бондар, Р. Баравікова, У. Някляеў ды інш. Агляд паэзіі за мінулы год рабіла А. Сямёнава, добрым сло­вам успомніла і мяне. Выступіла Т. Чабан. А 16 гадзіне быў жалобны мітынг памяці Чарненкі. Пасля зноў працягнулася секцыя. Па Бітэлю выступіла В. Коўтун, а пад канец — Янушкевіч, які не вельмі ўдала сказаў: «Калі Галубовіч, Шніп, Пісьмянкоў пачынаюць свой шлях, то Пятро Бітэль ужо закончыў свой жыццёвы шлях...» I стаў дзякаваць, што прынялі Бітэля ў Саюз. Аднак ён памыліўся, бо секцыя — гэта толькі пачатак да ўступлення ў СП...

16.03.1985. Пазваніў П. Бітэлю. Пятро Іванавіч сказаў, што хварэе сам і жонка. Закончыў сваю паэму і хоча пачытаць. Трэба будзе з’ездзіць. Казаў, што ніхто апошнім часам не прыязджае. Скардзіўся, што на яго кніжку нідзе не даюць рэцэнзій. Аднак Пятро Іванавіч не вельмі перажывае. Не будзе, кажа, перажываць, калі і ў СП не прымуць. М. Курыла яму часта звоніць, просіць парад, чытае вершы...

12.04.1985. У Вішневе быў у пачатку адзінаццатай гадзіны. П. Бітэль і яго жонка былі дома, чакалі мяне. Перакусіўшы добра, заселі з Пятром Іванавічам чытаць яго новую паэму «Тупікі», якую ён нядаўна закончыў. Назву будзе мяняць. Чыталі недзе гадзіны чатыры. Чыталі па чарзе. Затым Пятро Іванавіч павёў мяне па Вішневе. Паказаў царкву, якая была пабудаваная ў 1865 годзе, і касцёл XV стагоддзя. Узышлі на гару насупраць царквы. На гары былі калісьці могілкі. Кажуць, тут недзе і пахаваны Сымон Будны. Цяпер растуць маладзенькія сосны і шмат шыпшыны, якая якраз заквітнела. Прыгожа. З гары бачна ўсё Вішнева і наваколле. Пятро Іванавіч паказаў рэшткі крыжа — жалезная рэйка. Было іх тры — стаялі па адной лініі. Насупраць касцёла на гары сярод ліп — магіла невядомага польскага салдата, а раней ён быў пахаваны ля касцёла. Паглядзелі касцёл. На гары ёсць нейкая яма, ці то ад выбуху, ці то так ад чаго. У ёй расце шыпшына. Пайшлі да рэчкі Ашмянкі. Бачыў рэшткі млына. Пятро Іванавіч паказаў падмуркі былых яўрэйскіх дамоў. Наогул, у Вішневе было вельмі шмат яўрэяў, якія трымалі крамы і г.д. У вайну 1941—1945 гадоў Вішнева амаль усё згарэла, але яшчэ шмат яўрэйскіх дамоў. Старых, чорных, з дзвярыма адразу на вуліцу. Рэчка раней была большай, было шмат рыбы. Па драўляным і хісткім мосціку перайшлі на другі бераг. Схадзілі ў школу, дзе 11 гадоў Пятро Іванавіч працаваў. Там, дзе цяпер цір, раней было сховішча для сыроў, якія рабілі пры Польшчы. Была вялікая ферма. Хораша пахадзілі. Ад сонца мне крыху забалела галава. Ніна Пятроўна прапанавала паспаць. Паспаў, і стала весялей. Я чытаў Пятру Іванавічу вершы пра каханне. Гаварылі пра жыццё.