Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 36

***

18.09.2015. Стары сядзіць на лаўцы. Побач па апалай лістоце скачуць вераб’і, як цацачныя.

***

19.09.2015. Зайздрасць з’ядае чалавека, як чарвяк яблык, які на руцэ ў Евы.

***

19.09.2015. Больш як сем гадоў (1978—1985), калі быў тунеядцам, я кватараваў у старых мінчан Марыі (1902—1985) і Мацвея Цяслёнкаў (1908—1991).

Для іхніх суседзяў я быў студэнтам філфака, які добра вучыцца і піша вершы. Я ж тады нідзе не вучыўся і нідзе не працаваў. Баба Марыя Цяслёнак (у дзявоцтве Куніцкая) была стрыечнай сястрой крытыка Сымона Куніцкага (28.2.1902, в. Гарані Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н — 14.10.1940, Калыма). У 1925—28 гг. вучыўся на рабфаку БДУ. Першае апавяданне надрукаваў у 1928 г. (газ. «Чырвоная змена»). У 1929 г. выйшаў яго першы крытычны артыкул. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага ф-та БДУ. У 1931 г. залічаны як крытык у БелАПП ад Мінскай філіі. У 1932— 36 гг. працаваў вучоным сакратаром Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Арыштаваны 27.11.1936 г. 1.10.1937 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у зняволенні. Рэабілітаваны 18.12.1954 г. Пра свайго сваяка Марыя Сцяпанаўна часта распавядала. Я быў малады і асабліва не ўслухоўваўся ў аповеды старых. Цяпер шкадую. Дзед Мацвей Сцяпанавіч у трыццатыя гады доўгі час працаваў у Купалаўскім тэатры рознарабочым. Добра ведаў усіх артыстаў. Распавядаў пра іх. Сёе-тое ў маіх дзённіках тых гадоў запісана. Праўда, вельмі мала. Шмат дзед Мацвей расказваў пра Мінск часоў нямецкай акупацыі. Пасля вайны ў 1945 годзе Мацвею Сцяпанавічу за палітыку далі дзесяць гадоў. Працаваў у Бадайбінскім раёне Іркуцкай вобласці на залатых прыісках. Пра гэта ён мне распавядаў не горш, чым пісьменнік Варлам Шаламаў у сваіх калымскіх апавяданнях. Дамоў з ГУЛАГа дзед Мацвей вярнуўся пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе. Потым да пенсіі працаваў дворнікам. Кожны дзень чытаў кніжкі. Чытаў услых, таму дзед для мяне быў як радыё, па якім штовечар перадаюцца літаратурныя творы. Сёння, узгадваючы Марыю і Мацвея Цяслёнкаў, для якіх я быў як сын (на пытанні суседзяў, хто такі ў іх жыве, яны адказвалі: «Наш сын!»), я кажу вялікі дзякуй ім, што яны былі ў маім жыцці...

***

20.09.2015. З Людмілай выйшлі з дому а дванаццатай. Адведалі Ніла Гілевіча. Ён пра ўсё, што хацеў ведаць, па парадку, як на ўніверсітэцкім іспыце, распытаўся. Мы, здаецца, адказалі на ўсе пытанні на дзявятку. Людміле падарыў кніжку «Эпіграмы», а мне 18-ы том свайго Збору твораў у 23-х тамах. У кніжцы напісаў: «Дарагому Віктару Шніпу на ўспамін пра нашы сустрэчы і гутаркі. З радасцю, што ў гэтым томе ёсць мая Вам падтрымка. Сардэчна — Ніл Гілевіч. 20.9.15.» Перад тым, як рабіць подпіс, зачытаў радкі пра мяне і ўрыўкі з вершаў. Незаўважна ў размове праляцелі дзве гадзіны. На вуліцы пачаўся дождж. Паабяцаўшы, што не будзем абмінаць кватэру Ніла Сымонавіча, мы развіталіся. Праз дождж пабеглі ў Нацыянальны мастацкі музей, каб паглядзець выставу карцін Адама Глобуса. Хацелі пакінуць запіс аб уражаннях, але не знайшлі дзённіка для водгукаў. Ці яго няма, ці яго ўжо скралі? Паглядзеўшы старыя іконы з Веткі, пайшлі на выставу «Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ—ХХ стст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі». Карцін няшмат. Сярод іх творы І. Рэпіна, І. Шышкіна, В. Пярова, А. Саўрасава, В. Верашчагіна, В. Паленава, А. Куінджы, К. Каровіна, І. Левітана. Як эпіграф да выставы, словы Паўла Траццякова: «Мне не трэба ні багатай прыроды, ні эфектнага асвятлення, ніякіх цудаў — дайце мне хаця б лужыну брудную, ды каб у ёй праўда была, паэзія, а паэзія ва ўсім можа быць, — гэта справа маста­ка...» Паэзія ў выставе ёсць. Зазірнулі ў дзённік водгукаў. Ужо шмат напісана ўдзячных слоў музею, але ёсць і такія: «У Вас божий дар!», «Каровин рулит!», «У меня внучка шестилетняя лучше рисует. Валерий. Минск.». І тут жа адказ Валерыю: «Жлоб!» Вярталіся дамоў праз дождж з кнігамі ад Гілевіча і са святлом ад убачаных карцін.

***

20.09.2015. Гаворачы пра жыццё-быццё, Ніл Сымонавіч паскардзіўся: «Пражыў 80 гадоў, дзіцячыя не лічу, а ні разу не быў на шашлыках. Усё працаваў і працаваў, як на катарзе. Іншыя на выхадныя за горад, а я дома ў кабінеце — то нешта пішу, то нешта рыхтую да друку. Словам, я не ведаю, што такое шашлыкі. Праўда, пра гэта асабліва не шкадую».

***

21.09.2015. Нярэдка даводзіцца чуць і чытаць пра беларускую мову: «З вялікім задавальненнем размаўляў бы, калі б усе вакол яе выкарыстоўвалі...» І мы чуем, і мы паўтараем: «Усе пачалі на роварах па горадзе ездзіць, і я пачаў!», «Усе пачалі татушкі рабіць на целе, і я зрабіў!», «Усе пачалі апранаць вышымайкі, і я апрануў!» І зусім не чуем: «Усе пачалі труціцца, і я атручуся!», «Усе пайшлі тапіцца, і я іду!», «Усе пайшлі вешацца, і я павешуся!» І ва ўсіх выпадках «усе» — гэта не ўсе, а толькі тыя, якія ствараюць міф, што яны прадстаўляюць усіх. Таму хачу паведаміць, што ўсе пачалі з задавальненнем размаўляць пабеларуску. Давайце далучайцеся да усіх, а то будзеце не ў трэндзе.

***

21.09.2015. Гаршкі, як званы з вырванымі языкамі...





***

22.09.2015. «У драматурга Дзялендзіка нядаўна чатыры кніжкі выйшла. Адна ў вашым выдавецтве. Тоўстыя, як цэгла! Выдайце мяне хаця б таўшчынёй з трунную дошку!» — кладучы мне на стол рукапіс, сказаў (ён так сябе называе) «літаратар сярэдняй рукі»...

***

22.09.2015. Вецер. У двары за першай апалай лістотай, як за мышамі залатымі, бегае малады чорны кот.

***

24.09.2015. Працоўны дзень пачаўся з сустрэчы з Міхасём Казлоўскім. Ён з Маладзечна прывёз у падарунак сябрам вялікую валізу новых выданняў — сваю кнігу «Цяпло айчынных камянёў» і том «Выбраных твораў» Вольгі і Сяргея Сахаравых. Наклады невялікія — па сто асобнікаў. За свае грошы шмат не выдасі. Мяне асабліва парадавала кніга самога Міхася. У анатацыі напісана: «Вуліцы і дамы Маладзечна і Радашковіч, што памятаюць крокі вядомых пісьменнікаў і мастакоў роднага краю, гісторыя і жыццё насельнікаў невялічкай заходнебеларускай вёскі, літаратурныя партрэты знакамітых землякоў сталі галоўнымі героямі новай кнігі аўтара». Для мяне гэтая кніга будзе настольнай, бо яна пра мае родныя мясціны, пра маіх землякоў. Г артаючы выданне, падумалася: «Дзякуючы вось такім рупліўцам, як Міхась Казлоўскі, жыла, жыве і будзе жыць Беларусь!» Узгадаліся ягоныя словы, звернутыя да некаторых «добразычліўцаў»: «Калі не можаце нічым дапамагчы мне ў выданні кніг нашых славутых землякоў, дык хоць не перашкаджайце і, трымаючы ў руках зробленае мной, не кажыце: «Мы б лепей зрабілі!» Зрабіце! Буду толькі рады!»

***

24.09.2015. Еду ў тралейбусе з працы. Тэлефануе Леанід Маракоў. Цікавіцца, як набыць у выдавецтве сваю кніжку. Тлумачу і пытаюся: «Ты ж беларускі пісьменнік, а чаму ў фэйсбуку стаў пісаць па-руску?» — «Так мяне болей людзей чытаюць!» — адказаў Леанід. «Пачні пісаць па-кітайску і тады цябе паўтара мільярда змогуць прачытаць!» — сказаў я. Леанід прапанаваў пра ўсё гэта пагаварыць пры сустрэчы.

***

25.09.2015. Некалькі тыдняў таму з Людмілай быў запрошаны на тэлебачанне для ўдзелу ў перадачы «Дыяблог», якую сёння запісвалі ў студыі. Па нас дахаты прыехала машына. У «Дыяблогу» ўдзельнічаю другі раз, таму ведаю дарогу да тэлебачання. Шафёр жа не павёз нас простым шляхам па праспекце,

а, нібыта спецыяльна, паехаў па тых мясцінах, дзе мы рэдка бываем. Напачатку праехалі каля дома, дзе жыў Максім Лужанін. Узгадаліся гасцяванні ў яго. Потым каля Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, які мы з Людмілай у свой час закончылі. Мінаючы траўматалагічную бальніцу, узгадалася, як мы туды цэлы месяц ездзілі да сына, які ў школе на ўроку фізкультуры зламаў руку. Успаміны, на жаль, сумныя. Сустрэўшыся на тэлебачанні з Таццянай Сівец і Стэлай Чырковай, адразу ад іх ветлых усмешак, хоць на вуліцы і захмурэла, пасвятлела на душы. Пакуль я здымаўся, Людмілу ў грымёрцы рыхтавалі да запісу, а на вуліцы пачаўся дождж.

***

25.09.2015. «Дыяблог» пра літаратуру. У слове «дыяблог» ёсць д’ябал і Бог. У сапраўдных пісьменніках жыве і д’ябал, і Бог. Чаго болей? Каб ведаць, трэба чытаць...