Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 28 из 36

***

8.04.2016. Патрэбныя Міёне таблеткі ад кляшчоў. Ездзіў у ветэрынарную аптэку. Для яе вагі ўжо разабраныя. Купіў кроплі за 160 тысяч. Трэба было накапаць на хрыбеціну. Міёна вырывалася, нібыта мы яе сабраліся рэзаць. Дзеяння кропель хопіць на месяц.

***

8.04.2016. Ужо дзён дванаццаць як я ў адпачынку. Яшчэ тры — і на працу. За амаль два тыдні нічога, што мяне б самога радавала, не зрабіў. Праўда, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму тры разы выступіў перад школьнікамі ў Маладзечне і ў Аляхновічах, а таксама з Міколам Ліннікам і Васілём Кузьмінічкіным быў у Валожыне ў краязнаўчым музеі на адкрыцці фотавыставы да маіх «Балад беларускага шляху». Адзін дзень быў на працы, адзін — на пахаванні Ніла Гілевіча. У асноўным выгульваў Міёну і гатаваў есці. Нават толкам не высыпаўся. Тэлевізар амаль не глядзеў, напісаў пару вершаў. Словам, біў лынды, калі не лічыць, што за дванаццаць дзён напісаў дванаццаць старонак дзённіка.

***

8.04.2016. Гледзячы праз акно на захмаранае неба, машынальна дакрануўся да ацяпляльнай батарэі. Халодная. Адключылі. Сёння? Учора? Жыццё працягваецца без ацяпляльных батарэй. Мы самі гарачыя...

***

8.04.2016. Ты стаў лянотным. Цябе ніхто не кліча ў тэатр. І ты не ходзіш у тэатр, нібыта яго няма ў горадзе. А тэатр думае, што цябе ўжо няма на свеце.

***

8.04.2016. У пошуках кветак побач праляцеў чмель. Наша аўчарка Міёна радасна кінулася за ім. Не дагнала. Адвярнулася да мяне, паглядзела запытальна: «Хто гэта такі?» Я растлумачыў. Для Міёны, якая нарадзілася 17 жніўня, усё цяпер у навізну. Яшчэ нядаўна, калі навокал ляжаў снег і дзень быў кароткі, гуляючы з малой, уяўляў, што яна думае пра свет, у якім жыве: «Тут на вуліцы ўсё белае і халоднае! Гаў! І сонца рэдка свеціць...»

***

9.04.2016. Пасля таго, як памерлі бацькі, жыццё пайшло, калі можна так сказаць, не па плане, па якім я жыў з імі. Бацькі былі як мыліцы, з дапамогай якіх хадзіў па жыцці. Цяпер здаецца, што ўсюды не паспяваю і не бачу тое, што хацеў бы бачыць. Усё не тое, усё не так. Дзеці выраслі, і ў іх сваё жыццё. Яны не хочуць слухаць парад. Яны вучацца на сваіх памылках. І ты адчуваеш сябе бездапаможным і непатрэбным, як мыліцы для чалавека, у якога ногі не зламаныя. І гэта нармальна. І ўсё будзе добра. Ужо зелянее трава, і птушкі сядзяць у гнёздах, чакаючы птушанят...

***

9.04.2016. Што за жыццё!!! Не паспяваеш з добрым чалавекам, якога ты ведаеш па друку, пазнаёміцца асабіста, як ён памірае. Зміцер Саўка. Пражыў 50 гадоў.

***

9.04.2016. Я ў дзяцінстве быў непаслухмяным. «Расце бандыт нейкі!» — роспачна казала мама, калі я паліў вогнішча на ганку хаты, уяўляючы сябе на каменным востраве сярод зялёнага мора травы, як зялёнай вады. Мне хацелася, каб мяне заўважылі караблі, якія плывуць недзе далёка-далёка каля небакраю. Мама не ведала, што за фантазіі ў маёй галаве, і бачыла тое, што ўсе суседзі, — агонь на ганку. І мама казала страшную, бо незразумелую для мяне, фразу: «Здам у іспалніцельную калонію!» Што гэта за «іспалніцельная калонія», я не ведаў і баяўся пра яе пытацца нават у сваіх аднавяскоўцаў-сяброў. І сёння не ведаю, і ведаць ужо не хачу. Мамы няма. І мне па-ранейшаму хочацца распаліць вогнішча на ганку роднай хаты, каб мяне заўважылі караблі, што плывуць у моры маіх фантазій, і пачуць маму: «Расце бандыт нейкі! Здам у іспалніцельную калонію!»

***

9.04.2016. На вуліцы сонца няма. Але ж не зіма!

***

9.04.2016. Якія пісьменнікі паўплывалі на мой светапогляд? Адразу захацелася адказаць катэгарычна: «Ніхто!» Падумаўшы, паразважаўшы, кажу: «Усе, каго чытаў, цяпер чытаю і буду чытаць!» Магчыма, гэта і кепска, што лёгка трапляю пад уплыў розных людзей, але ж яўных няздараў я не чытаю.

***

9.04.2016. Поўня як чарнільніца з залатым чарнілам на чорным стале вечнасці...

***

10.04.2016. Ноччу ішоў дождж. Па мокрым тратуары паўзуць дажджавыя чэрві. Доўгія. Адначасова гідкія і прыгожыя. Бацька казаў: «Не бойся чарвяка, якога ты з’ясі. Бойся таго, што цябе будзе есці».

***





10.04.2016. Калі выступаў у Аляхновіцкай бібліятэцы, да мяне падыходзіла старшакласніца Маргарыта Гайдаржы. Яна піша матэрыял у часопіс «Бярозка» з парадамі вядомых пісьменнікаў пачаткоўцам і папрасіла мяне скласці спіс такіх парад менавіта ад сябе. Я крыху зацягнуў з адказам, але сёння напісаў Маргарыце.

1. Самая галоўная парада — адразу пачаць пісаць па-беларуску, як бы цяжка гэта ні было.

2. Кожны дзень чытаць хаця б па тры старонкі прозы або вершаў дзесяць. Чытаць і спрабаваць разабрацца, чаму так напісана, а не іначай.

3. Спрабаваць перакладаць вершы рускіх паэтаў на беларускую мову. Будзе нялёгка — але ж нічога ўпершыню лёгкім не бывае.

4. Не баяцца паказваць свае творы людзям, якія ў іх разбіраюцца ці самі пішуць.

5. Наведваць літаб’яднанні.

6. Пасылаць свае творы ў рэдакцыі і не баяцца, што атрымаеце крытычны водгук.

7. Не баяцца крытыкі. Не крыўдаваць на крытыку. Слухаць усіх, але мець сваю думку.

8. Выпісваць літаратурна-мастацкія выданні. Калі не можаце выпісаць, чытайце ў бібліятэцы.

9. Пісаць амаль кожны дзень, калі гэта магчыма і ёсць натхненне. Калі параўнаць літаратуру з вадой, якая з крана цячэ напачатку іржавая, а потым чыстая, то гэтак і ў творчасці — напачатку будзе слабавата, а потым з’явіцца майстэрства і чысціня ў думках і іх выказванні.

10. Не думаць пра прэміі, але ўдзельнічаць у конкурсах.

11. Радавацца чужым поспехам, як сваім.

***

10.04.2016. Ён сядзеў каля кніг, як каля скрыначак з попелам...

***

10.04.2016. У краме, куды амаль кожны дзень хаджу, на некаторых таварах з’явіліся кошты ў цяперашніх грашах і ў новых, з якімі будзем мець справу з другога паўгоддзя. Праходзячы паліцу з сокамі, ля якой стаялі школьнікі, пачуў: «Цяпер мне на абед мама будзе даваць 10 капеек...»

***

10.04.2016. Нядзеля. Вечарэе. Чым меней часу да панядзелка, тым больш самоты...

***

10.04.2016. Апельсін у гразі свінню чакае...

***

10.04.2016. Хутка трэба будзе грады садзіць. У які дзень? Без мамы не ведаю.

***

10.04.2016. У сеціве з’явілася інфармацыя, што сёння ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) распачаўся працэс беатыфікацыі альбо прызнання святым фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча — выбітнага грамадскага і культурнага дзеяча, палітыка і патрыёта Беларусі. Дзесяць гадоў таму намаганнямі настаяцеля касцёла, ксяндза Уладзіслава Завальнюка парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перапахаваныя ў скляпеннях збудаванай фундатарам святыні. Уладзіслаў Завальнюк таксама быў адным з ініцыятараў працэсу беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. З нагоды значнай падзеі ксёндз Уладзіслаў сказаў: «Падчас урачыстай святой імшы ў нядзелю, 10 красавіка, ксёндз-арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч урачыста абвесціць, што Эдвард Вайніловіч — слуга Божы. Гэтым завяршаецца пер­шая, інфармацыйная, частка беатыфікацыйнага працэсу. Далей распачынаецца другая частка працэсу, якая мае мець знак: цуд. Гэта значыць, што ласка з неба праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча павінная быць бачнай на пэўным чалавеку — павінны быць зафіксаваны цуд аздараўлення, выратаванне ці штосьці іншае. Гэта знакавая падзея ўжо таму, што гэты працэс упершыню праходзіць у Беларусі. У нашай краіне такога не было ніколі за ўсю яе гісторыю. Калі такія выпадкі і былі, пра якія мы не маем звестак, — ці тое ў Вялікім Княстве Літоўскім, ці Рэчы Паспалітай, ці Ватыкане — то гэта былі духоўныя асобы альбо манахі. Таму гэтая падзея мае падвойную асаблівасць, бо ўвесь працэс, ягонае дакументальнае суправаджэнне адбываюцца тут, у Беларусі, і адбываецца гэта адносна свецкай асобы. І Эдвард Вайніловіч не проста свецкая асоба і вернік, але таксама вялікі гаспадарнік, палітык, дыпламат, дэпутат, сем’янін — узор для многіх беларускіх мужчын і бацькоў. Як вядома, Чырвоны Касцёл ён так­сама збудаваў у памяць пра сваіх дзяцей Сымона і Алену. Ён як вялікі прыклад магутнасці духу, і нават у Еўропе ці знойдзем такую значную асобу, як Эдвард Вайніловіч — яшчэ адна адметнасць таго, што адбываецца ў нашай краіне. І што вельмі важна, 10 красавіка ў Ватыкане папа Францішак абвясціў на ўвесь свет пра ўшанаванне Беларусі і беларускага народа ў асобе Эдварда Вайніловіча. І не на адзін дзень, а назаўсёды, на кожны год». Прачытаўшы гэтую інфармацыю, я згадаў 23 студзеня гэтага года. У той дзень я вяртаўся з Вішнева, дзе ўдзельнічаў ва ўшанаванні памяці свайго земляка ксяндза Уладзіслава Чарняўскага (14.01.1916—22.12.2001). У мікрааўтобусе з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком былі Уладзімір Гілеп, Анатоль Бутэвіч, Алесь Квяткоўскі, я і яшчэ адзін святар. Усю дарогу гаварылі пра Уладзіслава Чарняўскага. Яшчэ ў Вішневе Фелікс Янушкевіч прапанаваў збіраць сведчанні, каб Чарняўскага прызналі святым. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк абяцаў у нашай прысутнасці ініцыіраваць працэс беатыфікацыі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Бог яму і нам усім у дапамогу!