Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 19



Таня паціснула плячыма: «Нешта не аб тым мы гаворым», задумалася, потым адкінулася на спінку канапы і заплюшчыла вочы. Участковы нейкі час глядзеў на дзяўчыну, потым ціха падняўся, каб непрыкметна выйсці і пакінуць яе ў спакоі, аднак гаспадыня кволым голасам, амаль шэптам, папрасіла:

— Пасядзіце са мной яшчэ крышачку, мне з вамі ўтульна і спакойна.

— Калі ласка, — адказаў міліцыянер і зноў сеў на крэсла.

Дзяўчына расплюшчыла вочы, сумна ўсміхнулася і прапанавала:

— А можа, вып’еце кавы?

— Дзякуй, — Кухар крыху разгубіўся і, нечакана для сябе, згадзіўся: — З задавальненнем.

Гаспадыня зноў яму ўсміхнулася, на гэты раз удзячна, паднялася з канапы і накіравалася на кухню. Кухар таксама ўстаў з крэсла і, не ведаючы, што рабіць далей, пакорліва пакрочыў услед за дзяўчынай.

Кухня была невялічкай і ў ёй ледзь змяшчаліся газавая пліта, халадзільнік і стандартны набор кухоннай мэблі.

— Сядайце ў кут ля халадзільніка, — прапанавала Таня, — там любіў сядзець Максім, — і, калі капітан уладкаваўся на табурэтцы, прадоўжыла свой расповяд:

— «Аненербэ» курыравала амаль усю навуковую дзейнасць Германіі: магчымасці масавага псіхатропнага ўздзеяння на людзей, стварэнне «звышчалавека», распрацоўкі новых нестандартных відаў зброі і шмат-шмат што яшчэ. Іншая справа, што многія свае пачварныя эксперыменты яны праводзілі на ваеннапалонных, на вязнях канцэнтрацыйных лагераў, на жанчынах і дзецях, і за іх злачынствы ім няма і ніколі не будзе даравання ні перад людзьмі, ні перад Богам.

— Аднак, якое дачыненне тая арганізацыя мае да скарбу, пра які згадваецца ў сшытку? Вы, Таня, мяне зусім заблыталі: Максім шукаў уваход у Залу Ведаў, скарб ці хацеў выкрыць ваенных злачынцаў з фашысцкай арганізацыі «Спадчына продкаў»?

— Мой брат быў разумным, адукаваным хлопцам і ён спрабаваў знайсці дзверы, уваход у Залу, а скарб і нямецкая арганізацыя — гэта проста выпадковыя адгалінаванні ў яго даследаваннях.

— Вы думаеце, што яго забілі?

— Я не ведаю, — шчыра адказала Таня. Яе вочы напоўніліся слязьмі. — Я баюся пра гэта думаць.

Кухар падняўся з табурэта, каб суцешыць дзяўчыну, аднак у гэты момант у калідоры зазваніў электразванок.

— Маці прыйшла з працы, — падхапілася з табурэткі і дзяўчына. Яна хуценька змахнула з вачэй слёзы, усміхнулася госцю: — Зараз я вас пазнаёмлю.

— Але мне трэба ехаць.

— Вельмі шкада. З вамі так цікава гутарыць, і маўчаць цікава.

Дадому капітан прыехаў вечарам і калі ён падняўся ў сваю кватэру, там

ужо некалькі хвілін заходзіўся яго тэлефон. «Пэўна, Міклашэвіч хвалюецца за Максімаў заплечнік», — падумаў Кухар і падхапіў трубку.

— Капітан Кухар, забудзься пра ўсё, аб чым табе расказвала Таццяна Камяневіч. Інакш... — у трубцы загучалі доўгія гудкі.





— Інакш што? — няведама на каго закрычаў міліцыянер. — Заб’еш мяне, спаліш або атруціш? — але тэлефон маўчаў.

8

Спаў капітан трывожна. Сніў нябожчыка Максіма, стральцоў, якія выцягваюць з ледзяной купелі свайго ваяводу, іншапланецян з антэнамі на скафандрах і эсэсаўцаў, якія расстрэльваюць гэтых іншапланецян з аўтаматаў. Кухар з нецярпеннем чакаў раніцы, і ледзь-ледзь жнівеньскае сонца расфарбавала небасхіл у жоўты колер, як ён схапіў трубку тэлефона і нервова пачаў набіраць міжгародні нумар. На тым канцы трубку доўга не паднімалі, аднак участковы ўпарта чакаў. Урэшце доўгія гудкі заціхлі.

— Ало, — прагучаў сонны голас Тані. — Слухаю вас.

— Таня, добрай раніцы. Гэта я, Андрэй Кухар.

— Андрэй? Кухар? — дзяўчына не пазнавала ўчарашняга суразмоўцу. — Вы памыліліся нумарам.

— Я перадаў вам учора заплечнік і рэчы вашага брата. Потым мы пілі каву.

— Малады чалавек, майце сумленне, — пакрыўдзілася дзяўчына. — Я ж вам ясна сказала, што я вас не ведаю і вы памыліліся нумарам.

— Прабачце, — участковы павесіў трубку і злосна стукнуў кулаком па сценцы.

А днём ён быў ля Гіблай затокі і на ўсялякі выпадак сціскаў у руцэ вайсковы гузік з выявай арла. Ён нерухома стаяў на беразе і спакойна глядзеў на цёмную і гладкую стужку вады. Няўжо пад ёй хаваецца патаемны ўваход у Залу Ведаў? А можа, менавіта тут адступаючыя фашысты схавалі свой архіў, а сведкаў расстралялі? А можа, на дне ракі і сапраўды ляжыць куфар з золатам маскоўскага ваяводы? Ды лухта ўсё гэта, трызненні хворых людзей. Аднак чаму ж тады так трывожна на душы? Чаму часта, бы спалоханая птушка, б’ецца ў грудзях сэрца? Які жартаўнік званіў учора вечарам і адкуль ён ведаў пра візіт да Тані і размову з ёй? Чаму Таня раптоўна пра ўсё забылася? Не, трэба ўсё ж даследаваць гэтае гіблае месца, прайсціся па беразе з металашукальнікам, узяць пробы вады, аера, чарота. Трэба заспакоіць сваё сумленне, трэба даказаць і сабе, і такім, як Грышка Баранаў, што ніякіх звышлюдзей на нашай планеце няма, і што чалавек звычайны — вянец тварэння і самамэта Прыроды.

Адвячоркам капітан міліцыі Кухар вяртаўся ў Дубоўну. Ціха і заспакаяльна шумелі па асфальце калёсы машыны, роўна працаваў рухавік. Сонца ўжо схавалася за далёкім лесам, аднак бачнасць была добрай, і капітан ясна бачыў вялікага белага сабаку, які бег уздоўж шашы, бы спаборнічаючы з машынай у хуткасці. Дзе-нідзе ў нізінках курэў туман, што для жніўня было звыклай з’явай. Лёгкая музыка з радыёпрыёмніка разлівалася па ўсім целе млявасцю, спакоем і задавальненнем сабой. Раптоўна прама пасярод дарогі ўзнялася віхура, клубы прыдарожнага туману імкліва напаўзлі на чорную стужку асфальту, звіліся на ёй спачатку ў клубок, потым пашырыліся і ў адно імгненне пераўтварыліся ў невыразную чалавечую постаць з доўгім мячом у руках. Постаць узмахнула мячом, і міліцэйскія «Жыгулі», бы дзіцячая цацка, зляцелі з дарогі і ўдарыліся аб прыдарожнае дрэва...

Частка ІІ

1

Малады хірург гарадской бальніцы горада N. Віктар Станкевіч стаяў ля акна свайго кабінета і, гледзячы на клён, што рос непадалёку ад будыніны, думаў. Заканчвалася яго змена, а ён ніяк не мог вызначыцца — праводзіць сёння дзяжурную медсястру Свету дадому ці ўсё ж такі адчапіцца ад гэтай прыгожай, аднак легкадумнай дзяўчыны. Ён ужо два разы праводзіў яе, і няхай сумесныя прагулкі доўжылася ўсяго дваццаць хвілін і ні да чаго не абавязвалі іх абаіх, але Света сёння некалькі разоў глядзела на яго запытальна, бы чакаючы прапановы на нешта большае. Аднак Віктар не спяшаўся, і зараз, стоячы ля акна, са здзіўленнем адзначаў, што ўжо не зведвае таго радаснага, узнёслага пачуцця, таго замірання сэрца, з якімі праводзіў яе першы раз. «Усё ж такі добра, што мы не паспелі па-сапраўднаму зблізіцца, інакш зараз прыйшлося б рэзаць па-жывому, без наркозу, балюча».

Віктар сумна ўсміхнуўся сваім думкам — нават, разбіраючыся ва ўласных інтымных пачуццях, ён заставаўся хірургам.

Абыякавым позіркам акінуў клён за акном, крывава-памяранцавае неба над дахамі бліжэйшых пяціпавярховак, падумаў: «Нядоўга табе засталося быць зялёным», — і чамусьці пашкадаваў дрэва, зноў паглядзеў на неба, асветленае апошнімі промнямі заходзячага сонца. Не падабалася яму сёння неба — сваім нежывым колерам не адпавядала яго настрою. «Не, усё ж мы розныя, — зноў падумаў пра дзяўчыну. — У яе іншыя інтарэсы, свае запыты, яна не з майго свету. Ці ж мала за дваццаць сем гадоў жыцця я сустракаў на сваім шляху дзяўчат і жанчын? Дзясяткі, і ўсе яны так і заставаліся для мяне чужымі. Не, лепш пачакаць сустрэчы са сваёй адзінай, са сваім чалавекам».

Раптам Віктару стала няўтульна, холадна. Ён апусціўся на крэсла, схаваў твар у далоні. «Зараз выспацца б як след, змена была цяжкая». Тым часам нехта асцярожна пастукаўся ў дзверы, а праз імгненне яны прачыніліся і паказаўся сур’ёзны тварык Светы.

— Віктар Мікалаевіч, — прагаварыла медсястра. — Вас тэрмінова выклікаюць у прыёмны пакой.

— Што здарылася? — Віктар адняў далоні ад твару і міжволі зірнуў на насценны гадзіннік — да заканчэння яго змены заставалася яшчэ дзесяць хвілін.