Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 19



— Вось ты, Готам, расказваеш мне цікавыя гісторыі пра птушак, пра звяроў, а скажы: ці ёсць у вас бандыты?

— Бандыты? — акругліў вочы ганчар. — Гэта хто?

— Бандыты ці душагубы — гэта людзі, якія рабуюць, а часам і забіваюць іншых людзей дзеля ўласнай спажывы.

— Ёсць і такія, — Готам спахмурнеў, на некалькі імгненняў задумаўся, потым рашуча секануў рукой паветра. — Я раскажу табе казку пра раджу Джагдзіша, які правіў нашым горадам шмат год таму.

— Цікава.

— Ты бачыў разбураны палац ля падножжа гор, дзе пачынаецца цясніна Смерці?

Мікіта паціснуў плячыма:

— Не, я там ніколі не быў і пра гэту цясніну нічога не чуў.

— І добра, што не чуў, бо часам нават успамін пра яе можа стаць прычынай цяжкай хваробы, а то і смерці.

— Там жывуць злыя духі? — паспрабаваў адгадаць тайну незнаёмай цясніны Мікіта.

— Духі? — вочы гаспадара акругліліся, і Мікіту на імгненне падалося, што яны зараз павыскокваюць з вачніц. Готам спалохана азірнуўся па баках, панізіў голас: — Там жыве пачвара! — Ён зноў агледзеўся, потым, ужо больш спакойным шэптам, паведаміў:

— Дзясяткі адчайных галоў спрабавалі пабываць у той цясніне, разгадаць яе тайну, знайсці незлічонае багацце раджы Джагдзіша, але ніводны з іх не вярнуўся назад. Ніводны!

Мікіта з разуменнем хітнуў галавой, але прамаўчаў. Готам зашаптаў словы малітвы. Нейкі час мужчыны маўчалі, і толькі мяккае патрэскванне полымя парушала гэтую цішыню. Першым загаварыў гаспадар:

— Даўным-даўно тут знаходзілася сталіца ўладанняў раджы Джагдзіша. Людзі расказваюць, што ён быў жудасны правіцель: прыгожым, але без меры чэрствы і несправядлівы, сквапны, але смелы да адчайнасці. Напэўна, за смеласць яго палюбіў Шыва і даў яму магічны амулет — залатую пласцінку з выявай грыфона на адным яе баку і прадказальнікам на другім.

— Ад чаго бароніць гэткі амулет свайго уладальніка?

— Ад усяго! — Готам здзівіўся прастаце пытання госця. — Грыфон сімвалізуе ўладарства над зямлёй і паветрам, ён дае свайму гаспадару сілу, розум, асцярожнасць і ўважлівасць. Прадказальнік адчыняе перад смяротным чалавекам усе дзверы як на гэтым свеце, так і ў царстве ценяў. Ён дазваляе яму ведаць будучыню і змяняць падзеі сучаснага. Чалавек, які валодае гэтым амулетам, можа ўсё, але калі грыфона і прадказальніка раздзяліць, амулет губляе сваю моц і ператвараецца ў звычайны кавалак золата. — Г аспадар зірнуў на суразмоўцу — ці разумее той яго, і, убачыўшы, што Мікіта ўважліва слухае, прадоўжыў:

— Змеі, цмокі і грыфы, аберагаючы скарбы, заўжды бароняць шляхі да душы чалавечай, бо золата, срэбра і самацветныя камяні ёсць толькі сімвалы, якія даюць чалавеку ўладу, але не бяссмерце. Аб гэтым ведаў і раджа Джагдзіш, аднак усёдазволенасць усяліла ў яго сэрца непамерную пыху, якая затуманіла яго хворы розум настолькі, што ён кінуў выклік самому Шыву — уладару нябеснага воінства. Раззлаваўся Шыва на Джагдзіша і ў парыве шаленства са сваіх вуснаў стварыў страшэнную пачвару Вірабхадру, якая мела тысячу галоў, тысячу рук і тысячу ног, і кожная рука трымала смяротную зброю; з тысячы ратоў тырчэлі доўгія іклы, а цела пакрывала акрываўленая тыгравая шкура. «Што я павінен зрабіць для цябе, о найвялікшы з багоў?» — запытаўся Вірабхадра. «Ідзі на зямлю і знішчы армію Джагдзіша! — адказаў яму грозны Шыва. — Толькі самога раджу не чапай, хай пажыве без арміі і слуг, хай абдумае свой учынак».

Вірабхадра бездакорна выканаў загад Шывы, але людзі кажуць, што з таго часу раджа не можа насіць на сваіх грудзях чароўны амулет, а здольны толькі прыслугоўваць яго ўладальніку. Так рашыў Шыва.

— Казка цікавая, аднак раджа Джагдзіш даўно памёр. Каму ж зараз належыць той амулет?

— Джагдзіш, пэўна, і сапраўды памёр, — згодна хітнуў галавой Готам і, крыху памаўчаўшы, ледзь чутна прамовіў: — але душа яго блукае недзе тут — не пускае яе на неба Шыва. Людзі кажуць, што гэта яна ўладарыць у цясніне Смерці, што недзе там схаваны амулет Шывы і яна вартуе яго ад чужых вачэй.

— Цікава, адкуль ты ўсё ведаеш пра цясніну, калі душа раджы не пакідае сведкаў і ўсіх забівае?

— Я нічога не ведаю, — Готам зноў спалохана агледзеўся па баках. — Проста непадалёку ад разбуранага палаца раджы Джагдзіша мой работнік Калідас капае гліну, ну і... Навіны пра цясніну Смерці я дазнаюся ад яго.





— Яно і праўда — пра гэту цясніну лепш нічога не ведаць. У мяне на радзіме кажуць так: «Менш ведаеш — даўжэй жывеш!»

— Разумныя словы, — усміхнуўся шчарбатым ротам гаспадар, потым падняўся на кукішкі і пачаў напаўняць гарбатай пустыя піялы.

Мікіта моўчкі назіраў за індусам. Ён выдатна разумеў Готама, які, падзяліўшыся сваімі страхамі, зусім не заспакоіўся, а наадварот — стаў яшчэ больш запалоханым. І чаму ён нервуецца? Чаму так баіцца душы нябожчыка раджы? Што можа зрабіць яна жывому чалавеку? Забіць, знявечыць? — ды гэта смешна! Калі твая вера цвёрдая і непахісная, калі памкненні твае чыстыя і светлыя, то ніводны джагдзіш не пераможа цябе. Добрыя справы робяць чалавека бессмяротным, а не магічныя амулеты.

— Як часта твой работнік ездзіць капаць гліну?

— Заўтра раніцай паедзе, — Готам падаў свайму госцю піялу з гарбатай. — А чаму ты аб гэтым пытаешся?

Мікіта не адказаў. Ён і сам не ведаў, навошта запытаўся пра гэта ў Готама. Магчыма, каб парушыць маўчанне, а, магчыма, у яго галаве ўзнікла нейкая шалёная думка, аб якой ён яшчэ не здагадваўся.

4

А раніцай наступнага дня Мікіта разам з маладым работнікам Готама быў ля разбуранага палаца раджы.

Работнік, якога звалі Калідас, паказаў Мікіту на схіл гары і патлумачыў:

— Там я капаю гліну.

— А дзе ўваход у цясніну?

— Крыху далей, за пагоркам, — Калідас з цікаўнасцю агледзеў госця свайго гаспадара і пацікавіўся: — Ты думаеш ісці туды без зброі?

— У мяне няма зброі.

— Вазьмі тады хаця б гэта, — работнік выцягнуў з-за набедранай павязкі невялікую фігурку, выразаную з дрэва. — Я калі раней туды хадзіў, заўсёды браў з сабой фігурку арла. Дарэчы, я яе на гэтых развалінах і знайшоў.

Мікіта падзякаваў хлопцу за падарунак, узяў фігурку, прывязаў да яе скураны раменьчык і павесіў на шыю:

— Тут яна перашкаджаць мне не будзе.

Уваход у цясніну быў густа зарослы дрэвамі і кустамі, галіны якіх перапляталі ліяны і высокая трава. Аднак не гэта палохала смельчака — паўсюдна, куды б ён ні кідаў позірк, кішэлі змеі. Зялёныя, чорныя, сінія, паласатыя — яны, падавалася, віселі на кожнай галінцы, ляжалі пад кожным кустом. І ўсё ж Мікіта не адступіў. Асцярожна, крок за крокам, уважліва азіраючы наваколле, ён пачаў прадзірацца праз зараснікі і даволі хутка выйшаў на стары шлях. Ён не верыў казкам пра бессмяротнага раджу, ён не верыў расказам пра велізарныя скарбы, што схаваны ў гэтай цясніне, ён пасміхаўся са страхаў, якімі палохаў яго Готам, і адзінае, што вяло яго праз густыя зараснікі — гэта цікаўнасць.

Старую дарогу таксама перапляталі ліяны, але ісці па ёй было значна лягчэй.

Недзе апоўдні ён адчуў цяжкі, саладкаваты пах. Гэты пах яму быў знаёмы — так пахне труп жывёлы. Або чалавека! Мікіта спыніўся, агледзеўся, глыбей уцягнуў у сябе смярдзючае паветра. Сумненняў не было — недзе побач дагнівае труп. Вось толькі чый?

Збочваць Мікіта не стаў і пайшоў наперад. Праз некалькі дзясяткаў сажняў ён заўважыў невялікае возера, берагі якога курэлі парай, а па ўсёй гладкай паверхні з месца на месца перакочваліся клубы туману. Гэта здзівіла Мікіту: туман у спякоту? — дзіўна, аднак задумвацца над такой дробяззю ён не стаў. Яго больш зацікавіла пячора, уваход у якую ён заўважыў на супрацьлеглым беразе возера і дабрацца да якой можна было або па вадзе, або ў абыход, па беразе. «Плаваю я дрэнна, а зрабіць плыт няма чым. Пайду берагам», — вырашыў Мікіта і стаў паднімацца на невысокі скалісты пагорак. Дасягнуўшы вяршыні, ён аглядзеўся, кінуў позірк уніз і аслупянеў — там ён убачыў Калідаса, які стаяў ля вады і ў непаразуменні, куды знік ён, Мікіта, круціў галавой. Аднак не паводзіны памочніка ганчара прыкавалі яго ўвагу. Клубы туману, якія нядаўна спакойна віліся ля паверхні возера, раптоўна ажылі, пачалі рухацца ў кірунку Калідаса.