Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 48

Схованку гэтую, па словах дзеда Браніслава, ніхто з чужынцаў не знаходзіў, хоць дом пераварочвалі ўверх дном і шведы, і французы, і расейцы, і польская «двуйка», і нямецкая СД, і разоў з шэсць родныя савецкія органы.

Акрамя запаветных сшыткаў, у прасторнай каменнай нішы захоўваліся паперы іх роду, поўны радавод, дароўныя граматы вялікіх князёў і каралёў. Тры старадаўнія пярсцёнкі, нейкія жаночыя ўпрыгожанні, гісторыю якіх нават дзед ужо не ведаў, два старадаўнія кінжалы і пісталеты, адзін дапатопны, інкруставаны золатам і перламутрам, другі нямецкі армейскі «Вальтэр» з дзвюма запаснымі абоймамі. Былі яшчэ і залаты гадзіннік, падораны аднаму з іх сваякоў Тадэвушам Касцюшкам. Асаблівы гонар у гэтым скарбе ўяўлялі пяць таўшчэзных тамоў, пераплеценых скурай сшыткаў - дзённікавых запісаў ягоных продкаў. Запісы вяліся, наколькі ён мог разабраць, на латыні, па-польску, па-французску, па-нямецку і, здаецца, па-італьянску. Вячаслаў памятаў, як спрабаваў з наскоку, абклаўшыся слоўнікамі, спасцігнуць сэнс незразумелых слоў, дзе амаль кожная буквіца была ўпрыгожана мудрагелістымі завіткамі. Дзе тут літара, дзе яе ўпры- гожванне - паспрабуй разбяры! Кавалерыйскай атакі не атрымалася. Засеў за мовы. Але і адноснае веданне іх, той жа нямецкай ці польскай, мала што давала. За стагоддзі шмат што змянілася не толькі ў матэрыяльным свеце, але і ў яго слоўнай абалонцы, так што экскурсію ў нетры свайго старажытнага роду давялося адкласці, ды і служба адымала амаль увесь час.

У нясвіжскім доме жыла бабуля са сваёй малодшай дачкой і яе сямействам. Вячаславу па старой традыцыі належаў дзедаў пакой, невялікі і ў параўнанні з астатнім домам нейкі падслепаваты, затое зімой самы цёплы і ўтульны. У ім за шырокім старадаўнім сталом, які, нават разабраўшы, немагчыма было вынесці, рабілі ўрокі і гулялі Вячаслававы стрыечныя браты і сястра. Начаваць і пастаянна жыць у пакоі мог толькі той унук, якога назваў у сваім тэстаменце дзед, нават адважная бабуля, якая пабачыла на сваім веку многае, і тая, ледзь пачынала змяркацца, спяшала з дзедавага кабінета, а ўжо ўначы туды зайсці яе нельга было прымусіць ніякімі просьбамі ці пагрозамі.

Падчас вайны ў тым пакоі размясціўся нямецкі афіцэр, сам яго выбраў, доўга хваліў стол, захапляўся спакоем і прыгожым відам з акна, што выходзіла на возера і Радзівілаўскі замак, у якім тады размяшчаўся дом адпачынку і шпіталь лётчыкаў люфтвафэ. Тыдні праз два пастою пайшоў сабе ветлівы Ота на службу і павесіўся ў сваім кабінеце, пакінуўшы перадсмяротную цыдулку: «Прабач мне, Эльза, я сыходжу да Барбары!». Эльзай звалі яго жонку, а хто такая Барбара - ніхто не ведаў і не разумеў, чаму да яе трэба было сыходзіць такім дзіўным спосабам. Гэтыя падрабязнасці распавёў дзяншчык, забіраючы гаспадарскія рэчы.

Новы пастаялец, эсэсаўскі лейтэнант, таксама доўга не пажыў, насмерць разбіўся на матацыкле, цыдулкі не пакінуў, але, як мянташылі ўчэпістыя языкі, у шпіталі перад адыходам на той свет таксама ўсё клікаў нейкую Барбару.

Вячаславу ў дзедавым пакоі спалася спакойна і лёгка, ён нават і сноў там толкам ніколі не бачыў. Таямніцай роду ён даражыў і па дробязях у схованку не лазіў. Наогул, так сталася, што пра таямніцу падзямелля ён даведаўся раней, чым прыняў рашэнне паступаць у Вышэйшую школу КДБ, ды і дзед, калі б быў жывы на той час, наўрад ці ўхваліў бы выбар унука, хоць ягоны сын, бацька Вячаслава, служыў некалі ў нейкім дзіўным ваенным ведамстве. З бацькам заўсёды было шмат нейкіх таямніцаў і недагаворанасці. То ён быў журналістам-міжнароднікам, то дыпламатам, то, як вузкі спецыяліст па сельскагаспадарчай тэхніцы, вызубрыўшы на хуткую нагу фарсі, з’ехаў у Афганістан. Там у нейкай глухой правінцыі на мяжы з Пакістанам, яшчэ гады за паўтара да ўводу савецкіх войскаў, ён і загінуў; няшчасны выпадак - так было сказана ў афіцыйным паведамленні. Хавалі бацьку ў цынкавай труне. На пахаванні было некалькі незнаёмых людзей, трымаліся яны збоку, пасля могілак, пашаптаўшыся з мамай, моўчкі раз’ехаліся, застаўся толькі адзін, які калісьці вучыўся з бацькам у адным ваенным вучылішчы - і пасля памінак пра нешта доўга размаўляў з дзедам і мамай. Вячаслаў гэта ўжо добра памятаў. Дзед усё абяцаў нешта расказаць пра бацьку, ды не паспеў: памёр нечакана, раніцай на кухні за сталом.

Мітусня метро маладому і амбітнаму чэкісту падабалася; нават калі не было машын, ён адзначаў для сябе вельмі павучальныя і яркія асаблівасці ў паводзінах людзей, а колькі ён пачуў размоў пра сённяшнюю рэчаіснасць і ўладу! Самыя смелыя і вострыя траплялі ў яго сшытак. Праз год-два, перачытваючы іх, малады чалавек міжволі дзівіўся аднастайнасці і недальнабачнасці народнага погаласу. «Натоўпу не дадзена прарочыць, - любіў паўтараць дзед. - Ніколі не ідзі на повадзе натоўпу і ніколі не пярэч яму, але заўсёды рабі па-свойму».

Перайшоўшы на чацвёрты курс, Вячаслаў абвясціў маме, што будзе жыць асобна і каб яна правільна яго зразумела ды не крыўдзілася. Сёння ён вяртаўся на сваю здымную кватэру позна. Пасля працы забег да Ягора Кузьміча і засядзеўся. Ды ў гэтага чалавека не тое што засядзецца - у яго можна было б і пасяліцца жыць, здымаючы ўсяго толькі вузкую скрыпучую кушэтку, калі б прапанаваў яму гэта гаспадар.

- Грамадзяначка, давайце толькі без аказання супраціву прадстаўнікам улады! Грамадзянка...

Два паставыя міліцыянты спрабавалі затрымаць дзяўчыну, якая вырывалася ад іх. Трэці, па ўсім старшы нарада, спрабаваў звязацца з кімсьці па рацыі. Вячаслаў, не раздумваючы, падышоў да яго, паказаў службовае пасведчанне і пацікавіўся, што адбываецца.

- Вось, таварыш лейтэнант, непадпарадкоўваецца грамадзянка і затрымліваецца для высвятлення асобы...

- Старшына, маё прозвішча Скарга, і давай без званняў ды казыранняў, -упаўголаса папрасіў лейтэнант. - За што затрымліваеце? - Вячаслаў уважліва паглядзеў на дзяўчыну: тая маўкліва ўпіралася, але з ёй усё ж справіліся ахоўнікі парадку і вялі да старшага. Сімпатычная, меднавалосая, з бел-чырвона-белым шалікам вакол шыі, у бярэтцы з бел-чырвона-белай стужкай і з бел-чырвона-белай значкай на кароткім палітончыку ў чырвона-белую клетку.

- Так, старшына, з чырвона-белым відавочны перабор, - усміхнуўшыся, з разумением вымавіў Скарга.

- Ну дык і я пра што! Як нейкі бэнээфаўскі хадзячы плакат.





Вячаслаў ужо быў сабраўся пайсці далей, але, зірнуўшы яшчэ раз на дзяўчыну, прыкінуў, што з ёй можна было б папрацаваць як з будучай даверанай асобай з пратэстных моладзевых тусовак.

- А ведаеш што, старшына, аддай ты мне гэтую хадзячую бяду, тут думка адна мільганула.

- Што ж, лейтэнант, - з ухмылкай вымавіў міліцыянт, - давай бяры, толькі глядзі - і за нас яе дзерані.

- Добра, як цябе завуць?

- Эдзік...

- Эдуард, давай вось што, - Скарга нешта таропка зашаптаў яму на вуха.

- Ага, усё зразумеў, зраблю...

Вячаслаў, адвярнуўшыся, каб не сустрэцца вачыма з затрыманай, пайшоў з метро. Ужо на вуліцы ён прытаіўся за бакавой сценкай выхаду і стаў чакаць. У хуткім часе з’явіліся старшына Эдзік і прыціхлая затрыманая. Чэкіст умела адштурхнуў канваіра, перахапіў руку дзяўчыны і з нягучным крыкам «Уцякайма!» нырнуў з ёй у яшчэ зімовы змрок вясновай ночы. Ззаду сіпла заліваўся міліцэйскі свісток. Прабегшы пару двароў, уцекачы перайшлі на хуткі крок, пераканаўшыся, што пагоні няма, спыніліся і зарагаталі.

- Ну ты даеш, я спалохацца не паспела, як ты мяне вырваў у гэтага монстра і завалок у цемру, - скрозь смех сказала дзяўчына. - Мяне завуць Стэфанія, сябры Стэфа, а ты - як табе зручней, ты ж мой выратавальнік.

- Я Вячаслаў, у сяброў Слава, Славец, таксама выбірай, як зручней, -працягваючы руку, адказаў хлопец. - Ты дзе жывеш?

- Наогул-та я з Горадні. У Менску вучуся ва ўніверы замежных моў, жыву ў здымцы на іншым канцы горада, тут у сяброўкі была на адной тусоўцы. Як дадому дабірацца - не датумкаю, у метро, напэўна, цяпер нельга?

- Гэта ўжо так! Ні табе, ні мне туды сёння лепш не совацца. Мянты, хутчэй за ўсё, да закрыцця там будуць тырчэць. Давай лепш я цябе да тусовачнай сяброўкі правяду, гэта далёка?