Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 39 из 48

Ранкам замкавы дырэктар патэлефанаваў сам і папрасіў не спяшацца і не мітусіцца, бо ён мусіць быць у міністэрстве ў тэрміновым парадку. Нарада. А пры нарадах заўсёды патрэбна спешка, як пры лоўлі ўсім вядомых насякомых. Вернецца са сталіцы на працоўнае месца толькі пад вечар. І наогул, - развіваў думку вучоны, - кіраўнік, які не ўмее і не хоча працаваць, хавае гэта пад маскай частых і працяглых нарад, ад якіх няма карысці, а толькі скаланаецца паветра. Святы абавязак чыноўніка - заўсёды і ўсюды скаланаць паветра, ператвараючы жывую прастору ў пустэчу. - Прыслухаўшыся да паўсоннага маўчання сябра і, па ўсёй бачнасці, застаўшыся задаволеным сваім маналогам, Равіч паклаў слухаўку.

«Ну, гэта ўжо нейкі вясковы дэспатызм, - ледзь не з болем падумаў Скарга і пашкадаваў аб учорашнім глупстве праігнараваць бабуліну гасціннасць і прыехаць да гэтага ўзурпатара. Такую раніцу! Такія планы пачалі выкрышталізоўвацца ў галаве - і вось на табе!» - начапіўшы на твар усмешку, ён павітаўся.

- Вячак, ты прабач, - бянтэжачыся і паціскаючы руку, прагудзеў сва­як, - можа, у цябе ёсць нейкія свае планы, але вельмі моцна патрэбна твая дапамога, адзін з хлопцам не здужаю. Дапамажы салому ў павець прыбраць. Гэта ад сілы гадзіны дзве без перакураў, а?

- Можна падумаць, у мяне ёсць выбар? Добраахвотна не пайду - радню падключыце, і ўсё роўна араць прымусіце. Адно толькі суцяшае: ад маёй працы карысці будзе мала, я паняцця не маю, што такое павець і як туды засоўваць салому.

- Гэта мы цябе навучым ураз. Вядома, кожнаму гарадскому з вышэйшай адукацыяй простая работа будзе давацца нашмат цяжэй. Галава надта разумная, яна заўсёды рукам перашкаджацьме. Але ты хлопак шустры, абвыкнешся хутка.

З працай управіліся толькі пад абед. Цяганне цяжкіх цюкоў спрасаванай саломы не толькі не стаміла Скаргу, а, хутчэй, наадварот - узбадзёрыла. Мышцы, што засумавалі па фізічных нагрузках, хутка прынялі рэльефныя формы і прыемна занылі. Здавалася, ён можа без стомы шпурляць гэтыя рудыя, важкія цюкі, абы ніколі не згасалі захопленыя вочы каханай дзяўчыны, якая на пару з Палінай віламі піхала салому ў дапатопны механічны прэс, што грукатаў рухавіком і смярдзеў саляркай.

Пасля абеду, калі ўся жывая істота, разамлеўшы ад багатай ежы і паўдзённай спёкі, няўхільна імкнулася ў ціхі прахалодны куток, каб там абрынуцца на жаданае ложа і растварыцца ў душным марыве, насланым паўдзённым нячысцікам, а можа, і анёлам Божым, пераеўшым амброзіі. Але, на жаль, сон не заладзіўся.

Вячаслаў толькі і паспеў узяць Стэфанію за руку, як усюдыісны швагер папераджальна выставіў наперад руку.

- А цяпер вам ад мяне сюрпрыз! Не бойся, ужо намыліўся зашыцца ў спальніцу ды пускаць сонныя бурбалкі? Не, тое нікуды не варта! Пайшлі са мной.

За брамай хутара стаяла самая сапраўдная брычка, запрэжаная пры- гожым танканогім конікам. Кіраваў ім сухенькі мужчына, старамодна і ахайна апрануты, у шырокім фетравым капелюшы, з-пад якога да плячэй звісалі расчасаныя сівыя валасы, твар з арліным носам дапаўнялі сівыя доўгія вусы. Не хапала толькі цёмнага банта і пенснэ на тонкім ланцужку...

- Вось, знаёмцеся, наш мясцовы краязнаўца, загадчык школьнага музея і завуч гэтай жа школы Браніслаў Іванавіч Бардзілоўскі, - прадставіў старамоднага фурмана Казімір. - Між іншым, - з непадробным гонарам у голасе дадаў ён, - доктар гістарычных навук, прафесар, вучыўся Сарбоне, выкладаў у Берліне і Маскве, а потым кінуў усё і вярнуўся дадому. Купіў тут недалёка хутар, кветкі разводзіць. Я з цяжкасцю ўгаварыў Браніслава Іванавіча паказаць вам нашыя краявіды і расказаць, што тут і дзе. Пару разоў спрабаваў і сам экскурсаводзіць, але ў мяне неяк усё не атрымліваецца, відаць, язык не тымі ніткамі прышыты. Вы пакуль пакатайцеся, а я пайду са сваімі дажну лета.

- Што ты дажнеш? - перапытаў яго Скарга, дапамагаючы Стэфы забрацца ў рыпучы і хісткі старадаўні экіпаж на рысорах.

- Гэта ў нас так даўней казалі: «Бабы лета дажалі», - замест Казіміра адказаў іх экскурсавод, - гэта значыць: зжалі апошні сноп і ўвесь хлеб звезлі з поля. Сноп гэты лічыўся ў нашых продкаў святым і актыўна ўдзельнічаў у народнай магіі, яму адводзілася ганаровае месца ў чырвоным куце, і яго бераглі да новай пасяўной. Пасеялі хлеб - лета нарадзілі, зжалі хлеб - з ім і лета дажалі. Дык вось, - кранаючыся, шматзначна пачаў Браніслаў Іванавіч, - месцы нашыя былінныя і вельмі старажытныя. Тут кожны пагорак, кожнае азярцо, кожны куток захоўваюць свае таямніцы, у кожнага свае легенды і паданні. Яшчэ гадоў пяцьдзясят таму ўсё навокал выглядала па-іншаму. Хутароў было больш, пералескаў і балацявінак... Але, на жаль...

- Ды пра трагедыю з сялібамі і старымі дрэвамі ўздоўж дарог нам Казімір Казіміравіч распавядаў, - перапыніў настаўніка Скарга, - прабачце, гавораць, тут дзесьці недалёка знаходзіцца Філарэтаў камень?

- Мы да яго абавязкова пад’едзем. Правільна ён называецца «Камень філарэтаў». Вы толькі, маладыя людзі, будзьце цярплівымі. Дык вось, усё гэта і ёсць летапісная Літва, - ён дэманстратыўна абвёў вакол сябе рукамі, - менавіта адсюль пайшла і назва, і мова, і чыноўнікі, і ратнікі вялікага княства. Але я вам раскажу пра іншую гісторыю гэтай зямлі, раскажу пра людзей, якія жылі ў гэтых месцах у васямнаццатым і дзевятнаццатым стагоддзях... <...>





- Браніслаў Іванавіч, мяне вельмі цікавяць не так сівыя стагоддзі нашай зямлі, - здалёк пачаў Скарга, - колькі падзеі апошняй вайны і, галоўнае, праўда пра іх. Бо ў гэтых месцах з фашыстамі, пазней і з Саветамі ваявалі байцы Арміі Краёвай?

- Ваявалі, многія з іх яшчэ і сёння, глыбокімі старымі і бабулямі, адседзеўшы ў сталінскіх лагерах, дажываюць свае дні па вакольных вёсках. Многія даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што да трыццаці адсоткаў партызан АК былі этнічнымі беларусамі. Навакольныя землі ўваходзілі ў Наваградскую акругу, у канцы вайны ёй камандаваў падпалкоўнік Адам

Шыдлоўскі, скінуты ў 1944 на парашуце. Мясцовым атрадам камандаваў паручнік Антоній Буржынскі, але пасля вайны вывеў рэшткі свайго атрада ў Польшчу, а адтуль далей на Захад...

- Прабачце, як, як яго звалі? - схамянуўся Вячаслаў.

- Антоній...

- Не, якая ў гэтага паручніка была мянушка?

- Псеўданім ці падпольнае імя, па-польску падземнае, у пана Антонія было «Вільк», «Воўк» па-нашаму. Мянушкі, малады чалавек, бываюць толькі ў жывёл і зэкаў.

- Скарга, а ў цябе добрая памяць, - паўшэптам здзівілася Стэфанія,

- відаць, менавіта гэтаму камандзіру і пісалі свае данясення ўсе тыя «Светлячкі» і «Вароны».

- Ціха ты! - цыкнуў на яе хлопец, - прабачце за бестактоўнасць, вядома ж, пазыўныя ды імёны прыкрыцця, - сказаў ён. - А вы, выпадкова, не ведаеце, ці застаўся хто жывым з атрада пана Буржынскага ў нашых краях? Тэма ёсць адна цікавая, хацелася б пагаварыць.

- Так, наўскідку, і не памятаю, - прыкідваючы нешта ў галаве, адказаў прафесар, - трэба падумаць, можа, дома зазірнуць у свае запісы. А што за тэма, калі не сакрэт?

- Ды які там сакрэт. Тут, пад Нясвіжам, знаёмыя хлопцы на акаўскія паперы натыкнуліся ў адным склепе. Цікава было б пагаварыць з відавочцам, хто каму і пра што пісаў. А там жа суцэльныя псеўданімы, умоўныя абазначэнні, словам, сам чорт нагу зломіць.

- Так, цікава. Давайце дамовімся: я са свайго боку перагледжу свае кандуіты ў пошуках сведак, а вы, калі будзе не ў ляноту, захопіце ў наступны раз тыя дакументы на хутар. Пад’еду, разам паспрабуем разабрацца. - Браніслаў Іванавіч нечакана цяжка ўздыхнуў, памаўчаў і дадаў: - Сёння, на жаль, самая складаная і запушчаная тэма, што ў нас, што за мяжой, - гэта тэма вайны. Увесь свет, хоць і без асаблівай ахвоты, але ўжо рассакрэціў большасць сваіх ваенных архіваў, а мы ўслед за Расіяй усё на месцы топчамся. Дрэнна гэта. Час сыходзіць, старыя, якія бачылі ўсе гэтыя страхі, паміраюць. Праўда знікае, а галоўнае - пройдзе яшчэ гадоў сорак, і праўда гэтая нікому, акрамя навукоўцаў-дзівакоў накшталт мяне, не будзе патрэбна. Праўда аб простых, непрыкметных людзях вайны. Будуць пісаць пра крывавых маршалаў, геніяльных правадыраў і дыктатараў, пра палітыкаў і аферыстаў, якія нажылі мільярды на смерці і слёзах немаўлятаў, але нікому не прыйдзе ў галаву напісаць аб простым чалавеку, які трапіў у пекла вайны. Як ён бачыў гэтую вайну, за што ваяваў і чаму гатовы быў ісці на смерць, на подзвіг, а часам і на ганьбу? Такая праўда патрэбна сёння, пакуль яшчэ жывыя блізкія, сыны, унукі і праўнукі тых салдат і не салдат. Пакуль новая, яшчэ больш страшная вайна не засланіла ад нас тыя цяжкія і складаныя гады.