Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 48

«Д’ябальшчына нейкая, так і са службы паляцець можна. Чаго гэта ты буксуеш? Прайшло тры дні, тэрмін яшчэ не крытычны, можна і заўтра ўсё напісаць і аддаць начальству. Ды супакойся ты і перастань рыцца ў сабе, як кабан пад плотам. Сходзіш на сустрэчу, выцягнеш дадатковую інфармацыю, трахнеш гэтую размаляваную кралю - і ўсё ўстане на свае месцы: ты ёй сэкс, яна табе інфармацыю». Ён дакладна ведаў: такая фор­мула, непрадугледжаная службовымі інструкцыямі, у паўсядзённай працы практыкавалася і артыкуламі карпаратыўнай маралі не забаранялася. «Добра, з гэтым ты як-небудзь сам разбярэшся. Разабрацца - разбярэшся, а чаго тады так старанна збіраўся, вунь усе шмоткі па пакоі раскідаў, кветачкі ўжо ў трэцяй кветачніцы пераглядаеш? Не, Скарга, праняла цябе дзяўчына - беларуская жар-птушка! Вершы толькі не пачні з перапуду пісаць. Наогул, гэта першы раз у цябе, калі асабістае так пераплятаецца са службовым. Напэўна, праз гэта ўсе нашы ў маладосці праходзяць, толькі адны так, а, можа, і па-іншаму. Да старэйшых не сунешся - засмяюць ці яшчэ якую хрэнь прыдумаюць. Сам, сам як-небудзь выкарасквайся. А можа, і сапраўды закахацца, ты ж пра гэта нават марыў калісьці. Закахацца, жаніцца, дзетак нараджаць і жыць размераным жыццём абывацеля. Цікава, а чэкістаў да абывацеляў аднесці можна?»

Вясна, сонечная, радасная, якую падганяла сонейка і нейкія пакуль не зусім зразумелыя пачуцці, звалілася і на Скаргу, і на горад, і на ўвесь белы свет. Вясна без разбору мазала сваімі каляровымі фарбамі вуліцы і скверы, твары людзей і іх душы. Нават самаму закаржавеламу цыніку і скнару хацелася штосьці стварыць, ну ўжо зусім нечаканае. Вясной галоўнае - супасці з вясной, інакш яна можа прайсці незаўважна, бязгучна знікнуць у шэрай вадзе штодзённасці.

Скарга і яго новая сяброўка супалі і з вясною, ды, падобна, і самі з сабой, і адзін з адным супалі. Падышоўшы да месца сустрэчы, Слава не адразу пазнаў у прыгожай дзяўчыне, якая прамянілася радасцю, бел-чырвона-белы цуд, вырваны ім з чэпкіх рук ахоўнікаў парадку.

«Нічога сабе! Я нават і ўявіць сабе не мог, што яна такая прывабная. І апранутая з густам».

- Што, дзедавы гены ўсё ж гуляюць у маладой крыві? - з лёгкім рэверансам прымаючы кветкі, сказала Стэфа ўсміхаючыся.

- Не зразумеў я пра дзеда.

- Ты ж на мяне так глянуў-ацаніў, што аж вераб’і разляцеліся. Ды добра, не толькі ты аб мяне вочы спрабуеш зламаць. Я ўжо і сама сабе не веру: пакуль ішла. да цябе, і ў хлапцоў, і ў мужыкоў аж шыі хрусцелі. А ты малай­чына, глядзі, якія шыкоўныя кветкі адшукаў, яны, дарэчы, вельмі рэдкія, як вось гэты сённяшні дзень. Не, ты сапраўды малайчына, усё так рамантычна абставіў. Парода, яна і ў стагоддзях не плавіцца. Я ў вольны час гісторыю твайго роду ў ітэрнэце праштудзіравала, дык калі ёй верыць, ты - князь.

- Ну вось, замуж выйдзеш - будзеш княгіняй, - ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву, Скарга.

- Вунь яно як, пазаўчора пазнаёміліся, сёння першы раз сустрэліся - і ўжо прапанова? Дакладна дзедавы гены. Якія планы, таварыш князь?

- Ну, калі сёння пятніца і ў нас ёсць амаль двое сутак, давай махнём у Нясвіж. Я табе замак пакажу, у Мір з’ездзім, там і Камень філарэтаў, і наогул - вакол многа розных славутасцяў. Але спачатку я цябе хачу накарміць вельмі файнымі прысмакамі. Ёсць у мяне знаёмы са сваёй кавярняй, - і, адкідваючы ўсякія пярэчанні, ён цвёрда дадаў: - Давай без капрызаў, а то сама ж сказала: дзедавы гены.

- Знайшоў дурную - пярэчыць! Есці хачу, у замак паеду. А што за камень такі, нашага Філарэта, ці што? Ты май на ўвазе: я каталічка. А начаваць дзе будзем? Там, наколькі я ведаю, у гасцініцу не праб’ешся, тым больш вунь надвор’е якое класнае ўсталявалася. І яшчэ, - яна хітра ўсміхнулася, - хоць ты і хітрун, і прапанову ўжо нібыта зрабіў, але ведай: я дзяўчына сур’ёзная, а не абы-што.

- Усе ўмовы прымаюцца, - з непрыхаванай радасцю выгукнуў Вячаслаў. - Начаваць там ёсць дзе, там цэлы старадаўні дом, мая, дарэчы, спадчына. Вось толькі трэба што-небудзь паўсядзённае з адзежы і абутку захапіць, зямля яшчэ не высахла.

- Ты што, ваенны? - беручы кавалера за руку, спытала дзяўчына.

Ён ад нечаканасці аслупянеў: ну вось і ўсё, пачнуцца роспыты, хлусіць з першага дня непрыгожа, а праўду сказаць - загубіць выходныя. У галаве насіліся бязладныя думкі.

- Ды не, - сказаў ён як мага спакайней, - а чаму ты так вырашыла?





- Дык я з сям’і патомных ваенных, а ты толькі што сказаў чыста вайсковую фразу пра паўсядзённае адзенне. Проста знаёмым павеяла...

- Не, які з мяне ваенны? Я дысцыпліны не люблю, хоць вайсковыя зборы пасля інстытута мне спадабаліся, акрамя страявой падрыхтоўкі, вядома.

- Гэта добра, а то я сваёй прабабулі дала ў дзяцінстве клятву: ніколі не выходзіць за жаўнера. Мае ажно з сямнаццатага стагоддзя ўсе запар афіцэры, па-мойму, нават пяць ці больш генераламі былі. Словам -мілітарысцкая сямейка і па мамінай, і па татавай лініі. Абодва браты таксама ваенныя, і нада мною як праклён вісіць няўхільнае патрабаванне: замуж толькі за афіцэра. Але я прабабкай, як шчытом, прыкрываюся, пакуль сыходзіць.

Бесклапотна гамонячы ні пра што, яны дварамі падышлі да непрыкметнай, схаванай у паўпадвале кавярні з дзіўнай і малазразумелай назвай «Задруга».

- Ніфігашанькі сабе! - былі першыя словы Стэфаніі, калі яны спусціліся па старых, стаптаных прыступках у глыбокі склеп, які асвятляўся перарывістым полымем сапраўдных паходняў. Інтэр’еры, старадаўняя музыка, афіцыянты - усё гэта нагадвала хутчэй этнаграфічны музей, чым тынок. - Слухай, як выдатна, я і не ведала, што ў нас такое ёсць, нават трошкі зніякавела, князь, - і дзяўчына даверліва прысунулася да яго па шырокай, здавалася, стагоддзямі адпаліраванай лаве.

- Калі шчыра, я баяўся, ці спадабаецца табе тут. Ведаеш, а тут шмат сапраўдных рэчаў, вунь, да прыкладу, даспехі, або вось той габелен, ды шмат чаго, а што неарыгінальнае, дык пад даўніну так зроблена, што і не адрозніць. Усё, як было ў шаснаццатым стагоддзі. Тут і залаў некалькі, вось гэтая, дзе мы сядзім, - рыцарская або шляхецкая, ёсць зала рамеснікаў і купцоў, ёсць зала «шкалярская», гэта значыць студэнцкая, ёсць і наогул харчоўня, самы звычайны шынок. Потым магу экскурсію правесці, калі пажадаеце, пані.

- Нечакана, як на машыне часу: раз - і немаведама дзе! Безумоўна, паглядзім, ты мяне толькі пафоткай, знаёмыя абзайздросцяцца.

- На жаль, пані, фатаграфаваць тут катэгарычна забаронена, сюды на­огул з тэлефонамі не пускаюць, наверсе вісіць адпаведная аб’ява і маюцца спецыяльныя камеры захоўвання, так што ўбачаць гаджэт - адбяруць і сатруць усю памяць.

Дагаварыць ім не далі, афіцыянты ў ліўрэях чарадой панеслі нейкія стравы, збаны, старадаўнія сталовыя прыборы, закускі, напоі. Усё было так нечакана і смачна, што захмялелая Стэфанія ўжо стамілася здзіўляцца і захапляцца. У давяршэнне да ўсяго яе новы кавалер аказаўся ўладальнікам джыпа, які юрка каціў іх па хуткаснай трасе ў бок Брэста.

Бабулі дзяўчына спадабалася:

- Вось, дзякаваць Богу, з прыгожай дзяўчынай прыехаў, а не з кіпамі кніжак, не раўнуючы, як семінарыст нейкі. Хопіць нам і аднаго вучонага ў родзе. Адваджвай яго, мілая, ад гэтага глытання архіўнага пылу, малады ж хлапец. Вось дзед у твае гады...

- А вы ведаеце, Ганна Міхайлаўна, пра маладыя гады дзеда ён мне з першай хвіліны знаёмства паведаміў, - папрасіўшы прабачэння, перабіла яе дзяўчына і тут жа збянтэжылася, палічыўшы, што ляпнула штосьці лішняе.

- Слухай ты яго больш, хвалько, чаго ён табе мог расказаць? Калі хто пра дзедаву маладосць што і ведае, дык гэта толькі я. Я яго спавядальніцай і слухачкай была, - пільна зірнуўшы на нечаканую госцю, бабулька цвёрда дадала: - Вось калі прыжывешся ў нашым родзе, можа, і табе раскажу нашыя гісторыі.

- Бачыш, а ты баялася, што з бабуляй не знойдзеш агульнай мовы, -заходзячы ў пакой, ухвальна вымавіў Вячаслаў. - Давай так, спачатку пойдзем у замак, я цябе пазнаёмлю з цудоўным чалавекам, фанатам сваёй справы Міхаілам Сяргеевічам Равічам, ён там дырэктарам...