Страница 25 из 26
Тут усе закрычалі: “Ура!” забрахалі, заржалі, затрубілі і залопалі крыламі, а каралеўская пара стаяла, выглядаючы ўрачыста і крыху сарамяжліва, што рабіла іх яшчэ больш высакароднымі. I калі Дыгары яшчэ вітаў Караля і Каралеву, ён пачуў, як глыбокі голас Аслана побач з ім прамовіў:
— Глядзіце!
Усе ў натоўпе павярнулі галовы і выдыхнулі ад здзіўлення і радасці. Непадалёк яны пабачылі дрэва, што ўзносілася над іх галовамі. Раней яго тут дакладна не было. Мусіць, пакуль усе былі занятыя каранацыяй, яно вырасла — ціха, але хутка, як сцяг, калі яго падымаюць на флагшток. Здавалася, што яго разложыстыя галіны адкідваюць святло, а не цень, і пад кожным лістом, нібы зорка, зіхацеў срэбны яблык. Але нават не ад выгляду, а ад паху, які ад яго ішоў, ва ўсіх заняло дыханне. Нейкі час ніхто не мог думаць ні пра што іншае.
— Сын Адама,— сказаў Аслан.— Ты добра пасеяў. А для вас, нарнійцы, абарона гэтага Дрэва будзе вашым першым абавязкам, бо гэта ваш Шчыт. Вядзьмарка, пра якую я вам казаў, уцякла далёка на поўнач свету, яна будзе жыць там, і яе цёмная магія будзе набіраць моц. Але пакуль гэтае Дрэва буяе, яна ніколі не прыйдзе ў Нарнію. Яна не наважыцца падысці да Дрэва бліжэй, чым на сотні кіламетраў, бо яго пах, які ёсць радасць, жыццё і здароўе для вас,— смерць, жах і адчай для яе.
Усе ўрачыста глядзелі на Дрэва. Раптоўна Аслан павярнуў галаву (калі ён зрабіў гэта, ад яго грывы ўпалі сонечныя блікі святла) і паглядзеў на дзяцей сваімі вялікімі вачыма.
— Што такое, дзеці? — спытаўся ён, бо ўбачыў, што яны перашэптваюцца і штурхаюць адно аднаго.
— О, Аслан, сэр,— адказаў Дыгары, чырванеючы.— Я забыўся сказаць табе. Вядзьмарка ўжо з’ела адзін з такіх яблыкаў, з якіх расце Дрэва.
Ён насамрэч не сказаў усяго, пра што думаў, але Полі адразу ж вымавіла гэта за яго (Дыгары заўсёды значна больш за яе баяўся падацца дурнем).
— Таму мы падумалі, Аслан,— сказала яна,— што тут мусіць быць нейкая памылка, і не можа быць, каб яна сапраўды не выносіла пах гэтых яблыкаў.
— Чаму ты так думаеш, дачка Евы? — запытаўся Аслан.
— Ну, яна з’ела адзін.
— Дзіця,— адказаў ён,— менавіта таму ўсе астатнія цяпер выклікаюць у яе жах. Так адбываецца з тымі, хто зрывае і есць яблыкі ў неналежны час і неналежным чынам. Плод добры, але потым ён выклікае агіду.
— Зразумела,— сказала Полі.— I раз яна сарвала яго не ў час, ён не спрацуе для яе. У сэнсе, не зробіць яе вечна маладой і ўсё такое?
— На жаль,— мовіў Аслан, хітаючы галавой,— зробіць. Рэчы заўсёды працуюць адпаведна іх прыродзе. Яна атрымала тое, чаго прагнула яе сэрца: цяпер яе сіла не паменшыцца, а дні не скончацца, як у багіні. Але калі ў цябе злое сэрца, бясконцыя гады толькі падаўжаюць роспач, і яна пачынае гэта разумець. Усе атрымліваюць тое, чаго прагнуць, і ім не заўсёды гэта падабаецца.
— Я... я сам ледзь не з’еў адно, Аслан,— прызнўся Дыгары.— Ці я б...
— Так, дзіця,— сказаў Аслан.— Бо плады заўсёды дзейнічаюць, як мусяць дзейнічаць, але яны не ідуць на дабро нікому, хто зрывае іх, ідучы за ўласнымі жаданнямі. Калі б любы нарніец, без просьбы, скраў яблык і пасадзіў яго тут, каб абараніць Нарнію, ён бы абараніў. Але ператварыў бы Нарнію ў яшчэ адну моцную і жорсткую імперыю, як Чарн. I тады Нарнія не была б той добрай зямлёй, якой я яе задумаў. I Вядзьмарка спакушала цябе зрабіць інакш, сынок, ці не так?
— Так, Аслан. Яна хацела, каб я ўзяў яблык дадому, для маці.
— Зразумей, тады б яно ацаліла яе, але ні ты, ні яна не былі б шчаслівыя. Прыйшоў бы дзень, калі вы абодва азірнуліся б назад і сказалі б, што лепей бы яна памерла ад той хваробы.
I Дыгары не мог адказаць нічога, бо яго душылі слёзы, і ён пакінуў усе спадзяванні на тое, што можа захаваць жыццё сваёй маці; але ў той жа час ён разумеў: Леў ведаў, што магло б здарыцца і што могуць быць рэчы, больш жахлівыя за смерць дарагога чалавека. Але цяпер Аслан ізноў загаварыў, амаль шэптам:
— Вось што здарылася б, дзіця, калі б ты скраў яблык. Але зараз такога не адбудзецца. Тое, што я дам табе, прынясе радасць. У тваім свеце яно не дасць бясконцага жыцця, але дасць ацаленне. Ідзі. Сарві для яе яблык з Дрэва.
На секунду ўсе думкі Дыгары зблыталіся. Ён пачуваўся так, нібыта ўвесь свет перавярнуўся дагары нагамі. А потым, быццам у сне, ён пайшоў да Дрэва. Кароль і Каралева і астатнія стварэнні падбадзёрвалі яго. Ён сарваў яблык і паклаў у кішэню. Потым вярнуўся да Аслана.
— А ці можам мы цяпер адправіцца дамоў? — запытаўся ён.
Ён забыўся сказаць: “Дзякую”,— але ён меў гэта на ўвазе, і Аслан зразумеў.
Канец гэтай гісторыі і пачатак усіх астатніх
Вам не спатрэбяцца пярсцёнкі, калі я з вамі,— мовіў голас Аслана.
Дзеці міргнулі і азірнуліся. Яны зноў апынуліся ў Лесе Паміж Сусветамі. Дзядзька Эндру ляжаў на траве і ўсё яшчэ спаў; Аслан стаяў побач з імі.
— Хадзем,— сказаў Аслан.— Вам час вярнуцца назад. Але спачатку я хачу паказаць вам дзве рэчы: засцярогу і прыказанне. Паглядзіце сюды, дзеці.
Яны паглядзелі і ўбачылі ямінку з сухім дном, зарослым травой.
— Калі вы апошні раз былі тут,— загаварыў Аслан,— гэтае паглыбленне было азярком, і, скокнуўшы ў яго, вы трапілі ў свет, дзе паміраючае сонца ззяла над руінамі Чарна. Цяпер азярка няма. Гэтаму свету прыйшоў канец, нібыта ён ніколі і не існаваў. Хай нашчадкі Адама і Евы сцерагуцца.
— Добра, Аслан,— адказалі дзеці.
Полі дадала:
— Але наш свет не такі кепскі, як той, праўда, Аслан?
— Пакуль не, дачка Евы,— сказаў ён.— Пакуль не. Але вы робіцеся ўсё больш падобнымі да яго. I нельга выключыць, што нейкі злодзей з вашай расы вынайдзе сакрэт, такі ж жахлівы, як Непапраўнае Слова, і выкарыстае яго, каб знішчыць усё жывое. I хутка, вельмі хутка, да таго, як вы пастарэеце, вялікімі народамі ў вашым свеце будуць кіраваць тыраны, якіх шчасце, справядлівасць і літасць турбуюць не больш, чым імператрыцу Джадзіс. Хай ваш свет сцеражэцца. А цяпер прыказанне. Так хутка, як толькі здолееце, забярыце ў свайго дзядзькі магічныя пярсцёнкі і закапайце іх, каб ніхто не змог ізноў імі скарыстацца.
Пакуль Леў казаў гэтыя словы, дзеці глядзелі яму ў твар. I раптоўна (яны так ніколі і не зразумелі, як гэта адбылося) ягоны твар стаў падобным да залатога мора, у якім яны плылі. I гэткая ласка і магутнасць ахінулі і напоўнілі іх, што дзеці адчулі, быццам ніколі дагэтуль яны не былі насамрэч шчаслівыя, ці мудрыя, ці добрыя, ці нават жывыя і прытомныя. Успамін пра той момант застаўся з імі назаўсёды. Таму ўсё сваё жыццё, калі яны былі засмучаныя, ці напалоханыя, ці злосныя, яны думалі пра гэтую залатую дабрыню. I адчуванне, што яна ўсё яшчэ тут, зусім побач, дзесьці за паваротам ці за нейкімі дзвярыма, вярталася, і глыбока ўнутры яны ўпэўніваліся, што ўсё добра. У наступную хвіліну ўсе трое (дзядзька Эндру якраз прачнуўся) зваліліся ў шум, гарачыню і рэзкія пахі Лондана.
Яны стаялі на ходніку каля дзвярэй дома Кэтэрлі, і, за выключэннем таго, што Вядзьмаркі, возніка і каня больш не было, усё было дакладна такім жа, як і ў момант іх знікнення. Стаяў ліхтар без аднаго прута, валяліся рэшткі двухколкі, і заставаўся натоўп. Усе яшчэ размаўлялі, і людзі станавіліся на калені побач з параненым паліцэйскім, кажучы ўсялякія рэчы кшталту: “Ён зараз ачуняе”, ці “Як ты, сябра?” ці “Доктар будзе тут вось-вось”.
“Неверагодна! — падумаў Дыгары.— Уся прыгода зусім не заняла часу”.
Большасць людзей шалёна азіраліся навокал, спрабуючы знайсці Джадзіс і каня. Ніхто не звярнуў аніякай увагі на дзяцей, бо ніхто не бачыў, як яны зніклі, і ніхто не заўважыў, як яны вярнуліся. Што да дзядзькі Эндру, з-за стану яго вопраткі і мёду на твары яго ніхто не мог бы пазнаць. На шчасце, уваходныя дзверы ў дом былі адчыненыя, і ў іх стаяла служанка, якая назірала за відовішчам (ну і дзень быў у гэтай дзяўчыны!), таму дзецям было няцяжка запхнуць дзядзьку Эндру ўнутр яшчэ да таго, як хтосьці пачаў задаваць нейкія пытанні.
Дзядзька панёсся наверх па лесвіцы, і спачатку дзеці вельмі спужаліся, што ён адразу пойдзе на гарышча і захоча схаваць астатнія пярсцёнкі. Але ім не варта было хвалявацца. Ён думаў пра бутэльку, што была ў яго шафе, і адразу ж знік у сваім пакоі, замкнуўшы дзверы. Дзядзька Эндру зноў выйшаў адтуль у халаце (варта зазначыць, вельмі няхутка) і пайшоў наўпрост у ванную.