Страница 23 из 26
Разважаючы пра ўсё гэта, Дыгары выпадкова паглядзеў скрозь галіны ў кірунку верхавіны дрэва. Там, на галіне над яго галавой, сядзела, уладкаваўшыся нібыта на седале для сну, цудоўная птушка. Я кажу так, бо здавалася, што яна заснула; магчыма, праўда, не да канца. Адно вока было ледзь прыкметна расплюшчана. Птушка была большая за арла, спераду жоўта-памаранчавая, на галаве пунсовы чубок, а хвост быў пурпуровы.
“I гэта сведчыць,— казаў Дыгары пасля, калі распавядаў сваю гісторыю іншым,— што трэба быць вельмі асцярожнымі ў чароўных месцах. Ты ніколі не ведаеш, хто можа за табой назіраць”. Але я думаю, Дыгары не ўзяў бы сабе яблык у любым выпадку. У тыя часы рэчы кшталту “не крадзі” сядзелі ў галовах хлопцаў значна больш надзейна, чым зараз. Хаця, зрэшты, мы не можам быць упэўненыя да канца.
Дыгары якраз разварочваўся, каб ісці да брамы, але спыніўся, апошні раз разглядаючыся навокал. I застыў ад жаху. Ён быў не адзін. Усяго ў некалькіх метрах ад яго стаяла Вядзьмарка. Яна выкінула агрызак толькі што з’едзенага яблыка. Ягоны сок быў цямнейшым, чым можна было б чакаць, і ад яго вакол Вядзьмарчыных вуснаў з’явілася страшная пляма. Дыгары адразу здагадаўся, што яна, пэўна, пералезла праз агароджу. I ён пачаў разумець, што ў радку, які казаў, што той, хто знойдзе, што хоча, атрымае разам з тым роспач, быў сэнс. Бо Вядзьмарка выглядала больш моцнай і ганарыстай, чым калі-небудзь раней. У нейкім сэнсе нават пераможнай; але яе твар быў змярцвела-белы, як соль.
Усё гэта ў імгненне пранеслася ў галаве Дыгары; затым ён пабег прэч і нёсся да брамы так хутка, як толькі мог; Вядзьмарка кінулася наўздагон. Як толькі ён выбег з саду, брама сама зачынілася за ім. Гэта дало яму фору, але ненадоўга. Да таго моманту, як ён падбег да сяброў і крыкнуў: “Хутчэй, заскоквай, Полі! Падымайся, Крылаты!” — Вядзьмарка пераскочыла праз агароджу і зноў была блізка.
— Стойце там, дзе стаіце! — закрычаў Дыгары, павярнуўшыся тварам да яе.— Ці мы ўсе знікнем. Не падыходзьце ні на крок бліжэй.
— Дурны хлопчык,— сказала Вядзьмарка.— Чаму ты ўцякаеш ад мяне? Я не зраблю табе нічога кепскага. Калі ты не спынішся і не выслухаеш мяне зараз, ты не здабудзеш веды, якія змаглі б зрабіць цябе шчаслівым да канца жыцця.
— Не, я не хачу гэтага чуць, дзякую,— сказаў Дыгары.
Але насамрэч ён хацеў.
— Я ведаю, з якім заданнем ты прыляцеў сюды,— працягвала Вядзьмарка.— Бо гэта я была побач з вамі ў лесе мінулай ноччу і чула ўсе вашыя нарады. Ты сарваў плод у гэтым садзе. Цяпер ён у цябе ў кішэні. I ты, не пакаштаваўшы, збіраешся адвезці яго назад Ільву — каб ён яго з’еў, каб ён ім скарыстаўся. Ты прасцяк! Ты ведаеш, што гэта за плод? Я распавяду табе. Гэта яблык маладосці, яблык жыцця. Я ведаю, бо пакаштавала яго. I я ўжо адчуваю перамены ў сабе, я ведаю, што ніколі не састарэю і не памру. З’еш яго, хлопец, з’еш яго; і мы абодва будзем жыць вечна і будзем каралём і каралевай усяго гэтага свету — ці твайго свету, калі вырашым вярнуцца туды.
— Не, дзякую,— сказаў Дыгары.— Не думаю, што вельмі захачу жыць і жыць, пасля таго як усе, каго я ведаю, згінуць. Я лепей пражыву звычайны час, памру і пайду на Нябёсы.
— Але як жа твая маці, якую ты быццам бы так моцна любіш?
— Якое дачыненне яна мае да гэтага?
— Ці ты не разумееш, дурань, што адзін кавалачак гэтага яблыка ацаліць яе? Яно ў тваёй кішэні. Мы тут адны, і Леў далёка. Выкарыстай сваю магію і вярніся ў свой свет. Праз хвіліну ты будзеш каля ложка маці і аддасі ёй плод. Праз пяць хвілін ты пабачыш, як колеры вяртаюцца на яе твар. Яна скажа табе, што боль знік, што пачуваецца лепей. Потым яна засне — падумай пра гэта: гадзіны салодкага сапраўднага сну, без болю, без лекаў. Назаўтра ўсе будуць казаць, як цудоўна яна паправілася. Хутка яна будзе зноў здаровая. Усё зноў будзе добра. У тваім доме зноў будзе радасць. Ты будзеш як іншыя хлопчыкі.
— Ох! — выдыхнуў Дыгары, нібыта яго паранілі, і паклаў руку на сэрца. Ён зразумеў, што перад ім ляжыць найжахлівейшы выбар.
— Што для цябе зрабіў Леў, каб ты быў яго рабом? — запытался Вядзьмарка.— Што ён зможа табе зрабіць, калі ты вернешся ў свой уласны свет? I што падумала б твая маці, калі б ведала, што ты мог спыніць яе боль, вярнуць ёй жыццё і ўратаваць сэрца твайго бацькі ад роспачы, а ты вырашыў заняцца справамі дзікай жывёлы ў дзіўным свеце, да якога не маеш ніякага дачынення?
— Я... я не думаю, што ён — дзікая жывёла,— вымавіў Дыгары голасам, які бывае, калі ў вас перасохла горла.— Ён... я не ведаю...
— Тады ён нешта горшае,— сказала Вядзьмарка.— Паглядзі, што ён ужо табе зрабіў: паглядзі, якім неміласэрным ты стаў. Так ён робіць з кожным, хто слухае яго. Ты — жорсткі, бязлітасны хлопчык! Дазволіш сваёй маці памерці, замест таго каб...
— О, замаўчыце! — адказаў Дыгары ў роспачы, тым жа голасам.— Ці вы думаеце, што я не разумею? Але я... я паабяцаў.
— Але ты не ведаў, што абяцаў. I ніхто тут не змог цябе папярэдзіць.
— Маці самой,— сказаў Дыгары, з цяжкасцю вымаўляючы словы,— не спадабалася б гэта — яна неверагодна строгая наконт стрымлівання абяцанняў... і крадзяжоў... і ўсялякіх такіх рэчаў. Яна б сказала мне не рабіць гэтага — адразу ж, калі б была тут.
— Але ёй не абавязкова пра гэта ведаць,— словы Вядзьмаркі прагучалі больш салодка, чым можна было б чакаць ад кагосьці з такім жорсткім тварам.— Ты не скажаш ёй, як здабыў яблык. Твайму бацьку няма неабходнасці гэта ведаць. Нікому ў тваім свеце не трэба нічога ведаць пра ўсю гэтую гісторыю. I табе не абавязкова браць з сабой назад гэтую дзяўчынку.
Тут Вядзьмарка зрабіла фатальную памылку. Вядома, Дыгары ведаў, што Полі можа вярнуцца з дапамогай уласнага пярсцёнка гэтаксама проста, як ён мог вярнуцца з дапамогай свайго. Але Вядзьмарка гэтага не ведала. I ганебнасць гэтай прапановы — пакінуць Полі — раптоўна зрабіла ўсе астатнія рэчы, якія Вядзьмарка казала яму, няправільнымі і пустымі. I нават пасярод усёй роспачы яго розум раптам прасвятліўся, і Дыгары сказаў (іншым і значна гучнейшым голасам):
— Паслухайце, а калі гэта ўсё пачало вас цікавіць? Чаму вы раптам так моцна сталі клапаціцца пра маю маці? Якая вам да гэтага справа? Што ў вас за гульня?
— Малайчына, Дыг,— прашаптала Полі яму на вуха.— Хутчэй! Уцякаем.
Яна не наважвалася нічога сказаць на працягу ўсёй размовы, бо, разумееце, гэта не яе маці памірала.
— Тады забірайся,— мовіў Дыгары, падсаджваючы яе на спіну Крылатага, а затым ускараскаўся сам — так хутка, як мог. Конь распасцёр крылы.
— Уцякайце, дурні,— крыкнула Вядзьмарка.— Падумай пра мяне, хлопчык, калі будзеш ляжаць, стары і слабы, і паміраць. Узгадай, як ты адкінуў шанец на бясконцую маладосць! Больш яго не будзе!
Яны былі ўжо так высока, што ледзь-ледзь яе чулі. Вядзьмарка таксама не губляла часу на тое, каб глядзець на іх; яны пабачылі, як яна пайшла на поўнач, уніз па схіле ўзгорка.
У той дзень яны ўсталі вельмі рана, і тое, што адбылося ў садзе, цягнулася нядоўга, таму Крылаты і Полі абодва сказалі, што будзе лёгка вярнуцца назад у Нарнію да ночы. Дыгары нічога не казаў на зваротным шляху, а іншыя саромеліся размаўляць з ім. Вельмі засмучаны, ён не быў цалкам упэўнены, што зрабіў правільна. Але, узгадваючы слёзы ў вачах Аслана, умацоўваўся ў сваім рашэнні.
Увесь дзень Крылаты нёс іх на ўсход. Крылы яго не стамляліся, а рака паказвала яму шлях праз горы. Яны ляцелі над дзікімі лясістымі ўзгоркамі і потым над вялікім вадаспадам і далей, далей, туды, дзе на лясы Нарніі падаў цёмны цень магутнай скалы. Калі неба пачырванела ад сонца, якое ўжо заходзіла, Крылаты пабачыў месца, дзе каля ракі сабралася шмат істотаў. I хутка ён змог заўважыць пасярод іх самога Аслана. Крылаты слізнуў уніз, расправіў усе чатыры нагі, склаў крылы і прызямліўся лёгкім галопам. Потым ён спыніўся. Дзеці спешыліся. Дыгары пабачыў, як звяры, гномы, сатыры, німфы і іншыя расступіліся ўлева і ўправа, каб даць яму прайсці. Ён падышоў да Аслана, аддаў яму яблык і сказаў:
— Я прынёс вам яблык, які вы прасілі, сэр.