Страница 20 из 26
Вядома ж, яна падумала, што спіць. Таму не паспяшалася адразу ж да мужа, каб запытацца, што такое з імі здарылася. Але, зірнуўшы на Льва, яна не была настолькі ўпэўненая, што гэта сон. Аднак з нейкай прычыны ёй не было страшна. Пасля яна зрабіла маленькі паўрэверанс, бо ў тыя дні некаторыя вясковыя дзяўчаты яшчэ ведалі, як яго рабіць. Потым пайшла, узяўшы возніка за руку, стала побач з ім, крыху сарамліва азіраючыся навокал.
— Дзеці мае,— сказаў Аслан, пільна гледзячы на іх дваіх.— Вы станеце першымі Каралём і Каралевай Нарніі.
Вознік адкрыў рот ад здзіўлення, а яго жонка моцна пачырванела.
— Вы будзеце валадарыць і дасцё імёны ўсім гэтым стварэнням, і будзеце чыніць справядлівасць сярод іх, і абараняць ад ворагаў, калі тыя з’явяцца. А ворагі з’явяцца, бо ў гэтым свеце ёсць злая Вядзьмарка.
Вознік з цяжкасцю зглытнуў два ці тры разы і прачысціў горла.
— Вельмі перапрашаю, сэр,— вымавіў ён.— І вельмі дзякую вам, вядома (і мая жонка таксама), але я не надаюся да такой працы. У мяне няма адукацыі, разумееце.
— Гм,— сказаў Аслан.— Ты ўмееш працаваць рыдлёўкай і плугам і вырошчваць ежу?
— Так, сэр, гэна я ўмею рабіць: мяне так выхоўвалі.
— Ці можаш ты кіраваць гэтымі стварэннямі добра і справядліва, памятаючы, што яны не рабы, як нямыя жывёлы ў свеце, дзе ты нарадзіўся, але Гаваркія Істоты і вольныя асобы?
— Я разумею, сэр,— адказаў вознік.— Я паспрабую рабіць тое, што справядліва.
— I ці навучыш ты сваіх дзяцей і ўнукаў дзеіць гэтаксама?
— Паспрабую, сэр. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах. Так, Нэлі?
— I ў цябе не будзе ўлюбёнцаў ні сярод сваіх дзяцей, ні сярод звяроў, і ты нікому не дазволіш прыніжаць бліжняга альбо абыходзіцца з іншым несправядліва?
— Я ніколі не мог змірыцца, калі такое адбывалася, сэр, і гэна праўда. Яны атрымаюць па заслугах, калі я штосьці такое заўважу,— сказаў вознік. (Цягам размовы ягоны голас рабіўся больш павольны і насычаны, а гаворка пазбаўлялася гарадской рэзкасці і хуткасці і нагадвала вясковую — так вознік размаўляў у дзяцінстве.)
— I калі ворагі пойдуць супраць гэтай краіны (бо ворагі з’явяцца), і пачнецца вайна, ці будзеш ты ў першых шэрагах тых, хто наступае, і апошнім з тых, хто адступае?
— Ведаеце, сэр,— вельмі павольна прамовіў вознік,— чалавек не можа дакладна ведаць гэна, пакуль не паспытае. Наважуся сказаць, што я магу апынуцца такім чалавекам. (Хто ведае, раптам збаюся?) Ніколі не біўся, акрамя толькі як на кулаках. Я паспрабую — у сэнсе, я спадзяюся, што паспрабую,— зрабіць тое, што ад мяне залежыць.
— Тады,— сказаў Аслан,— ты зробіш усё, што мусіць зрабіць Кароль. Вашая каранацыя адбудзецца ў хуткім часе. I вы, і вашыя дзеці і ўнукі будзеце дабраславёныя. I некаторыя будуць Каралямі Нарніі, а іншыя будуць каралямі Архэнлэнда, які ляжыць далей, за Паўднёвымі гарамі. А цябе, маленькая дачка (тут ён павярнуўся да Полі), вітаю. Ці даравала ты хлопчыку тую крыўду, якую ён учыніў табе ў Зале Выяваў у пакінутым палацы праклятага Чарна?
— Так, Аслан, мы памірыліся,— адказала Полі.
— Гэта добра,— сказаў Аслан.— А зараз— слухай, хлопчык.
Прыгоды Агрэста
Дыгары сціснуў зубы. Яму рабілася ўсё больш і больш няёмка. Ён спадзяваўся, што не расплачацца і не зробіць штосьці недарэчнае.
— Сын Адама,— мовіў Аслан,— ці ты гатовы выправіць тое кепскае, што зрабіў маёй добрай краіне Нарніі ў самы дзень яе нараджэння?
— Не зусім разумею, што я магу зрабіць,— адказаў Дыгары.— Каралева ўцякла і...
— Я запытаўся: ці ты гатовы? — сказаў Леў.
— Так,— адказаў Дыгары. На імгненне ў яго з’явілася вар’яцкая ідэя сказаць: “Я паспрабую, калі вы паабяцаеце дапамагчы маёй маме”,— аднак ён своечасова зразумеў, што Леў зусім не належаў да тых, з кім можна паспрабаваць заключыць здзелку. Але, сказаўшы “Так”, ён падумаў пра сваю маці і пра вялікія спадзяванні, якія ў яго былі, і пра тое, як яны ўсе зніклі. Яго горла сціснула, на вачах выступілі слёзы, і ён выпаліў:
— Калі ласка, калі ласка, ці не дадзіце вы... ці не маглі б вы даць мне штосьці, што аздаравіць маю маму?
Да гэтага моманту ён глядзеў на вялікія лапы Льва і велізарныя кіпцюры, але цяпер, у адчаі, ён паглядзеў на аблічча. Тое, што ён пабачыў, здзівіла яго больш, чым што іншае за ўсё яго жыццё. Бо карычнева-руды твар нахіліўся блізка да яго ўласнага твару, і (цуд з цудаў!) у вачах Ільва стаялі вялікія ззяючыя слёзы. Яны былі такія вялікія і яскравыя ў параўнанні са слязьмі Дыгары, што на імгненне ён адчуў, нібыта Льву насамрэч больш шкада яго маці, чым яму самому.
— Мой сыне, мой сыне,— сказаў Аслан.— Я ведаю. Гора — моцнае пачуццё. Пакуль толькі ты і я ў гэтай краіне ведаем, што гэта такое. Будзьма добрымі адно да аднаго. Але я мушу падумаць пра будучыя стагоддзі ў жыцці Нарніі. Вядзьмарка, якую ты перанёс у гэты свет, ізноў вернецца. Ды час гэтаму яшчэ не настаў. Я хачу пасадзіць у Нарніі дрэва, да якога яна не наважыцца наблізіцца, і гэтае дрэва будзе абараняць ад яе Нарнію шмат год. Такім чынам, на гэтай зямлі будзе доўгі светлы ранак, пакуль аблокі закрыюць сонца. Ты мусіш прынесці мне зярнятка, з якога вырасце гэтае дрэва.
— Добра, сэр,— адказаў Дыгары.
I хоць ён не ведаў, якім чынам, але цяпер быў упэўнены, што здолее гэта зрабіць. Леў глыбока ўздыхнуў, нахіліў галаву яшчэ ніжэй і пацалаваў яго Львіным пацалункам. I Дыгары адразу ж адчуў, што ў яго з’явіліся новыя сілы і смеласць.
— Дарагі сыне,— мовіў Аслан,— я скажу табе, што рабіць. Павярніся, паглядзі на захад і скажы мне, што ты бачыш.
— Я бачу неверагодна вялікія горы, Аслан,— адказаў Дыгары.— Раку, якая падае ўніз са скалаў і ўтварае вадаспад. А за скаламі — высокія зялёныя ўзгоркі, пакрытыя лесам. А за імі — зноў узгоркі, вышэйшыя, якія выглядаюць амаль чорнымі. Потым, далёка,— вялікія заснежаныя горы, згуртаваныя разам, як Альпы на малюнках. А за імі няма нічога, акрамя неба.
— Ты добра бачыш,— сказаў Леў.— Краіна Нарнія заканчваецца там, дзе вадаспад, і, дасягнуўшы вяршыні скалаў, ты пакінеш Нарнію і апынешся ў Заходняй Пустэчы. Ты мусіш ісці праз тыя горы, пакуль не знойдзеш зялёную даліну з блакітным возерам, аточаную сцяной ледзяных гор. За возерам — круты зялёны ўзгорак. На вяршыні гэтага ўзгорка — сад. У цэнтры гэтага саду расце дрэва, Сарві з яго яблык і прынясі мне.
— Добра, сэр,— ізноў адказаў Дыгары.
У яго не было ніякага ўяўлення аб тым, як ён забярэцца на скалу і знойдзе шлях пасярод гор, але ён не захацеў гэтага казаць, бо баяўся, што ягоныя словы прагучаць як апраўданні. Ён прагаварыў:
— Спадзяюся, Аслан, вы не спяшаецеся. У мяне не атрымаецца хутка дабрацца туды і вярнуцца.
— Маленькі сын Адама, у цябе будзе дапамога,— сказаў Аслан.
Ён павярнуўся да Каня, які ўвесь гэты час ціха стаяў побач з імі, абмахваючыся хвастом, каб адагнаць мух, і слухаў, нахіліўшы галаву на адзін бок, як быццам яму было цяжкавата зразумець, пра што ідзе размова.
— Мой дружа,— сказаў Аслан Каню.— Ці хацеў бы ты стаць Крылатым Канём?
Трэба было бачыць, як Конь страсянуў грывай, як раздзьмуліся яго ноздры і як ён прытупнуў адной з задніх ног. Відавочна, ён вельмі б хацеў быць Крылатым Канём. Але вымавіў толькі:
— Калі ты хочаш, Аслан... калі ты сапраўды маеш на ўвазе... не разумею, чаму я... я не надта разумны конь.
— Станься бацькам усіх коней, што лётаюць,— прарыкаў Аслан голасам, які страсянуў зямлю.— Цяпер тваё імя — Крылаты.
Конь шугануўся, як, напэўна, ён шугаўся ў старыя нешчаслівыя дні, калі цягаў экіпаж. Потым заржаў і выгнуў шыю назад, нібыта муха кусала яго за плечы і ён хацеў іх пачухаць. А потым гэтак жа, як звяры з’явіліся з зямлі, з плячэй Крылатага праклюнуліся крылы, якія выпростваліся і раслі, больш за арліныя, больш за лебядзіныя, больш за крылы анёлаў на царкоўных вітражах.
Пер’е ззяла гнядым і медным колерам. Ён магутна ўзмахнуў імі і ўзняўся ў паветра.
У пяці метрах над Асланам і Дыгары ён захроп, заржаў і зрабіў заліхвацкі кулёк у паветры. Потым, абляцеўшы наўкол іх яшчэ раз, ён зваліўся на зямлю, усімі чатырма капытамі разам, выглядаючы надзвычай збянтэжаным і здзіўленым, але вельмі задаволеным.