Страница 17 из 26
— Нарнія, Нарнія, Нарнія, прачніся! Любі. Думай. Размаўляй. Хай ходзяць дрэвы. Хай гавораць жывёлы. Хай будуць жывымі твае воды.
Першы жарт ды іншыя рэчы
Гэта быў, вядома ж, голас Ільва. Дзеці даўно былі ўпэўненыя, што ён можа размаўляць, і тым не менш моцна здзівіліся, калі ён загаварыў.
З-за дрэваў выступілі лесуны і лясныя феі, з імі прыйшлі фаўны, сатыры і гномы. З ракі падняліся вадзяныя німфы — наяды. I ўсе яны, і звяры, і птушкі рознымі галасамі — нізкімі, высокімі, глухімі і звонкімі — адказалі:
— Вітаем, Аслан! Мы чуем і слухаемся. Мы прачнуліся. Мы любім. Мы размаўляем. Мы ведаем.
— Але пакуль мы зусім мала ведаем,— вымавіў цікаўны, з пахрапваннем голас. I тут дзеці сапраўды падскочылі, бо гэта загаварыў конь возніка.
— Добры стары Агрэст,— сказала Полі.— Я рада, што ён абраны стаць Гаваркой Істотай.
I вознік, які цяпер стаяў побач з дзецьмі, прызнаўся:
— Каб мне праваліцца. Я заўсёды ведаў, што гэты конь вельмі разумны.
— Стварэнні, вы належыце самі сабе,— зноў загучаў моцны, шчаслівы голас Аслана.— Я навечна аддаю вам гэтую зямлю — Нарнію. Аддаю вам лясы, пладовыя дрэвы, рэкі. Даю вам зоры, і даю вам сябе. Нямыя Істоты, якіх я не абраў, таксама вашыя. Абыходзьцеся з імі ласкава і клапаціцеся пра іх, але не рабіце, як яны, каб вам не перастаць быць Гаваркімі Істотамі. Бо вы былі абраныя з іх і можаце вярнуцца да іх. Не рабіце так.
— Не, Аслан, мы не будзем! Мы не будзем! — загаманілі ўсе.
I адна жвавая Галка дадала гучным голасам: “Не хвалюйся!” — а ўсе астатнія змоўклі якраз перад тым, як яна сказала гэта, таму яе словы прагучалі вельмі звонка ў поўнай цішыні. Магчыма, вы ведаеце, наколькі гэта бывае няёмка, скажам, на вечарыне. Галка так разгубілася, што схавала галаву пад крыло, нібыта збіралася спаць. А ўсе астатнія жывёлы пачалі выдаваць разнастайныя дзіўныя гукі, якія былі іх смехам і якія, вядома, ніхто ніколі не чуў у нашым свеце. Спачатку яны спрабавалі гэтыя гукі схаваць, але Аслан абвясціў:
— Смейцеся і не бойцеся, стварэнні! Цяпер, калі вы ўжо разумныя, няма патрэбы заўсёды быць сур’ёзнымі. Бо жарты, як і справядлівасць, з’яўляюцца разам з уменнем гаварыць.
Таму яны ўсе разняволіліся і пачалі смяяцца. I стала так весела, што нават Галка ізноў пасмялела, уселася на галаве каня, паміж яго вушамі, і, лопаючы крыламі, сказала:
— Аслан! Аслан! Гэта ў мяне атрымаўся першы жарт? I ўсім заўсёды будуць распавядаць, як у мяне атрымаўся першы жарт?
— Не, маленькае стварэнне,— адказаў Леў.— Гэта не ў цябе атрымаўся першы жарт, ты сама — першы жарт.
Тут усе рассмяяліся яшчэ больш. Але Галка не была супраць і смяялася гэтак жа гучна, пакуль конь не патрос галавой. Яна страціла раўнавагу і звалілася, але ўзгадала пра свае крылы (яны ўсё яшчэ былі новымі для яе), перш чым даляцела да зямлі.
— Нарнія заснаваная,— сказаў Аслан.— І мы мусім падумаць, як зрабіць яе бяспечнай. Я збяру некаторых з вас на маю Раду. Падыдзіце да мяне: ты, галоўны Гном, ты, Вадзянік, ты, Дуб, ты, Сава, абодва Крумкачы і Слон. Нам трэба паразмаўляць. Гэтаму свету яшчэ няма і пяці гадзінаў, аднак жа зло паспела ўжо з’явіцца ў ім.
Тыя стварэнні, якіх ён назваў, выступілі наперад і пайшлі з ім на ўсход. Астатнія пачалі размаўляць, кажучы рэчы кшталту: “Што, ён сказаў, з’явілася ў свеце? — Ён сказаў: “Аднак Жазло з’явілася”.— А што такое Жазло? — Не, ён сказаў не “Жазло”, а “аднак жа Слон”.
— Слухай,— Дыгары павярнуўся да Полі.— Я мушу пайсці за ім, за Асланам. У сэнсе, за Львом. Мне трэба паразмаўляць з ім.
— Думаеш, нам можна з ім размаўляць? Я б не наважылася.
— Я мушу пайсці,— сказаў Дыгары.— Гэта дзеля маці. Калі нехта і можа даць мне тое, што б ёй дапамагло, дык гэта ён.
— Я пайду з табой,— мовіў вознік.— Мне ён падабаецца. I я не думаю, што іншыя жывёлы нападуць на нас. I я хачу паразмаўляць са сваім старым сябрам Агрэстам.
Такім чынам яны ўтрох — настолькі смела, наколькі маглі — рушылі да групы жывёлаў. Стварэнні былі так занятыя размовамі адно з адным і пачаткам сяброўства, што не заўважылі трох людзей, пакуль тыя не падышлі вельмі блізка; таксама яны не чулі дзядзьку Эндру, які стаяў даволі далёка ад іх і крычаў (але не надта гучна):
— Дыгары! Вярніся! Вярніся зараз жа, табе кажуць! Я забараняю табе ісці далей нават на крок!
Калі яны нарэшце апынуліся сярод жывёлаў, тыя перасталі размаўляць і ўтаропіліся ў іх.
— Ну? — вымавіў нарэшце Бабёр.— Хто, у імя Аслана, гэта такія?
— Калі ласка,— пачаў Дыгары даволі-такі слабым голасам, калі Трус сказаў:
— Я мяркую, што яны — проста вялікая капуста.
— Не, мы не капуста, праўда,— хутка прамовіла Полі.— Мы зусім не надаемся на ежу.
— Ого! — сказаў Крот.— Яны могуць размаўляць. Ці бывае капуста, якая ўмее размаўляць?
— Магчыма, яны — Другі Жарт,— выказалася Галка.
Пантэра, якая ўмывалася, спынілася на імгненне, каб сказаць:
— Ну, калі яны — Другі Жарт, ён нават і блізка не такі добры, як першы. Прынамсі, я не бачу ў іх нічога вельмі смешнага.
Яна пазяхнула і працягнула ўмыванне.
— Калі ласка,— папрасіў Дыгары.— Я так спяшаюся. Я хачу пабачыць Ільва.
Увесь гэты час вознік спрабаваў злавіць позірк Агрэста. Нарэшце ў яго атрымалася.
— Агрэст, сябра,— сказаў ён.— Ты ж мяне ведаеш.
Ты ж не будзеш стаяць і рабіць выгляд, што гэта не так.
— Конь, што кажа гэтая Штука? — запыталася некалькі галасоў.
— Ну,— мовіў Агрэст вельмі павольна.— Я дакладна не ведаю. Мяркую, большасць з нас пакуль шмат чаго не ведае. Але мне здаецца, я бачыў падобных істотаў раней. У мяне такое адчуванне, што я жыў у нейкім іншым месцы — ці быў якімсьці іншым — перад тым, як Аслан абудзіў усіх нас некалькі хвілін таму. Усё вельмі зблытана, нібы сон. Але ў гэтым сне былі такія Штукі, як гэтыя тры.
— Што?— сказаў вознік.— Не ведаеш мяне? Мяне, які прыносіў табе гарачую кашу ў тыя вечары, калі ты хварэў? Мяне, які дасуха цябе расціраў? Мяне, які ніколі не забываўся накрываць цябе гунькай, калі ты стаяў на холадзе? Я ад цябе такога не чакаў, Агрэст.
— Я сапраўды пачынаю ўзгадваць,— задуменна прагаварыў Конь.— Так. Дайце падумаць, дайце падумаць. Так, ты прывязваў ззаду мяне жудасную чорную рэч, а потым хвастаў мяне, каб прымусіць бегчы, і няважна, як далёка я бег, тая чорная рэч заўсёды з грукатам пераследавала мяне.
— Нам трэба было зарабляць на жыццё, разумееш,— сказаў вознік.— I на тваё, і на маё. I калі б не было працы і пугі, не было б ні стайні, ні сена, ні кашы, ні аўса. А ты заўсёды меў авёс, калі ў мяне былі на яго грошы.
— Авёс? — вымавіў Конь, застрыгшы вушамі.— Так, я нешта памятаю. Так, я ўзгадваю больш і больш. Ты сядзеў недзе ззаду, а я бег наперадзе, цягнуў цябе і тую чорную штуку. Я рабіў усю працу.
— Улетку так,— адказаў вознік.— Гарачая праца для цябе і прахалоднае месца для мяне. А ўзімку, дружа? Табе было цёпла, а я сядзеў там наверсе з нагамі, замёрзлымі як лёд, і мой нос амаль адвальваўся ад ветру, а рукі так нямелі, што я ледзь трымаў лейцы!
— Гэта была жорсткая краіна, там было цяжка,— уздыхнуў Агрэст. — Там не было травы. Толькі цвёрдыя камяні.
— Дакладна, сябра, дакладна! — сказаў вознік.— То быў суворы свет. Я заўсёды казаў, што гэная брукаванка кепская для любога каня. I гэны горад — там такая цяснота! I смурод—не прадыхнуць... Я не люблю горад гэтак жа, як і ты. Ты не гарадскі конь, а я — не гарадскі чалавек. Раней я спяваў у хоры, ага, дома, у вёсцы. Але там для мяне не было працы.
— Калі ласка, калі ласка,— папрасіў Дыгары.— Дазвольце нам прайсці. Леў адыходзіць усё далей і далей. А я вельмі хачу паразмаўляць з ім, гэта проста неабходна.
— Слухай, Агрэст,— сказаў вознік.— Хлопец хоча пра нешта паразмаўляць з Ільвом; вы клічаце яго Асланам. Можа, ты дазволіш яму праехаць на табе (за што ён будзе вельмі ўдзячны) і давязеш да Льва? А мы з маленькай дзяўчынкай пойдзем за вамі.
— Праехаць? — перапытаў Агрэст.— О, цяпер я ўзгадаў. Гэта азначае, што нехта сядзіць на маёй спіне. Я памятаю, што нейкі маленькі двухногі, як вы, даўным-даўно так рабіў. У яго былі цвёрдыя, квадратныя кавалкі нечага белага, якія ён мне даваў. Па смаку яны былі — о, цудоўныя, саладзейшыя за траву.