Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 26

— Назад! Калі нехта з вас дваіх падыдзе хоць на сантыметр бліжэй, мы двое знікнем, і вы назаўсёды застанецеся тут. Так, у мяне ў кішэні пярсцёнак, які перанясе мяне і Полі дадому. I зірніце! Я гатовы ў любы момант гэта зрабіць. Таму трымайцеся падалей. Мне шкада вас (ён паглядзеў на возніка) і каня, але я не магу нічога зрабіць. А што тычыцца вас дваіх (ён паглядзеў на дзядзьку Эндру і Каралеву), вы абодва чараўнікі, таму вам спадабаецца кампанія адно аднаго.

— Ціха вы ўсе,— сказаў вознік.— Я хачу паслухаць музыку.

Бо цяпер спеў змяніўся.

Узнікненне Нарніі

Леў хадзіў узад-уперад па пустой зямлі і спяваў новую песню. Яна была цішэйшай і мілагучнейшай за тую, якой ён выклікаў зоры і сонца; гэта была пяшчотная бруістая музыка. I падчас таго, як ён хадзіў і спяваў, даліна пакрывалася зялёнай травой. Трава расцякалася ад Ільва, як вада. Нібыта хвалі, яна дасягнула спачатку маленькіх узгоркаў, а затым — ніжніх схілаў далёкіх гор, з кожным імгненнем робячы гэты малады свет усё больш прывабным. Цяпер было чуваць, як лёгкі вецер гойдае траву. Хутка апроч яе з’явіліся іншыя рэчы. Вышэйшыя схілы гор пацямнелі ад верасу. У даліне ўзніклі выспачкі больш шорсткай і шчаціністай зеляніны. Дыгары не разумеў, што гэта, пакуль такая выспачка не пачала з’яўляцца каля іх. Гэта было маленькае завостранае нешта, што раскідвала дзясяткі атожылкаў, якія пакрываліся зелянінай, і расло з хуткасцю прыкладна некалькі сантыметраў кожныя пару секундаў. Цяпер вакол Дыгары было некалькі тузінаў такіх штук. Калі яны сталі прыкладна ростам з яго, ён зразумеў, што гэта.

— Дрэвы! — усклікнуў ён.

Было шкада, як пасля казала Полі, што ім не далі спакойна на гэта ўсё паглядзець. Як толькі Дыгары сказаў: “Дрэвы!” — яму адразу давялося адскочыць, бо дзядзька Эндру падбіраўся да яго, каб залезці ў кішэню. Нават калі б манеўр атрымаўся, гэта не вельмі б дапамагло. Дзядзька Эндру хацеў залезці ў правую кішэню Дыгары, бо ўсё яшчэ думаў, што зялёныя пярсцёнкі пераносяць дадому. Але Дыгары, вядома, увогуле не хацеў, каб іх скралі.

— Стаяць! — крыкнула Вядзьмарка.— Назад! Не, яшчэ далей. Калі хто-небудзь падыдзе да дзяцей бліжэй чым на дзесяць крокаў, я разнясу яму галаву.

Яна ўзняла жалезны прут, падрыхтаваўшыся кінуць яго. Ніхто не сумняваўся, што яна не спудлуе.

— Дык што,— сказала яна,— ты збіраўся вышмыгнуць у свой свет разам з хлопцам і пакінуць мяне тут?

Нарэшце абурэнне дзядзькі Эндру ўзяло верх над страхам.

— Так, мадам,— адказаў ён.— Вядома, я б так і зрабіў. Я маю на гэта поўнае права. Са мной абыходзіліся самым ганебным, самым агідным чынам. Я зрабіў усё, што мог, каб аказаць вам тыя паслугі, якія былі ў маёй уладзе. I чым мне адплацілі? Вы абрабавалі — я паўтараю, абрабавалі — вельмі паважанага ювеліра. Вы змусілі мяне пачаставаць вас вельмі дарагім, калі не сказаць выхвальным, абедам, так што мне давялося пакінуць пад заклад мой гадзіннік і ланцужок, каб разлічыцца (і дазвольце вам сказаць, мадам, што ніхто з нашай сям’і не меў звычкі быць частым наведвальнікам ламбардаў, акрамя майго стрыечнага брата Эдварда, а ён быў гусарам). I падчас гэтага невыноснага абеду — цяпер, калі я гэта ўзгадваю, мне яшчэ больш непрыемна — вашыя паводзіны і размовы выклікалі нядобразычлівую ўвагу ўсіх прысутных. Я быў прылюдна асаромлены. Я ніколі больш не змагу паказацца ў той рэстарацыі. Вы напалі на паліцыю. Вы скралі...

— Ды супакойцеся вы ўжо,— сказаў вознік.— Зараз трэба глядзець і слухаць, а не балбатаць.

Навокал дакладна было на што паглядзець і што паслухаць. Дрэва, якое бачыў Дыгары, цяпер стала вялікім разложыстым букам. На прахалоднай зялёнай траве, дзе яны стаялі, рассыпаліся рамонкі і люцікі. Непадалёк, уздоўж рачнога берагу, раслі вербы. З іншага боку іх шчыльна абступалі кусты бэзу, чырвонай парэчкі і шыпшыны. Конь шчыпаў смачную маладую траву.

Увесь гэты час Леў працягваў спяваць і велічна хадзіць узад-уперад. З кожным паваротам ён крыху набліжаўся. Полі ўсё больш і больш захаплялася спевам, бо пачала разумець сувязь паміж музыкай і тым, што дзеецца навокал.

Калі на гары прыкладна ў ста метрах ад іх выпрастаўся шэраг цёмных елак, яна адчула, што іх выклікалі да жыцця глыбокія, доўгія ноты, якія за секунду да гэтага праспяваў Леў. А калі ён паслядоўна ўзяў некалькі вышэйшых нот, яна не здзівілася, пабачыўшы, як паўсюль з’явіліся першацветы. У невымоўным захапленні яна была амаль упэўненая, што ўсё з’яўлялася (як яна сказала) “з галавы Льва”. У яго спеве можна было пачуць рэчы, якія ён выдумляў. Азірнуўшыся навокал, іх можна было пабачыць. Гэта так узрушыла Полі, што ў яе не было часу палохацца. Але Дыгары і вознік адчувалі сябе крыху неспакойна, бо, шпацыруючы ўзад-уперад, Леў пакрысе падыходзіў. Што да дзядзькі Эндру, ён ляскаў зубамі, але калені ў яго так дрыжалі, што ён не мог уцячы.

Раптам Вядзьмарка рушыла насустрач Ільву. Не спыняючы спеў, ён набліжаўся павольнай цяжкой хадой. Ён быў усяго ў дзесяці метрах. Яна падняла руку і шпурнула жалезны прут у яго галаву.

Ніхто, і асабліва Джадзіс, не мог бы прамахнуцца з такой адлегласці. Прут ударыў Ільва наўпрост паміж вачэй і з глухім гукам упаў на зямлю. Леў набліжаўся. Яго хада не стала ані хутчэйшай, ані павальнейшай; нельга было сказаць, ці ён заўважыў, што яго нешта ўдарыла. Хаця яго мяккія лапы ступалі бязгучна, можна было адчуць, як зямля дрыжыць пад яго вагой.

Вядзьмарка завішчала і пабегла; праз некалькі імгненняў яна знікла за дрэвамі. Дзядзька Эндру павярнуўся, каб зрабіць тое ж, спатыкнуўся аб корань і зваліўся тварам уніз у маленькі ручай, што збягаў да ракі. Дзеці не маглі варухнуцца. Яны нават не былі ўпэўненыя, ці хацелі яны варушыцца. Леў не звярнуў на іх увагі. Яго вялікая чырвоная пашча была адкрытая, але ён спяваў, а не рыкаў. Ён прайшоў так блізка каля іх, што яны маглі б дакрануцца да яго грывы. Дзеці вельмі баяліся, што ён паверне галаву і паглядзіць на іх. I ў той жа час ім чамусьці вельмі хацелася, каб ён так і зрабіў. Але ён не звярнуў на іх увагі, нібыта яны былі нябачныя і не мелі паху. Мінуўшы іх і прайшоўшы некалькі крокаў далей, ён павярнуўся, абмінуў іх яшчэ раз і працягнуў свой шлях на ўсход.

З ручая, перхаючы, падняўся дзядзька Эндру.

— Слухай, Дыгары,— сказаў ён.— Цяпер мы пазбавіліся гэтай жанчыны і гэты страшэнны леў сышоў. Бярыся за мяне і надзявай пярсцёнак.

— Адыдзіце,— вымавіў Дыгары, адступаючы ад яго.— Трымайся далей ад яго, Полі. Хадзі сюды, стань побач са мной. Цяпер слухайце, дзядзька Эндру, я вас папярэджваю: не падыходзьце нават на крок бліжэй, ці мы проста знікнем.

— Рабі, што табе было сказана! — загадаў дзядзька Эндру.— Ты проста неверагодна непаслухмяны і кепска выхаваны маленькі хлопчык.

— Не,— адказаў Дыгары.— Мы застанемся і паглядзім, што будзе. Я думаў, вы хочаце даведацца пра іншыя сусветы. Ці вам тут не падабаецца?

— Падабаецца? — усклікнуў дзядзька Эндру.— Зірні толькі, у якім я выглядзе! Гэта быў мой лепшы фрак і лепшая камізэлька!

Зараз ён сапраўды ўяўляў сабою нікчэмнае відовішча — бо, зразумела, чым больш святочна вы апранутыя першапачаткова, тым горш выглядаеце пасля таго, як выберацеся з раструшчанай фурманкі і ўваліцеся ў брудны ручай.

— Я не кажу,— дадаў дзядзька Эндру,— што гэта нецікавае месца. Калі б я быў маладзейшы, то... напэўна, спярша варта было б даставіць сюды якогась спрытнага паляўнічага. З гэтай краіны, можа, нешта і атрымаецца. Клімат тут цудоўны. Ніколі не дыхаў такім паветрам. Думаю, яно пайшло б мне на карысць, калі б... калі б абставіны былі больш спрыяльныя. Калі б у нас была стрэльба.

— Ды кіньце вы гэныя размовы пра стрэльбу,— сказаў вознік.— Пайду я лепш пагляджу, ці не расцерці мне Агрэста. Гэны конь мае больш розуму, чымся некаторыя людзі, я б сказаў.

Ён пайшоў назад да Агрэста, і адтуль пачуўся шоргат, які бывае, калі конюхі расціраюць коней.

— Вы ўсё яшчэ думаеце, што гэтага Льва можна застрэліць? — запытаўся Дыгары.— Ён не асабліва звярнуў увагу на жалезны прут.