Страница 13 из 26
Тым часам з-пад абломкаў першай двухколкі пачаў выбірацца стары джэнтльмен, Некалькі чалавек кінуліся яму дапамагаць, але паколькі хтосьці цягнуў яго ў адзін бок, а хтосьці — у іншы, то ён хутчэй бы выбраўся сам. Дыгары падумаў, што стары джэнтльмен — гэта, пэўна, дзядзька Эндру. Але аблічча таго не было відаць; яго высокі капялюш быў насунуты на твар.
Дыгары выбег і далучыўся да натоўпу.
— Гэта тая жанчына, гэта яна! — крычаў тоўсты чалавек, паказваючы на Джадзіс.— Рабіце вашую працу, канстэбль! Яна скрала з маёй крамы рэчы, якія каштуюць тысячы фунтаў. Паглядзіце на перлавыя пацеркі вакол яе шыі. Яны мае! А яшчэ яна ўдарыла мяне ў вока, і там цяпер сіняк.
— Сапраўды, начальнік,— прамовіў нехта з натоўпу.— Выдатны сіняк. Файны мусіў быць удар. Такая моц!
— Вам варта прыкласці да яго сыры біфштэкс, містар, вось што трэба зрабіць,— параіў хлопец з крамкі мясніка.
— Так,— сказаў самы галоўны з паліцэйскіх.— Што тут адбываецца?
— Я распавяду вам, яна...— пачаў таўстун, але нехта крыкнуў:
— Не дайце таму старому тыпу ўцячы! Гэта ён падбухторыў яе.
Стары джэнтльмен, які дакладна быў дзядзькам Эндру, толькі што здолеў падняцца і цёр сінякі.
— Слухайце,— мовіў паліцэйскі, павярнуўшыся да яго.— Што тут адбываецца?
— Вомфі-помфі-шомф,— пачуўся голас дзядзькі Эндру знутры капелюша.
— Хопіць,— строга сказаў паліцэйскі.— Тут вам не жартачкі. Здыміце гэты капялюш.
Гэта было прасцей сказаць, чым зрабіць. Але праз некалькі хвілін няўдалага змагання з капелюшом два іншыя паліцэйскія сцягнулі яго, ухапіўшыся па краях.
— Дзякую, дзякую,— прагаварыў дзядзька Эндру слабым голасам.— Дзякую. Я жудасна пацярпеў. Калі б нехта наліў мне невялічкую шкляначку брэндзі...
— Падыдзіце да мяне, зрабіце ласку,— сказаў паліцэйскі і дастаў вельмі вялікі нататнік і вельмі маленькі аловак.— Ці вы адказваеце за гэтую маладую жанчыну?
— Асцярожна! — крыкнула некалькі галасоў, і паліцэйскі паспеў адскочыць назад. Конь спрабаваў пацэліць у яго і брыкнуць, што, магчыма, забіла б паліцэйскага. Потым Вядзьмарка развярнула каня так, каб быць тварам да натоўпу. У яе ў руцэ быў доўгі бліскучы нож, якім яна абсякала з каня рэшткі вупражы.
У гэты час Дыгары спрабаваў прабрацца туды, дзе б ён змог дакрануцца да Вядзьмаркі. Было складана, бо перашкаджаў натоўп. А каб падысці з іншага боку, яму давялося б праціснуцца паміж конскімі капытамі і агароджай вакол дома. Калі вы хоць штосьці ведаеце пра коней, і асабліва калі б вы пабачылі, які раз’ятраны быў конь у той момант, вы б зразумелі, наколькі рызыкоўна было так рабіць. Дыгары шмат ведаў пра коней, але ён сцяў зубы і рыхтаваўся рвануць наперад, як толькі будзе зручны момант.
Чырванатвары мужчына ў кацялку пракладваў сабе дарогу праз натоўп.
— Добрага здароўечка! — сказаў ён паліцэйскаму.— Гэна мой конь, і гэна маю брычку яна разнесла ўшчэнт.
— Хвіліначку, калі ласка, хвіліначку! — адказаў паліцэйскі.
— Але хвіліначкі няма,— сказаў вознік.— Я ведаю гэнага каня лепей за вас. Ягоны родны бацька быў баявым канём ахвіцэра кавалерыі, ага. I калі гэная кабеціна і далей будзе злаваць яго, тут станецца забойства. Пусціце мяне туды.
Паліцэйскі быў толькі рады скарыстацца момантам, каб адысці ад каня. Вознік падышоў бліжэй, паглядзеў на Джадзіс і мовіў спакойным голасам:
— Слухайце, паненка, дайце я яго патрымаю, а вы злазьце. Вы ж, відаць, з культурнай сям’і. I нашто вам увесь гэны вэрхал, га? Ідзіце вы лепш дадому, запарце сабе гарбаткі з варэннем, адпачніце — вам адразу палягчэе.
Ён працягнуў руку да галавы каня і прашаптаў:
— Ціха, Агрэсцік, косю. Супакойся.
Тут Вядзьмарка ўпершыню загаварыла.
— Сабака! — яе ледзяны голас зазвінеў над вуліцай.— Сабака, прыбяры рукі ад каралеўскага баявога каня! Я — імператрыца Джадзіс!
Бітва каля ліхтара
Глядзі ты, Яе Імператарская Вялікасць! — крыкнуў нехта.
Іншы голас выгукнуў:
— Тройчы “ура” Імператрыцы!
I даволі шмат галасоў далучылася. Твар Вядзьмаркі крыху паружавеў, і яна ледзь заўважна пакланілася. Але вітальныя крыкі раптам замяніла хваля смеху, і яна зразумела, што з яе проста здзекуюцца. Выраз яе аблічча змяніўся, і яна перакінула нож у левую руку. Потым, без папярэджання, яна зрабіла нешта зусім нечаканае. Лёгка, без высілкаў, нібыта гэта была самая звычайная рэч у свеце, Вядзьмарка выцягнула правую руку і адарвала адзін з прутоў ад ліхтарнага слупа. Калі яна і страціла чароўную сілу ў нашым свеце, дык не страціла сваёй уласнай і магла зламаць жалезны прут, нібыта трысціну.
Яна падкінула сваю новую зброю ў паветра і злавіла яе.
“Вось мой шанец”,— падумаў Дыгары.
Ён пачаў прабірацца паміж канём і агароджай. Калі б толькі шалёная жывёла імгненне пастаяла спакойна, каб можна было ўхапіцца за пяту Вядзьмаркі! Пакуль ён прабіраўся, пачуўся агідны трэск і цяжкі глухі ўдар. Вядзьмарка апусціла прут на шалом галоўнага паліцэйскага: той зваліўся, як кегля.
— Хутчэй, Дыгары! Гэта трэба спыніць,— пачуўся голас за ім. Гэта была Полі, якая, як толькі ёй дазволілі ўстаць з ложка, паспяшалася сюды.
— На цябе заўсёды можна спадзявацца,— сказаў Дыгары.— Трымайся побач. Табе трэба будзе паклапаціцца пра пярсцёнак. Жоўты, не забудзься. I не надзявай яго, пакуль я не крыкну.
Трэск пачуўся яшчэ раз, яшчэ адзін паліцэйскі быў скрышаны. Натоўп узняў раз’юшаны роў: “Сцягніце яе ўніз! Бярыце камяні! Выклічце вайскоўцаў!” Але большасць людзей уцякала як мага далей. Вознік аказаўся самым адважным з прысутных, ён заставаўся побач з канём, ухіляючыся ад прута і спрабуючы ўхапіць Агрэста за галаву.
Натоўп свістаў і лямантаваў. Над галавой Дыгары пранёсся камень. Потым пачуўся голас Вядзьмаркі, зычны, як вялікі звон, які гучаў так, нібыта яна была амаль шчаслівай.
— Вы, смецце! Вы дорага заплаціце за гэта, калі я захаплю ваш свет. Ад вашага гораду не застанецца ні каменя! Ён будзе як Чарн, як Фэлінда, як Сэрлой, як Брэмэндын.
Дыгары нарэшце ўхапіў яе за шчыкалатку. Яна адпіхнулася пятой і ўдарыла яго ў вусны. Ад болю ён адпусціў яе. Вусны былі разбітыя, а рот поўны крыві. Недзе блізка пачуўся голас дзядзькі Эндру: “Мадам, мая дарагая юная лэдзі, малю вас, вазьміце сябе ў рукі!”
Дыгары зноў схапіў Вядзьмарку і зноў быў адкінуты. Усё больш людзей падала ад удараў жалезнага прута. Дыгары паспрабаваў у трэці раз, учапіўся за яе пяту як клешч і крыкнуў Полі: “Давай!”. Потым злыя спалоханыя твары зніклі. Злыя спалоханыя галасы сціхлі. Усе, акрамя голасу дзядзькі Эндру. Ён скуголіў зусім побач з Дыгары: “Вох, вох, гэта што, трызненне? Ці гэта канец? Я не магу гэтага вынесці. Гэта несправядліва. Я ніколі не хацеў быць чараўніком. Гэта ўсё непаразуменне. Гэта ўсё мая хросная, я буду гэта аспрэчваць. I пры маім стане здароўя. Вельмі старая сям’я з Дорсетшыра”.
“Толькі дзядзькі тут не хапала! — падумаў Дыгары.— Мы не збіраліся яго браць. Вось дык пікнічок атрымаецца”.
— Полі, ты тут? — запытаў ён.
— Так, тут. Перастань піхацца.
— Я не піхаюся... — пачаў Дыгары, але не паспеў ён нічога дадаць, як іх галовы з’явіліся ў цёплым зялёным сонечным святле лесу.
I калі яны выбраліся з азярка, Полі закрычала:
— Глядзі! Мы перанеслі сюды і каня. I містара Кэтэрлі! I возніка! Добры ўлоў атрымаўся!
Як толькі Вядзьмарка пабачыла, што яна ізноў у лесе, яна пабялела і нахілілася, уткнуўшыся ў грыву каня. Было відавочна, што ёй смяротна кепска. Дзядзьку Эндру біла дрыготка. Але Агрэст страсянуў галавой, вясёла заржаў і, здавалася, выдатна пачуваўся. Ён супакоіўся ўпершыню з таго часу, як яго пабачыў Дыгары. Яго вушы, якія былі шчыльна прыціснутыя да галавы, выпрасталіся, а з вачэй знік агонь.
— Вось так, хлопча,— мовіў вознік, паляпваючы Агрэста па шыі.— Вось так лепей. Супакойся.
Агрэст зрабіў самую натуральную рэч у свеце. Ён моцна хацеў піць (што не дзіўна) і таму павольна пайшоў да бліжэйшага азярка ды ступіў у яго, каб папіць. Дыгары ўсё яшчэ трымаўся за пяту Вядзьмаркі, а Полі трымалася за яго руку. Вознік дакранаўся адной рукой да Агрэста, а дзядзька Эндру, усё яшчэ моцна дрыжучы, проста ўчапіўся за яго другую руку.