Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 11

Маё здзіўленне з ягонага нечаканага прыходу было гэтак вялікае, што я не мог вымавіць ані слова. Але Мудраслаў, прывітаўшы мяне, сам пачаў гаварыць:

— Войшаль! Зоры ўказалі мне на цябе! Ты — адзіны, хто можа ўратаваць наш край. Чорныя войскі Гатарда зваявалі большасць нашых княстваў, замкі падаюць адзін па адным. Яшчэ ніколі ра­ней такі магутны вораг не прыходзіў у нашыя землі. Таму я клічу цябе да зброі!

Я паспрабаваў запярэчыць, што адзін вой ніколі не адолее ў змаганні цэлае войска, а тым болей войска такое шматлікае i спрактыванае, як чорныя рыцары Гатарда. Аднак вешчбіт запярэчыў.

— Адолее, — сказаў ён, — калі будзе ўзброены мячом, якому найменне — Маладзіковы Прамень. Ці чуў ты калі пра яго? — запытаў ён, а калі я адмоўна хітнуў галавой, працягнуў: — Задоўга да таго, як мы прыйшлі ў гэтыя землі, жыў тут старажытны i мудры народ. Мы яго ўжо не заспелі, але дзякуючы кнігам, знойдзеным у пакінутых пячорах-бажніцах, здолелі даведацца пра шмат якія даўнія тайніцы. I адной з іх быў Маладзіковы Прамень — меч, які выкавалі валхвяцы гэтага народу ў даўнія часы, каб здолець супрацьстаяць варожай навале, гэтак жа жудаснай і ўсёзнішчальнай, як цяпер — войска Гатарда. Яны вырабілі гэты меч з маладзіковага сяйва, працягнуўшы тонкі, як ніта, прамень скрозь зачараванае адмысловымі кудзебствамі колца. Пра­мень трыкроць астуджалі ў крынічнай вадзе, аж пакуль не сцвярдзеў ён у тонкую палоску металу, з якой далей валхвяцы выкавалі пад святлом поўні ды покрывай таемных закляццяў неймаверна вострае лязо. Так паўстаў Маладзіковы Прамень, створаны для абароны ад нязмерна мацнейшага ворага. У ім тоіцца чарадзейная сіла месяца, які, паміраючы, штораз родзіцца наноў. Як толькі першы прамень нованароджанага месяца ўпадзе на кляйнот, што вянчае дзяржальна, ваяр, які ўзнясе меч, зробіцца непаражальны і непераможны — аж пакуль не зменіцца квадра (так мудрадумныя кудзебнікі даўняга народу ўчынілі з перасцярогі перад людскай натурай — каб уладар мяча, разбіўшы ворага, не захацеў стаць сам заваёўнікам).

На хвілю ён замоўк, а потым зноў прадоўжыў:

— Зоры мне сказалі, што сярод усіх сыноў нашага народу толькі ты адзін здольны выцягнуць Маладзіковы Прамень з похваў і ўзняць яго супраць ворагаў. Але гэта зусім няпроста. Перш, як ухапіць ягонае дзяржальна і стаць на чале нашых войскаў, ты мусіш гэты меч здабыць. За сотні гадоў ён неаднойчы змяняў уладальніка. 3 часам людзі — не без дапамогі нашых заклёнаў — забыліся на ягоныя чароўныя ўласцівасці, і пачалі ўспрымаць яго толькі як каштоўную і старажытную, але ўсё ж звычайную, зброю. Апрача вешчбітаў толькі адмыслова выбраны захавальнік — Мечнік — быў пасвячоны ў тайніцу клінка. Апошнім Мечнікам быў князь Велемір. На нядобры выпадак — а можа, з веданнем і адмысловым намерам — Гатард са сваім войскам наблізіўся да на­шых межаў напрыканцы другое квадры, калі не было шанцаў ажывіць Прамень. Велемір не змог ужыць яго, таму гэты меч пасля паразы князя, сярод іншых велеміравых каштоўнасцяў, трапіў у рукі чужынцаў, і цяпер Чорны Князь Гатард трымае яго ў сваёй скарбніцы, у замку Гадор на Каменнай Гары.

Гневам выбухнула мая душа, калі я пачуў тыя словы: каб не залішняя міратворнасць ды прытойлівасць жрацоў (бо, напэўна, пра той напад яны ведалі яшчэ тады, калі яго можна было пазбегнуць), каб не вечная іх боязь парушыць волю багоў, дык, можа, не было б гэтае невыноснае паразы; можа, засталіся б жывымі мой бацька і мае браты; можа, усё б было іначай! Аднак, вою не выпадае даваць волю пачуццям: з каменным тварам ды без найменшае адзнакі ўзрушанасці я кіўнуў галавой Мудраславу на знак таго, што разумею яго. Але гэты выбух гневу ўсё змяніў: у маіх грудзях ізноў пачала расці прага бою, прага змагання.

— Табе трэба ўжо ісці, — ціха прамовіў старац; падобна, ён нават думкі не дапускаў, што я магу адмовіцца. — Цяпер усё ў тваіх руках. Я хацеў бы дапамагчы табе, але не маю сіл супрацьстаяць чорнай магіі чараўнікоў Гатарда. Адзінае, што магу — даць табе гэты старажытны абярэг, што належаў яшчэ майму прадзеду, — вяшчун зняў з сябе і, сказаўшы пахіліць галаву, павесіў мне на шыю месяцападобны талісман. — Ён абароніць цябе ад варожага наслання, а ў патрэбе дазволіць звярнуцца па дапамогу да духаў нашае зямлі. Але памятай: духі не любяць, калі іх занадта часта турбуюць — у першы раз яны дапамогуць, але ў другі могуць загубіць. I яшчэ адно: зараз ветах; на трэцюю ноч, лічачы ад тае, што надыходзіць, родзіцца маладзік. Калі князь Гатард вынясе перад світаннем меч пад ягонае сяйво, дык стане непераможны, а наш край назаўсёды трапіць да яго ў падданства — больш ніколі ўжо мы не будзем цешыцца воляй i вясною, спяваць нашыя песні i жыць паводле сваіх законаў!

Кудзебнік змоўк, пільна гледзячы мне ў вочы, і паўсталі перад маім зрокам зруйнаваныя паселішчы, спаленае на палетках жыта, чароды гнаных у палон кабет ды дзяцей... Потым Мудраслаў загадаў падрыхтаваць зброю і сабраць з сабой ежы. Пасля нядоўгае малітвы ён запаліў жмуток зёлак з даўкім пахам і абвёў ім вакол мяне ў паветры. Я пачуў прамоўлены заклён, і ў той жа момант ахутала мяне бялютка-празрыстая смуга, дрэвы ды рэчы навокал расплыліся, а пасля я раптам ўсвядоміў, што стаю пасярод выпаленага пустэльнага стэпу, а далёка наперадзе, на фоне залаціста-блакітнага неба чарнеюць вострыя зубцы вежаў Гадора.

Я пакіраваў да замка...





IV

Ніта ўспамінаў перарвалася... Мая рука ўсё яшчэ несвядома сціскала абярэг, і думкі вярнуліся да яго: як немагчыма трапіць у замак натуральным шляхам, дык я мушу выкарыстаць звышнатуральны, бо апошні дзень ужо гасне — i мне засталася толькі адна ноч. Я не думаў, што давядзецца прасіць дапамогі духаў ужо на самым пачатку маёй выправы — бо хто ж зведае, якія яшчэ перашкоды рыхтуе мне Лёс наперадзе! Але ўсё ж неяк трэба гэтую выправу распачаць!

Я адклаў убок дзіду, адшпіліў з-за спіны шчыт ды выцягнуў з навязі і прыхінуў да глыжака сваю баявую сякеру. Потым укленчыў, запаліў ахвярныя вохнасці і, сціскаючы ў гарачых далонях абярэг, узнёс маленне да духаў. Я прасіў ператварыць мяне на кароткі час у кажана: бо гэтае спароддзе цемры вядзецца ў кожным замку, прынаджанае паўзмрокам скляпенняў у высокіх ве­жах ды магільнаю прахалодай глыбокіх сутарэнняў і лёхаў; таму ніводзін вартавы, калі ён сам не з'яўляецца чараўніком ці кудзебнікам, не западозрыць у гэткім стварэнні ворага, што прабіраецца ў фартэцыю.

I духі ўважылі маёй малітве. Раптоўна я пачаў змяншацца ў памерах, адначасна парастаючы бура-чорнай кароткай поўсцю. Мае пальцы выцягнуліся, а між імі і да цела нацягнулася тонкая скураная плеўка. Я хацеў падзякаваць духам, але, калі адкрыў рот, маё горла вытыргнула адно абрыдлівы піск.

Гэтае ператварэнне, якое адкрыла для мяне доступ за замкавыя муры, мела, аднак, і адмоўны бок: адно толькі абярэг зменшыўся разам са мною; уся ж вопратка і зброя засталіся звычайных памераў. Значыць, у замку, вярнуўшыся ў сваё прыроднае аблічча, я застануся нават без нажа! Балохтаючыся, я так-сяк выкараскаўся з-пад апалай на мяне кальчугі, выпаўз наверх, узмахнуў плеўчатымі рукамі-крыламі — і паляцеў. Трохі няўклюдна соўваючыся ў паветры, я зрабіў колькі спробных колаў над глыжаком, што яшчэ нядаўна хаваў мяне, і пакіраваў у бок замка.

V

Мае спадзяванні спраўдзіліся, і ніякіх перашкодаў (калі не лічыць майго няўмелага лётання ды яшчэ ветру, што ўвесь час зносіў мяне ўбок), я не напаткаў. Адно толькі перад самымі мурамі мяне паспрабавала заатакаваць чародка кажаноў, што зляцела з вежы; аднак мне ўдалося нырцануць у чорную шчыліну найбліжэйшае бойніцы, і я ад іх адарваўся.

Пераходы ў замку былі цёмнымі, пакручастымі і бязлюднымі. Я досыць доўга лётаў па іх, блукаючы сярод галерэй са шматлікімі адгалінаваннямі, сходамі ды бакавымі пакоямі, аж пакуль не трапіў у шырокі, асветлены паходнямі калідор, дзе, як і паўсюль, нікога не было. Калідор заканчваўся шчыльна зачыненымі двухстворкавымі дзвярыма, з-за якіх быў чуцён шматгалосы гоман. Я асцярожна зляцеў з-пад скляпення наверх створкі і прыпаў вокам да шчыліны над дзвя­рыма.