Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 126 из 138



Як я з часам пераканаўся, жыццё ў правінцыі мае хіба ўяўную перавагу перад сталічным жыццём, дзе ў сучаснага чалавека сапраўды ёсць магчымасць схавацца ў мурашніку шматлюддзя. Насуперак пашыранаму меркаванню, у правінцыі тое немагчыма. Па-першае, тут ён пад няспынным наглядам начальства, суседзяў, органаў, якія заўсёды імкнуцца ўсё і пра ўсіх ведаць. Зноў жа — візіты. У Горадні, дзе мы шмат год жылі з Карпюком, не мінала тыдня, каб хто не прыехаў да нас — з Менску, Масквы ці з Польшчы. Вядома ж, прыязджалі сябры, харошыя людзі, журналісты, якім мы былі рады. Звычайна пасля такіх знаёмстваў завязвалася сяброўства, якое часам доўжылася гадамі. [...]

На дзень ці два мы з Карпюком мелі прыемнасць сустракаць у Горадні ўжо тады слыннага пісьменніка з Беластоку, апальнага Сакрата Яновіча. У часе прагулянак па гарадзенскіх ваколіцах ён распавядаў пра свой пераслед ад польскіх уладаў, а мы распавядалі яму пра свой. Тым і паразумеліся. Як паказаў час, — назаўжды.

Асаблівую прыязнасць госці праяўлялі да Карпюка, тым болей, што ён быў заўсёды даступны, днямі сядзеў у сваім офісе, стукаў на друкарцы. Неяк зачасціў у Горадню журналіст і пісьменнік Олек Амельяновіч, таксама з Беластоку. Карпюк звычайна не любіў пачостак і ў пэўных выпадках запрашаў мяне або прыводзіў каго да мяне на кватэру. Амельяновіч быў просты, таварыскі хлопец, ахвотна піў і шмат распавядаў пра свае экзатычныя вандроўкі на поўдзень, у Лацінскую Амерыку. Але аднойчы, перад тым, як ён меўся прыехаць, у Карпюковым офісе раздаўся ананімны званок, і хтось папярэдзіў, каб Олека не прымалі. Мы апынуліся ў разгубленасці — чый гэта званок, з якога боку? Памятаю, тады ўтрох — я, Карпюк і Клейн, — адышоўшыся ў парк ля Каложы, абмяркоўвалі тое здарэнне. Што гэты званок — з бяспекі, не выклікала сумневу, але з якой? Карпюк кажа: а раптам то з іхняй? Разумны Клейн адказвае: і з нашай не лепш. Так мы нічога і не вырашылі. Але, здаецца, пасля гэтага Амельяновіч не прыехаў зусім. Затое, калі неўзабаве ў Карпюка з'явілася патрэба звярнуцца да яго ў Беластоку, той яго выручыў, як не мог выручыць ніхто ў Беларусі.

Запомніўся прыезд з Ленінграду інжынера Вайцяхоўскага, былога партызанскага камбрыга. Памятаю, тады было добрае надвор'е, мы ўзялі колькі бутэлек і паехалі на прыроду ў Пышкі. Як выпілі, камбрыг і яго колішні падначалены, якога ён прызначыў камандзірам атраду, пачалі ўспамінаць шмат якія эпізоды свайго сумеснага партызанства. Вайцяхоўскі тады вельмі добра выказваўся пра Карпюка-камандзіра, яны ўспаміналі шматлікіх агульных сяброў-партызан. Называлі імёны — тых, хто загінуў, хто і дзе жыве, якую кар'еру зрабіў па вайне. Вайцяхоўскі дакараў, але і хваліў Карпюка, што той не застаўся пасля вызвалення ў 44-м мацаваць савецкую ўладу на Гродзеншчыне, як гэта рабілі ці не ўсе партызанскія камандзіры, а падаўся на фронт, дзе яго пакалечыла. [...]

У мяне быў транзістарны радыёпрыёмнік з кароткімі хвалямі — японскі «Панасонік», які я ці не кожную ноч настройваў —лавіў «Свабоду», Бі-Бі-Сі, «Голас Амерыкі». З усіх, аднак, аддаваў перавагу «Свабодзе». Добра пачуць яе рэдка ўдавалася — глушылі заўжды і шчыльна. Некаторыя раілі шукаць здатнае мейсца ў кватэры, каля водаправодных трубаў, паспрабаваць настройваць за горадам. Я спрабаваў і так, і гэтак — часцей заўсё нічога не атрымлівалася. Перадатчыкі былі за тысячы кіламетраў, а глушылкі — во яны, побач, на ўскраіне горада. Няўдалымі былі ўсе мае спробы і ў тую ноч. А менавіта тады хацелася дазнацца пра падзеі, што выспявалі ў адносінах да Чэхаславаччыны, на якую нацэліўся «крыважэрны блок НАТА». Міралюбны Варшаўскі блок рыхтаваўся яе ратаваць.

Раніцай, як заўжды, скіраваў у рэдакцыю і на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклівы, на чымсь засяроджаны і толькі буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялі. Танкі ў Празе...»

Тое, вядома, ашаламляла. Я тады зразумеў вэрхал, што ноччу не даваў спаць — на вуліцах штось адбывалася, ішлі калоны машынаў, даносіліся чыесь галасы, у пад'ездах грукалі дзверы і бегалі нейкія людзі. Аказваецца, ішла мабілізацыя, як на вайну. У дапамогу перадавым часцям, што ўвайшлі ў Чэхаславаччыну, на базе Гарадзеншчыны разгортвалася рэзервовая армія. Хапалі запаснікоў, мабілізоўвалі транспарт, на ўскраінах у вайсковых гарадках фармавалі каманды. Як пасля выявілася, тэлефоны гарадской сеткі ў тую ноч былі адключаны. Мы з Клейнам выправіліся да Карпюка.



Яшчэ на падыходзе да Дому Ажэшкі, дзе звычайна працаваў Карпюк, пачулі, як на ўсю вуліцу гучэла перадача Б-Бі-Сі, распавядала, што савецкія войскі акупуюць Прагу. На вуліцы было нямала прахожых, некаторыя спыняліся, слухалі, а бальшыня хуценька кудысьці бегла. Мы тузанулі дзверы Карпюковага офісу, тыя былі не замкнёныя, а ў пакоі на канапе ляжаў Карпюк. Ён быў у поўнай вайсковай форме, побач на стале ляжала яго партупея і кірзовая палявая сумка. Карпюк хутка ўскочыў, працёр вочы. Мы выключылі транзыстар. «Во, халера, праспаў», — мовіў змабілізаваны ваяка. Аказалася, што ён усю ноч прабыў у Фолюшы на фармоўцы, раніцай прыехаў сюды і заснуў. Цяпер хутка адпраўка на вызвольны паход у Чэхаславаччыну. «I ты пойдзеш?» — папытаўся Клейн. — «Абавязкова. Ужо я там напішу», — быў яго выразны адказ.

Карпюк хутка паехаў на зборны пункт, і што з ім было далей, стала вядома праз некалькі дзён.

Вялізную мехкалону з мабілізаванымі выцягнулі на шашы ў напрамку польскай мяжы. Прыехала начальства з акругі, пачалі правяраць. Хадзілі адны, другія, трэція. Карпюк цярпліва сядзеў у кузаве МАЗа. І раптам паявіўся начальнік палітаддзелу акругі генерал Дэбалюк. «А гэты нашто? — кіўнуў ён на Карпюка. Нейкі палкоўнік пачаў штосьці тлумачыць, але генерал не даслухаў: — Зняць! Ён не паедзе». Давялося Аляксею злазіць з высокага кузава, на спадарожных машынах дабірацца да Горадні. Калона пайшла да Чэхаславаччыны без Карпюка.

Карпюк, безумоўна, быў чалавек сумленны і, магчыма, нават хацеў быць сумленным камуністам. Але не ведаў, як ім можна быць. I наогул, што гэта такое — сумленны савецкі чалавек? Што пэўна, ён не любіў хлусні і не цярпеў непарадку — хоць у літаратуры, хоць у войску таксама. Таму, здаўшы ў Фолюшы сваю амуніцыю, пайшоў уздоўж калючага дроту агароджы паглядзець, ці не засталося што забытае ягонымі папярэднікамі. I — во дзіва! Убачыў у траве тры пакінутыя карабіны. Адчуваючы з вайны каштоўнасць зброі, ён узваліў карабіны на плечы і панёс да капцёркі. Але тая аказалася ўжо зачыненай — усе пайшлі на фронт. Каб не кідаць карабіны ў лесе, давялося іх везці ў горад, у штаб арміі. Там, аднак, карабіны ўзяць адмовіліся — не нашай часці. А ўжо настала ноч, і ён змушаны быў несці карабіны дамоў. Адтуль патэлефанаваў мне: во халера, што мне рабіць? Кажу: там за тваім домам цячэ Ванючка, бухні туды твае карабіны, і справе канец. Ён мяне аблаяў: ты быццам у войску не служыў, не ведаеш, што такое аружжа. — Я, кажу, ведаю. Гэтым аружжам загаўняны ўвесь свет. Тваіх трох там не хапае... Не паразумеліся тады мы з Карпюком, ледзь не пасварыліся. Назаўтра ён пачаў хадзіць з тымі карабінамі зноў, аж покуль у яго не запатрабавалі пісьмовага тлумачэнпя: дзе і з якой мэтай узяў і г. д. Ледзьве ён выбавіўся з таго канфлікту, які сам сабе і стварыў. [...]

Седзячы ў Доме Ажэшкі, Карпюк прачытаў у «Новом мире» ўспаміны генерала Гарбатава, дзе ягоную ўвагу прыцягнуў не расповед генерала пра сваю кар'еру і франтавыя подзвігі, а скупое паведамленне пра тое, што генерал не п'е. I ніколі не піў. Уражаны такім дзівам, Карпюк сунуў часопіс у кішэню і пабег па вакзал. Там, не паспеўшы сказаць пават жонцы, сеў у маскоўскі цягнік і ранкам быў ужо ў Маскве. Пасля працяглых перамоваў з палкоўнікамі Геперальнага штабу раздабыў адрас Гарбатава, які жыў каля Нікіцкіх варот. Карпюк пазваніў у дзверы, і папярэджаны з генштабу генерал яго ўпусціў. Карпюк ветліва прадставіўся — беларускі пісьменнік, ветэран вайны. Генерал пасадзіў госця за маленькі столік, дастаў з шафы гранёны графінчык. Карпюк хацеў абразіцца і заўважыў, што ў часопісе генерал напісаў, быццам не п'е. Аказалася, сапраўды не п'е, а графінчык— для госця. Тады Карпюк горача паціснуў генеральскую руку, радасна паведаміўшы, што таксама не п'е. I выклаў яму патрэбу, з якой прыехаў у Маскву. Ва ўсіх краінах евету ёсць таварыствы цвярозых, а ў нас няма. А між тым шкода ад п'янства... I г. д. Таму трэба звярнуцца да грамадскасці з лістом, падпісаным аўтарытэтнымі людзьмі, вось як вы і я, і стварыць таварыства. Тэкст ліста ўжо гатовы, вось пачытайце...