Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 112 из 138



На хвіліну з'яўляецца заклапочаны Альяш.

А н т а н ю к. Ілья, а калі пачнецца канец свету — у поўнач, раніцой, у абед?

А л ь я ш (мармыча малітву). Адчапіса, шчэ і ты тут!.. (Выбягае.)

П і л і п і х а. Ходзіць далей ад народу, з Усявышнім гаворыць! На свае вочы бачыла: стаіць за клірасам каля анёла ды шэпча яму на вухо штось! Хацела падслухаць, але ён міргае— не падыходзь!

X і м к а. Фігу што і зразумела б! Шаптаў слово, вядомае адно нябёсам! Клопату цяпер у яго бы ў генерала — такое дзело!

М а й с а к. Дзяды і прадзеды дарэмно чакалі!

X о р а м. Такія мы шчаслі-івыя!!!

Па авансцэне брыдуць вясковыя актывісты.

Камсамолец першы.Ну, дзісь свінні мелі чым пажывіцца на выгане — столькі хлеба, сыраў, яек, крупы багамольцы выкінулі на траву!.. Наша цялушка ледзь не падавіласа — хустку засмактала!..

Камсамолец другі. Гэта ж трэба — папрадавалі крамы, млыны, гаспадаркі і — папрыляталі!.. (Слухае званы.) А яны ўсё малоцяць!

Камсамолец першы. Це-емра! Паляшуцкія дзеўкі шчэ нават майтак не носяць!.. Я чуў пра гэта, але — не верыў. А ўчора з хлопцамі пару падлавілі і праверылі — без дна ходзяць, жах! А як яны зімой?!.

Камсамолец другі. Палешукі — ладна, але ж і нашых тут багата!.. Эх, на жаль, ніякаго канца не будзе, зноў брыдзі да халернаго торфу заўтра! Вада хало-одная, аж ногі ломіць!

Камсамолец першы (паныла спяваё).

Хто супроць нас — прэч з дарогі,

Бачыш гэну грамаду-у!

А мы і чорту скруцім рогі,

Богу вы-ырвем бараду-у!..

Хлопцы разыходзяцца. Цямнее. На цвінтары ўсё моляцца. — Бом!.. Цялям-цялям!.. —гудуць званы.

— Госпадзі, памілуй і прыдзі! — лямантуюць людзі.

— Бом!.. Цялям-цялям!..

— Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй!

М а й с а к (ускідвае рукі, крычыць). Сыдзі да нас, Гос-падзі!

— Бом!.. Цялям-цялям!..

У с е (пад звон спяваюць).

Ужэ к нам прыблізілась

Міра канчына,

Й ты к нам, прароча,

На землю прыйшоў!..

Пакайцесь, людзі, пакайцесь,

Зірніце навокал нас!

Ўсім сэрцам да бога ўздыхніце,

Апошні настаў ужэ час!..

Куды не паглядзіш на землю,

Забойствы й нянавісць адна:

Народы так дышуць злабою, —

Прыйшла ўжэ апошня пара!

Пакайцесь, людзі, пакайцесь!..

Паступова людзі астываюць ды з недаўменнем азіраюцца. Развіднела.

Г а л а с ы (яшчэ нясмелыя). Што, маму так я і не пабачу? — Хопіць, нацешыласа!

Жонка А н т а н ю к а. А ты нездаволены, што са сваёй Гандзяй не спаткаешса?!. А шчэ гаварыў: «Калі пачнецца неразбярыха, то стань і — ні з места!..» I з гэтай выдрай, Канцавой, нічого не здарыцца?!



А н т а н ю к. На якую табе халеру, бабо, здаласа тая Канцавая? Пра сябе думай!

Маці вар'ята. Трэ спытацца Альяша, як быць! Хай хоць нашы грошы верне за праданыя гаспадаркі!

Жонка Антанюка. А мы на канец свету — нават зімнюю вопратку прадалі, засталіса адно унь гэтыя маточкі воўны з марыносаў!

М а й с а к. Я шчэ тады казаў, — канец свету будзе ісці паступово, а вы паверылі, што зара гром смальне ды зямля расколецца!

А л ь я ш (аднекуль вынырвае). Дарагія брацця і сёстры! Гасподзь хоча, каб да канца свету больш людзей пакаяласо! У сваёй бязмернай дабраце павёў падлік існавання зямлі не з дня нараджэння сына ў Вефліеме, а з яго Галгофы і дазволіў яшчэ трыццаць тры гады насіць нам цяжкі крыж, каб мы маглі паказаць госпаду нашу любоў і адданасць! За тое, што Усявышні явіў новае знаменне, пастанемо на калені і скажамо: «Верую ва адзінаго Бога айца...»

Цяжкое маўчанне. Спалоханы Альяш бяжыць хавацца. Тэкля яго даганяе.

Т э к л я. Што ты, падло, натварыў, уяўляеш сабе, у якую трату людзей увёў? Цябе ж зара яны разарвуць!

А л ь я ш. Яны ж самі на гэто мяне падбівалі!... Самі ж пачыналі ўсё, ты ж ведаеш!.. А гэты Майсак, што цяпер брэша?!. Успомні, што яны ўсе раней казалі?!. Хай я памру, але ж яны...

X і м к а. Гэто Гасгюдзь Бог яго рукамі нас так правяраў! Ратуймо Ілью хутчэй, покуль людзі не разлютавалі. Потым сабе аблаеш ды малітвай адмолішса!..

Г а л а с ы. Дзе той ашуканец, дзе Альяш?!. Дзе той сраны прарок?! Кішкі яму зара выпусцім!..

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Зноў хата Альяша (дэкарацыя з пятай карціны). Гэтаксама з пугай за халявай Альяш кленчыць перад іконамі, ля стала — пісар. Зводдаль стаяць Хімка, Нюрка, жабрак ды з пашанай глядзяць на свайго ідала. У куточку моліцца Піліпіха — яна з'ехала з глузду.

А л ь я ш. «...I к любві горнай уязві душу маю, палучы ад Хрыста ёелюю міласць...»

П і с а р. Айцец Ілья! Рэгіс ад мяне патрабуе запісанаго пра вас у Біблію, а ў мяне няма чаго даваць ім!

Альяш {уздыхаючы, устае). Ну, хутчэй пытайса! Мне трэ ў Крынкі ехаць!

П і с а р. Не выйшло з канцом свету, то калі чакаць яго цяпер?

А л ь я ш (як уджалены). Ха, не выйшло, бытта я вінаваты! Бо не было яўлення! Гэтая (пінае Нюрку ботам) — аказалася ялавіцай!..

Н ю р ка (з енкам падае на падлогу). Ой, я няго-одніца, ой, не жада-аная госпаду!.. Памалі-іса за мяне, святы айцец!..

А л ь я ш. Пустое тваё чэраво — няўгоднае Богу! Што толку з малення?!. Нічого, я ўжэ выглядзеў новую дзеўчыну на мацер божую, а для святого зачацця падабраў галоўнаго каменяцёса з Крэва! Таго, «Архіпатрыцыя», што прыняў веру «ільінцаў»!.. Ад такого дзеўчына панясе-е!

Жабрак і Xімка(разам). Ад «Архіпатрыцыя» напэўно родзіць!

П і с а р (запісвае). Ад «Архіпатрыцыя»?!.

А л ь я ш. Зачыню іх зноў у хаце, народ вакол на калені пастаўлю — як пачнем усе прасіць Бога!.. Мама казалі, як калісь не было дажджу, то красны ход прыходзіў на Вершалінскі пагорак і тыдзень-два людзі енчылі, але ж Гасподзь такі слухаўсо, пасылаў дажджавыя хмары. Мы ж склічам бабаў з усіх вёсак, — разоў у дзесяць болей за мінулы раз! Як станем усе малізцца ды шчэ ў тры званы як ударым — быць таго не можа!..

П і с а р. Тры званы?!.

А л ь я ш. Усе тры! Выенчым на гэты раз! Сам буду глядзець, каб смешачак ніхто не строіў!..

X і м к а. А нячыстых бабаў, Альяш, у той дзень да ўзгорка і блізко не падпускай, бо мінулы раз яны табе і нашкодзілі!..

Ж а б р а к. Каменяцёс спра-авіцца, ад такого панясе напэўно! Шчэ з войска ведаю! Бывало, пойдзем на ўвальніцельную да дзевак, такі бугай каторую як прыцісне і — гатова!..

Н ю р к а (выцірае слёзы). Ой, якая я шчаслівая, што служу такому чалавеку! (У істэрыцы хапае Альяша за ногі.)

Улятае дачка з мужам і старым Аўхімюком.

В о л е с ь. Дзядзьку Альяш! Вы думалі, усё скончыласо з-за вашаго дурного «канца свету»? З-пад Бельска прывалілі суд чыніць над вамі! Спілавалі дуб, змайстравалі крыж, павесілі ільняны фартушок ды на гарбах сюды прыперлі! Правяраць вас збіраюццо! А прывёў іх былы ваш памагатар — Антанюк!

В о л ь г а. Во-ой, татачку, што цяпер будзе?!

А л ь я ш (мітусіцца). Вы — што, дзеці?!.

А ў х і м ю к. Ці я табе не гаварыў — не дуры людзей, не траві душы, які з цябе прарок, старое падло!

В о л ь г а. Во-ой, тату, поўны падворак іх там!..

Волесь. Яўіх пытаюсо: «Куды вы пад халеру гэткі цяжар прэце?» Знаёмы шэпча: «Альяша на крыж цвікамі прыбіваць будзем». Другі паказвае венчык з калючаго дроту і завостраную на шыло піку!

Н ю р к а. А я цэлу раніцу гадаю — чаму мне сырое мясо сніласо? (Схопліваецца з зямлі.)

X і м к а. О, кожны табе дурань скажа, — убачыш яго ва сне, — чакай бяды!

А ў х і м ю к. Ці не папярэджваў я цябе, халера, што дажывеш, калі галаву табе скруцяць за твае выдумкі?! Ці не цвярдзіў табе — не палітыкуй, не сялі ў люд пустую надзею — гэтым не іграюцца!

А л ь я ш (якзагнаны кот). Ой, Базыльку, казаў!.. За сцяной бушуюць людзі.

Г а л а с ы. Што цяпер з памі будзе?! — Памочнікі Альяша ўсенька ў нас забралі і кінулі па скананне. — Згінем, бы рудыя мышы цяпер! Ён — ніякі не прарок! — Мацер божая, апусці свой караючы меч на яго! — Укрыжуем, каб здох, як сабака!