Страница 6 из 7
— Шып-шы-на, — рэхам выдыхае цёмная ноч, азываецца русальчаным спевам.
— Шып-шы-на, — прамаўляе самотны ветах над светам чарадзейным, над светам людскім.
— Шып-шы-на, — вые белы воўк, і слухаюць тое выццё ўсе драпежныя звяры.
— Адпусці мяне, чарадзей. Няхай не шукае мяне цёмная ноч, няхай не высочвае мяне з неба самотны ветах, няхай не бяжыць за мной белы воўк.
— Буду шукаці, — шэпча невядомымі галасамі цёмная ноч, — буду шукаці і знайду.
— Буду сачыці, — шэпча цягуча самотны ветах, — буду сачыці і знайду.
— Буду бегчы, — шэпча чалавечымі словамі белы воўк, — даганю-даганю.
— Ты цяпер наша, наша Шыпшына, — радуюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк. — Паслухай нас, паслухай.
Не, не слухаю... Пазбылося мяне яснае сонейка, пазбыліся мяне імклівыя вятры, пазбыліся мяне тужлівыя хмаркі. Самотна мне ў ночы, адзінока пад халодным ветахам, скрушна ісці мне побач з белым ваўком... Хачу назад, да сонца, да вятроў, да хмар. Адпусці мяне, адпусці, чарадзей, як маеш да мяне хоць крыху спагады. А не то сама да дрэва мудрага высокага пайду, знайду сабе ратаванне.
— Няма табе шляху да дрэва мудрага высокага праз ноч, — прамаўляе мне дзіўны-непрадказальны. — Не стала яго, як не паслухалася ты кляновай зоркі, ды не падняла чырвонай гронкі рабіны, ды выпусціла з рук зялёны дубовы лісточак. Лісток з дрэва мудрага высокага. Няма табе шляху да дрэва мудрага высокага і ўдзень.
— Цяпер ты наша, наша Шыпшына, — радуюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк. — Слова тваё слухаць будзем. Імя тваё вымаўляць будзем, каб ніколі не спраўдзілася тое страшнае закляцце.
Не, не слухаю... Навошта вам маё слова? Адно хачу пачуць: «Шыпшынка, — ціхае, як біццё сэрца, шаргаценне вятроў праз сонечныя іскрынкі, — усміхніся, ты наша...»
— Паслухай, паслухай нас, — не сунімаюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк. — Бачылі мы дзяўчынку, ціхую, маленькую, якая ў святле была, пад сонцам хадзіла, якой вятры спявалі ды хмаркі плялі вянкі. Бачылі даўно. Сплылі сонца вароты, і стала тая дзяўчынка моцнай светлай чараўніцай, адзінай, якая не баялася ночы. Не жадаем мы, каб страціла яна сваё людское аблічча. І таму клічам яе, смя ротную, чалавечную, бо ведаем, што не спраўдзіцца тое закляцце, пакуль цёмная ноч, самотны ветах ды белы воўк вымаўляюць імя таемнае.
Не, не слухаю... Што гэта? Міласэрнасць ночы, міласэрнасць цемры? Спагада ветаха і белага ваўка? Няўжо ўмееце вы спагадаць... А можа, таму вы не адпускаеце мяне, што ён, дзіўны-непрадказальны, таго не загадвае... Шукае мяне, чакае мяне. Толькі што мне да ўсяго гэтага. Думаю пра цудадзейнае зернейка, самае лепшае на зямлі. Няўжо не змагу перамагчы вас, ноч, ветах і воўк, калі мною створаны такія чары...
— Мы чуем, — азываюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк. — Мы чуем твой голас, Шыпшына, мы ведаем твае думкі, мы цябе разумеем. Павер жа, што без нашых чараў не прарасло б тое незвычайнае зернейка. Мы блізкія табе. І яму, нашаму найлепшаму, ты неабыякавая.
Цудадзейнае зернейка. Ад цябе абудзіцца ў людзях вялікая спагада і дабрыня...
— Шыпшына, — не сунімаюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк.
Дзе ты, цудадзейнае зернейка? Як жа расцеш ты ў свеце адно... без мяне... Толькі ноч, ветах і воўк. Такая мяккая асенняя сцяжынка. Амаль нячутныя твае крокі, дзіўны-непрадказальны. Амаль нячутныя словы:
— Не хадзі, чараўніца, не хадзі да дрэва мудрага высокага, хоць і пасылае яно ў свет магутныя дубовыя лісты. Прабачыць нам сонца і прабачыць нам ноч, толькі яно, дрэва мудрае высокае, толькі яно адно не прабачыць ніколі. Трымае яно лад, беражэ парадак у свеце. Парушыла ты ягоную волю, і я не змог гэта паправіць. І ноч мая цёмная не змагла цябе схаваць. Не хадзі, чараўніца, не хадзі да дрэва.
Лятуць магутныя дубовыя лісты праз ноч, засцяць ветах, падаюць сумётамі на белага ваўка.
— Памятай, што бачыць цябе цёмная ноч, памятай, што свеціць табе самотны ветах, памятай, што бароніць цябе белы воўк, — прамаўляе мне дзіўны-непрадказальны.
Не, не слухаю... Я здзіўлю цябе, дзіўны-непрадказальны. Шлях праз ноч да дрэва мудрага высокага мне адкрыты...
Цёмна, самотна, драпежна. Цяжка без яснага сонейка, імклівых вятроў і тужлівых хмарак. І чаму мне здаецца, што цягнецца да мяне з галін дрэва мудрага нечысць цёмная, нечысць страшная. І гучна звоняць зялёныя дубовыя лісты...
Зернейка добрае, зернейка цудадзейнае. Цёмна нам уночы, цяжка без яснага сонейка. Цягнецца, цягнецца нечысць страшная, галёкае ды смяецца на розныя галасы.
І гаворыць мне той, хто заўсёды ідзе праз ноч:
— Не магу я нечысць тую прагнаць, не магу я цемры той шлях заступіць. Ахінае тая цемра дрэва мудрае высокае. Навошта ты прыйшла да высокага дрэва, навошта ўчыніла так, чараўніца?
Зернейка цудадзейнае, самае лепшае на зямлі, клічаш ты яснае сонейка, клічаш імклівыя вятры, клічаш тужлівыя хмаркі. Клічаш без пары...
«Страшна нам тут», — даюць адказ імклівыя вятры. — «Не прасвятляе тут сонца неба». «Не прасвятляю, бо не можна мне свяціць без пары, без часу». «Пакліч сонца, пакліч вятры, пакліч нас, Шыпшынка», — просяць мяне тужлівыя хмаркі.
— Шыпшынка, — нясуць вятры імя маё.
— Шыпшынка, — жаляцца тужлівыя хмаркі.
— Шыпшынка, — азываецца мне яснае сонейка.
— Не праганяй мяне, Шыпшына, — просіць цёмная ноч. — Я берагу цябе.
— Не праганяй мяне, Шыпшына, — просіць самотны ветах. — Я берагу цябе.
— Не праганяй мяне, Шыпшына, — просіць спалоханы белы воўк. — Я берагу цябе. Вартую-абараняю.
— Не хачу хадзіць у цёмнай ночы, не люблю самотнага ветаха, баюся белага ваўка. Свет без вас будзе лепшым. Навошта яму цемра і жахі? Навошта яму ты, чарадзей.
Шуміць, шуміць нязгодна дрэва мудрае высокае. Толькі ёсць у мяне магутныя чары.
Самотны, як ноч, позірк таго, дзіўнага-непрадказальнага:
— А ты ўпартая, — прамаўляе мне чарадзей. — А ты ўпартая, Шыпшына-Шыпшынка.
Не слухаю. Усміхаюся. Боль у сэрцы, ззяннеўруках, яркае, перуновае. І азываецца мне цудадзейнае зернейка:
— Як жа ты не паглядзела ў вочы яго, чараўніца? Як жа, светлая, ля дрэва міласэрнасці і веднасці не ўбачыла свайго лёсу... Няўжо аддала ты мне ўсю сваю дабрыню і ўсю спагаду?
Усміхаюся. Узыходзіць над светам яснае сонейка. Лятуць імклівыя вятры. Плачуць тужлівыя хмаркі.
А я ўсміхаюся... Узыходзіць над светам высокае сонца.
***
— І чаму мне так балюча, Дзіў? Так цяжка цяпер, калі ўсё яшчэ можна вярнуць?
Маўчыць вешчы Дзіў, не азываецца мне пад святлом сонца.
А я хачу зразумець вас, сонца, вятры і хмары. Хачу зразумець, навошта вы казалі ёй пра мудрае высокае дрэва, якое ніколі не даруе парушальнікам ладу.
І паўтараю я ночы, сонцу, ветаху, вятрам і хмарам, што нічога яшчэ не скончана. Кажу табе, Шыпшына, пра самае незвычайнае зернейка. Схавалася яно да пары да часу, схавалася, пакуль ты не вернешся. Яно чакае цябе.
...Узыходзіць над светам высокае сонца. Узыходзць тады, калі я ўсміхаюся. Лашчаць зямлю імклівыя вятры, пояць яе тужлівыя хмаркі смачнай дажджавой вадою. І плыве сонца над светам. Плыве нада мной і цэлую ноч чакае маёй усмешкі.
Я клічу сонца. «Ты падобная да яго», — прамаўляюць мне вятры і хмаркі. «Ты падобная да сонца», — прамаўляюць мне цёмная ноч і самотны ветах. «Ты падобная да яснага сонейка», — кожную ноч прамаўляе мне белы воўк, вартуе і абараняе мяне. Толькі я праганяю ноч, ветаха і ваўка. Калю іх сваімі вострымі шыпамі.