Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 130



Аўтар аповесцей пра жыццё Якуба Коласа «Ад роднае зямлі...» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1985), а таксама аповесці «Далёкія зарніцы» (1967).

Падрыхтаваў для выдання творчую спадчыну Ф.Багушэвіча («Творы», 1967), А.Паўловіча («Выбранае», 1975), Цёткі («Творы», 1976), К.Каганца («Творы», 1979).

Складальнік вучэбнага дапаможніка «Беларуская літаратура XIX - пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў» (з В.Александровіч, 1978).

Алексіевіч Святлана, нарадзілася 31.05.1948 г. у горадзе Івана-Франкоўску (Украіна) у сям'і ваеннаслужачага.

Пасля заканчэння Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна (1965) працавала выхавацелькай Асавецкай школы-інтэрната, а затым настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёна. У 1966 г. працавала ў нараўлянскай раённай газеце «Прыпяцкая праўда». У 1972 г. скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Накіравана ў бярозаўскую раённую газету «Маяк камунізма». У 1973-1976 гг. працавала ў рэспубліканскай «Сельской газете», у 1976-1984 гг. - загадчык аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Неман». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1975 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. У перыядычным друку выступае з нарысамі. Аўтар дакументальных кніг «У войны - не женское лицо» (1985), «Апошнія сведкі» (1985), «Цинковые мальчики» (часопіс «Дружба народов», 1990). Паводле кнігі «У войны - не женское лицо» напісала п'есу (пастаўлена ў 1985 г. у многіх тэатрах краіны і за мяжой) і сцэнарыі аднайменнага цыкла дакументальных фільмаў (1983, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 г. і «Сярэбраным голубам» на міжнародным кінафестывалі ў Лейпцыгу), дакументальных стужак «Бацькоўскі дом», «Партрэт з вяргіняй», «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» і інш. (усяго пятнаццаць фільмаў). Аўтар п'есы «Марутка» (пастаўлена ў 1988).

Лаўрэат літаратурных прэмій СП СССР імя М.Астроўскага (1984), імя К.Федзіна (1985) і прэміі Ленінскага камсамола (1986) за кнігі «У войны - не женское лицо» і «Апошнія сведкі».

Алешка Антон, нарадзіўся 01.02.1913 г. у вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў у 1931 г. двухгадовыя педагагічныя курсы пры Слуцкім педагагічным тэхнікуме і да 1935 г. настаўнічаў у мястэчку Лапічы Асіповіцкага раёна. Скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны - на фронце, спачатку на Заходнім, а потым на 3-м Беларускім. Пасля вайны служыў ваенным лекарам у ваенна-паветраных сілах. Дэмабілізаваўся ў 1963 г. Жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1951 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 13.09.1971 г.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1932 г. У 1938-1939 гг. часопіс «Полымя» змясціў некалькі апавяданняў і аповесць «Маладосць». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969), «Неба на замку» (выбранае, 1974, 1984).

Аляксееў Мікалай, нарадзіўся 17.12.1898 г. у горадзе Пецярбургу (Расея) у сям'і дворніка.

Рана асірацеў, у дзесяць гадоў стаў вучнем, падручным, потым працаваў электраманцёрам у тэхнічных канторах Пецярбурга, на трыкатажнай фабрыцы «Керстэн» і Абухаўскім заводзе. У жніўні 1915 г. прызваны ў армію. На Заходнім фронце быў паранены. Прымаў удзел у Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях і грамадзянскай вайне. У 1918-1958 гг. у Савецкай Арміі. Генерал-маёр інжынерных войск (1942). Скончыў Акадэмічныя курсы вышэйшага каманднага саставу пры Ваенна-інжынернай акадэміі (1935). Удзельнічаў у баях на Хасане. У час Вялікай Айчыннай вайны - начальнік аддзела кадраў Заходняга і 3-га Беларускага франтоў. Пасля звальнення ў запас з пасады начальніка Далёкаўсходняй сувораўскай навучальні (1958) жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1947 г.



Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава II ступені, Айчыннай вайны I і II ступеняў, «Знак Пашаны», крыжам Грунвальда III класа і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).

Памёр 12.08.1985 г.

Выступаў у друку з 1939 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар раманаў «Яков Железнов» (Масква, 1946), «испытание» (Курск, 1957), «По зову сердца» (1974), аповесцей «Вот так-то, Николай!» (зборнік «Людй высокого долга», 1964), «Сухарь» (1971), дакументальнай кнігі «Навстречу Победе» (з Н.І.Крыловым і I.Г.Драганом, Масква, 1970) і дакументальнай аповесці «Осколком оборванная жизнь» (Масква, 1978). Напісаў п'есу «Сестра Варвара» (пастаўлена ў 1960).

Аляхновіч Мікола, нарадзіўся 21.04.1903 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1920 г. скончыў восем класаў Барысаўскай мужчынскай гімназіі. Прымаў удзел у барацьбе з замежнымі інтэрвентамі на тэрыторыі Беларусі. Вучыўся на медыцынскім факультэце (1921-1924), а ў 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, настаўнічаў (1925-1930). У 1925-1927 гг. - кіраўнік Барысаўскай філіі «Маладняка». у 1930-1932 гг. - аспірант, у 1932-1934 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. Адначасова працаваў выкладчыкам Менскага вышэйшага педінстытута (1933-1936). У 1936 г. быў рэпрэсіраваны. Адбываў ссылку на Калыме (1938-1942). На пасяленні ў Іркуцкай і Карагандзінскай абласцях працаваў лекарам. У 1957 г. рэабілітаваны. Жыў у Ленінградзе.

Памёр 09.04.1959 г.

Друкавацца пачаў у 1919 г., як крытык выступаў з 1926 г. Аўтар артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць А.Александровіча, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Я.Коласа, Р.Мурашкі, П.Труса, Я.Скрыгана, А.Пушкіна, М.Горкага і інш.

Аляхновіч Францішак, нарадзіўся 09.03.1883 г. у горадзе Вільні ў сям'і музыканта.

Вучыўся ў віленскай гімназіі, хіміка-тэхнічнай школе, Драматычнай школе (Кракаў), школе Музычнага таварыства (Варшава). З 1904 г. ездзіў па Польшчы з вандроўнай тэатральнай трупай. У 1908 г. вярнуўся ў Вільню, працаваў рэпарцёрам у польскіх газетах. Выдаваў гумарыстычны часопіс «Пэркунас», у якім змясціў антыцарскі артыкул. Быў прыцягнуты да адказнасці, але ўцёк у Галіцыю, дзе іграў у розных тэатрах. У 1913 г. (пасля амністыі з нагоды святкавання 300-лецця дома Раманавых) вярнуўся ў Вільню. Але за антырэлігійны выпад у тым жа артыкуле быў прыгавораны да года турэмнага зняволення. Выйшаўшы на волю, працаваў мулярам, пажарным, настаўнікам, наладжваў тэатральныя прадстаўленні. У 1918 г. прабраўся праз лінію фронту ў Менск. У 1919-1920 гг. - дырэктар і галоўны рэжысёр менскага «Беларускага тэатра». З 1920 г. жыў у Вільні. У 1921-1923 гг. рэдагаваў газету «Беларускі звон». У 1926 г. нелегальна перайшоў у БССР і хутка быў арыштаваны і сасланы на 10 год на Салавецкія астравы. У 1933 г. быў абменены ўладамі на заходнебеларускага палітвязня Б.Тарашкевіча. Вярнуўся ў Вільню, выступаў у польскай газеце «Слова» з артыкуламі аб беларускім тэатры і драматургіі.

У час фашысцкай акупацыі рэдагаваў калабарацыянісцкі тыднёвік «Беларускі голас» (1942-1944).

3.03.1944 г. забіты невядомымі на кватэры ў Вільні.

У друку пачаў выступаць з 1917 г. (газета «Гоман»). Драматург, празаік, паэт, публіцыст. Супрацоўнічаў таксама ў газетах і часопісах «Беларускае жыццё», «Грамадзянін», «Рунь». Асобнымі выданнямі выйшлі п'есы «Калісь», «На вёсцы», «Страхі жыцця» (усе - Вільня, 1919, апошняя пастаўлена ў 1918), «Цені» (1920, пастаўлена ў 1919), «Заручыны Паўлінкі» (Вільня, 1921, пастаўлена ў 1918), «Няскончаная драма» (Вільня, 1922), «Птушка шчасця» (пастаўлена ў 1920), «Шчаслівы муж» (Вільня, 1922), «Пан міністар» (Вільня, 1924), «Дрыгва» (Вільня, 1925), казка ў 1 акце для дзяцей «У лясным гушчары» (Рыга, 1932, пастаўлена ў 1917). У зборніках, перыядычным друку апублікаваны п'есы, драматычныя абразкі «Манька», «Чорт і баба» (пастаўлена ў 1918), «Базылішк», «Перад святам», «На Антокалі» (усе ў 1918), «Дзядзька Якуб», «На вёсцы» (абедзве ў 1919), «Лес шуміць» (1920), «Бутрым Няміра» (1918, пастаўлена ў 1918), «Круці ні круці, а трэба памярці» (пастаўлена ў 1943). Напісаў аповесці «Пісьмы да яе» (газета «Гоман», 1918), «Страшны суд» (часопіс «Новы шлях», 1944). Даследаванне «Беларускі тэатр» (Вільня, 1924), кнігу ўспамінаў «У кіпцюрох ГПУ» (Вільня, 1937).