Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 86 из 96



— Што — і цябе звальняе? — выпрастаўся, нібы хацеў устаць, Алі.

— Ты пра Судзіра? Не, мяне пакідае, у дрэсіроўшчыкі пераводзіць. Я іншыя справы маю на ўвазе.

— А мяне звальняе. І Абрахамса, і тых цётак-прыбіральшчыц. Сказаў, каб шукалі работу, тыдзень даў на гэта. Усіх сваіх будзе набіраць, і толькі мужчын. Круціліся тут сёння нейкія падазроныя тыпы, размаўляў з імі Судзір. Здаецца, я ўжо бачыў некаторых у твар… Мо з той кампаніі, што лавілі дэльфінаў? А пад вечар англічанін быў, Піт. Праўда, завінуўся і адразу назад.

— Не думай, што мне вельмі хочацца з ім працаваць, нават дрэсіроўшчыкам. Але згадзіўся пакуль што… А для прагулак на «Нептуне» і падводных прагулак таксама будзе сваіх хаўруснікаў набіраць. Хваліўся сваімі планамі толькі што. Хоча мудрэй зрабіць, чым у Японіі. Там ёсць у Іоміуры, пад Токіо, падводны тэатр. Дзеўкі голыя пад вадою плаваюць, усякія штукі вырабляюць, а на іх дзівяцца праз шкло.

— Божа, божа… Быў дэльфінарыум, а хочуць яго ў прытон з распуснымі дзеўкамі ператварыць.

— Не ведаеш, чаго ён на Абрахамса ўз'еўся? Казаў, што стары совае нос куды не трэба.

— А-а, гэта… Жаліўся Абрахамс… Зняважыў яго Судзір, ледзь не пабіў. А з-за чаго? Убачыў стары, што «рэзідэнцыя» не замкнёна, рашыў прыборку зрабіць, парадак навесці, хоць не яго гэта справа. А Судзір наляцеў, як тыгр: «Вон! Каб і нагі тваёй тут не было!» Можа, і не вызверыўся б так. Убачыў, што Абрахамс круціць у руках прыз, дэльфінчык той на падстаўцы. «Прадайце адзін, — кажа. — Яны вельмі мне падабаюцца, хачу ўнучцы на дзень нараджэння падарыць. Дзесяць долараў дам». А Судзір яго ў каршэнь, у каршэнь і вытаўхаў за дзверы. Гэта цацка мо і долара не каштуе, толькі і вартасці, што ў продажу няма, па заказу Судзіра недзе робяцца.

— У людзей прафсаюзы ёсць, памагаюць адстойваць свае правы перад капіталістамі, у час забастовак памагаюць пратрымацца. А ў нас… нікому не паскардзішся. Што гаспадар хоча, тое і робіць, б'е і плакаць не дае.

— Радж, а чаму б і ў нас на востраве не арганізаваць прафсаюз? Адзін на ўвесь Рай, каб у яго ўсе работнікі абслугі ўваходзілі… От каб забастоўку абслуга зрабіла, што б тады было? Брудам па вушы зараслі б, з голаду падохлі б усе гэтыя мільянеры, што гатэлі пазапаўнялі.

— Мы з табою пра гэта яшчэ пагаворым. А зараз прабач мне, хачу ў горад злётаць. — Радж пайшоў у камору пераадзявацца.

— Ты толькі не затрымлівайся. А я пакуль што буду думаць.

— Думай. Нам усім пра многае трэба думаць.

2

Здарылася так, што ў той самы час, калі Радж яшчэ толькі падумваў ісці ў паліцыю, туды ўжо ішоў, распытваючы дарогу, Абдула. Прымусіла яго ісці незвычайная знаходка.

Хоць жыў ён у нумары італьянкі не горш за якога паніча, сваёй даўнейшай звычкі не кідаў — заглядваў ва ўсе урны і сметніцы, якія сустракаліся. У Свійттаўне часам можна было знайсці ў сметніцах, асабліва ў багатых кварталах, і цікавы часопіс з малюнкамі, і якую апратку, і надламаную цацку, і бутэлькі з недапітым пітвом, і крыху папсаваны плод. У некаторыя дні гандаль, перапродаж усялякай драбязы ішоў кепска, зарабіць не ўдавалася, і тады выручалі сметніцы ці кафэ на адкрытых верандах і вынасныя столікі. У іх можна было часам падабраць недаедкі. У такія дні калі і не прыносіў нічога дзядзьку, то хоць свой жывот набіваў.

І цяпер, прымчаўшыся з дэльфінарыя, схапіўшы ў парцье ключ, заскочыў у нумар і адразу да халадзільніка. Падмёў усё, наеўся сам і Тота накарміў. Але, мабыць, лішне напхаўся, бо разбалеўся жывот. Ніякага запітку чамусьці ў халадзільніку не стаяла, і давялося напіцца ў ваннай з-пад крана. Жывот не перастаў балець, і Абдула замкнуў Тота ў нумары, а сам пайшоў шукаць донну Тэрэзу. Няхай бы заказала чаго з рэстарана цёпленькага, мо жывот сагрэўся б і перастаў. Тэрэза магла быць у такі час або ў холе, дзе гуляюць у карты, або ў дансінг-холе на танцах. Адчыніў карцёжны пакой, перабраў вачыма столікі — няма яе. Значыць, на танцах, на другім паверсе. Музыка з дансінг-хола разлятаецца па ўсіх паверхах, то лашчыць слых, то свідруе перапонкі.



Абдула памятаў гэты хол, з яго вядуць тры ці чатыры шкляныя дзверы на адкрытую круглую пляцоўку — абгароджаны балюстрадай дах рэстарана. У добрае надвор'е больш танцуюць там, чым у холе. Абдула спусціўся на пляцоўку паміж чацвёртым і трэцім паверхам, заглянуў звыкла ў блакітную сметніцу ў кутку — нічога цікавага. Спусціўся на пляцоўку паміж трэцім і другім паверхамі, таксама заглянуў. У гэтай сметніцы было больш смецця. З-пад цукерачных паперак мільганула штосьці бліскучае, пластмасавае. Не вытрываў, грабянуў — і з-пад смецця выглянуў вясёлы сіні дэльфінчык, прыклеены да ліловай падстаўкі. Цацка! Ды не абы-якая, такія ён бачыў у дэльфінарыі на прадстаўленні. Судзір, дрэсіроўшычк, уручаў гледачам на памяць. Абдула дастаў цацку, падзьмухаў на яе, пацёр паперкамі, каб ачысціць ад тытунёвага попелу. Як шкада, што яму зараз не пяць ці хоць якіх сем гадоў! Колькі б радасці было, колькі забавы! Але і цяпер глядзеў на цацку з замілаваннем, потым сунуў за пазуху.

Ступіў ніжэй на колькі прыступак і не вытрываў, дастаў дэльфінчыка, каб зноў палюбавацца. Якое хараство! Толькі чаму адзін кончык раздвоенага хвосціка адрэзаны? Відаць запыленае чымсьці пустое нутро дэльфінчыка. У падстаўцы-каробачцы таксама адпілаваны адзін ражок, на беражках знутры напылена нейкая жаўтаватая мука. Падзьмуў у дзірачку, хацеў свіснуць, і ў нос пыхнула гэтым пылам, пачуўся нейкі вельмі знаёмы, ледзь улоўны пах. Не зблытае гэты пах Абдула ні з чым, ён узненавідзеў гэты пах за час, калі жыў з дзядзькам у каморцы пад лесвіцай. Пах гераіну — наркотыка, які звёў дзядзьку ў магілу. Тая самая «белая смерць», пра якую і радыё талдыча, і газеты трубяць, і пужлівыя плакаты вывешваюць, і на канвертах друкуюць, і на штампах выбіваюць, якімі маркі пагашаюцца… Як ён ненавідзеў гэтую атруту! Яна ж не толькі дзядзьку загубіла, але і яго жыццё зламала. Каб дзядзька не стаў наркаманам, то ўсё магло б скласціся інакш: мог бы Абдула навучыцца грамаце, займець добрую спецыяльнасць, работу і не быў бы беспрытульным бадзягаю.

«Дык вось якія прызы-сувеніры раздае Судзір! І не абы-каму, відаць, раздае. Усё падстроена, ведае, каму даваць… І не за так дае, а за вялікія грошы…»

Абдула забыўся пра Тэрэзу, забыўся пра хворы жывот. Зляцеў, скачучы цераз адну прыступку, уніз, на першы паверх, кінуў парцье ключ і выскачыў за дзверы.

Дзе знаходзіцца паліцэйскі ўчастак, дапытаўся ў людзей.

Тузануў дзверы смела — чаго баяцца? Столькі ўсюды пішуць, каб памагалі змагацца з распаўсюджваннем наркотыкаў.

За аблупленым рудым бар'ерам віднелася лысаватая, з наліплымі на лоб рэдзенькімі валасамі галава. Дзяжурны паліцэйскі… Без фуражкі сядзіць, кашуля з пагончыкамі расхляпешчана, відаць чорная валасатая грудзіна, паводзіць барадою ўправа-ўлева, падстаўляючы твар і грудзі патоку паветра ад прапелерчыка. На Абдулу падняў вочы паволі, паўсонна, яны былі зацягнуты павалокаю, нібы ў тых кароў-валацуг, што бачыў каля базара ў Свійттаўне.

— Што… хлопчык? — абыякава спытаў у Абдулы і падправіў прапелерчык, каб лепей дзьмуў на яго.

— Вось… — працягнуў Абдула цацку. — У гатэлі знайшоў, у «Марской ліліі».

Паліцэйскі, скрывіўшыся як серада на пятніцу, пакруціў дэльфінчыка ў руках і, не ўстаючы, шпурнуў у сплеценую з ратангавых сцяблоў сметніцу. Не пацэліў, цацка бразнулася аб каменную падлогу, дэльфінчык і падстаўка разляцеліся ў розныя бакі.

— Прэч адсюль, смаркач, пакуль не арыштаваў! Мала дзе якога смецця валяецца, дык усё сюды валачы?

— Я магу пайсці, але потым будзеце самі мяне шукаць, — Абдула не зазлаваў на дурнога паліцэйскага, спакойна падняў дэльфінчыка і каробачку, зноў працягнуў іх цераз бар'ер. — Вы панюхайце! Вунь дзірачкі ў ражках — нюхніце!

Паліцэйскі асцярожна, нібы чакаў якога розыгрышу, паднёс каробачку адпілаваным ражком да носа, грэбліва скрывіўся.

— Ну і што? Брудам пахне, смеццем… — і зноў замахнуўся, каб кінуць.