Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 96

Ззаду пачуліся свіст, гіканне. Азірнуліся разам: пасярэдзіне вуліцы імчалі два рыкшы, у аднаго каляска двухколавая з аглабелькамі, у другога трохколавая з педалямі. У адной і другой калясцы хісталіся, размахвалі бутэлькамі салдаты-янкі. Той рыкша, што бег пешкі, быў у доўгіх трусах і сандалетах, у другога замест трусоў былі белыя нагавіцы, ён круціў педалі стоячы, басанож, амаль узлёгшы на руль. Амерыканцы і падскоквалі, і гэпалі на сядзенні, задзіраючы ногі, зноў падхопліваліся, крыкам і свістам падбадзёрвалі сваіх «коней» і самі крычалі-гігаталі, як мустангі ў прэрыях. «Хутчэй! Дахляк, хутчэй! Прыз! Прэмія пераможцу!»

Па тратуарах узбоч і следам за каляскамі беглі людзі, цешыліся незвычайным відовішчам, чакалі, чым скончыцца гэтае спаборніцтва. Пуол і Радж, падхопленыя натоўпам, таксама пабеглі. Але ў кожнага былі розныя пачуцці. Пуол сам гатоў быў гікаць і ўлюлюкаць, а Раджа душыў гнеў: «Пацеху наладзілі… Яны ж проста здзекуюцца над намі!.. Няўжо ніхто не бачыць у гэтым знявагі?! О, бечы дурныя, і як яны згадзіліся на гэта?!»

Рыкшы ўляцелі на плошчу, народ сыпануўся ў бакі, каб не трапіць пад колы. Каляскі памчаліся па крузе вакол фантана. У нейкі момант і Радж, і Пуол апынуліся якраз насупраць іх. У таго, хто бег, шлэпаючы сандалетамі, цела блішчала, рукі з аглабелькамі былі падкурчаны і адцягнуты назад, нібы яго пачалі падымаць на дыбе. Вочы вырачаныя, рот разяўлены, ажно, здавалася, матляўся язык. У таго, што з усяе моцы націскаў на педалі, паспадалі да самых локцяў шлейкі бруднай, мокрай ад поту майкі, шчарбаты старэчы рот быў таксама выскалены. У педалях вішчала-енчыла, і здавалася, што каляска вось-вось рассыплецца на часткі, і побач з імі рухне гаспадар. Амаль два поўныя кругі зрабілі рыкшы вакол фантана. Той, што вёз каляску за аглабелькі, пачаў ужо выпярэджваць. І тут здарылася тое, што, мабыць, і павінна было здарыцца: хуткасць па крузе перайшла за крытычную, а мо янкі гайдануўся ўбок. Двухколка перакулілася, амерыканец выпаў, як мяшок з глінаю, дзярнуўшы па асфальце вухам. Рыкша выскачыў з аглабелек, нібы распрэжаны конь ці ішак, і глядзеў спалохана, як круціцца, ніяк не можа спыніцца верхняе кола таратайкі. А веларыкша, каб не натыкнуцца на аглабелькі, ламануў руль да фантана. Здавалася, ён тут жа і назад крутнуў, але было позна: наляцеў заднім колам на борт фантана. Пасажыр плюхнуўся ў ваду…

Хто рагатаў, хто памагаў «купальшчыку» выбрацца з басейна. Вакол абедзвюх калясак стоўпіліся людзі. Амерыканец з абадраным вухам біў свайго рыкшу, крывяніў яму твар. Людзі ўжо хапалі янкі за рукі, але амерыканец роў, як бізон, адмахваўся ад усіх: «Не падыхо-о-одзь!»

Радж расштурхаў людзей, прабіўся да амерыканца. Пуол не скмеціў з-за спін, якія маланкавыя рухі зрабіў ён, але янкі ўраз асеў пад ногі людзей.

— Вяжыце!.. Рукі вяжыце! — крычаў Радж.

І, мабыць, знайшлося чым вязаць, знайшлося каму. Бо калі падбеглі туды паліцэйскія, свішчучы ў свісткі, янкі ўжо ляжаў са звязанымі за спінаю рукамі разадраным вухам угору. Качаў галаву па асфальце, скрыгатаў зубамі:

— Пекла хачу-у! Пе-екла! К чорту ваш рай! Пе-е-екла!

Радж сам знайшоў Пуола, як толькі выбраўся з натоўпу.

— Хадзем… Зараз тут пачнуць распытваць, запісваць, хай разбіраюцца… Пасажыры, мабыць, з тых ваякаў, што высадзіліся на Біргусе… Думаюць, што ў нас скрозь джунглі і ўсё дазволена. У-ух! — Радж з сілаю сцяў зубы, тузануліся на шчоках жаўлакі.

— А я і не ўмешваўся б. Хай бы хоць пазабівалі адзін аднаго, — сказаў Пуол.

— Дык жа яны нашых б'юць, а не адзін аднаго! Дурныя беча, наперагонкі пусціліся, зарабіць хацелі… От я б іх павазіў, янкі гэтых! Дзесятаму заказалі б!

— Колькі мы будзем хадзіць? І кабарэ па дарозе было, і дансінг — прайшлі… Давай во сюды, у «Лятучую рыбу», — паказаў Пуол.

— Мне ўсё роўна, — згадзіўся Радж.





Ён не пазнаў бара. Тады, як заходзіў з Амараю, зала была мо ў тры разы меншая. Цяпер жа ў бакі рассунулі рухомую, чорна-перапончатую, як крыло лятучай сабакі, перагародку, і зала адкрылася ва ўсёй велічы і прыгажосці, у тым канцы яе было сіне ад цыгарэтнага дыму, шматлікія гірлянды рознакаляровых кітайскіх ліхтарыкаў не так свяцілі, як стваралі таямнічы паўзмрок. І ў гэтым паўзмроку каля сцэны-подыўма тузаліся-танцавалі іншаземцы ў яркіх распашонках. На сцэне трэсліся і аркестранты, то вымаючы, то ўстаўляючы ў трубы сурдзінкі. Неверагодныя каленцы з мікрафонам каля рота вырабляў спявак-мулат.

За стойкаю буфета адбіваліся ў люстэрках шматлікія бутэлькі. За прылаўкам спрытна ўзмахваў нейкаю пасудзінаю, трос і куляў яе адкормлены буфетчык у белым кіцелі, разліваў потым па фужэрах кактэйль. Злева на прылаўку сіпеў аўтамат для прыгатавання кавы, дробненька звінелі настаўляныя на ім маленькія кубачкі. Радж зразумеў: той раз быў або выхадны ў аркестра, або не працавала кухня, таму і наведвальнікаў было мала і ўсе цясніліся ў адгародцы каля буфета.

«Цікава, дзе Амара, чаму не паказваецца?»

Недзе ў глыбіні залы справа быў яшчэ адзін буфет і ход на кухню, бо туды і адтуль шмыгалі афіцыянты з падносамі. Тэмп у іх быў такі, што з-за плячэй, здавалася, валіла пара. Быў час «жніва» і «малацьбы», таму і ўвішнасць абслугі можна лёгка зразумець. Пакуль Пуол, разявіўшы рот, разглядаў бутэлькі на паліцах за стойкаю, Радж прайшоў далей у залу, спыніў афіцыянта. Просьбу падмацаваў доларам, і той хутка арганізаваў столік і паабяцаў нават больш нікога за яго не садзіць.

Селі насупраць адзін аднаго. Радж падсунуў Пуолу меню: калі ён плаціць, то няхай і «музыку» заказвае… І тут кароткая перадышка і адносная цішыня скончыліся. На подыўме зноў затузаліся, зайгралі музыкі. Зноў цалаваў мікрафон, прытанцоўваў і пляскаў у ладкі мулат. З-за сталоў паўставалі парачкі, а некаторыя мужчыны запрашалі сабе дам з-за чужых столікаў. Усе ўліваліся ў варушлівы натоўп, тузалі рукамі і нагамі, выгіналіся і трэсліся. Пуол нешта сказаў, паціснуўшы плячыма, і Радж нахіліўся да яго цераз стол.

— Разабрацца не магу!.. У цябе больш вопыту — давай ты!

— Піць што будзеш? Я прапаную віно.

— Давай мацнейшага чаго — душа гарыць! — Пуол выцягнуў з-за пазухі той тоўсты кашалёк-бумажнік, зухавата ляпнуў ім па далоні, потым паклаў перад сабою на стол і яшчэ паляпаў зверху: «Ведай нашых!»

Калі да іх наблізіўся афіцыянт, Радж сказаў некалькі фраз па-англійску, і той сыпнуў: «Зразумеў, курыце пакуль што…» — паклаў на стол бліскучы пачак цыгарэт, запалкі. Пуол з цікавасцю пацягнуўся да іх.

Радж не курыў і ўвогуле цяжка пераносіў тытунёвы дым. З пракуранымі лёгкімі, з кашлем пад вадою няма чаго рабіць. Ён пакутліва ўцягваў носам перапоўненае дымам паветра. «Чаму не ўключаюць кандыцыянеры?» У скронях пачынала стукаць. Крыху ачмурэлы ад гармідару і дыму, ён ужо абыякава думаў пра небяспеку, паволі абводзіў поглядам суседнія столікі. За правым, хоць і быў застаўлены пітвом і закускамі, ніхто не сядзеў — усе танцавалі. За левым сядзелі трое мужчын і адна жанчына. Усе ў гадах, мо ўдвая старэй за Раджа. Жанчына сядзела да яго ў фас. Прычоска ў яе мудрагелістая, на лоб спушчана грыўка, ад чаго твар зрабіўся квадратны і нейкі дураваты. Цётка была яшчэ не загарэлая, мо толькі што прыехала ў тропікі. Насупраць яе сядзеў хударлявы мужчына з высока падстрыжанаю патыліцаю. «Выпраўка ваеннага, хоць і ў цывільным…» — адзначыў Радж. Справа, у профіль да Раджа, сядзеў граміла-баксёр, таксама па выпраўцы ваенны. З-за таго, што са стрыжанай патыліцай, час ад часу нагінаўся да жанчыны (ці не муж яе?) яшчэ адзін — сярэдняга росту, мацачок.

«Няхай бы ж вокны паадчынялі…» — пакутліва думаў Радж. І тут нібы спыніўся горны абвал аркестра, ажно дыхаць стала лягчэй. Танцоры пачалі разыходзіцца да сваіх столікаў, некаторыя кавалеры пачціва цалавалі дамам ручкі, цырымонна кланяліся. Але цырымоністых было мала, больш было такіх, што завальваліся за свае сталы з грукатам, цяжка дыхаючы, абмахваючыся веерамі і хусцінкамі.

Суседзі злева нібы ўзрадаваліся, што можна дагаварыць недагаворанае, пачалі ажыўлена перакідвацца фразамі, як і раней, схіляючыся адзін да аднаго і да сярэдзіны стала, нібы ўсё яшчэ перашкаджаў аркестравы лямант. Гаварылі па-англійску. Незнаёмыя паміналі ў гаворцы іх Біргус!