Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 21 из 96

Але ўсё на свеце мае канец, праплюхалі па лужынах памыяў на ўскраінных завулках, прабраліся праз трушчобы за горад. Ручай угадваўся ў нізовіне, там хмара людзей — пярэстая і даўжэзная, як акінуць вокам. Шмат дзе гэтую хмару закрывалі плямы кустоў, крушні вялізных камянёў, чорна-жоўтыя дымы рытуальных вогнішчаў. Адтуль далятаў густы гул, як з базару ў Кампонгу, і гэты гул пранізвалі трэск барабанаў, віск флейтаў.

У ручаі кішэла. Хто раздзяваўся дагала, абмываў свае балячкі і язвы, хто плюхаўся ў адзенні ці ў адной набедранай павязцы-вешці. Многія набіралі ваду ў далоні, акуналі туды твар, потым пілі гэтую ваду — ускаламучаную, брудную і, пэўна ж, заразную. Дзед Амос дазволіў Янгаваму бацьку толькі напіцца, памыў яму рукі, змачыў шыю і грудзі, каб трохі ачуняў, сабраў сілы на самы адказны ўчастак шляху. Цяпер ужо яму не забаранялі раздзіраць сябе кіпцюрамі, і хутка па спіне, грудзях, па карку бацькі заструменілі крывавыя пацёкі.

Хто скончыў абмыванне, прытанцоўваючы набліжаўся да вогнішчаў. Каля іх з подскакам тапталіся голагаловыя манахі і прапаведнікі ў доўгіх жоўта-шафранавых хітонах. У божых служак трэба было атрымаць бласлаўленне. Прайшлі і біргусаўцы каля свяшчэннаслужыцеляў, шэпчучы малітвы, склаўшы далонямі рукі каля грудзей. Кожнаму манахі насыпалі на галаву шчопаць попелу, малявалі на лбе паміж брывамі аранжавую плямку — знак спазнанай мудрасці. Амос пашаптаўся з манахам, і той пранізаў Янгаваму бацьку шчокі доўгім серабрыстым прутком, прысыпаў раны попелам. На плечы бацьку начапілі драўляную раму, падобную на дзве злучаныя каромыслам літары «А», — кавадзі. Кавадзі было абвешана цяжкімі какосамі і меднымі" сасудамі з малаком — ахвярай для Вішну, кветкамі какосавай пальмы, падобнымі на вялізныя пшанічныя каласы. Цяжар неймаверны, а для знясіленага чалавека — проста невыносны.

Выйшлі ўсе разам на камяністую дарогу, што вяла ўгору, да храма. Пякло сонца, з-пад соцень і тысячаў ног узвіваўся белы едкі пыл. Кожны стараўся яшчэ і прытанцоўваць, не перастаючы выкрыкваць словы малітваў. Натоўп усё гусцеў… Са страхам і немым здзіўленнем Янг наглядаў, як нейкі паломнік у адным вешці коціцца па дарозе бокам. Цела бруднае, абдзёртае, у сіняках, вочы заплюшчаныя… А во ідзе маладая маці, на руках хлопчык са сляпымі, белымі вачыма… Паўзуць на каленях, на карачках, тэпаюць на дошчачках, стоячы на вострых цвіках, і кожны след на камянях — крывавы. За біргусаўцамі сунецца барадаты здаравяк… Калі трошкі адстаць і зазірнуць за яго, то ўбачыш, як за барадачом цягнецца маленькая калясачка, на ёй скурчаны стары з падагнутымі рукамі і нагамі, суставы распухлі, як булавешкі. Калясачка злучана са спінай барадача вяровачкамі, кожная вяровачка з кручком… Кручкі паўпіваліся ў спіну, скура на тых месцах павыпіналася конусамі, з кожнай ранкі цурчыць кроў.

Шныпараць між людзей, трапляюць пад ногі аблезлыя, паршывыя сабакі. Сноўдаецца, як п'яная, замінае людскому патоку худая карова. Святая жывёліна, ніхто яе не асмеліцца прагнаць.

Абапал дарогі сядзяць на сонцы голыя і чорныя, як галавешкі, святыя — садху. Хто-ніхто падыходзіў да іх, кідаў у бляшанкі манетку: святыя таксама не адным духам святым жывуць. Янг чуў шэпт людзей, шапталіся з павагай і зайздрасцю: «О-о, вунь той быў у Бенарэсе, у Індыі… Піў ваду са свяшчэннай Гангі… А той — у Рышыкешы… А той — у Хардвары…» Дзе тая Індыя, дзе горад Бенарэс? Янг меў цьмянае ўяўленне. Можа, гэта ўвогуле казка-легенда, у якую можна верыць, а можна і не.

Мабыць, вецер крыху павярнуўся, бо дым ад вялізных вогнішчаў, што палалі паблізу храма, пачало закручваць і гнаць якраз на паток людзей. Людзі кашлялі, плакалі ад дыму — едкага, ажно хапала ўдушша ад паленага мяса. Недзе жудасна і надрыўна раўла карова. На вогнішчах спальвалі нябожчыкаў. Быць спаленым у час такога храмавага свята — вялікі гонар, заплаціць за такі гонар маглі толькі багатыя людзі. Пра ўсё гэта Янг таксама пачуў у натоўпе.

Янгаў бацька, мабыць, быў ужо непрытомны. Галава абвісла на грудзі, ногі валачыліся па камянях, як нежывыя. Але яму не давалі ўпасці, не знімалі кавадзі з яго плячэй. Памагалі несці і бацьку, і кавадзі незнаёмыя мужчыны, не біргусаўцы: ахвяра павінна быць данесена да Вішну, інакш усе намаганні будуць дарэмныя, малітваў і просьбаў бог можа і не пачуць.

Пляц каля самага храма скрозь застаўлены нейкімі не то званамі, не то маленькімі храмікамі, вакол іх у чашах з пяском гараць сандалавыя палачкі, кураць кнаты ў плошках з алеем. Цясноцце і штурханіна неймаверныя… Манахі спрабуюць надаць людскому вэрхалу нейкі парадак, дзеляць паток людзей на ручаі — да галоўнага ўваходу і да бакавога, спрабуюць нават стрымліваць людскі напор, прытарможваць. Хто абуты, збочвалі пад сцяну, разуваліся, скідвалі з сябе ўсё, што было з натуральнай скуры, і зноў спяшаліся да ўваходу. Кожны імкнуўся да Вішну трапіць чым раней, пакуль той не стаміўся выслухоўваць людскія скаргі і просьбы.

Абапал уваходу стаялі велізарныя белыя скульптуры каровы і льва — і манах паказаў Янгу на бакавы ўваход, ісці паўз сцяну. Рынуўся туды, каб хутчэй дагнаць сваіх, але натыкаўся толькі на чужыя спіны. «Мам!.. — нейкі страх працяў душу. — Тата-а! — шыўся ўсё глыбей у храм, прабіраўся то ўправа, то ўлева, абліваючыся потам, хоць у храме было халадней, чым звонку. — Дзядзька Амат! Дзед Амос!» Біргусаўцаў у людской гушчэчы не было, яны, мабыць, зайшлі праз галоўны ўваход і ціснуліся да алтара ў іншым патоку. Туды, дзе над людскімі галовамі ўзвышаецца шасцірукі бронзавы Вішну з рахманай, ласкава-дзіцячай усмешкай на твары. Сядзіць ён у позе лотаса, а гэтак узвышаецца над усімі… Грукат і плюхат чуваць адтуль, ад Вішну, — гэта разбіваюць людзі какосы, выліваюць малако, высыпаюць рыс. І ўжо не гул галасоў стаіць, а нібы шолах лісця ў джунглях — людзі спяшаюцца прашаптаць самае галоўнае, выказаць самае набалелае…

— Дзядзечка, падыміце мяне, я пагляджу! Дзядзечка, падыміце! — тузаў Янг за рукавы, за кашулі мужчын. Але яны нібы паглухлі ці былі ў трансе, нічога не хацелі чуць, нічога не заўважалі, акрамя Вішну. Урэшце адзін як прачнуўся, падхапіў Янга пад пахі: «Глядзі… І маліся, маліся!..» Янг круціў галавою ва ўсе бакі, выглядваў сваіх, шукаў бацьку. Каля самага Вішну ў гэты час адбылася нейкая заварушка, мільганула знаёмая кавадзі. Але ніводнага біргусаўца не пазнаваў Янг, толькі мітусіліся там людзі ў жоўтых доўгіх хітонах з бліскуча-чорнымі галовамі. Каго яны выносяць адтуль нагамі ўперад? Чаго схіляецца над тым, павержаным, жанчына ў белым халаце і белай касынцы?





— Ну — нагледзеўся? — мужчына апусціў яго на дол.

— Дзякую… — Янг выкаўзнуўся з яго рук, паплішчыўся да Вішну, да тых манахаў, што коўзаліся на мокрым, праштурхоўваліся да выхаду, кагосьці несучы. Янг спрабаваў апусціцца на дол, прапаўзці пад нагамі, але адтоптвалі рукі, і давялося выпрастацца, устаць… Вунь ужо тыя манахі, каля самага выхаду — другога бакавога выхаду. Лез туды асатанела — каго яны нясуць?! Такое знаёмае да кожнай драпіны-кровападцёку цела, такія знаёмыя разадраныя язвы…

— Тата!!! — вырваўся крык нялюдскага болю.

У бацькі абы-як целяпаліся рукі, хісталася адкінутая ўніз галава. Вочы былі прыплюшчаныя і нібы з мутнага шкла. Не адгукнуўся бацька, ніводным словам не абазваліся манахі.

Вось ужо двор, тут крыху свабадней. Янг забягаў то з аднаго, то з другога боку бацькі, падхопліваў яго рукі — «Абдзярэ аб камяні… Яму ж баліць!..» І чуў, што рукі былі халодныя.

Занеслі бацьку ў паднавес, збіты са свежых дошак. Там ужо ляжала некалькі доўгіх і кароткіх цел, прыкрытых прасцірадламі. Бацьку паклалі ў адзін рад з імі.

— Ідзі, хлопчык, адсюль… Ты сын яму? Усё роўна — ідзі. На вось, панюхай — і ідзі…— жанчына ў белай касынцы з чырвоным крыжыкам над ілбом дастала з брызентавай сумкі бутэлечку, адаткнула і сунула корак Янгу пад нос.

Забіла дыханне, сыпанулі з вачэй слёзы…

— Во… Паплач — і ідзі. У бацькі твайго харошая смерць. Ты ганарыся ім — ён не пашкадаваў жыцця для Вішну. Яго спаляць на самым галоўным ахвярніку — як знатнага чалавека. Ты ганарыся ім… Ну — ідзі! — паспешліва паштурхала ў плечы да выйсця. Хапала ў яе сёння работы.