Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 96



Праз гадзіны дзве, калі людзі пачалі ачуньваць і патрохі варушыцца, Натачын бацька паспрабаваў паразважаць уголас, ці варта заўтра лазіць у горы, каб паглядзець, якое там месца. І да самага Кампонга пра гэта гаварылі, дзе рабілі яшчэ адзін прывал. Жанчыны апантана навальваліся на яго, ім трэба было на кімсьці спагнаць злосць. А хіба Амат ва ўсім вінаваты? Дакрычаліся да таго, што нікуды яны з Кампонга не пойдуць. Калі мужчынам хочацца, хай бадзяюцца. Але ж няхай не забываюць і пра сем'і, пра тое, што трэба карміць дзяцей.

З'явіўся аднекуль п'яны Пуол. Насміхаўся і здзекаваўся над сваімі землякамі. Як ні вязаўся, ніхто не хацеў з ім размаўляць. Урэшце Амара надаваў яму кухталёў, турнуў ад людзей.

— Т-ты яшчэ мяне п-папомніш! Кроўю табе адрыгаецца! — п'яна гразіўся ён і, выпінаючы бараду, пакручваў галавою, нібы хацеў вывінціць яе з каўняра.

Хтосьці параіў: калі будаваць якую хібару, то лягчэй за ўсё гэта рабіць на ўскраінах Кампонга. Там хутчэй можна і гатовы куток наняць. На сметніках і звалках можна назбіраць якіх картонных каробак, фанерных скрынак на сцены, нарасплюшчваць пустых бочак, навымяркоўваць з цэлафанавых мяшкоў кавалкаў плёнкі на страху. Паступова ўвязваліся ў гаворку ўсе мужчыны, толькі Янгаў бацька моўчкі хістаўся ў бакі, шчасліва ўсміхаўся, потым паспрабаваў нешта плесці з галінак і пальмавых лісцяў, узбіваў гэтыя нязграбныя пляцёнкі-капялюшыкі на галаву і ўсміхаўся яшчэ больш шчасліва. Зрабіў чалавек дах над галавою!

— Ён ужо не чуе нас… Ён з Вішну размаўляе… Ён божы чалавек, хіба вы не бачыце?! — зашапталі жанчыны, кідаючы на Ханга загадкавыя позіркі. Потым зашапталіся так, што Янг нічога не мог разабраць. Жанчыны і мужчын паклікалі. Першымі — дзеда Амоса і старасту Ганеша. Ва ўсіх быў змоўніцкі выгляд.

Усё больш таемнымі і глухімі здаваліся шэпты. Але павекі Янга, як на тое ліха, цяжэлі і цяжэлі — хоць распоркі ўстаўляй. І ён не заўважыў, як зноў заснуў.

Прачнуўся ад таго, што Натача далікатна заціскала яму нос, патузвала за вуха.

— Соня, устава-ай… Праспіш усё на свеце! Сяльчане былі ўжо на нагах, прыладкоўвалі за плячыма клункі, дзяцей. На Янга і асабліва на яго бацьку паглядвалі з пашанаю, з бляскам надзеі ў вачах. Такі бляск Янг не раз бачыў, калі вяскоўцы маліліся Вішну, размаўлялі з самім Вішну… Янгаў клунак таксама хтосьці узваліў на плечы. — «Нічога, нічога, вы — адпачывайце…» Бацьку нечым пачаставалі, ён жаваў, злізваў з далоні крошачкі і быў вельмі задаволены жыццём. Нічога не разумеў Янг: што магло перамяніцца? Чаму раптам такая ўвага і павага? Усе гэтыя дні кожны быў заняты сабою, думаў у першую чаргу пра сябе і сваю сям'ю, толькі адна Натача, дзякуй ёй, дапамагала. Дык што ж здарылася? Што праспаў Янг — вельмі важнае і для яго, і для бацькі? Спрабаваў распытаць у Натачы, але яна адмоўчвалася або загадкава азіралася па баках і падцінала губы. Хіба ёй забаранілі да часу гаварыць пра гэта?

Апеквацца над Янгавым бацькам стаў дзед Амос, худы, як ссохлая цыкада. За памочніка ў яго быў дзядзька Амат.

Калі ўрэшце сяк-так рассяліліся ў хібарах на ўскраінах (за грошы беднякі гатовы былі памеркавацца, даць куточак і бежанцам), для Ханга дзед Амос наняў хляўчук без акон. А Янга да бацькі не пусцілі, як ні прасіўся, як ні ўгаворваў. На дзверы хлеўчука пачапілі замок і Янга адганялі, каб чаго не перадаў бацьку. Раз у дзень дзядзька Амат прыносіў Хангу ваду і больш нічога не даваў. Бацька спачатку енчыў і выў — неяк жудасна, па-звярынаму, прасіў есці і плакаў. На трэці дзень ужо толькі стагнаў і не ўставаў з кучы лісця, нагрэбенага ў кутку хлеўчука. Янг падглядваў за ім у шчыліны, і сэрца аблівалася крывёю. Раз падкраўся, каб падсунуць пад дзверы пару бананаў, купленых на базары. Знекуль вынырнуў дзед Амос, спалохана паштурхаў Янга ад дзвярэй, вярнуўся і сеў пад сцяною вартаваць.

— За што вы яго пасадзілі ў турму? За што здзекуецеся?! Што ён вам кепскага зрабіў? Яго лячыць трэба, доктару паказаць! А вы… а вы… — слезы душылі Янга.

— Ён павінен усе гэтыя дні пасціць шчырым постам, — сказаў дзед Амос і пачухаў худую грудзіну. — Ты не згубіў тых грошай, што па чэку выдалі?

— Ёсць яшчэ трохі…

— Беражы. Хутка вельмі спатрэбяцца.

Так ні на адно пытанне і не адказаў.

Янг і без таго ашчаджаў грошы. За ўсе дні патраціў толькі два долары і трыццаць пяць цэнтаў. Янг памятаў, што грошы патрэбны будуць, каб паказаць бацьку ўрачу. Толькі калі гэта здарыцца? Нашто пасадзілі пад варту хворага бацьку? Каб жылі на Біргусе і каб быў жывы бома, то ўсё лячэнне магло б абысціся значна танней: занеслі б чараўніку дзвюх курэй, і ён выгнаў бы з бацькі злога духа. Бо бацька стаў не святым чалавекам, не божым, а наадварот — у яго ўсяліўся злы дух і муціць розум. Цікава, ці ёсць у Кампонгу бома? Ці можа ўрач замяніць яго?

І што сяльчане вырашылі зрабіць з бацькам, для чаго прымушаюць яго галадаць? Янг вырашыў нікуды далёка не адыходзіць ад хлеўчука, нанач залазіў у нейкі куратнік. Добра, што гаспадаровы куры не хацелі начаваць там, а кожны вечар узляталі, кудахкаючы, на панданус. А будка хвацкая, так утульна ў ёй — каб яшчэ на пядзю даўжэй, то можна было б і ногі выпрастаць. І курамі амаль не пахне, увесь дол Янг заслаў сухім лісцем, на сцены прыляпіў каляровыя здымкі мора, зялёных астравоў і ружовых палацаў — павырываў з нейкага часопіса, знойдзенага на звалцы.

Сама таго не хочучы, выдала таямніцу Натача. Неяк прыцемкам забегла ў двор, укленчыла каля будкі. У руцэ за спінаю штосьці трымала.



— Ты ўжо спіш? Ой, як у цябе тут прыгожа! От каб і мне такі домік! — шчабятала яна. — Навошта людзі робяць вялікія хаты? Абы залезці можна было, ад дажджу схавацца. А не захацелася на гэтым месцы жыць, устаў, перабег з хаткаю на спіне на другое месца. Так і падарожнічаць можна — з хатаю на спіне!

— Ноччу добра. А паспрабаваў удзень залезці, ледзь не сасмажыўся.

— Дзіва што! — Натача пабомкала пальцамі па бляшаным аднаскатным даху, які быў зроблены з расплюшчаных бідонаў.— Сонца як напячэ… Слухай, цябе таксама бяруць на Галоўны востраў.

— Куды-ы-ы? Хто бя-рэ-э?!

У Янгавым голасе было столькі здзіўлення, што Натача спалохана заціснула сабе рот.

— Ой, а я ж думала, што ты ўсё ведаеш! — яна таропка пачала ўставаць, каб уцячы, але Янг высунуўся і спрытна цапнуў яе за руку.

— Ану — лезь сюды! І расказвай… Усё, што ведаеш!

Ахкаючы ад цікавасці і павіскваючы, Натача залезла ў будку.

— Ты ведаеш, што хутка наша храмавае свята?

— Ну… — адказаў Янг. Сапраўды, штосьці пра гэта чуў. Кожны год бывае.

— Бацьку твайго павязуць на Галоўны. Ён кавадзі панясе з ахвярамі Вішну! Ён цяпер самы блізкі да бога чалавек, і яго Вішну паслухаецца. Вішну павінен нам усім памагчы, усім біргусаўцам!

— А калі з суседняй вёскі большую ахвяру Вішну занясуць? Дык бог іх паслухаецца, ім паможа, а не нам? — наіўна пытаў Янг.

— Не, Вішну і нас пашкадуе, ён добры і ўсемагутны! — горача шаптала Натача. І так блізенька ад Янгавага твару, што ён чуў яе гарачае дыханне, а кучаравыя пушыстыя коскі Натачы не-не дый казыталі яму нос. — Раздзявайся! — раптам сказала Натача, хоць Янг і так быў у адных трусіках. І яна расціснула кулак, паказала, што прынесла. У цвёрдым, бы картон, лісце фікуса з заломанымі ражкамі ляжала нейкая шаравата-жоўтая смала. — Дзед Амос мазь зрабіў. Давай я табе памажу, дзе пакусана. Хутчэй зажыве.

— Бацьку трэба было б змазаць. У яго ўсё цела пабіла на язвы.

— Нельга бацьку лячыць, дзед казаў. Чым больш пакут ён прыме, тым больш ачысціцца яго душа, бліжэй будзе да бога. Лажыся! — загадала Натача і нават таўханула ў плечы.

Янг разлёгся з кутка ў куток спінаю ўгору — якраз хапіла выцягнуцца. Натача падыхала на мазь, яшчэ больш разаграваючы, пачала мачаць у яе пёрца і вадзіць яму па карку, па спіне, па руках — лёгенька, далікатна, пахукваючы на болькі.

«Каб жа паслухаў Вішну! — думаў Янг. — Калі паслухае, то варта для гэтага і папакутаваць. Затое ўсім вяскоўцам будзе палёгка, пачне шанцаваць з работай, знойдуць дзе і за што свае хаты будаваць. А мо і на бацьку зверне Вішну ўвагу? Усё ж такі кавадзі панясе… Божа, зрабі так, каб стаў ён нармальным чалавекам, каб яго розум прасвятліўся!»